А ўсё ж мой верш з красой тваёю пройдзе, Насуперак яму, ў наступныя стагоддзi!

61

Цi праз цябе я вочы не самкну, Калi ўначы прыходзiш летуценнем? Цi вобраз твой мяне пазбавiў сну, Цi карагод табе падобных сценяў?

Хiба твая з'яўляецца душа, Каб зварушыць усё перабытое, У памяцi зайздросна ўваскрашаць Мае памылкi, усё маё благое?

О, не! Хоць моцная твая любоў, Ды не такая, каб у сне з'явiцца. Мая любоў, пазбыўшыся ўсiх сноў, Каля цябе стаiць, як вартаўнiца!

Яна вартуе, не самкне вачэй, Пакуль ты да другiх сяброў блiжэй.

62

Я самалюбствам так апанаваны, Яно прасякла так мяне наскрозь, Што, мне здаецца, ад яго заганы Наўрад цi дзе на свеце лекi ёсць.

Здаецца мне, што роўнага красою, Аблiччам, станам, розумам - няма. Здаецца мне, што вартасцi такое I дасканаласць не знайшла б сама.

Але калi перад люстэркам стану, Пералiчу ўсе зморшчкi на чале, Тады прызнаю не адну загану, А ўсе, адлюстраваныя на шкле.

Я падмяняў сваю - тваёй красою, А век стары - юнацкаю парою.

63

Надыдзе час, калi мая любоў, Падобна мне, сагнецца пад гадамi, Калi пачне у жылах стынуць кроў, А зморшчкi лягуць на чале радамi;

Калi ад золку маладосцi шлях На захад прыйдзе, стане там ля схiлу, I зiхаценне згасне у вачах, I веснавая ўся пагасне сiла.

Той дзень чакаючы, цяпер ужо Я супраць смерцi падрыхтую зброю, Каб часу ўсезнiшчальны сквапны нож Не сцяў любоў ад памяцi людское.

А зброя гэта - кнiг маiх радкi, Якiя будуць жыць ва ўсе вякi.

64

Калi пабачу, як красу вякоў Знiшчае час бязлiтаснай рукою, Як вежы гордыя звяргаюцца далоў I бронзу крышыць ён сваёй хадою;

Як акiян галодны - берагi За цаляй цалю вынiшчае, рэжа, А сухазем'е, каб спагнаць даўгi, У воды сiнiя адносiць межы;

Як у дзяржавах, цераз сотнi змен, За росквiтам прыходзiць угасанне, Дык i руiны, i стагоддзяў тлен Мне сведчаць, што не вечна ўсё ж каханне.

Нашто ж мне лёс такое даў багацце, Каб вечна думаць аб яго утраце?

65

Калi ў змаганнi з часам не трывае Зямля цi мора, камень або медзь, Дык чым краса, нядужая такая, Як кветка, здолела б адолець смерць?

Што зробiць лета, хараством убрана, Супроць асады ваяўнiчых дзён, Калi муры нязломныя i брамы Ад часу рушацца з усiх старон?

Жахлiвы час! Як ад яго самога Уратаваць, што ён жа сам стварыў? Як захаваць ад вынiшчэння злога Дзiвосныя, бясцэнныя дары?

Атрамант паратунак дасць ад згубы, Каб вечна зiхацеў твой вобраз любы!

66

Стамлёны ўсiм, я лепш сустрэў бы смерць, Чым занядбаных бачыць жабраванне, I здзек пустапарожнасцi цярпець, I найчысцейшай праўды зневажанне,

I бачыць пыху ў залатых страях, I цноту, згвалчаную хiжай сiлай, I для бязглуздасцi пачэсны шлях, I моц, якую немач паланiла.

I мастакоў нiзкапаклонны зброд, I недарэк мастацтвазнаўцаў з iмi, I iсцiну, якой затулен рот, I зло, што верхаводзiць над усiмi.

Стамлёны ўсiм, сумую па труне, Ды як жа друг мой будзе без мяне?

67

Нашто жыве ён мiж такiх заган? Каб даць ганебным справам апраўданне? Каб прыкрываць хлуслiвасцю румян Самотную часiну адцвiтання?

Нашто шукаць патрэбна пекнаце Да руж падобнасць шляхам нейкiм кружным? Яна нiколi больш не расцвiце, Хоць сапраўды была жывою ружай.

