Кузьма Чорны

Хвоі гавораць

I

Смех - часта дзындра* сумных настрояў і сталых думак. Адгэтуль я праводжу раўналежнасці пры маіх разгадках усяго... Сяджу над канавай, гляджу на босыя, каравыя ногі дзядзькі Язэпа і думаю: увесь час ён маўчыць - значыцца, у яго многа важкага ў душы; у яго многа слоў.

* Дзындра - шлак.

Мне важна слухаць яго выказванні аб тым, чым у вострыя моманты жыцця повен ён, я яшчэ ўпэўнены ў тым, што і для яго гэта палёгка, і я думаю так: няхай ён гаворыць аб чым сабе хоча, а я буду з па-за гэтых слоў чуць тое, аб чым ён не гаворыць, аб чым толькі думае... А што яго нешта мучыць, гэта відаць па ім. Што ў яго?

Гэта не ёсць мая пустая цікаўнасць, гэта жаданне блізасці з гэтым чалавекам.

«Гавары ты, дзядзька, аб чым-небудзь» - хочацца сказаць мне.

А ён маўчыць. Звесіў босыя ногі з насыпанага над канавай вала, укрытага пажоўклай травой, і глядзіць уніз. Там, на дне гэтай неглыбокай і вузкай канавы, трава таксама жоўтая, але большая; відаць з яе конскую спарахнелую сківіцу з некалькімі зубамі і з вялікаю чорнаю мухаю; збоку паточаны мурашкамі дробны, як пыл, жоўты пясок. Я гавару першы:

- Мусіць, халады хутка пачнуцца - вельмі ж сівагракаў аднекуль паналятала. Сягоння па паўдні я ішоў з кустоў, дык там гэта, што Юрась заараў ялавіну, дык на той раллі што іх робіцца - бегаюць, скачуць...

- То што, - сказаў дзядзька Язэп, - не заўсёды яны прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны канечне паказвалі холад... Гэта ёсць такія маленькія птушкі - бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад - адразу з'яўляюцца каля будынкаў... Гэта даўней, як я яшчэ хлопцам быў, дык пайшоў быў раз у сад лом сеч. Пацягнуў ламачыну, а яны з-пад яе калі сыпануць кучаю - дробныя, як гарох, і якраз неўзабаве тады, калі даў холад! Праўда, восень была позна... Птушкі чуюць холад...

Ён з захапленнем расказаў аб гэтым, а я падумаў: «Калі ён так горача, з такою прыемнасцю гаворыць аб гэтым, значыцца, праўда, што нешта яго мучыць, нешта гняце яго істоту, і вось гэтае самае ён хоча ўтапіць у даўнейшай восені, у ломе, у саду і ў птушках, якія чуюць холад...»

Як кагадзе ішлі мы з ім з поля вузкаю дарогаю між палос раллі і ржышча, я думаў запытацца, што з ім, чаго ён такі неспакойны ў голасе, а цяпер рашыў не пытаць - няхай сам скажа, а калі не - хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі не ўпэўнены, што словы твае будуць лекамі. Глядзі, каб не залезці ў чужую душу з цвёрдымі капытамі...

Дзядзька Язэп памаўчаў і загаварыў:

- Гэты год будзе ранняя восень, відаць... Толькі, от, з аўсамі запазніліся... У мяне яшчэ коп пяць ня звезенага, а ў Юрася ўвесь на полі...

- Невялікая работа - пазвозіць авёс, - сказаў я.

- Я не кажу, што вялікая... цяпер авёс буйны, дык яго лёгка рублём уціскаць... Я памятаю, даўней раз у мяне авёс ледзьве быў з зямлі падняўся, не то што жаць, а сілаю, гвалтам я скасіў яго... Там гэта каля лесу... рана паспеў ён, дык яго кашу, а хвоі шумяць-шумяць...

«Ён ізноў пайшоў убок з гаворкаю, - падумаў я, - ужо ў хвоі падаўся, яму, значыцца, лягчэй гаварыць аб чым-небудзь другарадным».

І я пачаў гаварыць:

- Цяпер там маладыя хвоі ўзяліся. Тады, як у вайну навысякалі там іх, дык здавалася, што пустэча будзе. А гэта малады лес узбуяў... Здаецца, нядаўна было - я яшчэ на тыя хвоі, бывала, з вашым Міхалам лазіў глядзець у гнёздах вараняняты...

Ён дзіка глянуў на мяне, трохі паглядзеў так вот мне ў вочы, пацерабіў чорную, кароценькую і пасівеўшую месцамі шчаціну барады і сказаў:

- Міхал памёр. Учора вечарам прыйшоў адтуль ліст.

Сказаў і змоўк.

І ізноў пачаў глядзець у жоўтае дно канавы... Чорная муха ўжо лазіла па пальцах яго нагі, а мае думкі блыталіся так: што гэта Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. І вось цяпер дзядзька Язэп сядзіць тут са мною над гэтай канавай і страшна сумуе. Цяпер у яго толькі дачка і жонка ў сям'і, а Міхала ён ужо два гады не бачыў - той недзе быў на рабоце і патроху хварэў... Дзядзька Язэп многа чаго перажыў цяжкага ў жыцці, многа бачыў такога, ад чаго жудаснасць можа ахапіць чалавека...

Раптам мае думкі пераскочылі на чорную муху. Яна поўзала па яго пальцах, а ён не чуў гэтага. Я пачаў думаць, што ў яго на нагах вельмі ж таўстая скура, ды яшчэ ў засохшай зямлі - хіба тут нейкая муха будзе прыкметна!

Ён маўчыць. Можа гэта ўсякае гора - толькі муха іншаму чалавеку?

Сядзеў ён, упёршыся рукамі ў зямлю. Трохі пагойдваўся шырокаю спіною. З-пад шапкі з цыратовым казырком павылазілі густыя, чорныя валасы з ніткамі срэбранай сівізны. Твар у яго абветраны, да чарнаты загарэлы на сонцы...

Ён адхінуўся назад і стаў глядзець некуды паверх маёй галавы. Тады я лішні раз упэўніўся: чалавек можа быць гордым перажытымі пакутамі, у час жа гора, калі ён пачынае стагнаць перад другімі, ён тады - увасабленне мізэрнасці.

Вось чаму дзядзька Язэп маўчыць. Бунт у ім схаваны ў глыбіні...

II

Вечарамі на зямлю лажыцца шэрая ціш. Поле пахне аўсяным іржышчам і вялаю атаваю, а цесныя двары пры маўклівых хатах - коньмі і дзёгцем. Наша вуліца дрэмле ў цішы і ясным змроку.

Толькі не маўчыць стары папоўскі сад - у старым доме асвечаны там два адчыненыя акны, і некалькі камсамольцаў на ўсю вёску спрачаюцца над кніжкаю тэорый Дарвіна. Галасы іх сакаўныя, як недаспелы гарбуз, чутны за дзесяць хат і абуджваюць думкі: «Гэта прэлюдыі да будучай індустрыяльнай вайны з прыродаю».

Як бы гэта далікатна і ў меру выказаць дзядзьку Язэпу?

Ён сядзіць сабе ціха на прызбе і глядзіць на свае ногі. Я каля яго блізка, але ў змроку ён здаецца мне цёмнай грузнай постаццю з абы-як накіданымі абрысамі...

У садзе каля асвечаных вокан ходзяць, абняўшыся па двое, хлопцы і дзяўчаты. Дзяўчаты звіняць смехам, а хлопцы пробуюць спяваць:

Не хадзіла, не гуляла, Рана спаць лажылася...

Першыя два радкі памагаюць падводзіць дзяўчаты, а пасля сціхаюць, - ёсць такое ўстанаўленне, што дзяўчыне шмат якіх слоў трэба саромецца...

Спяваюць моцна, бо ведаюць, што поп, выселены ў другую палавіну дома, любіць цішыню. Цяпер ён, пэўне, ходзіць недзе па двары і нюхае пах вялай травы. У садзе пільнуе познія яблыкі стары Гірш - за свае яблыкі ён смелы і спакойна спіць у будцы. І добра, што ён стары - хоць выспіцца сабе як мае быць. Бо, каб быў ён хоць трохі малодшы, не заснуў бы ён тут усё роўна... І толькі нямыя і да ўсяго абыякавыя кусты агрэсту і маліны з'яўляюцца сведкамі... Дзяўчаты заліваюцца слаўным срабрыстым смехам, бесклапотным і чыстым - нашто раней часу забіваць голаву думкамі аб аліментных правах.

Вы читаете Хвоі гавораць
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату