ён, каб не зачапіць дрыяд, не дае праходу німфам, заступніцам жывёлы. Ён безуважна ставіцца да клятваў і цябе не пакарае, хоць бы ты пакахаў больш жанчын, чым мае чароцін твая сірынга; ты ж пакляніся гэтым статкам і тою казою, што цябе ўзгадавала, не пакінуць Хлоі, пакуль яна табе будзе верная; калі ж яна саграшыць супроць цябе і супроць німфаў, уцякай ад яе, ненавідзь і забі яе, як ваўка».

Дафніс узрадаваўся яе недаверу і, стаўшы сярод чарады коз і ўзяўшы адною рукою казу, другою — казла, пакляўся Хлоі любіць яе датуль, пакуль яна яго любіць будзе; калі ж яна каго іншага замест Дафніса выбера, тады ён не яе — сябе заб'е.

Яна ўзрадавалася і паверыла яму, як дзяўчына і як пастушка, што лічыць коз і авечак уласнымі багамі аўчароў і казапасаў.

Кніга трэцяя

1. Калі мітыленцы дачуліся пра напад дзесяці караблёў, а людзі, што прыйшлі з вёсак, расказалі ім пра разбой, яны, палічыўшы, што такога ад метымнейцаў нельга стрываць, пастанавілі як найхутчэй узяцца за зброю; адабраўшы тры тысячы шчытаносцаў і пяцьсот коннікаў, яны паслалі свайго ваяводу Гіпаса па сушы, баючыся мора ў зімовую пару.

2. Ён вырушыў у паход, але ані не дратаваў метымнейскіх палёў, не рабаваў ні статкаў, ні набытку сялян і пастухоў, бо ўважаў, што так рабіць больш падыходзіць разбойніку, чым ваяводзе; шпарка павёў ён войска на сам горад, каб напасці на брамы, пакуль яны без аховы.

І калі ён быў яшчэ стадыяў за сто да горада, яго перастрэў пасланец, просячы аб замірэнні. Бо калі метымнейцы вызналі ў палонных, што мітыленцы ані не ведалі, з-за чаго ўсё ўсчалося, і што сяляне і пастухі проста асадзілі нахрапістых дзецюкоў, то тады ў Метымне людзе раскаяліся, бо рашыліся выступіць супроць суседняга горада больш з асляплення, чым з розуму; а таму яны спяшаліся аддаць усё нарабаванае, каб спакойна зноў сустракацца і на зямлі, і на моры.

Гэтага пасланца Гіпас, хоць і быў выбраны паўнамоцным ваяводаю, паслаў да мітыленцаў, а сам за стадыяў дзесяць да Метымны стаў лагерам і чакаў загадаў са свайго горада. Мінула два дні, прыйшоў ганец з наказам прыняць назад нарабаванае і, не чынячы шкоды, вярнуцца дадому; маючы на выбар вайну і мір, яны прызналі больш карысным мір.

3. І вось вайна між метымнейцамі і мітыленцамі як неспадзявана пачалася, так і закончылася.

Надышла зіма, і была яна для Дафніса і Хлоі больш гаротлівая, чым вайна; бо раптоўна выпаў глыбокі снег, усе дарогі адцяў, а ўсіх сялян у хаты загнаў. Бурна спадалі з гор патокі і скоўваліся ў даліне лёдам; дрэвы, пацяжэўшы, паніклі; уся зямля схавалася пад снегам, выступаючы дзе-небудзь ля крыніц і рэчак. Ніхто не гнаў статка на пашу, ні сам не выходзіў за дзверы, а як запявалі пеўні, раскладалі вялікі агонь, і адны пачыналі прасці лён, другія — круціць казіную воўну, трэція — рабіць сілы на птушак. Тады ўжо была турбота быдлу ў яслі мякіны падкінуць, козам і авечкам у стойлы — галінак з лісцем, свінням у свінушнікі — жалудоў ды букавых арэшкаў.

4. Пры гэтым вымушаным сядзенні ў хаце ўсе іншыя земляробы і пастухі былі рады, што хоць на кароткі час ім не трэба нічога рабіць і яны могуць спакойна паснедаць і доўга паспаць; так што зіма ім здавалася мілейшаю, чым лета і восень і нават чым вясна. А Хлоя і Дафніс, успамінаючы мінулыя ўцехі: як яны цалаваліся, як абдымаліся, як разам спажывалі сваю яду — сумавалі і не спалі начамі і чакалі вясновай пары як новага нараджэння пасля смерці. Іх сум агортваў, калі ім траплялася ў рукі пастухова торба, з якой яны елі, або калі яны бачылі даёнку, з якой яны разам пілі, або нядбала кінутую сірынгу, якая была дарункам кахання.

Таму яны малілі німфаў і Пана збавіць іх ад гэтых пакут і нарэшце зноў паказаць ім і іх статкам сонца; молячыся, яны шукалі рады, як ім адно з адным убачыцца. Хлоя ж зусім нічога не магла тут ні зрабіць, ні прыдумаць: з ёю ўвесь час была яе названая маці, вучыла яе часаць воўну, круціць верацёны ды ўсё нагадвала пра вяселле; а Дафніс быў вольны і больш здатны на выдумкі, чым дзяўчына, таму і знайшоў спосаб, як убачыць Хлою.

5. Перад Дрыясавай хатаю, пры ўваходзе на панадворак, раслі два вялікія мірты і плюшч. Мірты стаялі побач, а пасярод іх — плюшч, так што ён раскідваў, як вінаградная лаза, свае парасткі на абодва бакі і сваім пераплеценым лісцем нібы ўтвараў пячору; і шмат буйных ягад, як вінаградныя гронкі, звісала з галінак. Там збіралася шмат зімовага птаства, якому не ставала ў полі спажывы: шмат чорных і шэрых драздоў, туркавак, шпакоў і розных іншых птушак, ласых на плюшчовыя ягады. Удаючы, што збіраецца паляваць на гэтых птушак, і падаўся з хаты Дафніс, напоўніўшы сваю пастуховую торбу мядовымі коржыкамі, а каб больш далі веры, узяў з сабою птушыны клей, сілкі. Дарогі было ад сілы стадыяў дзесяць; але снег яшчэ не растаў і шмат даў яму клопату; але для кахання сапраўды ўсё не бяда — ні агонь, ні вада, ні нават скіфскі снег.

6. Дабегшы пад Дрыясаву хату і абтросшы ногі ад снегу, ён расставіў сілкі і намазаў доўгія галінкі клеем: тады прысеў, чакаючы птушак і Хлою. Птушкі зляцеліся вялікімі чародамі, і шмат іх злавілася, так што нямала яму было работы, іх збіраючы, забіваючы і аскубаючы пер'е. Але з жылля ніхто не выходзіў, ні гаспадар, ні жонка, ні свойская птушка — усе аставаліся пры агні ўсярэдзіне замкнуўшыся; так што Дафніс зусім разгубіўся, быццам злавесныя птушкі яго сюды прывялі; і надумаўся ён прывесці якую прычапку, каб адчыніць дзверы, і пачаў перабіраць, што ж такое сказаць, каб больш верагодным здалося. «Я прыйшоў агню ўзяць». — «А хіба няма суседзяў за стадый ад цябе?» — «Я прыйшоў хлеба пазычыць». — «Але ж у цябе торба поўная яды». — «Мне трэба віна». — «Але толькі ўчора ці заўчора збіраў вінаград». — «За мною гнаўся воўк». — «А дзе ж воўчыя сляды?» — «Прыйшоў я птушак палавіць». — «Чаго ж дадому не ідзеш, калі нешта ўпаляваў». — «Я хачу Хлою ўбачыць». — «Але ж хто прызнаецца ў гэтым бацьку і мацеры дзяўчыны?» Усюды непярэліўкі. Што ні сказаў бы, выдавала б падазроным. Лепш я памаўчу. Хлою я зноў увесну ўбачу, бо, як мне здаецца, не суджана ўбачыць яе ўзімку».

Так паразважаўшы, сабраў ён паціху сваю здабычу і хацеў ужо ісці; але злітаваўся над ім Эрас, і вось што адбылося.

7. Дрыясава сям'я сядзела за сталом; мяса было падзелена, хлеб пададзены, віно разбаўлена ў кратэры. Адзін з аўчароў, улучыўшы хвіліну, калі яго ніхто не бачыў, ухапіў кавалак мяса і ўцёк з ім праз дзверы. Разгневаны Дрыяс (а гэта была якраз яго доля) схапіў кія і сам, як сабака, пагнаўся ўслед. Гонячыся за ім, ён апынуўся каля плюшча і ўбачыў Дафніса, які, узваліўшы сваю здабычу на плечы, якраз збіраўся ўцячы. Тут жа забыўшыся пра мяса і пра сабаку, стары голасна ўсклікнуў: «Здароў, сынок!», абняў, пацалаваў яго і, узяўшы за руку, павёў у хату.

Убачыўшы адно аднаго, Дафніс і Хлоя ледзь не асунуліся долу; але авалодалі сабою і ўтрымаліся на нагах, прывіталіся, пацалаваліся; і ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлі, каб не ўпасці.

8. Атрымаўшы насуперак спадзяванню і пацалунак, і спатканне з Хлояю, Дафніс падсеў бліжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак і драздоў і расказаў, як ён, калі яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне і як ён налавіў птушак — адных сілкамі, другіх клеем, калі яны ласаваліся ягадамі міртаў і плюшча. Усе пахвалілі яго руплівасць і запрасілі адведаць з таго, што не паспеў ухапіць сабака. А Хлоі сказалі наліць віна. І яна радасна падала ўсім, а Дафнісу пасля ўсіх; яна ўдавала, што гневаецца на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубіла, перш чым яму паднесці, і толькі ўжо тады падала. А ён, хоць яго і даймала смага, піў паволі, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.

9. Хутка стол апусцеў ад хлеба і мяса. Але яны аставаліся яшчэ сядзець, распытваючы пра Мірталу і Ламана, называлі іх шчаслівымі, бо доля паслала ім такую падпору на старасць. І ён быў рад пахвалам, іх жа чула Хлоя; калі ж яго папрасілі астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесці ахвяру Дыянісу, ён з радасці ледзь не схіліўся ў паклоне перад імі замест Дыяніса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў і злоўленых птушак, якіх і прыгатавалі на вячэру. Другі раз паставілі кратэр з віном і другі раз агонь распалілі. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалі розныя паданні, спявалі песні, пакуль нарэшце не разышліся спаць — Хлоя са сваёю маці, Дрыяс з Дафнісам. Хлоя не мела іншае радасці, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафніса, а Дафніс радаваўся

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×