XVIII

Панская страва. — На баброў. — Вось дык бабёр! — Таемныя лісты. — Рамонт бабровай хаткі. — Ваенная падрыхтоўка. — Чаму людзі шануюць баброў.

Мінула яшчэ два дні. За гэты час хлопцы скончылі сваё абследаванне. Толькі ў адным месцы яны знайшлі нешта падазронае і, прасунуўшыся ў балота, адчулі пад нагамі нібы нейкія жэрдкі.

— Мусіць, тут! — узрадаваліся хлопцы.

Але праз некалькі крокаў жэрдкі скончыліся. Непадалёк ад іх, на купінцы, расло дрэўца. Віктар скокнуў да яго, але недаскочыў і заграз у балоце так, што Мірон ледзь выцягнуў яго з дапамогаю доўгага кала. Пры такіх умовах совацца далей ужо нельга было.

— Але ўсё ж такі недзе выхад ёсць! — ламаў галаву Віктар.

— Ну і што з таго, калі мы не ведаем, — пакорліва прамовіў Мірон. — Нічога не зробіш, прыйдзецца пачакаць. У кожным разе мы свой абавязак выканалі, даследавалі ўсё, што можна было.

А выканаўшы абавязак, яны ўжо ўвесь час маглі аддаць на пошукі спажывы. Але «дурных» звяроў больш не траплялася. Зноў давялося перайсці «на пашу», як казаў Віктар. А адной пашай пратрымацца было цяжка.

Аднаго разу Віктар прынёс зялёную жабу.

— Давай пакаштуем панскай стравы, — сказаў ён.

— Ой, баюся! — скалануўся Мірон.

— А я думаю, калі паны ядуць, дык і нам можна.

— Можа, не такіх?

— Прыблізна такіх, зялёных. А калі крыху і не такой пароды, то бяды не павінна быць. Шкада толькі, што ядуць адны заднія лапкі. А гэткімі кумпякамі не наясіся.

Віктар каменем адрэзаў кумпякі і кінуў іх у агонь. Праз хвіліну выняў, памачыў у соль і працягнуў адзін Мірону. Але той адвярнуўся.

— Ты думаеш будзе гэтак жа, як тады з зайцам? — засмяяўся Віктар. — Не, браток, нічога лепшага цяпер ужо не дачакаешся.

Смела паднёс да рота, адкусіў.

— Ну, як? — з хваляваннем спытаўся Мірон.

— Разоў у тысячу лепш за сырога зайца! — адказаў Віктар і зноў адкусіў. — Бяры, пакуль не позна, а то ўсё з'ем.

Узяў і Мірон, з агідай адкусіў.

— Ну як? — запытаў цяпер ужо Віктар.

— Не разабраўся пакуль што.

— Кусай яшчэ!

Адкусіў Мірон яшчэ, потым яшчэ і, нарэшце, усё з'еў.

— Праўду кажучы, нічога дрэннага няма, — прамовіў ён.

— Вось бачыш, — сказаў Віктар. — Нездарма, кажу, паны ядуць. Я чытаў, што ў Парыжы, у рэстаранах, сытыя буржуі вялікія грошы плоцяць за гэтую страву. А нам плаціць не трэба.

— Затое нам, галодным, трэба, можа, па сотні такіх жаб. А дзе іх гэтулькі набярэш? Гэта старая, а маладыя яшчэ не вывеліся.

— Тады будзем есці ўсю, — сказаў Віктар. — Якая розніца паміж заднімі, пярэднімі нагамі, спіной?

Ён узяў яе ў рукі, але кінуў:

— Не, яшчэ не магу, не настолькі прагаладаўся.

— А каб у кнізе было напісана, што ядуць усю, то з'еў бы? — спытаў Мірон.

— Напэўна, — засмяяўся Віктар.

Пасля таго яны нават спецыяльна хадзілі лавіць жаб, але зноў злавілі толькі адну. На гэты раз з'елі ўжо і пярэднія кумпякі, і спіну…

І нічога дрэннага не здарылася.

— Мусіць, усё залежыць ад погляду і прывычкі, — разважаў Мірон. — Мусульмане не ядуць свініны, у нас не ядуць каніны, некаторыя ядуць саранчу…

— Я ж тое самае і кажу! — падхапіў Віктар. — У кожным разе, праз тое, што гэта агідна, паміраць не варта. Але на адной жабе далёка не паедзеш. Хоць абы-якую жывёліну здабыць — усё з'еў бы.

— Ведаеш што? Паспрабуем злавіць бабра.

— Але ж іх нельга знішчаць!

— І я гэта ведаю. Аднак мы двое важней за аднаго бабра.

Супраць гэтага нічога нельга было сказаць, і хлопцы зараз жа накіраваліся да бабровага паселішча.

Там ішло сабе мірнае бабровае жыццё. Звычайна бабры не любяць паказвацца ўдзень, але ў гэтым кутку, дзе іх ніхто ніколі не трывожыў, яны не надта сцерагліся. Калі хлопцы падышлі бліжэй, усе бабры схаваліся ў ваду.

— Пойдзем да той вунь, — паказаў Мірон на чацвёртую хатку, што была каля берага.

— Наўрад ці ёсць там хто, — сказаў Віктар, — але паспрабаваць можна.

Яны падышлі да хаткі і зараз жа пачалі шукаць і завальваць выхады. Два выхады былі пад вадой, трэці — крыху над яе паверхняй.

Мусіць, калісьці і ён быў пад вадой. Паспрабавалі прасунуць руку ў гэтую дзірку, але нічога не маглі дастаць.

— Лепш разбяром зверху, — сказаў Мірон.

Спачатку галлё лёгка было разбіраць, але далей яно так шчыльна перапляталася, так моцна было злеплена зямлёй, што справа пайшла вельмі марудна.

Невядома, колькі спатрэбілася б часу, каб Віктар не абмацаў збоку месца, дзе галлё, здавалася, не было склеена і лёгка паддавалася пад рукой. Праз хвіліну заўважылі дзірку, якая вяла ўсярэдзіну.

— Ну, цяпер пільнуй! Вось дзірка, — сказаў Віктар і прасунуў руку. Памацаўшы крыху ўсярэдзіне, ён крыкнуў: — Нібы пакунак нейкі! — і сапраўды выцягнуў пакунак, старанна загорнуты ў тоўстую паперу.

— Вось табе і бабёр!

Развязалі. Пакунак яшчэ быў абгорнуты ў васковую паперу і яшчэ раз завязаны ніткай. Зноў развязалі і ўбачылі… жаночыя шаўковыя панчохі! Шмат панчох.

— Дык вось у чым сакрэт! — крыкнуў Віктар. — Кантрабандысты выбралі сабе тут прытулак! Вось чаму спыніліся тут нашы «збаўцы» і хацелі нешта паглядзець, ці ўсё ў парадку!

— Але чаму ж яны выбралі бабровую хатку, калі можна было закапаць у зямлю? — здзівіўся Мірон.

— У зямлі магло папсавацца ад вільгаці, а тут суха, бо бабры будуюць хату ў два паверхі, з якіх верхні заўсёды сухі і ніколі не заліваецца вадой. Акрамя таго, на зямлі кожны раз заставаўся б след, калі закопваць ды выкопваць. Гэта ж вялікае багацце!

— Якая карысць з гэтага? — сумна прамовіў Мірон. — Вось каб гэтыя панчохі можна было есці!

— Пачакай, можа, там яшчэ што ёсць?

Зноў засунуў Віктар руку.

— Ёсць! — крыкнуў ён і выцягнуў новы скрутак.

У ім былі перламутравыя гузікі.

— Ану іх да д'ябла! — вылаяліся хлопцы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату