любоў пачынаецца са сваркi?

25

Канец верасня выдаўся надзiва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабiна. Зацвiталi вiшнi. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулi ў лясы. Перапаўнялiся аўтобусы, рабочыя цягнiкi. Пачалася проста-такi грыбная лiхаманка - хто збярэ больш i лепшыя. Але калi многiя выязджалi толькi таму, што было чым пажывiцца, то такому старому палымянаму грыбнiку, як Яраш, гэта прыносiла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковiчаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвiтку, да работы, i адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсiм, што датычылася яго асабiста, тут ён з хлапчуковай радасцю хвалiўся ў бальнiцы персаналу i нават хворым сваiмi грыбнымi зборамi. У яго пыталiся ў калiдоры, як толькi ён з'яўляўся акуратна без дзесяцi дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй i грыбамi:

- Колькi сёння, Антон Кузьмiч?

- Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылi якiя! - I пачынаў распiсваць, як сядзела сям'я грыбоў - дваццаць сем штук! - вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з'ява! Варта напiсаць у 'Огонек'. I тут жа лаяў браканьераў, якiя вырываюць грыб з коранем. Напiсаў нават у газету: 'Як трэба збiраць грыбы'. Лаяў газету, якая выкiнула з яго допiсу расказ аб нараджэннi i жыццi грыба i пакiнула адны голыя парады. Траха не бiўся з Шыковiчам, якi сядзеў на дачы i цэлымi днямi пiсаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго - не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавiў, зварыць абед, глядзi - i вечар.

- Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гонiць у шыю? Хопiць у цябе часу. А грыбы - адзiн тыдзень, i не будзе iх. Якi ты да д'ябла пiсьменнiк, калi не адчуваеш такога хараства?

- О, ты не ведаеш, якi я грыбнiк! Але мне здорава працуецца ў гэтыя днi. Пахаладае - зноў будзе крызiс, ведаю. Прыходзiцца выбiраць. - I, пахадзiўшы з сябрам гадзiнку, Кiрыла кiдаўся да рабочага стала.

Аднойчы, калi Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасiла:

- Антон Кузьмiч, вазьмiце нас з Зосяй як-небудзь.

Узяць Зосю?

Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназiраць, як паводзiць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыццi ў яе так мала было радасцi.

Але тут жа мiльганула думка пра жонку: даведаецца - зноў будуць непрыемнасцi. Узяць i яе з сабой? З- за гордасцi не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваiх ваганняў, i ён сказаў Машы:

- Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.

Зося села побач з Антонам Кузьмiчом на пярэднiм сядзеннi. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным свiтэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух'яруснай прычоскай (таксама Машына фантазiя), яна мела даволi прывабны выгляд. А Маша зусiм выглядала элегантна: вузкiя штаны, клятчастая куртка.

Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай iронiяй:

'Не дай божа ўбачыць Галiна - загiнуў ты, Антон'.

Зося сустрэла прапанову аб паездцы з цiхiм, але прыкметна радасным энтузiязмам. А пры выездзе з горада яе пачало лiхаманiць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта iншае. Iмчала машына. Свiстаў вецер. I ёй здавалася, што яна вось-вось узнiмецца i паляцiць... Паляцiць у дзiвосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменiць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, i яна не хацела больш нiякiх змен.

Ад гэтага цi яшчэ ад чагосьцi яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалi плечы. Яна сцялася, уцiснулася ў сядзенне.

- Зося, табе холадна? - спытала Маша, якая сядзела за яе спiной. - На маю куртку.

- Не, не. Нiчога. Гэта так.

- Зачынiм шкло, - сказаў Яраш, круцячы ручку. - Прастудзiцца вам нельга нi ў якiм разе.

- Мне не холадна. Я проста хвалююся.

- Чаму?

- Не ведаю.

Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, якi вярнуўся да жыцця i ўпершыню пасля такой хваробы i аперацыi выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў:

- Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць.

Далёка ў глыбiнi бароў яны не паехалi. Прыехалi да iх дачы. Паставiлi машыну. Шыковiча не было: вiдаць, усё-такi выбраўся ў лес.