Навошта жыць, калi згасае плоць, Калi прырода ў ёй збанкрутавала, Былых багаццяў толькi рэшткi ёсць I кроў у жылах ходзiць так памалу?

Каб дням наступным паказаць магла б, Якi яна цудоўны мела скарб.

68

Ён сам увесь - як часу адлюстровак, Калi краса была яшчэ красой, Не ведала нiякiх падфарбовак, I зiхацела кветкай веснавой.

Тады яшчэ па смерцi не зразалi Ў нябожчыц косы залатыя iх, Каб, як цяпер, спадалi пышна хвалi Красы чужое на плячах чужых.

Краса яго ў свае страi адзета, Няма на ёй напазычаных фарб, З чужой вясны сабе не творыць лета I не рабуе дзён мiнулых скарб.

Нашто яго вартуе так прырода? Красу без фальшу паказаць народу!

69

Найлепшы друг або найгоршы вораг Дадаць не могуць, каб хацелi нат, Хоць рыску да праслаўленага ўзору, Што бачыць свету цэлага пагляд.

Праслаўлена твая знадворнасць звонку, Але калi ўсё тыя ж языкi Пра якасць сэрца распачнуць гамонку, Тады i водгук будзе не такi.

Тваёй душой цiкавячыся вельмi, Глядзiць на справы здзейсненыя свет. I тут, бывае, водар пустазелля Зглушае водар самых лепшых квет.

А лiху гэтаму адна прычына, Што кветнiк твой бадай для ўсiх адчынен.

70

Не ў тым загана, што цябе хто ганiць: Краса спрадвеку мэта для хлуснi. Брыда нiяк да неба не прыстане, Хоць лётае варона ў вышынi.

Калi ты цнотай будзеш, як заўсёды, Дык ганьба вартасцi падкрэслiць лепш. Смаўжы шукаюць чысцiню i слодыч, Таму i да цябе паўзуць найперш.

Свайго юнацтва ты мiнула змусты Або ў змаганнi iх перамагла. Не знойдзеш хусты на чужыя вусты, Хлусню не знiшчыць праўды пахвала.

Калi б табе i з хмаркай не сустрэцца, Адна б ва ўсiх ты панавала сэрцах.

71

Не плач па мне ты больш хвiлiны той, Калi абвесцiць сумны звон званоў, Што я злучаюся навек з зямлёй I ў свет нiжэйшы да чарвей пайшоў.

Не ўспамiнай, чытаючы мой верш, Руку, напiсаны ён быў якой. Любоў мая! Забытым быць мне лепш, Чым згадкай твой нарушыць супакой.

Не хочу я, каб водгулле радкоў, Калi з зямлёй знiтуецца зямля, Мяне нагадвала. Твая любоў Няхай памрэ, калi пагасну я.

Не хочу я, каб да самотных слёз Людскi прысуд i горкi здзек прынёс.

72

Каб свет цябе не прымушаў сказаць, За што мяне любiла так сардэчна, Няхай твая не заблiшчыць сляза, Калi знайду я адпачынак вечны.

Не шмат чаго для памяцi людской Магла б знайсцi ў мяне пры ўсiм жаданнi, I мiмаволi дапаўняць маной Табе прыйшлося бы апавяданне.

Любоў тваю каб не заплямiць той Няпраўдай самых шчырых успамiнаў, Iмя маё няхай памрэ са мной, Няхай са мною ляжа ў дамавiну.

Каб не ўпiкнуў нiхто цябе затым, Што з памаўзой кахалася такiм.

73

Мяне раўняць ты можаш да часiны, Калi пажоўклы лiст адзiн за 'дным З галля таго, дзе хор звiнеў птушыны, Нясе свой жаль над полем нежывым.

Падобны я таксама да змяркання, Калi шарэе ў захадзе заход, Калi, як вобраз смерцi, ноч устане, А з ёю змрочных сценяў карагод.

Ва мне ты бачыш полымя згасанне Пад прыскам юных, перабытых дзён. I там, дзе меў нядаўна сiлкаванне, У шэры попел пераходзiць ён.

Зважай на ўсё, каб узмацнiць любоў, Пакуль апошнi час твой не прыйшоў.

74

Калi абвесцяць мне прысуд такi, Якi за ўсе на свеце найцяжэйшы, Хай будуць помнiкам маiм радкi Апошняга напiсанага верша.

