Магутныя чары, чароўныя мары Удыхнуць у метал і каменне маглі. Для моцных цароў, каралёў-ваяроў, Герояў-асілкаў мінулых часоў Зброю рабілі і здольныя былі Свет зор захаваць на булаце мячоў. Зоркаю срэбнай блішчэлі каралі, Цмокавым полымем золата ззялі. Як летуценні, сонца праменні Ў дзівосным каменні яскрава ігралі. Да дальніх прастораў, лясоў векавых, Пячораў глыбокіх і гор снегавых — 3 першым святлом пакінем мы дом Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. У горных палацах, глыбінях зямлі Гномы багацце і славу знайшлі. Песні гучалі і струны спявалі, Далёка і гора, і жахі былі. Вецер начны зароў з вышыні, Па соснах на схіле пабеглі агні, Жаркай крывёю, ракой залатою, Полымя хлынула на камяні. Гулка звінелі званы пад Гарою, Страх палымяны над галавою, Жудасны жах на чорных крылах Рушыў шалёна парою начною. Вогненны подых цьмяных нябёс 3 Поўначы гібель да гномаў прынёс. Склепамі сталі раскошныя залі, Дзе напаткаў іх раз'юшаны лёс. Да дальніх прастораў, лясоў векавых, Пячораў глыбокіх і гор снегавых — 3 першым святлом пакінем мы дом, Каб цмоку адпомсціць за родных сваіх.

Пасля гэтых словаў хобіт адчуў, як у ім прачынаецца любоў да прыгожых, цудоўных рэчаў, зробленых рукамі ды магіяй, любоў шалёная і раўнівая, якая заўсёды жыве ў сэрцах гномаў. I прачнулася ў ім нешта хватаўскае, ён захацеў пайсці і пабачыць вялізныя горы, пачуць, як шумяць вадаспады і вецер у соснах, даследаваць пячоры ды насіць меч замест кійка.

Ён вызірнуў у вакенца. На цёмным небе над дрэвамі высыпалі зоры. Ён падумаў пра гномавы каштоўныя камяні, што ззяюць у цемры пячораў. Раптам у лесе за Вадой пыхнула полымя — напэўна, нехта запаліў вогнішча, — і ён уявіў, як шалёныя цмокі рабуюць і спальваюць Строму і ўсё наваколле, адразу задрыжэў і ператварыўся ў ранішняга спадара Торбінса з-пад Стромы.

Хобіт устаў, уздрыгваючы ўсім целам. Ён ужо амаль што вырашыў пакіравацца быццам бы прынесці лямпу, а насамрэч збегчы ў камору ды схавацца за бочкамі, пакуль усе гномы не сыдуць. Але ж музыка раптам спынілася, і ён зразумеў, што ўсе гномы глядзяць на яго. Іх вочы блішчэлі ў цемры.

— Куды ж вы збіраецеся? — сказаў Торын так, нібы адразу здагадаўся пра хобітава «быццам».

— Як наконт… крыху святла? — сказаў хобіт.

— Нам падабаецца цемра, — сказалі разам гномы. — Цемра для цьмяных спраў! Да раніцы яшчэ шмат часу.

— Зразумела, — адказаў Більба і паспяшаўся сесці. На крэсла ён не трапіў, а сеў упоцьмах на краты каміна, зачапіўшы качаргу ды шуфлік, якія пападалі на падлогу са страшэнным грукатам.

— Цішэй! — сказаў Гэндальф. — Торын кажа! I Торын пачаў прамову.

— Гэндальф, гномы і спадар Торбінс. Мы сустрэліся ў доме нашага сябра і прыспешніка, найбольш выдатнага ды дзёрзкага хобіта — няхай ніколі не выпадзе поўсць на ягоных нагах! Хвала і пашана ягонаму віну і элю! — ён спыніўся ўдыхнуць паветра, чакаючы ветлівага адказу ад хобіта, але ж камплімент наўрад ці дайшоў да Більба, які толькі варушыў вуснамі, імкнучыся запратэставаць супраць «дзёрзкага», а найболын «прыспешніка», хаця і слова не вымавіў — такі ён быў раз'юшаны. Так што Торын працягнуў:

— Сустрэліся мы, каб абмеркаваць нашыя планы, нашыя шляхі, мэты, хітрыкі і прыстасаванні. Вельмі хутка (фактычна, перад раніцою) мы пачнем нашу доўгую вандроўку — вандроўку, з якой некаторыя з нас, а, можа, і ўсе мы (зразумела, за вы-ключэннем нашага сябра і дарадцы, найсапраўднага чараўніка Гэндальфа), магчыма не вярнуцца. Безумоўна, гэта сумна. Як я разумею, наша мэта добра вядомая нам усім. Але ж для шаноўнага спадара Торбінса, і, магчыма, для аднаго ці двух маладзейшых гномаў (не памылюся, калі назаву, напрыклад, Філі і Кілі), сітуацьы на дадзены момант можа патрабаваць дакладнага тлумачэння.

Такі ўжо ў Торына быў стыль. Ён быў паважны гном. Калі б яму дазволілі, ён бы прамаўляў такім чынам да страты пры-томнасці, не сказаўшы пры гэтым нічога новага. Аднак жа яго груба перарвалі. Небарака Більба больш ужо не мог трываць. Пры словах «магчыма не вярнуцца» ён адчуў, як знутры пакрысе паўзе, набіраючы моц, лямант. Хутка лямант прарваўся вонкі — як гудок паравоза, што вылятае з тунеля. Усе гномы ўскочылі, перакуліўшы стол. Гэндальф запаліў блакітны агеньчык на канцы свайго чароўнага посаха, і ў яго няпэўным святле відаць было беднага хобіта, які стаяў на каленях на дыванку побач з камінам і дрыжэў, як халадзец на вогнішчы. Потым хобіт зваліўся ніцма на падлогу, лямантуючы: «Маланкай забіла! Маланкай забіла!» зноў і зноў. Доўгі час толькі гэта ад яго і можна было пачуць. Так што гномы паднялі яго ды паклалі на ложак у кабінеце, паставілі побач шклянку з вадой ды вярнуліся да сваіх цьмяных спраў.

— Лёгка ўзбуджаецца, — заўважыў Гэндальф, калі яны паселі зноў, — крыху прыпадачны, але ж адзін з найлепшых, верце мне, — шалёны, як цмок, якому прыціснулі хвост дзвярыма.

Калі вы хоць аднойчы бачылі цмока, якому прыціснулі хвост дзвярыма, вы разумееце, што гэта чыста паэтычнае пераболь-шанне ў дачыненні да любога хобіта, нават да пра-пра-пра-дзядзькі Старога Хвата па мянушцы Бугай-Роў, які быў такі велізарны (для хобіта), што ездзіў на кані. Ён атакаваў армію гоблінаў з гары Грам у бітве на Зялёных Палях, і драўляным дубцом збіў галаву гоблінскага караля Гальфімбуля. Галава праляцела з сотню крокаў і патрапіла дакладненька ў трусаву нару. Такім чынам, была атрьшаная перамога і адначасова вынайдзеная гульня ў гольф.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату