Лидия Адамович

Кветкi самотнай князёўны

Аповесць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Аленка не магла стрымацца ад смеху — мужчына гадоў трыццацi ў белым касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён, вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу — у iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася Аленцы, чымсьцi таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся.

…Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазiраў на Аленку. Ён здаваўся дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклiкаў такi выбух смеху, што Аленка, прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спiну сяброўкi.

— Сцiхнi ты, дурнiца! — таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. Ён сюды накiроўваецца!

Мужчына i сапраўды iшоў да iх. Як нi стрымлiвалася Аленка, як нi сцiскала вусны, але ўсё ж хiхiкнула, калi той запынiўся ля Галi i, гледзячы паўзверх яе пляча, звярнуўся да Аленкi:

— Можна вас?

Аленка моўчкi кiўнула, падала яму руку i пайшла следам, стараючыся думаць аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася нiчога, акрамя як стаяць на месцы i ледзь-ледзь перасоўваць ногi. Вось так яны i танцавалi — на месцы. Смех у Аленкi ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў сваiм дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча, Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася i летуценна пачала ўяўляць, што танцуе з Мiколам.

…Вочы ў Мiколы глыбокiя, блакiтныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя i добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлiвае, мора перад штормам. У такiя вочы можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца i патануць. Як яна зайздросцiла хлопцу, якi жыў з Мiколам у адным пакойчыку ў iнтэрнаце, — ён бачыў яго ранiцою, вечарам, кожны дзень… I не ўяўляў нават, якое гэта шчасце — бачыць перад сабою Мiколу, яе бога, назiраць за яго рухамi, калi ён умываецца, за ягонымi вуснамi, калi ён гаворыць, за ягонымi пальцамi, што перабiраюць струны гiтары… З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамi пад дзвярыма Мiколавага пакойчыка i ўбiрала ў сябе ўсе гукi i словы, што даносiлiся адтуль… Яна ведала, што Мiкола збiрае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ёй так хацелася пайсцi з iм у гэты паход, але яе не запрашалi…

Нават нумар пакоя, у якiм жыў Мiкола, выклiкаў асалоду. На лекцыях Аленка, як заварожаная, пiсала проста ў канспекце запаветныя лiчбы: 405… 405… i выводзiла лiтары: Мiкола Гайда… Мiкола Гайда… i з трапяткiм сэрцам падстаўляла пад ягонае прозвiшча сваё iмя, i мiлавалася сугучнасцю: Алена Гайда… Алена Гайда…

— Самотная князёўна на чужым бале? — абарваў яе думкi прыглушаны голас.

Алена ўзняла вочы — яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым 'старым мужчынам'? 'Ён падобны на цыгана, — падумала дзяўчына. — На старога цыгана!' I адвяла позiрк.

— Баль заканчваецца, — прамовiў мужчына лагодна. — Можа, мы пойдзем дадому разам?

— Да якога яшчэ дому? — раздражнёна павяла плячыма Аленка.

— Да вашага, вядома. Цi можна правесцi вас?

— Пашукайце сабе па ўзросту, — цвёрда сказала Аленка, глянуўшы яму ў твар.

— Нават так? — усмiхнуўся ён. — Што ж, дзякую за танец!

I правёў яе на месца.

У гэты час з'явiўся Мiкола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпiленым кажуху. Хлопцы абступiлi яго. Мiкола гучна i весела вiтаўся з iмi, пацiскаючы рукi. Але танцы скончылiся, моладзь пачала выходзiць з клуба, i Аленка настойлiва чакала, калi Мiкола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку i палiў з хлопцамi.

Да Галi падышоў Анатоль, кiрпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкi ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зiму, 'каб холадна не было', смяяўся на пытаннi дзяўчат, — гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысiнкаю на галаве. Усмiхнуўся i выцягнуў з-за пазухi маленькую кветачку.

— Ой, цюльпанчык! — ускрыкнула Аленка. — Жывы! Малайчына, Анатоль!

— Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, — усмiхнуўся хлопец. — Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы…

Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.

— Пайшлi да маiх, — шапнула Анатолю, — а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы… Аленка, пайшлi разам! — звярнулася да сяброўкi.

— Не, — адмоўна махнула галавою Аленка. — Я тут застануся, на ганку… Мiколу пачакаю… Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо…

— Ну, глядзi сама, — адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.

… Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк — палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.

— А я, як нi пагляджу ў акно — усё вы стаiце, — падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка. — Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?

Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. 'Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! — з непрыяззю падумала Аленка. — Цыган стары!'

— Давайце знаёмiцца, — прапанаваў ён. — Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер «Менскбудпраекта». Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?

— Не, — суха адказала Аленка. — Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць…

— Мы амаль землякi, — усмiхнуўся Вайдаш. — У мяне ў Менску кватэра… Спускайцеся ўнiз! — працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. — Цi чакаеце каго?

Аленка не адказала.

— Ён не варты гэтага! — засмяяўся Дуброўскi. — Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе — шмат хто бачыць яе ля маёнтка… Вось i вас, здаецца, закранула яна…

— Што? — у Аленкi пахаладзела спiна. — Якая здань?

Але з прыступак сышла.

— Гэта даўняе паданне, — мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, — з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека — ён робiцца сляпым духоўна…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату