калi траплялi ў Шрэлу, свiсцеў, калi Нэтлiнгер спакойна кiдаў мячык працiўнiку ў рукi, свiсцеў, калi Шрэла, кульгаючы, спрабаваў ухiлiцца; гульня была iмклiвая: мячык лётаў то ў адзiн, то ў другi бок — цi толькi ён адзiн заўважаў гэта? I не заўважаў нiхто з тых шматлiкiх гледачоў у стракатых шапачках i са стракатымi сцяжкамi, што, разгарачаныя ад напружання, чакалi канца гульнi? За дзве хвiлiны i пяцьдзесят секунд да фiнальнага свiстка лiк у гульнi быў 34:29 на карысць гiмназii Прынца Оты — i, можа, у тым, што бачыў хiба што толькi ён адзiн, была прычына, што каманда працiўнiка згадзiлася, каб судзiў гульню Бен Вакс, iхнi настаўнiк гiмнастыкi.
— Ну давай, бi, шыбенiк, праз дзве хвiлiны дам свiсток.
— Даруйце, але — праз дзве i пяцьдзесят секунд, — адказаў Фэмель, а пасля гэтых слоў падкiнуў высока мячык, перахапiў iмгненна бiту i стукнуў; па сiле ўдару, па тым, як спружынiла рукаятка, ён адчуў: гэта будзе зноў адзiн з яго легендарных удараў; ён прыжмурыўся, каб спраўней прасачыць за палётам мячыка, але так i не змог яго згледзець: пачулася глыбокае 'а-а-ах!' з натоўпу гледачоў, i гэты воклiч шырыўся, рос, нiбы воблака; ён убачыў, як да яго, кульгаючы, наблiжаецца Шрэла — павольна, на твары жоўтыя плямы, a пад носам крывавы пiсяг; суддзi падлiчвалi: сем, восем, дзевяць; астатнiя гульцы каманды наўмысна-павольна праходзiлi паўз раз'юшанага Бена Вакса; гульня была выйграная, выйграная пераканаўча; Фэмель нават забыўся выбегчы ў поле, каб здабыць яшчэ i дзесятае ачко; 'отаўцы' ўсё яшчэ шукалi мячык, поўзаючы на карачках далёка на другiм баку вулiцы ў траве пад мурам бровара; у фiнальным свiстку Бена Вакса выразна чулася яго раздражнёнасць. '38:34 на карысць гiмназii Людвiга!' — абвясцiлi суддзi. Гучнае 'а-а-ах!' перарасло ва 'ўра!' i бушавала над пляцоўкай; ён жа ўзяў сваю бiту, загнаў рукаяткай у траву, потым перамясцiў рукаятку, надаўшы бiце патрэбны вугал нахiлу, а пасля нацiснуў на яе нагой у тым, слабейшым, месцы нiжэй ад рукаяткi, дзе бiта найвузейшая; таварышы па камандзе, здзiўленыя, абступiлi яго i збянтэжана маўчалi; яны бачылi ў гэтым нейкi знак — што славуты Фэмелеў кiй быў паламаны; мярцвяна-бела выглядалi трэскi ў месцы палому; i ўжо хлопцы пачалi тузаць адзiн аднаго, каб займець памятку, кавалак таго дрэва альбо адарваць шматок таго лейкапластыру; Фэмель спалохана паглядзеў на гэтыя разгарачаныя, дурнаватыя твары, у гэтыя заварожаныя вочы, што блiшчалi ад хвалявання, — i ён адчуў танную гаркату славы, тут, летнiм вечарам 14 лiпеня 1935 года, у суботу, на ўскрайку прадмесця, на патаптаным лужку, куды Бен Вакс мiж тым гнаў шасцiкласнiкаў гiмназii Людвiга — каб яны пазбiралi сцяжкi, што стаялi на кожным рагу пляцоўкi. Далёка на другiм баку вулiцы, пад мурам бровара, усё яшчэ вiдны былi блакiтна-жоўтыя футболкi: 'отаўцы' нiяк не маглi знайсцi мячыка; вось яны марудна пасунулiся назад, сабралiся ў цэнтры пляцоўкi, выстраiлiся ў шарэнгу, чакаючы яго, капiтана каманды, каб услед за iм крыкнуць 'гiп-гiп-ура!'; Фэмель павольна наблiзiўся да абедзвюх шарэнгаў; Шрэла i Нэтлiнгер стаялi там поруч; здавалася, што нiчога не адбылося, зусiм нiчога; а малодшыя вучнi ўсё за яго спiнай яшчэ змагалiся за «сувенiры»; ён прайшоў далей, адчуваючы захапленне публiкi, нiбы фiзiчную пакуту, i тут ён тры разы крыкнуў: 'Гiп-гiп-ура!' 'Отаўцы' зноў, як пабiтыя сабакi, рушылi шукаць мячык; не знайсцi мячыка лiчылася за найстрашэннейшую ганьбу.
— Я ж ведаў, Гуга, як была патрэбная наша перамога Нэтлiнгеру; ён сказаў: 'Перамагчы любой цаной'; а менавiта ён рызыкаваў нашай перамогай толькi дзеля таго, каб у працiўнiка была магчымасць раз за разам шпурляць мячыкам у Шрэлу, а Бен Вакс, гледзячы па ўсiм, быў з iмi ў змове; я гэта заўважыў, адзiн я.
Калi ён iшоў да распранальнi, яго апанаваў страх перад Шрэлам i перад тым, што той яму скажа. На дварэ раптам пахаладала, вечаровая iмгла цягнулася ад ракi, падымалася над лугамi, абкладвала, нiбы слоем ваты, будынак, у якiм мясцiлiся распранальныя кабiны. Чаму, чаму яны гэтак абыходзiлiся са Шрэлам? Падставiлi яму падножку, калi ён у перапынку сыходзiў па лесвiцы, i ён выцяўся галавою аб жалезны кант прыступкi? Лапка акуляравай аправы прабiла тады яму мочку вуха, а Бен Вакс надта ўжо доўга хадзiў па аптэчку першай дапамогi ў настаўнiцкi пакой. Нэтлiнгер са здзеклiвай усмешкаю нацягваў лейкапластыр, каб настаўнiк мог адрэзаць ад яго кавалачак; яны нападалi на Шрэлу па дарозе дадому, зацягвалi яго ў пад'езды, бiлi яго — сярод сметнiц i дзiцячых вазкоў, потым скiнулi яго з цёмных падвальных сходаў, i ён доўга ляжаў з паламанай рукою там, дзе пахла капустай i прарослай бульбай, сярод запыленых слоiкаў: ляжаў, аж пакуль нейкi хлопчык, пасланы ў падвал па яблыкi, не ўбачыў яго i не паклiкаў жыхароў дома. Толькi некалькi iхнiх таварышаў не бралi ў тым удзелу: Эндэрс, Дрышка, Швойгель i Гольтэн.
За пару год да таго Фэмель пасябраваў са Шрэлам, яны разам хадзiлi ў госцi да Трышлера; Шрэлаў бацька быў кельнерам у шынку, якi належаў Трышлераваму бацьку; яны наладжвалi сабе забавы на старых чоўнах, на спiсаных пантонах, вудзiлi рыбу, забраўшыся ў лодку.
Ён спынiўся перад распранальняй, пачуў галасы, гаману: ахрыплыя ў мiфiчным запале хлопцы гаварылi пра легендарны палёт мячыка; нiбыта мячык той знiк у звышчалавечых сферах.
— Я ж бачыў, як ён ляцеў-ляцеў, нiбы камень, пушчаны з волатавай прашчы.
— Бачыў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.
— Чуў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.
— Яны яго не знойдуць, таго мячыка, што ўдарыў Роберт.
Калi Фэмель зайшоў у распранальню, яны змоўклi; у гэтым раптоўным маўчаннi адчуваўся страх; яны амаль смяртэльна паважалi яго — якi зрабiў тое, у што нiхто не здолеў бы паверыць, пра што нiхто не здолеў бы расказаць; хто з жывых сведкаў наважыўся б апiсаць палёт таго мячыка?
Басанож, накiнуўшы на плечы вялiкiя ручнiкi, яны шпарка пабеглi ў душ; застаўся адзiн Шрэла: ён быў ужо апрануты, бо пад душ не хадзiў; i толькi цяпер Роберту прыйшло ў галаву: Шрэла нiколi не прымаў душ пасля гульнi, нiколi не здымаў з сябе футболку; ён сядзеў на зэдлiку, на твары была жоўтая i блакiтная пляма, вакол вуснаў, з якiх ён ужо абцёр кроў, - вiльготны след; на руках i плячах былi вiдаць сiнякi ад удараў мячыка, якi 'отаўцы' ўсё цяпер яшчэ недзе шукалi; седзячы так, Шрэла адкасаў рукавы сваёй шмат разоў мытай кашулi, надзеў куртку, выцягнуў з кiшэнi кнiжку i пачаў чытаць: 'Увечары, калi званы звястуюць мiр…'
Было непрыемна вось гэтак застацца сам-насам са Шрэлам, прымаць падзяку гэтых халодных вачэй, занадта халодных нават каб ненавiдзець — толькi ледзь прыкметны рух павекаў, няўлоўная ўсмешка як падзяка яму, выратавальнiку, якi нанёс той удар; Фэмель усмiхнуўся ў адказ, таксама ледзь заўважна, потым павярнуўся да бляшанай шафкi, знайшоў там сваю адзежу i хацеў ужо як найхутчэй, не прыняўшы душ, вымкнуць з распранальнi; на сцяне над ягонай шафкай нехта выбiў у тынку надпiс: 'Фэмелеў удар, 14 лiпеня 1935 г.'.
Пахла скурай — ад гiмнастычных прыладаў, ссохлай зямлёю — што паабтрэслася з футбольных, гандбольных i бейсбольных мячоў i грудкамi пазабiвалася ў шчылiны бетоннай падлогi; у куце стаялi брудныя бела-зялёныя сцяжкi, сохлi развешаныя футбольныя сеткi, тырчала надламанае вясло; пад трэснутым шклом вiднеўся пажоўклы дыплом: 'Пiянерам футбола, пачатковаму класу гiмназii святога Людвiга. 1903 г. Прэзiдэнт зямельнага ўрада'; калектыўнае фота ў выдрукаваным лаўровым вянку; з гэтага фота на яго глядзелi васемнаццацiгадовыя хлопцы 1885 года нараджэння з моцнымi цяглiцамi; вусатыя, з жывёльным аптымiзмам глядзелi яны ў будучыню, якую рыхтаваў iм лёс; iм было наканавана гнiсцi пад Вердэнам, сцякаць крывёю ў балотах Сомы альбо яшчэ праз пятнаццаць гадоў на могiлках герояў Шато- Цьеры быць аб'ектам прымiрэнчых выказванняў, якiя ўпiсваюць турысты па дарозе ў Парыж, паддаўшыся настрою гэтага месца, у размоклую ад дажджу кнiгу наведнiкаў; пахла жалезам, пахла выспяваючай мужчынскасцю; звонку сюды пранiкала вiльготная iмгла, што цягнулася лагоднымi воблакамi ўдоўжкi рачных берагоў; з карчмы, што паблiзу, далятала пераднядзельная гамонка нiзкiх мужчынскiх галасоў, хiхiканне афiцыянтак, бразгатанне пiўных кухляў, а ў канцы калiдора пачыналi рабiць сваё гульцы ў кеглi, кацiлiся шары, расстаўлялiся кеглi, чулася трыумфальнае 'ax!' i 'ох!' — як сведчанне расчаравання, гучала на ўвесь калiдор, пранiкала ў распранальню.
Прыжмурваючыся ў паўзмроку, стулiўшы плечы ад прахалоды, Шрэла сядзеў перад iм, i ён не мог болей адцягваць тае хвiлi; яшчэ раз праверыў, цi добра завязаны гальштук, расправiў апошнiя складачкi на каўняры спартыўнай кашулi — ох, падцягнуты, заўсёды падцягнуты, — глыбей схаваў канцы шнуркоў на туфлях, спраўдзiў, цi ёсць у партманеце грошы, каб даехаць дадому; а мiж тым з душа паявiлiся першыя хлопцы, усё яшчэ гамонячы пра 'Робертаў удар'.
— Пойдзем разам?
— Пойдзем.
Яны паднялiся патаптанымi бетоннымi сходнямi, на якiх ляжала непрыбранае смецце яшчэ ад мiнулае вясны: паперкi ад цукерак, пачкi ад цыгарэт; яны ўзышлi на дамбу, дзе спацелыя весляры якраз усцягвалi