А Любачка скажа: мілы ён Мой дзядзя міністар, Філімон.        А Марту вон з хаты праганю,        Хай гвалтам ня лезе у радню. І буду я «тоже» беларус, Бо маю на гэта шмат пакус.        Міністрам фінансаў буду я,        Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!

(Гавора): Ну, а цяпер пагляджу, што робіць Любачка. (Глядзіць праз дзірачку ў дзьвярох). Распранаецца… Зьняла блюзачку! (Пауза). А вось зьнімае і… О, міленькая, бедненькая сіротанька!.. А вось і яшчэ…

Зьява 8

Пупкін і Марта.

Марта (ўваходзіць з кухні). Стары бясстыднік!

Пупкін. Што? Га? Хто? каго?… А!.. я вось бачу, Марта, што ўсюды завялося павучыньне, на дзьвярох павучыньне, — ўсюды!.. Ты, Марта, зусім ні аб чым ня дбаеш.

Марта. Дзьверы я ўчора сьціркай працірала. На вачох хіба ў цябе павучыньне.

Пупкін (грозна). Марта! Ты йзноў!?

Марта. Ну, добра!.. буду ўжо казаць «пан». Бачыш, якой фанабэрыі набраўся!

Пупкін. Марта! зразумей-жа ты ў канцы канцоў, што гэтак ня можа быць далей. Ты, чорт ведае, як са мной гаворыш, без ніякае пашаны! Я буду міністрм, тут будуць бываць розныя важныя фігуры, а ты ўсё: «Філімон ды Філімон, ты ды ты»!.. Дк ведай-жа, што, калі я цябе дагэтуль яшчэ не прагнаў, дык толькі з літасьці, бо мог-бы іншую кухарку знайсьці, каб хацеў.

Марта. Што?! з літасьці? Вось як! (Іронічна). Дык, значыцца, як першы раз тады ўночы ў кухню прыйшоў, дык можа таксама з літасьці?.. А што пасьля было?.. «Мартачка ды Маратчка!» — гэта таксама з літасьці?.. А калі прысягаў, што ажэнішся — гэта таксама з літасьці?.. (праз сьлёзы). О, бедная я, нешчасьлівая!.. (выцірае нос фартухом).

Пупкін. Ціха! ня пішчы! Не магу я жаніцца, бо даў сабе слова, што буду цяпер жыць, як манах

Марта. Як манах?… Я ведаю!.. А гэтую ціпачку — Любачку пашто з вёскі прывёз? Можа дзеля таго, каб манахам жыць? у манастыр ісьці?

Пупкін. Ты з глузду зьехала, ці што? Што гэта такое ўрэшце! Абрыдла ўжо мне усё гэта!.. Зьбірай свае манаткі і вон адгэтуль! Каб нагі тваей тут ня было! Чуеш! Зараз вон!

Марта. Вось падзяка! Вось за тое, што я яго дабро сьцерагла, за тое, што я яму свайго дзявоцтва ня пашкадавала, за тое, што я яму плечы тарпатынай расьцірала, на жывот кампрэсы ставіла — за тое цяпер вон! Ну, пачакай-жаж! Я табе гэтага не дарую, як Бог табе не даруе! Я папрашу, каб у газэтах аб гэтым напісалі… Ох, я нешчасьлівая!.. (са сьлязьмі выходзіць у кухню) .

Зьява 9

Пупкін (адзін).

Пупкін. Ну!.. Ажно галава разбалелася ад гутаркі гэтэй бабы. Што рабіць з гэтай ведзьмай? Адчапіцца ад яе ня так лёгка. У, праклятая!.. Трэба, мусіць, пайсьці прагуляцца крыху, можа галава асьвяжэе, як падыхаю сьвежым пачетрам. (Апранаецца і кліча): Марта! зачыні за мною дзьверы! (Выходзіць).

Зьява 10

Марта (адна).

Марта (ўваходзіць, зачыняе дзьверы за Пупкіным). Эх, ты! ты! Ніякае ўдзячнасьці! Каб ня я, што-бы з цябе было?.. Я й сарочку памыю, я й абед звару, я й прыгалублю, — а цяпер вось што: вон пайшла, непатрэбна, бо раптам зрабіуся вялікі пан… Падумаеш!.. (ідзе ў кухню).

Зьява 11

На сцэне нікога няма. Пасьля чуваць за вакном сэрэнаду з акомпанімэнтам гітары. Уваходзіць Люба, сядае ля вакна, апірае галаву на руцэ і слухае пяяньне.

Сэрэнада

Хай голас мой ў цішы начной хай да цябе ляціць. Пачуй мяне, спачуй ты мпе, як горча, трудна жыць. Ты адна даць можаш шчасьце, ты адна — мой скарб. Бог паслаў цябе на радасьць, ці на згубу мне? Дык пачуй маю ты песьню, адчыні вакно, бо ў грудзёх мне сэрца рвецца, б'ецца так яно. Думкі усё к табе імкнуцца,
Вы читаете Пан міністар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×