АПОШНІ КРОК
Надышло першага траўня, калі Більба з Гэндальфам нарэшце 'дабраліся да даліны Рывендэл, дзе знаходзіўся Апошні (ці, з гэтага боку, Першы) Прытулак на захад ад гор. Зноў быў надвячорак, зноў поні стаміліся, асабліва той, які цягнуў скрыні, і ўсе адчувалі, што трэба адпачыць. Калі ехалі ўніз па крутой сцежцы, Більба чуў, як спяваюць сярод дрэваў эльфы — быццам не перапыняліся з таго часу, як хобіт пакінуў цудоўную даліну. А як толькі вершнікі спусціліся да ніжняй паляны, эльфы, засмя-яўшыся, разам заспявалі песню, вельмі падобную да ранейшай. Вось яна (за дакладнасць не адказваю!).
Потым эльфы выйшлі насустрач, прывіталі іх і правялі праз раку да дому Элранда. А там ужо прынялі іх на славу!
Усім нецярпелася пачуць аб прыгодах. Распавядаў Гэндальф, бо Більба, добра пад'еўшы, пачаў дзяўбці носам і ўвогуле быў сонны ды стомлены. Шмат што ён і так ведаў, бо сам прымаў удзел ці чуў аповед Гэндальфа падчас падарожжа альбо ў доме Беарна. Але раз-пораз дый расплюшчваў то адно, то другое вока і прыслухоўваўся, калі чараўнік баіў частку гісторыі, зусім незнаёмую.
Так і даведаўся Більба з гутаркі чараўніка з Элрандам, дзе ж Гэндальф прападаў і што рабіў. Сталася, што быў Гэндальф на вялікай нарадзе белых чараўнікоў, майстроў добрай магіі і найвыдатнейшых знаўцаў самых розных ведаў, і што гэтыя чараў-нікі, нарэшце, здолелі выгнаць Некраманта з ягонага чорнага берлагу на поўдні Ліхалесся.
— Цяпер надоўга, — казаў Гэндальф, — лес будзе здара-вейшы ды спакайнейшы. Поўнач вызваленая ад гэтага ліха, я спадзяюся, на доўгія, доўгія гады. Аднак лепш было б цалкам выгнаць яго з нашага свету!
— Тое сапраўды было б добра, — сказаў Элранд, — але ж, я баюся, гэткаму не здарыцца ані ў нашу эпоху, ані ў мноства эпох апасля.
Калі апавяданне пра іх прыгоды скончылася, пачалося другое, а потым яшчэ і яшчэ, апавяданні пра старажытныя часы і новыя, апавяданні, якія ўвогуле аніякага дачынення да часу не мелі, апавяданні пра тое і пра іншае — пакуль Більба дзёўбнуў апошні раз носам паветра, упёрся ва ўласныя грудзі падбароддзем дый захроп у сваім самым утульным куточку.
Прачнуўшыся, ён знайшоў сябе ў белым ложку, а праз адчы-ненае вакно ззяў маладзік. За вакном мноства эльфаў чыста і звонка спявалі на беразе ракі.