Маша, у якой з грыбамi звязаны i радасныя i горкiя ўспамiны - у першыя пасляваенныя гады грыбамi i за грыбы яна кармiла ўсю сям'ю, - адразу ж кiнулася ў лес, як у вiр. Яна не ўмела шукаць так павольна i разважлiва, як Яраш. У кожнага грыбнiка свой стыль i метад. Праворная, хуткая, яна шнырыла пад кожным кустом i дрэвам, кружыла, рабiла петлi, хутка трацiла ўсялякi кiрунак i часта блудзiла.

Яраш не любiў гэтак пятляць. Ён хадзiў амаль проста. Але ў яго было незвычайнае чуццё, дзе ў гэты дзень мог вырасцi баравiк. Ён iшоў на грыб цi грыбную сям'ю, як на радыёпеленг.

- Заглянем мы вось сюды, пад нашы дубы, - сказаў ён Зосi, як толькi яны адышлi ад дачы ў лес.

Яна зразумела яго словы як запрашэнне хадзiць за iм. Сапраўды, Яраш хацеў, каб яна была побач.

Яна iшла крокаў за дзесяць ад яго. Каля самага вогнiшча, дзе яны палiлi ўсё лета касцёр, на сцежцы пад дубам Яраш убачыў першы баравiк. Нявопытны грыбнiк нiколi не падумаў бы, што ён мог вырасцi ў такiм вытаптаным месцы. Баравiк быў надзiва прыгожы - як знарок вырашчаны напаказ. На тоўстым белым коранi - крамяная, цяжкая на выгляд шляпка; светлая бурштынавасць, што выцякала з-пад нiзу, залацiла кромку, паступова цямнела i пераходзiла ў маслянiсты цёмна-карычневы колер; толькi цераз самую макаўку праходзiла тоненькая пераламаная светлая палоска, мабыць, ляжала галiнка.

Яраш спынiўся за два крокi з выглядам чарадзея. Моўчкi, пальцам, паклiкаў Зосю. Таямнiчым шэптам сказаў:

- Вось ён! Бачыце?

Яна ўгледзела, здзiвiлася:

- Ах! - i папрасiла, як маленькая: - Дайце я...

- Толькi - чур, падразаць! - папярэдзiў ён.

Яна прысела, асцярожна падрэзала, падняла яго i, любуючыся, засмяялася, цiха i радасна, зусiм як дзiця. I Ярашу таксама зрабiлася надзвычай хораша ад гэтай яе маленькай радасцi.

Ён азiрнуўся навокал i адразу ўбачыў другi грыб.

Нахiлiўся, падрэзаў.

- А во яшчэ адзiн.

Трэцi дык быццам сам падскочыў пад руку.

- А во яшчэ...

- Ах! - ужо зайздрасна ахнула Зося. I яшчэ больш узрадавалася, калi нарэшце сама ўгледзела грыб. Падняла яго, паказала:

- Глядзiце якi! Як хлопчык.

Сапраўды, баравiчок быў маленькi i вясёлы, падобны на таго малога гарэзу, у якога заўсёды кепка ссунута набок.

'Як хлопчык', - гэтыя словы запалi Ярашу ў памяць, i ён падумаў аб тым, што, акрамя ўсяго iншага, гэтая немаладая ўжо жанчына не ведала радасцi мацярынства.

'Трэба будзе пазней паказаць яе Левiну i Шувалавай (яго калегi, лепшыя ў горадзе тэрапеўт - спецыялiст па сэрцу - i гiнеколаг). Няхай скажуць, можна ёй радзiць?'

Ён падумаў гэта з бацькоўскiм клопатам, як пра дарослую дачку. I даў ёй, як малой, як часта даваў Наташы, калi браў яе з сабою ў лес, адной вытаптаць пятачок, на якiм нарадзiлася грыбная сям'я.

Зося ўзяла яшчэ тры цi чатыры грыбы. Далей Яраш, верны свайму метаду, рушыў проста, затрымлiваючыся толькi ў тых мясцiнах, дзе нейкая асаблiвая iнтуiцыя падказвала: тут будуць грыбы. I амаль не памыляўся. Зося iшла збоку за колькi крокаў. Здаралася чамусьцi так, што ёй усё часцей i часцей пачалi трапляць грыбы. Бадай, больш, чым яму, Ярашу. Ён пажартаваў:

- Дык вы грыбнiчка.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату