- Гэта запiшам, - сказаў Сербаноўскi, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такi прафесiйна ўзрадавала, што Яраш ведае здраднiка i на працэсе будзе такi аўтарытэтны сведка.
- Ад каго вы, Дымар, атрымалi заданне шпiёнiць за Кляшчом?
- Усё ад таго ж Швагерава.
- А Лотке вы ведалi? - спытаў Шыковiч.
- Лотке? Немец? Першы раз чую.
- У той час, калi вы шпiёнiлi за Ярашам, Лотке быў механiкам у пажарнай.
- Я пажараў не тушыў, - нахабна i нечакана дзёрзка адказаў здраднiк.
- Вы iх распальвалi, - кiнуў Сербаноўскi, запiсаўшы i гэты дыялог.
Нечаканыя адкрыццi далi новы матэрыял, новых сведкаў.
У Шыковiча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскi, ведае, што больш за ўсё зараз цiкавiць пiсьменнiка. Дзеля гэтага i паклiкаў яго сюды.
Узяўшы з папкi пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскi паказаў яго арыштаванаму.
- Вы пiсалi?
- Ну я. Я. Я! - зноў раздражнёна, перакасiўшы твар i прыцiснуўшы дзвюма рукамi кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.
Маёр падсунуў аркуш да Шыковiча. Кiрыла ўбачыў тую ж запiску начальнiку следчага адзела палiцыi пра Савiча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскi паказваў яму.
- Ён?
- Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць нiякiх экспертыз. Пакуль не выклiкалi з далёкiх краёў таго, каму адрасавана запiска.
Здраднiк сядзеў, панурыўшы галаву, быццам i не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы i гэты, другi, незнаёмы.
- Грамадзянiн Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савiча?
- Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевiча Савiча? - Ён па-жаночы гаротна схiлiў сваю маленькую сiвую галаву набок, пакiваў ёй. - Я магу толькi сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы i палiто. Прымяраў на даму. I заўсёды выходзiў з гэтага дома начаставаны вось так. Дымар правёў далоняй па шыi; дзiўна мянялiся iнтанацыi яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асiна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лiрычнай задумлiвасцю.
- I вы гатак аддзякавалi яму? - не вытрымаў Кiрыла.
Здраднiк закацiў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малiтву.
- Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбiцца ў людзi... - Ён цяжка ўздыхнуў.
- На смерцi другiх?
Спачатку Кiрыла слухаў спакойна. Больш было прафесiйнай цiкаўнасцi да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзiць сябе, i наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калi дайшло да Савiча, калi здраднiк з цынiчным прытворствам пахвалiў нябожчыка, у Кiрылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамi спакою Сербаноўскага. Яго прафесiя дазваляла яму даваць волю сваiм пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней i мацней грукае сэрца, аж пачало звiнець у вушах. Ён зняў са стала рукi свае, каб яны былi далей ад цяжкага чарнiльнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робiцца з iм, бо сурова сказаў арыштаванаму:
- Давайце, грамадзянiн Дымар, без фiласофii. Што дало вам падставы напiсаць такую запiску?
- Чуццё. Я ды каб не ведаў Савiча! Хе. Як аблупленага. Я нiколi не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў 'мацаць', чым жа ён дыша. Даверлiва расказаў яму пра зверствы гiтлераўцаў. А ён кажа: мы самi вiнаваты. I супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савiч супраць партызан! Я падумаў тады: 'Каго ты хочаш правесцi, доктар Савiч? Хе'.
- Ну i гнiда! - кiнуў Шыковiч з агiдай.
Здраднiк уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, вiскнуў:
- Прашу не абражаць! Я чалавек...
- Якi ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..
- Кiрыла Васiльевiч! - дакорлiва пакiваў галавой Сербаноўскi.
- Калi да мяне будуць вось так, я не скажу больш нi слова. - I Дымар надзьмуўся, ужо з iнакшым выразам адвесiўшы скiвiцу.
Шыковiч толькi цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабiлася так брыдка, што Кiрыла баяўся, каб не званiтавала.
- Гэта вы засвоiлi, - сказаў Сербаноўскi, набiраючы нумар тэлефона. - Ало. Швагерава да мяне. - Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: - Свае правы вы засвоiлi, i сказаў Шыковiчу: - Аднойчы, калi ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, i я павысiў голас, ведаеце, што сказаў гэты 'законнiк'? 'Можа, ударыць хочаце? Ага, баiцеся! Не той час'. Нiколi, нi ў якi час, я не стаў бы пэцкаць рукi аб вас, Дымар. Брыдка.
Шыковiч спытаў ужо амаль спакойна?
- Усё ж цiкава, што вас прымусiла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.
Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, i не адказваў.
- Раскажыце, як вы сталi Беразоўскiм, - загадаў маёр.
Здраднiк заплюшчыў другое вока i звесiў сiвую галаву на грудзi.
Расказаў сам Сербаноўскi:
- Вам гэта павiнна быць цiкава, Кiрыла Васiльевiч. Знiшчыўшы дакументы на Дымара, ён сiмуляваў прыступ эпiлепсii. Упаў на вулiцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапiў у бальнiцу. Апрытомнеў - цап-мац, пуста ў кiшэнях. Усё нiбыта вычысцiлi: дакументы, грошы, гадзiннiк. Прозвiшча? Беразоўскi, Сяргей Пятровiч. Па даведцы з бальнiцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лiчыўся ў рабочых цэментавых заводаў.
Дымар на мiг падняў галаву, i дзiўная ўсмешка скрывiла яго бяскроўныя вусны.
У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокiх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукi выдавалi чалавека фiзiчнай працы. Можа, таму недарэчнымi i непатрэбнымi здавалiся акуляры на яго барадатым шырокiм твары.
Шыковiч угледзеў, з якой нянавiсцю зiрнуў на дзябёлага барадача мiзэрненькi Дымар.
Швагераў - былы следчы палiцыi - прывiтаўся i дысцыплiнавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскi не паказаў яму, куды сядаць.
- Ну, чым вы займаецеся? - спытаў маёр.
- Аглядаю горад. Якi горад вырас! Якi горад! - i ўздыхнуў на поўныя грудзi не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.
- Горад - песня, - згадзiўся Сербаноўскi.
- Песня?! Гэта вы добра сказалi. - Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцiнкай вочы.
- Скажыце, Швагераў, што даносiў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?
Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкi. Швагераў задумаўся.
- Я вам напомню. Пра таго хлопца, якi пакараў Лучынскага.
- Ах, пра Яраша?
- Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвiшча?
- Пасля таго здарэння хутка ўстанавiлi, што нiякi ён не Клешч, а студэнт медтэхнiкума Яраш. Уся палiцыя была паднята на ногi, каб знайсцi яго.
- Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савiча.
Кашлатыя бровы Швагерава варухнулiся ад здзiўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле i праскрыпеў:
- Пра Кляшча я нiкому слова не сказаў.
Швагераў пакiваў галавою:
- Мне пра Яраша ён не гаварыў.
- Швагераў, я не хачу вам лiшнi раз напамiнаць, што значыць для вас шчырасць i сумленнасць.
- Таварыш маёр! За сваю вiну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталi мае характарыстыкi... Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага... павука?
- Сам ты павук! - злосна агрызнуўся Дымар.