Калi пачнеш ты iх чытаць калi, Ў iх знойдзеш тое, што тваё па праву. А рэшта дастанецца хай зямлi, Бо для цябе яна i не цiкава.

Табе у вершах прысвячаю я Усё найлепшае, што мае сэрца. А абалонка грэшная мая, Зямля, няхай зямлi i дастанецца.

Ёй - прах i тлен, сядзiба чарвякова, Табе - любоў майго жывога слова.

75

Ты для мяне мацунак лепшы мой, Як дождж, што нiве смаглай дасць напiцца. Шчаслiвы я каля цябе, з табой, Як сквапны скнара ля сваёй скарбнiцы.

Яму уцеха, што багацця шмат, Але i страх зладзейскае напасцi. А я не толькi быць з табою рад, Хачу, каб свет увесь глядзеў на шчасце.

Тады я задаволены зусiм, Калi са мной ты дзелiш асалоду. Сустрэць я прагну твой пагляд сваiм, Хоць не заўсёды ён дае лагоду.

Так i вядзе няспынна час мяне: То маю ўсё, то анiчога не.

76

Чаму я не пiшу на новы лад, Не маю ў вершы модных завiхрэнняў? Чаму мой верш iдзе за радам рад Без хiтрамудрых словаспалучэнняў?

Пiшу аднолькава заўсёды я, Ў старым адзеннi ўсе мае лятункi. У вершах словы - як пячаць мая: Без подпiсу мае пазнаюць думкi.

А ўсё таму, што я пiшу iзноў, Мая любоў, з твайго усё натхнення. Якiх бы слоў сардэчных нi знайшоў, Не зменiць думкi новае адзенне.

Нам так i сонца: штодня маладое, Хоць з прадвякоў яно адно i тое.

77

Пакажа люстра, як краса знiкае, Гадзiннiк плынь iмклiвую хвiлiн. А гэта белая старонка мае, Як скарб, усё, што ў першым i другiм.

Нам нагадаюць зморшчкi ў шкле люстраным Дарогу, што на могiлкi вядзе. А стрэлкi часу - як бесперастанна Ён па-зладейску ў нябыт iдзе.

Каб думак шчырых не згубiла памяць, Ты запiшы, i я iх запiшу. Як дзецi родныя, яны устануць, Нам дапамогуць лепш пазнаць душу.

З старонкi кожнай скарб нам прамянiцца, А ў кнiзе добрай - цэлая скарбнiца.

78

Цябе так часта я у вершах клiкаў, Твой вобраз так мне добра дапамог, Што спевакоў другiх кагал вялiкi Пачаў цябе ўслаўляць, як толькi мог.

I вочы, што наўчылi пець нямога, А невукаў - узняцца у прастор, Мастацтва здольных збольшылi намнога, У крылле iм далi багата пёр.

А ўсё ж ты мусiш мною ганарыцца: Мае ўсе творы створаны з табой. Калi ў другiх твой вобраз прамянiцца, Дык у маiх - жыве з усёй красой.

I тое, што несамавiтасць пiша, Тваёй рукой узведзена на ўзвышша.

79

Пакуль адзiн я пiў з твае крынiцы, Зiхцелi вершы дзiўнай пекнатой. Але цяпер iм суджана зацьмiцца, А музе - месца саступiць другой.

Я згодзен: варты вартага i варты, Але што б iншы нi стварыў пясняр, Ён толькi аддае, што вiнаваты, Ён доўг дае, а не прыносiць дар.

Калi пачне тваю ён славiць цноту, Дык, значыцца, крадзе ў тваiх жа дзей. Красу ён славiць - зноў маленькi клопат: Прыносiць дар, якi ў цябе ж крадзе.

Не думай дзякаваць за 'пахвалёны', Бо сам сабе заплацiш доўг ягоны.

80

Я спраняверыўся ў сабе зусiм, Калi падумаю, якi мастак Складае творы з iменем тваiм, Бо не магу зраўняцца з iм нiяк.

Твая душа - як мора шырынёй, На iм прастор для ўсякiх ветразей: I карабель iдзе сваёй хадой, I човен мой не менш рызыкаўней.

Ты толькi можаш зратаваць мяне, Бо човен мой - нядужы i стары. А той плыве бяспечна праз вiры, Таго нiяк пагiбель не

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×