— Шкада, — уздыхнуў Мірон. — Давай тады лавіць сваю ўласную рыбу.

«Уласнай» рыбы налавілі лёгка, у дадатак яшчэ выцягнулі некалькі камякоў нейкага кісялю з чорнымі крупкамі.

— Гэтая жабіная ікра толькі кашулю запаскудзіць, — сказаў Мірон, з гідлівасцю адграбаючы гэты кісель.

Ідучы назад, яны зайшлі ў лес пашукаць яшчэ журавін і ў адным кутку, сярод густога ельніку, знайшлі прытульную пляцоўку, пасярод якой было нацярушана шмат свежага пер'я.

— Загінула ад драпежніка нейкая птушка, — прамовіў Мірон.

Віктар агледзеў мясціну, перагледзеў пер'е, то чорнае, то чорнае з белым, то стракатае, і нарэшце сказаў:

— Не, тут ніхто не загінуў. На гэтым месцы цецерукі збіраюцца такаваць, гуляюць, б'юцца. Гэтае пер'е і ёсць вынікі іхняй бойкі. Каб паляўнічыя знайшлі такое месца, яны зараз жа зрабілі б тут засаду.

— А можа, і нам зрабіць?

— А што ты зробіш з голымі рукамі? Цецярук асцярожны. Паляўнічыя звечара робяць буданы і цярпліва чакаюць усю ноч. У іх стрэльбы. А мы што будзем рабіць? Рукамі іх не зловіш.

— А калі напэўна вядома, што яны на гэтым месцы будуць скакаць ды біцца, то можна ім петлі параскідаць.

— Гэта іншая справа. Варта падумаць.

Усю дарогу яны меркавалі: з чаго зрабіць петлі? І нічога не маглі прыдумаць, апрача таго, што прыйдзецца ахвяраваць Віктараву споднюю кашулю. Але і тут была небяспека, што ахвяра можа быць бескарыснай. Для такіх петляў трэба калі не конскі волас, то прынамсі тонкі і моцны шпагат. Тонкія вяровачкі са старых, трухлявых нітак будуць занадта слабыя, а з пасмаў кашулі — зусім нягодныя. Так падышлі да дому і нічога не вырашылі.

Тут Мірон зірнуў на змяіную скуру, якая сушылася на галіне, раптам спыніўся і крыкнуў:

— Вось хто нам дапаможа! Парэжам гэтую скуру на тоненькія паскі, і яны будуць не горшыя за валасінкі.

— Праўда! — падхапіў Віктар. — Цяпер я бачу, што ўсё на свеце можна абярнуць на карысць чалавека.

Хутка згатавалі сабе абед і не марудзячы ўзяліся за змяіную скуру. Але зараз жа і апусцілі рукі… Ну як было парэзаць яе, ды яшчэ на тонкія пасачкі, без нажа?

Віктар ледзь не заплакаў.

— Гэта ж вечная пакута! — скардзіўся ён. — Усё ідзе добра, з кожнага становішча можна знайсці выхад, усё можна абярнуць на сваю карысць, і на кожным кроку адна перашкода — нож! Які дурань трымае нож у торбе? Каб я ведаў гэта, дык сам палажыў бы сабе ў кішэню. Праз цябе ўся пакута!

— Чаго заскуголіў? — агрызнуўся Мірон. — Я сам заўсёды трымаю нож у кішэні. Але ж ці не звычайная справа, адрэзаўшы хлеб, палажыць разам з ім і нож? І я, каб ведаў, што праз цябе перакулімся, дык таксама ўзяў бы нож у кішэню. Ды і позна ўжо пра гэта казаць — нічога не паможа. Лепш набяромся цярплівасці ды пачнём калупаць чым можна. Часу хапае.

І пачалі «калупаць». І спражкай, і трэскай, і касцямі рыб, і вострым гузікам. А Віктар дадумаўся яшчэ распаліць сваю спражку на агні ды ёю смаліць. Усё разам, — а больш за ўсё цярплівасць, — пачало даваць вынікі. А першыя вынікі надалі бадзёрасці, упэўненасці і яшчэ раз цярплівасці. Спачатку яны разрэзалі змяіную скуру ўздоўж напалам, а тады ўжо кожны працаваў над сваёй паловай. Шэсць гадзін карпелі яны над гэтай працай і, нарэшце, зрабілі тое, што было ім патрэбна.

— Гэта ж самыя дасканалыя сілы ў свеце! — цешыўся Віктар са свае працы.

Зараз жа і панеслі іх на месца. Цікава было папільнаваць, як пойдзе справа, але раздумаліся, што не варта пакутаваць усю ноч.

— Дапамагчы справе мы нічым не можам, — казаў Віктар, — а спудзіць можам. Толькі каб устаць заўтра як мага раней.

Параскладалі сілы сярод палянкі, замацавалі канцы, вярнуліся назад і паляглі спаць.

Віктар прачнуўся апоўначы і чакаў раніцы каля вогнішча. Ледзь зашарэлася на ўсходзе, ён разбудзіў Мірона, яны ціхенька накіраваліся ў лес.

Яшчэ здалёк пачуліся ў тым баку гоман, плясканне, балбатанне, нібы там сабраўся нейкі натоўп. Потым выразней пачуліся гукі — чуфф-фы, чушш! Чуфф-фы, чушш!

Хлопцы паўзлі наперад не дыхаючы, сэрцы іх калаціліся.

Падпаўзлі. Зірнулі. На палянцы білася некалькі пар цецерукоў ды так, што толькі пер'е ляцела ва ўсе бакі. Асабліва вызначаўся стары такавік, чорны з белымі палосамі на крылах. Навакол, па галінах, сядзелі рабыя цяцёркі і глядзелі на гэтае спаборніцтва, якое адбывалася выключна дзеля іх.

Яны крыкамі падбадзёрвалі байцоў, а тыя стараліся з усіх сіл, каб паказаць сябе перад красунямі.

Усё гэта хлопцы заўважылі адным зіркам, а калі прыгледзеліся пільней, то ўбачылі, што ў двух цецерукоў ужо заблыталіся ногі і яны бездапаможна бараніліся ад сваіх ворагаў. Вось зачапіўся і стары такавік, трывожна закрычаў, забіў крыламі і вырваўся.

— Бяжым! Каб і тыя не вырваліся! — шапнуў Віктар.

Лопат крылаў аглушыў хлопцаў. Спалоханыя птушкі мігам зніклі. А ў руках таварышаў засталіся два добрыя цецерукі, кіло па два вагою.

X

Гаспадарка. — «Гліняная паэма». — Старыя знаёмыя. — Воўк. — Палявалі на ліса, а забілі… — Павелічэнне статка.

Цяпер ужо спажывы было дні на чатыры. Але зноў бяда: як яе захаваць, каб не папсавалася?

— Давай склеп рабіць, — не то жартам, не то сур'ёзна сказаў Віктар.

— Галоўнае не ў склепе, а ў солі, — адказаў Мірон.

— Тады давай сушыць на сонцы ды вэндзіць мяса, як гэта робяць іншыя ў такіх выпадках.

— Гэта было б добра, але як разрэзаць яго на тонкія лустачкі?

— Ну, тады давай будаваць клетку, — сыпаў прапановы Віктар.

— А! — сцяміў Мірон. — Гэта ўжо іншая рэч. І сапраўды: цецерукі былі жывыя, значыцца, лепш за ўсё было захоўваць іх жывымі.

— У такім разе, пакуль ёсць рыба, мы абодвух будзем гадаваць, — сказаў Мірон, — а дзеля гэтага зробім маленькі хлеўчык.

— Нават і не надта маленькі, бо, можа, і яшчэ завядзецца якая жывёліна, напрыклад, дзікае парася, заяц, медзведзяня.

— Карова, авечка! — перадражніў Мірон.

Як бы там ні было, а катушок будаваць трэба. Так парашылі хлопцы. І лепш за ўсё было прыбудаваць яго да шалаша. Тут яшчэ раслі кусты, з якіх можна было зрабіць «зруб». Форма будынка залежала не ад будаўнікоў, а ад таго парадку, у якім раслі кусты. Але гэта нічога не абыходзіла. У параўнанні з хатай пабудова катуха была ўжо лёгкай справай, і не болей як праз гадзіну ён быў гатовы.

Найбольш сур'ёзным аказалася пытанне з дзвярыма. Рабіць і прыстасоўваць так, каб яны зачыняліся і адчыняліся, без нажа было цяжка і марудна.

— Дык і не трэба турбавацца! — сказаў нарэшце Мірон. — Пасадзім і запляцём іх зверху. Калі трэба будзе, распляцём і выцягнем.

— А што ты будзеш рабіць з большымі жывёламі? — сур'ёзна сказаў Віктар.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату