выканаў яе жаданне, але не суцешыў! А табою атрыманае суцешыла цябе? I ты нi разу не задумаўся — чаму? Ты нiчога не зразумеў, Арол… Суцяшае дабро. Але ты яго нiколi i нiкому не рабiў. Суцяшае дружба, суцяшае каханне. Але не было побач з табою нi дружбы, нi кахання… Не, ты нiчога не змог зразумець нi ў пачатку, бо быў дурной i ганарыстай Маленькай Дафнiяй, не разумееш ты i цяпер, бо — дурны, стары, бездапаможны Арол.
А скажы, што ты пакiнуў пасля сябе? Якую частку дабрынi можна вымераць? Якую справу назавуць тваiм iмем?.. Разбурэннi. Дык колькi ж каштуюць воля твая i велiч твая? У iмя чаго яны? У iмя чаго ты?..
Я ведаю — ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробiцца горкiм, вялiкiм цяжарам. I так будзе заўсёды. Такi шлях твой сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацiнавы Абруч, як табе вядома, не забiрае назад бяссмерця, ён можа яго толькi даць.
Так, я запiсаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць i давялося яму пахiтраваць. А напiсаў — для навукi каму-небудзь. Хто ведае: можа, калi-небудзь хто знойдзе Плацiнавы Абруч i, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго i выказаць жаданне. I вось памятай, Арол: хоць ты i мацнейшы за мяне, а запiсак маiх табе не бачыць. Ты нiколi не знойдзеш iх, калi нават перакапаеш усё сваё царства… А цяпер воля твая, Ваша Недаступнасць…»
Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.
Нарэшце ўладар узняў змрочны позiрк, абвёў сваю спачывальню i, спынiўшыся на брамнiку, сказаў:
— Уважлiва слухаў я цябе, Крумкач… Шкада, не ведаў, што ты гэткi забаўны выдумшчык, а то паклапацiўся б раней… I за тое, што ты не пабаяўся расказаць такую гiсторыю праўдзiва i чэсна, вось табе мая воля: iдзi i жывi, нiхто цябе не кране. I мiрна пiшы далей, я не пярэчу.
Усмiхнуўся Старажытны Крумкач, пакланiўся i выйшаў.
Той жа ноччу царскi брамнiк раптоўна сканаў у сваёй каморцы.
24
Мiнуў час.
Старэйшы Сокал аслеп ад старасцi. Ён дзяжурыў ужо не за дзвярыма, а ў самой царскай спачывальнi. Як i раней, ён выконваў усе — ужо рэдкiя цяпер даручэннi свайго пана, карыстаючыся адным толькi сваiм нюхам, так што страта зроку хоць i недахоп, але ўжо не такi, каб дужа засмучацца. Ён адчуваў кожны рух уладара, кожнае жаданне Магутнага Арла адразу рабiлася i яго жаданнем, кожнае слова найвышэйшага было адзiным, што мела сэнс i значэнне. Магчыма, Старэйшы Сокал дагэтуль не памёр толькi таму, што на гэта не было загаду, а значыць, i права.
Шулёнкi скончылiся — Старэйшы Сокал выцягнуў з каземата апошняга.
— Iх больш няма, Ваша Недаступнасць. Магутны Арол паглядзеў на ўбогую кучачку пер'я i грэблiва адвярнуўся.
— Можаш з'есцi яго сам.
I целаахоўнiк адразу адказаў: «Ёсць!»
I з таго часу для харчавання пачаў лавiць мышэй. Калi ўжо i мышы ўсе перавялiся, ён прапанаваў на абед сябе.
Магутны Арол пачаў яго супакойваць, загадаў не падаць духам i спадзявацца, што заўтра з мышамi пашанцуе. Але Старэйшы Сокал упершыню за шматгадовую службу запярэчыў пану:
— Ваша Недаступнасць павiнны абедаць… I калi я нiчога не знайшоў…
Бачачы, што спрачацца справа марная, Магутны Арол абяцаў падумаць, i ад'ютант у сваiм куточку каля дзвярэй змоўк, i нiшто больш не трывожыла яго душы.
Ён чакаў увесь дзень i ўсю ноч, i наступны дзень, i наступную ноч, але ўладар нiякiх адзнак голаду не выказваў.
Праз тры днi Старэйшага Сокала апанавала забыццё, яму здавалася, што ён у вялiкай светлай зале, а вакол — безлiч тоўстых тлустых мышэй, i ўсе яны глядзяць на яго i навыперадкi просяць iх з'есцi. Ён зрабiў крок да блiжэйшай, але закружылася галава, падкасiлiся ногi, i ён павалiўся, раскiнуўшы крылы. Адразу ўсё знiкла, i Старэйшы Сокал прыпомнiў, дзе знаходзiцца, i зразумеў, што памiрае.
— Хто там? — пачуўся грозны воклiч.
Ён хацеў устаць, але сiл хапiла толькi на тое, каб падцягнуць крылы.
— Гэта ты? — спытаўся Магутны Арол i нахiлiўся над iм.
— Я зараз, Ваша Недаступнасць, — прашаптаў ён, i слёзы пацяклi з яго невiдушчых вачэй, нiколi за сваю доўгую службу ён не быў перад Яго Недаступнасцю ў такiм бездапаможным становiшчы.
— Ану, — сказаў Магутны Арол, — супакойся. Ты знясiлеў ад голаду. Зараз я пайду i пашукаю табе чаго-небудзь. Усё мiнецца. Хочаш, я прынясу табе Зязюлю? А то мы зусiм забылiся пра гэтую падлюгу- манюку. Дык вось я i прынясу табе яе, чаго з ёй цырымонiцца!
— Я памiраю, — ледзь вымавiў Старэйшы Сокал i заплакаў яшчэ мацней. Няхай Ваша Недаступнасць даруюць мне за такую подласць, што пакiдаю Вашу Недаступнасць у адзiноце. Але я сумленна служыў… - Слёзы яго былi горкiя i пякучыя.
— Ах, сябра мой, сябра, — вымавiў Магутны Арол i пагладзiў памiраючага крылом. — Сапраўды, ты служыў мне шчыра, ты адзiны, хто быў бескарыслiвы i адданы мне да канца. Бывай жа, мой верны таварыш.
I яго высокасцярвятнiцтва Старэйшы Сокал Магнiфiкус Альцiволанс суцешыўся i заплюшчыў вочы.
Так Магутны Арол застаўся адзiн.
Адзiчэлы, ён сноўдаўся па замку — то ў поўным бяспамяцтве, то хаваючыся ад неiснуючых ворагаў i клiчучы на дапамогу неiснуючых сяброў. Часам ён ужо не цямiў, хто ён i што вакол яго. А калi памяць прасвятлялася, ён мярцвеў ад думкi, што гэтак будзе заўсёды, заўсёды…
Ён прыгадаў Аракульку i радаваўся, што не аддаў яе з'есцi свайму ад'ютанту ў хвiлiну душэўнай расслабленасцi. Хадзiў па ўсiх пакоях, заглядваў ва ўсе нiшы, клiкаў, але дарэмна — Зязюля хавалася ад яго. Заходзiў у былую залу прыёмаў, глядзеў на пачарнелы трон, пакрытыя плесняй сцены i абваленую столь i нiяк не мог успомнiць, якое гэта памяшканне.
— Ку-ку! — гучала ўвышынi i сцiхала пад скляпеннямi.
— Аракулька! — старэчым голасам загадваў Магутны Арол. — Зараз жа iдзi сюды! Чуеш? Я патрабую!
— Ку-ку!
— Аракулька! — прасiў ён. — Не бойся! Я ж пажартаваў, прапануючы цябе Сокалу. Гэта былi толькi словы, я ж заўсёды адносiўся да цябе па-сяброўску. I мне цяпер дужа трэба пагаварыць з табою…
— Ку-ку! — адклiкалася цiшыня, i са столi сыпалася парахня.
— Аракулька! — упрошваў Магутны Арол, не выцiраючы слёз. — Злiтуйся! Я проста вар'яцею ад суму. Ну папрасi чаго-небудзь! Хочаш, я дам табе бессмяротнасць? Ты ведаеш, я ж бессмяротны! I вось я згодны перадаць гэта табе. Хочаш?
I толькi непарушнае маўчанне было адказам…
— Не! — як паранены, крычаў Магутны Арол. — Памыляўся гэты стары бязмозгi iдыёт Крумкач. Памыляўся! Плацiнавы Абруч не ключ да Праўды… Якая ж яна сама, гэта Праўда! Яна ж халодная i жахлiвая. Яна мёртвая… Аракулька, скажы, скажы, колькi яна каштуе, такая Праўда? Колькi яна каштуе, калi ёю не карыстацца…
I тут, на жаль, зноў пропуск: ноблы знiклi. Затое потым, да самага канца, Пасвячоны бачыў усё вельмi добра.
25
