— Праўда, я добрая гаспадыня?

— Не магу. Потым…

Святло знікла. Яны выпілі віно і каву на краі ложка… У пярэдняй яна, разгладжваючы рукой паліто на яго грудзях, сказала:

— Ну вось. Як быццам ты муж і я цябе праводжу на работу.

— I так будзе заўсёды.

Яна схіліла твар.

— Так… заўсёды.

Андрэй глядзеў на яе. Такая кранаюча маленькая стаяла яна перад ім, такая каханая ў гэтым сваім халаціку, што ён тоўста абняў яе праз паліто, і ўся яна схавалася ў яго абдоймах.

Гэта было так, як ніколі, і таму ён стаў перад ёю на калені, прыціскаючы да сябе, і схаваў твар у цёплай тканіне. Яна ўзяла яго за скроні:

— Устань з каленяў, мілы. Прашу цябе, вельмі.

— Табе не падабаецца?

— Вельмі. Але не трэба… Не ляжы ў нагах. Табе нельга ляжаць ля ног.

Узняўшыся, ён зноў схаваў яе ў абдымках. Яна вызвалілася, амаль непрытомная.

- Ідзі, дарагі, ідзі. Бог з табой.

…На вуліцы неба сапраўды ставала бэзавым. Рыпеў пад нагамі снег. Першы тралейбус гулка прайшоў па вуліцы. Андрэй адчуваў сябе такім шчасліва-спустошаным і адначасова такім моцным, што скатаў сняжок і зашпурнуў яго да чацвёртага паверха.

— Эх, лёгкі. А то б і да неба…

Яму хацелася спяваць і здавалася, што гэта зусім не зіма, не снег, а белыя мятуліцы-эфемерыяды абляпілі ранішнюю халаднаватую зямлю. І на гэтай зямлі было ўсё: нават цёплая пара, што валіла з дзвярэй метро.

Р а з д з е л XXI

Сустрэліся перад самым ад'ездам. Яна сказала Андрэю, каб ён чакаў яе ў вестыбюлі гістарычнай бібліятэкі ў сем гадзін вечара. I ён з'явіўся і чакаў, вытрымліваючы цікаўныя позіркі дзяўчат і гардэробшчыц. Здзекуючыся, ён называў сябе ў думках Ленскім, Крэцьенам дэ Труа, Вертэрам, але падсвядома адчуваў, што так яно і ёсць, што тое, што блакітнае сяйва вакол, звязала яго з гэтай жанчынай нябачнымі повязямі, мацней якіх не было нічога.

Яна прыйшла не з бібліятэкі — яна і не была там, і ў вачах яе стаяла кранаючая блізкасць да яго і адначасова быццам засаромленасць нечым. Яны пайшлі завулачкамі старой Масквы. Стаяла адліга, вуліцы танулі ў асабліва сіняй цемры першых гадзін зімовай ночы.

Шляхі абаіх ужо з заўтрашняга дня, і на цэлых паўтара месяца, разыходзіліся. Яго чакалі снягі, сум і ўтрапёная праца, сапраўдны бой, у якім ён павінен будзе выйграць яе, ды яшчэ страшэнная трывога за тое, небяспечнае, што яе чакала. Ён верыў у лепшае, але задушыць гэтую трывогу не мог.

І ад гэтага, акрамя звычайнага болю разлукі, быў яшчэ нейкі вышэйшы боль, падобны на прадчуванне разлукі вечнай. Андрэй гнаў гэтую думку, але ўсё адно яму — і ёй таксама — здавалася, што з усім, на што яны глядзяць, яны развітваюцца назаўсёды: вось сёння ёсць, а заўтра не будзе.

Таму і горад ляжаў перад імі ледзь расталы, з агнямі на голым лёдзе, змрочны.

— Заўтра? — спытаў ён.

— Заўтра.

— Барані вас маё каханне.

— Калi штосьцi i ўтрымае мяне ў жыццi — дык гэта.

Ён пацалаваў яе скронь. Дзіўна, абое зноў перайшлі на «вы», і здавалася, так яно і трэба.

— Таму я і хацела быць з вамі, - сказала яна. — Вы — жыццё маё.

Маўчалі, спускаючыся завулкамі да плошчы Нагіна.

— Я ўвесь час думаю пра вас, Андрэй. Мне ўсё хочацца неяк дапамагчы вам, абараніць, нават на той выпадак, калі мяне з вамі не будзе. Ведаеце, як тая жанчына, што, паміраючы, наводзіць парадак у доме, каб муж хоць месяд не думаў…

— Навошта вы мучыце мяне?

— Маўчыце. Я доўга думала, як вам трэба пісаць 'на потым'. I вось знайшла адказ. Вы такі, што павінны пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнула ў душы, не дбаючы аб стылі, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выражала тое, што адчуваеш. Хай нервова, няроўна, з фразамі, падслуханымі на вуліцы. Каб не лашчыла заспакоена, каб кожны паварот — як целам аб камяні, каб пасля чытання — бы на возе па лясной дарожцы праехаў: на ўсіх карэннях растрэсла.

— Магчыма, і так. Толькі я не магу зараз думаць пра гэта. Дайце надыхацца вамі.

— Вы не надыхаліся?

— I ніколі не змагу.

— Які вы… Усяго хочаце ад жыцця.

— Анягож не. Або ўсё, або нічога.

— Не кажыце мне больш аб гэтым. Мне добра, мне надзіва лёгка з вамі. I не трэба больш.

Андрэй змрочна крочыў поруч з ёю. Гэтага ад яго нельга было патрабаваць.

На вулках чамусьці амаль не было людзей. I таму ён раз-пораз схіляўся і цалаваў яе скронь. Раз нават спыніўся і доўгім пацалункам прынік да яе вуснаў.

Седзячы ў фортачцы, са здзіўленнем глядзеў на ўсё гэта вельмі пушысты кот.

— Не трэба, — шапнула яна, вызваляючыся.

Кот грэбліва падабраў лапы, але так і не выйшаў на вуліцу, пайшоў у цёплую кватэру — напэўна, дрыхнуць.

— Я памру там з трывогі за вас. Напішыце мне хаця некалькі слоў.

— Добра. Толькi вы не заставайцеся тут надоўга. Вы патрэбны мацi. Цяпер — асаблiва.

Ішлі па плошчы Нагіна.

— Вось гэты дом тады гарэў, - сказаў Грынкевіч…

— Той, што ў паэме?

— Так.

— А я думала, гэта метафара.

— Я ў той час быў няздатны на метафары.

Яна быццам замкнулася ў сабе. Толькі цясней тулілася да яго і нейкім новым, сумным і прасветленым, позіркам абводзіла дамы, руіны кітайгародскай сцяны, далёкія стрэлы кранаў у Зараддзі. Толькі на набярэжнай, пабачыўшы ўбаку купалок «Анны», што невыразна бялеў у цемры, раптам здрыганулася і сказала:

— Не, не магу. Пойдзем туды.

У змроку, каля празрыста бялеючых бязважкіх сцен, яна, прыціскаючыся да яго, казала:

— Мне страшна… Страшна… Трымай мяне мацней, дарагі. Калі ты трымаеш, мяне ніхто не адбярэ. Ты — абарона. Ты — надзейны.

Андрэй гладзіў яе галаву:

— Ну-ну, я з табою. Нікому не аддам. Дам табе палову жыцця. Усё будзе добра. Заваюю цябе. У цябе тады будзе дачка. Такая, як ты. А памром мы праз сто год. У адзін дзень і адну хвіліну.

Потым, заспакоеныя, яны ішлі па мосце над ракой, потым заглыбіліся ў вулачкі Замаскварэчча.

— Я апошнім часам больш успамінаю, чым думаю, — сказала яна. — Пэўна, гэта не на дабро, але я часта ўспамінаю даваеннае Замаскварэчча. Калі цвілі ліпы — цяжка было дыхаць, галава кружылася. У кветніках бэз, а на абочынах наўсцяж вуліц адуванчыкі. Жоўтыя. Пэцкалі нос. Тады ў Замаскварэччы амаль не было транспарту.

Два цені беглі завулкамі, плылі па роўных сценах, кідаліся то ўперад, то назад ад ліхтароў. А ў начным

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату