19. Так пакутаваў і казаў наймілейшы Дафніс, першы раз спазнаючы ў слове і яве каханне.

А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпільнаваўшы, калі Дрыяс паблізу саджаў атожылкі вінаграднай лазы, падышоў з некалькімі адборнымі сырамі і даў іх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калі Дрыяс яшчэ сам пасвіў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жаніцьбу з Хлояй. Калі б яму аддалі яе ў жонкі, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раі пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы і штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусіўшыся гэткімі падарункамі, амаль згадзіўся на шлюб. Але калі разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долі, і збаяўся, што трапіць у непапраўную бяду, калі ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовіў, перапрасіў яго і названых дароў не прыняў.

20. Доркан, другі раз ашукаўшыся ў сваёй надзеі і намарна страціўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калі яна будзе адна. І падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкі — аднаго дня Дафніс, другога — дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хітрасць.

Ён узяў шкуру вялікага воўка, якога некалі бык, абараняючы сваіх кароў, закалоў рагамі, захінуўся ў яе з галавы да ног, пярэднія лапы нацягнуў на свае рукі, заднія — на ногі ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякі. Прыкінуўшыся як мага найлепш дзікім зверам, ідзе ён да ручаіны, з якой пасля пашы пілі козы і авечкі. У вельмі глыбокай упадзіне была ручаіна, усё месца навокал глушылася цярнінаю, ажынаю, нізенькім ялаўцом і бадзякамі; лёгка мог бы там і сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калі надыдзе час вадапою, і меў вялікую надзею, што ён перапалохае сваім выглядам Хлою і яна апынецца ў ягоных руках.

21. Прамінула няшмат часу, і Хлоя пагнала статкі да ручаіны, пакінуўшы Дафніса зразаць зялёныя парасткі на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакі, якія беглі тут жа, сцерагучы авечак і коз, і па сабачай звычцы прынюхваліся, учулі Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасці на дзяўчыну, голасна загаўкалі і кінуліся на яго, як на сапраўднага воўка; і перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногі, аблажылі яго і пачалі рваць шкуру. Нейкі час ён яшчэ ціха ляжаў у гушчары пад накінутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калі Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клікаць Дафніса на дапамогу, а сабакі, сарваўшы воўчую шкуру, упіліся ў яго цела, ён залямантаваў і пачаў прасіць дапамогі ў дзяўчыны і Дафніса, які ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклікам хутка супакоілі сабак, а Доркана, у якога былі пакусаны сцёгны і плечы, павялі да ручаіны, прамылі яму раны ад сабачых зубоў і прыклалі да іх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палічылі апрананне ў шкуру за пастухоўскі жарт, і, зусім не гневаючыся, суцешылі яго, і, правёўшы яшчэ трохі пад рукі, адпусцілі дахаты.

22. Доркан, выбавіўшыся з бяды і ўратаваўшыся, хоць і не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафніс і Хлоя мелі шмат клопату, аж да ночы збіраючы коз і авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю і ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з іх на скалы ўзбеглі, а другія аж да мора дабеглі. Хоць і былі яны прывучаныя слухацца голасу і на сірынгу супакойвацца, а калі пляснуць у далоні — збірацца, але на той раз страх прымусіў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалі іх Дафніс і Хлоя і загналі ў аборы. Толькі тае начы заснулі яны глыбокім сном і знайшлі ў стоме лекі ад мук кахання.

Але калі зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелі ў той жа спосаб. Радаваліся, убачыўшыся, журыліся, расстаючыся, нечага прагнулі, але не ведалі, чаго прагнуць. Адно толькі ведалі яны, што яго загубіў пацалунак, а яе — купанне.

23. Распальвала іх і сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквіце, дрэвы ў пладах, палі ў каласах; усцяж мілае цыкад стракатанне, садавіны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкі, спакойна воды коцячы, спявалі, што вятры сваім подзьмухам па соснах на сірынзе ігралі, што яблыкі ў знямозе кахання долу спадалі, што сонца, закаханае ў красу, усіх раздзявала.

Дафніс, распалены ўсім гэтым, кідаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта і піў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзіне. Хлоя ж, падаіўшы авечак і многіх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасіць малако; а мухі моцна даймалі і кусалі, калі яна іх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбіралася вянком з хваёвых галінак і, ахінуўшы паясніцу шкурай аляняці, напаўняла посуд віном і малаком, каб разам з Дафнісам выпіць гэтага пітва.

24. Калі ж надышоў поўдзень, вочы іх адразу трапілі ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафніса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго ніякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняці, у хваёвым вянку, калі яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць німфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок і надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калі ён раздзяваўся і купаўся, захіналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамі яны кідалі адно ў аднаго яблыкі або прыбіралі адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. І Хлоя параўноўвала яго валасы з міртам, бо яны былі чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы і румяны. Ён вучыў яе іграць на сірынзе; але калі яна пачынала дзьмуць, ён выхопліваў у яе і сам губамі перабіраў чароціны; і ўдаючы, што папраўляе яе памылкі, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сірынгу цалаваў Хлою.

25. Аднаго разу апоўдні, калі ён іграў на сірынзе, а чароды ляжалі ў цяні, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафніс адклаў сірынгу, прагна агледзеў яе ўсю — цяпер жа ён ані не саромеўся — і патаемна і разам з тым ціха прашаптаў: «Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць ні яблыкі, ні кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак раніць сэрца і, як малады мёд, прыводзіць у шаленства. І я баюся пацалункам разбудзіць яе. О гаварлівыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваім моцным стракатаннем. Яшчэ і казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамі. О ваўкі, баязлівейшыя за лісоў, чаму ж вы іх не схапілі?!»

26. Калі ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкі, якая хацела яе злавіць, упала Хлоі на грудзі; ластаўка — за цыкадаю, і хоць не змагла яе злавіць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блізка, што кранулася сваім крыллем Хлоінай шчакі. Не ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула і прахапілася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку і Дафніса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоілася і працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоі на грудзях, адазвалася, нібы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафніс засмяяўся. І, карыстаючыся нагодаю, прасунуў руку між грудзей і выняў добрую цыкаду, якая і ў яго руцэ не маўчала. Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, і пацалавала, і зноў пасадзіла стракатліўку сабе на грудзі.

27. Усцешыла іх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. І калі Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафніс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: «Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, і пасвіла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, і кароўкі радаваліся яе спевам, пасвячы іх, яна не мела патрэбы ні біць іх пастуховым кіем, ні пароць ражном; а садзілася пад хвойкаю, прыбіралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана і Пітыс, і каровы, зачараваныя спевам, не адыходзіліся ад яе. Адзін хлопец, што непадалёк пасвіў кароў і ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысіў свой голас, моцны, як у мужчыны, і мілы, як у дзіцяці, завабіў у свой статак восем яе найлепшых кароў і пагнаў іх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы і няўдачаю ў спевах, моліць багоў, каб далі ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багі слухаюцца і ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах і гэтак жа прыгожа спявае, як яна. І сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсці сваіх заблуканых кароў».

28. Такія ўцехі даравала ім лета. Але калі была восень у самым росквіце і саспеў вінаград, прысталі ў тыя мясціны тырыйскія піраты на лёгкім карыйскім судне (каб іх за варвараў не палічылі), высадзіліся, узброеныя мячамі і ў паўпанцырах, пачалі рабаваць усё, што траплялася пад рукі: духмянае віно, шмат збожжа, скрылі мёду; пагналі яны і некалькі кароў з Дорканавага статка. Схапілі яны і Дафніса, які блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, які здаўся ім больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнікі не сталі траціць больш намаганняў ні на коз, ні на іншае дабро ў ваколіцы, а пагналі яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы і моцна клікаў Хлою. Яны хутка адвязалі канат і, хапіўшы ў рукі вёслы, адплылі ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сірынгу ў падарунак Дафнісу. Але бачачы коз, якія ў бязладдзі разбегліся, і чуючы, як Дафніс

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×