— А калі іх будзе болей? — спытаў Віктар.

— Тады пабачым, што трэба будзе рабіць. А цяпер скажыце, як вас зваць.

Хлопцы адрэкамендаваліся і ў сваю чаргу спыталіся, як яго зваць і як ён трапіў у рукі гэтых бандытаў.

— Прозвішча маё Саўчук Андрэй Аляксандравіч, — пачаў ён свой расказ. — Служу я ў пагранатрадзе. Гэты чорны жыве на хутары кіламетраў за дзесяць адсюль. Той малады часта прыходзіць да яго з суседняга мястэчка. Аднаго разу мы атрымалі весткі, што гэты чорны (Станоўскім завецца) мае сувязь з кантрабандыстамі. Якраз учора трапіў мне на вочы гэты трэці, незнаёмы чалавек. Ён накіраваўся на хутар. А хутар гэты знаходзіцца ў глушы, наводшыбе. Я пайшоў за ім. Але, відаць, і гэты чорны дзядзька быў не дурны. Ён, відаць, чакаў гэтага госця і прадбачыў, што за ім могуць сачыць. Калі мы ўжо былі недалёка ад хутара, яны абодва накінуліся на мяне, звязалі і па глухіх сцежках прывялі сюды. Мусіць, вы чулі, як яны збіраліся мардаваць мяне, каб даведацца, якім чынам і ад каго мы пра іх даведаліся. Яны думалі забіць мяне, потым таго ці тых, хто сказаў, і гэткім чынам схаваць сляды. Каб не вы, — скончыў ён усхваляваным голасам, — я перацярпеў бы такія пакуты, перад якімі смерць — нішто. Дзякую вам!

— Завошта? — шчыра дзівіўся Віктар. — Хто ж гэтага не зрабіў бы на нашым месцы?!

— Усё ж такі вы рызыкавалі.

— Невялікая рызыка, — сказаў Мірон. — Вы для нас зрабілі болей, як мы для вас. А вось якім чынам вы прабраліся цераз балота? Мы аніяк не маглі знайсці выхада і збіраліся сядзець тут да зімы.

— З таго боку ёсць падрыхтаваныя кладкі, але яны ў балоце, зверху іх не відаць.

— Я ж казаў, што там пераход! — накінуўся Віктар на Мірона. — А ты ўсё мудрагеліў.

— Усё роўна вы не прайшлі б, — усміхнуўся Саўчук. — Там хітра зроблена. Вось такім чынам (ён начарціў на зямлі план). Калі вы нават знойдзеце адну кладку, дык яна хутка канчаецца і вы трапіце ў багавінне. Другая кладка зусім убаку. Каб трапіць на яе, трэба цягнуць з сабою доўгую дошку і перакінуць яе на тую другую кладку. А праз некалькі крокаў і тая канчаецца. Тады трэба зноў шукаць наступную і зноў перакідаць дошку. Пераход цяжкі, марудны і небяспечны. Ніхто б не здагадаўся, калі не ведаць. Толькі вопытныя кантрабандысты маглі ўзяцца за гэткае мерапрыемства. Мусіць, іхняя справа мае шырокі размах.

— Нават занадта шырокі, — прамовіў Віктар і выняў паперы. — Вось зірніце.

— А там яшчэ ёсць і піраксілінавыя шашкі, — дадаў Мірон.

— Што вы кажаце? — усхапіўся Саўчук і з напружанай цікавасцю пачаў разглядаць паперы. — Гэта ж не толькі кантрабандысты, але шпіёнская і шкодніцкая арганізацыя. Ды яшчэ з удзелам, як кажуць, нейкай суседняй дзяржавы. Добрую справу вы зрабілі, таварышы! Раскажыце цяпер, як вы тут жылі, — папрасіў Саўчук.

Мірон і Віктар, перабіваючы адзін аднаго, расказалі пра сваё падарожжа, крушэнне, пра пакуты і прыгоды, пра бандытаў і іхні склад. Саўчук выслухаў іх з надзвычайнай цікавасцю, а затым сказаў:

— Хоць і ў неабдуманае, недарэчнае падарожжа вы пусціліся, але вас можна пахваліць за тое, што вы добра змагаліся за сваё існаванне, не апусцілі рук і, як відаць, засталіся такімі ж бадзёрымі і вясёлымі. Пасля такой практыкі вам ужо ніякія нягоды не будуць страшнымі.

Так, у гутарцы, прайшло гадзіны са дзве. Сонца пачало ўжо схіляцца на захад.

— Калі не прыйдуць праз дзве гадзіны, то мы пойдзем дадому, — сказаў Саўчук.

Словы «пойдзем дадому» прагучалі для нашых хлопцаў як нешта незвычайнае, казачнае. Няўжо сапраўды так бывае, што можна ўстаць і пайсці дадому?…

Уверсе, на дрэве, каркнула варона. Праз хвіліну каркнула на другім. Затым з'явілася варона на ніжняй галіне, потым яна спусцілася на зямлю і бокам-бокам пачала набліжацца да зубра.

— Эх, шкада гэтай цудоўнай жывёліны! — прамовіў Саўчук.

— Затое і забойца загінуў, — заўважыў Мірон.

— Ды хіба ён варты зубра? — горача ўсклікнуў Віктар. — Гэткіх бандытаў вунь колькі знайшлося, а зубр быў адзін і, можа, больш ужо не будзе.

Каля зубра ўжо скакала некалькі варон. Іх збіралася ўсё больш і больш. Яшчэ хвіліна, другая — і яны абляпілі ўсяго зубра.

— І адкуль толькі яны ўзяліся? — дзівіўся Мірон. — Цэлы месяц мы іх тут бадай не бачылі, а цяпер глядзі, колькі сабралася.

— Трэба іх разагнаць, — сказаў Саўчук, — а то ствараецца ўражанне, што тут і духу чалавечага няма, а гэта для нас нявыгадна: новапрыбыўшыя могуць занепакоіцца, куды падзеліся іх таварышы.

Віктар і Мірон стрэльнулі з рэвальвераў. Гул ад стрэлаў пакаціўся па лесе і закончыўся нібы новым, далёкім і глухім стрэлам.

— Што гэта — рэха ці нечы стрэл?

Саўчук упэўнена сказаў:

— Гэта яны стралялі ў адказ, бо гук пачуўся тады, калі рэха ўжо заціхла. Цяпер будзьце гатовы.

— Заўжды гатовы! — адказалі хлопцы весела, але ў іх галасах выразна адчувалася хваляванне, тое хваляванне, якое бывае не ад страху, а ад незвычайнасці моманту.

Далёка між дрэў замільгалі людзі… адзін… два… тры… чатыры… Болей як быццам няма. Ну што ж — не страшна. Яны смела накіроўваюцца да вогнішча; яны добра ведаюць, што там свае. У аднаго ў руках рэвальвер, з якога ён толькі што страляў. У іншых, як відаць, зброі няма. Зусім добра!…

— Я гэтаму пераб'ю руку ці плячо, — прашаптаў таварыш Саўчук, — а тады ўсе выскачым.

І ён накіраваў на яго стрэльбу. Віктар узяў у рукі свае абодва рэвальверы. Мірон, які раней аддаў свой другі рэвальвер Саўчуку, паглядзеў на Віктара з зайздрасцю.

Бандыты падышлі да вогнішча і спыніліся.

— Ці не на паляванне пайшлі? — пачуліся галасы. — Навошта? Вунь якую штуку забілі і яшчэ павалакліся.

Грымнуў стрэл… Чалавек з рэвальверам войкнуў і ўхапіўся левай рукой за правую; рэвальвер упаў на траву. Трое іншых не паспелі разабрацца, у чым справа, як убачылі, што да іх падбягаюць трое ўзброеных людзей.

— Рукі ўгору!

Бандыты, азіраючыся навакол, відаць, у чаканні сваіх, трошкі паднялі рукі. Нападаючыя мігам апынуліся каля іх. Рэвальвер бандыта ляжаў каля ног Саўчука.

Тады адбыўся нечаканы паварот.

Адзін з бандытаў, убачыўшы, што з трох нападаючых двое зусім яшчэ маладыя хлопцы, кінуўся пад ногі Саўчуку, зваліў яго і ўхапіўся за рэвальвер, што ляжаў на зямлі. Двое яго таварышаў апусцілі рукі і нарыхтаваліся кінуцца ў бойку. У гэты самы момант пачуліся тры стрэлы…

Два разы стрэліў Мірон у бандыта, што схапіў рэвальвер. Той выпусціў зброю. Віктар, не цэлячыся, стрэліў у «сваіх» бандытаў, і гэта затрымала іх на тую секунду, якая патрэбна была Саўчуку, каб падняцца на ногі. А тады ўжо бандыты «шчыра» паднялі рукі.

— Малайцы, хлопцы! — коратка сказаў Саўчук, і гэтыя словы з вуснаў камандзіра былі для іх самай лепшай пахвалой.

Двум здаровым бандытам было загадана перавязаць сваіх раненых таварышаў. У аднаго з іх была перабіта правая рука, другому Мірон прастрэліў плячо і зачапіў бок. На бінты для іх прыйшлося рваць сарочкі.

— Вы іх тут пільнуйце, — ціха сказаў Саўчук, — а я прывяду тых двух.

Як толькі Саўчук адышоўся, хлопцы адразу адчулі трывожную напружанасць. Яны пачалі заўважаць, што бандыты, робячы перавязку, больш сачылі за хлопцамі, чым за сваёй работай. Яны паварочваліся і станавіліся не так, каб зручна было перавязваць, а так, каб зручна было кінуцца на вартавых.

Памятаючы параду Саўчука, хлопцы трымаліся на такой адлегласці, каб адным махам да іх нельга было даскочыць, а рэвальверы не апускалі ні на адну хвіліну. Апрача таго, трымаліся блізка адзін ля аднаго і ўвесь час мянялі свае пазіцыі, каб было зручна ім, а не бандытам. Ніводнага слова не сказалі хлопцы адзін аднаму, а дзейнічалі так дружна і ўзгоднена, нібы ўсё ў іх было дагаворана. Значыцца, абодва добра навучыліся разумець становішча.

Хлопцы ўздыхнулі вальней, калі падышоў Саўчук з двума ранейшымі палоннымі. Раты іх былі ўжо развязаны.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату