запярэчыў, што гэта ня так, бо інфармацыя, якую яны атрымалі ад Косьціка, ягонага дзядзькі й маіх дзядзькоў, не супадае з тым, што наплявузгаў я, і што калі я не падпішу прызнаньне, у дачыненьні да мяне будуць прымененыя крыху іншыя сродкі допыту. Пагрозьлівым тонам сьледчы сказаў: «Вось папера. Вось асадка. Падпісвай!» Я не зварухнуўся зь месца — толькі моўчкі глядзеў на яго. Потым апусьціў галаву і раптам быў падхоплены двума гэбістамі, пакладзены на лаву тварам уніз і прывязаны. Яны зьнялі мае чаравікі, і я адчуў жахлівы боль. Я не магу яго нават апісаць — гэта было так, быццам нехта прыкладаў да маіх ступней гарачы прас. Гэна быў пякучы боль, які працінаў ногі й мозг. Ня ведаю, колькі яшчэ яны білі мяне па нагах, бо я хутка страціў прытомнасьць. Калі я нарэсьце адкрыў вочы, то быў зусім мокрым, зь мяне лілася вада й я сядзеў на лаве. Мне загадалі сесьці на крэсла, але я ня мог ступаць балючымі нагамі. Тады мне загадалі абуць чаравікі, і я заўважыў, як у мяне апохлі ногі. Каты падзьцягнулі мяне да крэсла, і Гіньзьберг сказаў, што гэна быў толькі маленькі прыклад таго, што робяць з ворагамі Савецкага Саюза, якія ніяк ня хочуць зьмяніцца ў лепшы бок і прызнаць савецкую сыстэму.
Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб здолець хадзіць. Я фанатычна разьвіваў тулава, але пакінуў у спакоі ніжнюю частку цела.
Было недзе дваццатага красавіка, Вялікдзень, дзень, калі расьпялі Хрыста. Я паспрабаваў узгадаць якія-небудзь рэлігійныя сьпевы, а таксама велікодную службу, якую наведвала мая маці, і нават пашкадаваў, што ня веру сьлепа ў Бога, які ёсьць міласэрным і ўсёдаравальным. Я стаў думаць, ці не зрабіў чага, каб заслужыць гэтае пакараньне. Няўжо гэна была Боская воля на тое, што столькі людзей арыштоўваюць, дапрошваюць, расстрэльваюць, адпраўляюць у Сібір? І калі так, то як ён можа быць такім жорсткім? Як ён можа дазволіць, каб людзей наказвалі за тое, чаго яны ніколі не рабілі? Я спрабаваў засяродзіцца, маліцца. Але я ня ведаў малітваў. А можа, я мог бы маліцца сваімі словамі, ці яны тады ня будуць пачутымі? Я паспрабаваў прасьпяваць песьню, якую звычайна выконвалі ў царкве падчас прыгожай велікоднай службы. Але я ня змог пець, бо разумеў, што ня веру ў Бога, створанага царквой. Калі ён сапраўды існаваў, то ўва ўсім сусьвеце, і ня быў адказным за тое, што людзі робяць у дачыненьні адзін да аднага. Я быў упэўнены, што Бог не вінаваты ў разбурэньні й сьмерцях, выкліканых нямецкім нашэсьцем у Польшчы й Чэхаславакіі. Што ён не вінаваты ў рэпрэсіях супраць людзей у Савецкім Саюзе. Я падумаў, што, відаць, Бога сапраўды стварылі людзі й надзялілі яго ўсімі сваімі рысамі, усімі сваімі слабасьцямі. Верагодна, гэта сапраўды так, бо калі б не было людзей, не было б таго Бога, якога мы ведаем дзякуючы царкве, не было б розных рэлігіяў. Бог розны для жыдоў, каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, афрыканскіх, індэйскіх плямёнаў, якія не спавядаюць асноўных рэлігіяў. Усе маюць Бога ці багоў, якія створаныя па людзкім падабенстве. Я лічыў, што няварта маліцца гэтаму Богу, бо ён такі ж самы, як і людзі. Такі ж жорсткі й бязьлітасны, як і яны. А вера ў тагасьветнае жыцьцё дапамагае толькі тым, хто знаходзіцца пры сьмерці й хоча спадзявацца, што пабачыць лепшае заўтра. Але я так і не знайшоў адказу на ўсе свае пытаньні пра Бога.
Па нейкай невытлумачальнай прычыне мне дазволілі чытаць кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія прыносіў бібліятэкар-зьняволены. Большасьць кніг былі нецікавымі — у асноўным, бальшавіцкая прапаганда, але я атрымліваў таксама пераклады заходняй клясікі на расейскую мову, і чытаў па кніжцы на тыдзень. Аднойчы мне трапілася кніга Лермантава. Адзін зь вершаў у ёй быў пра маці, якая згубіла свайго сына. Тамака казалася, што, як вярба ня зможа ўзьняць свае галіны, так і маці ніколі не забудзе сваё дзіця. Я задумаўся пра сваю маці. Бедная жанчына — яна столькі пакутвала! Колькі яна натрывалася, калі згубіла свайго мужа, а затым — сына. Я думаў пра тое, што яна здолела выгадаваць мяне адна, толькі каб згубіць падчас вайны (калі яна нават ня ведала, ці жывы я), пабачыць на нейкі час, а потым ізноў згубіць. Прычым, калі я быў ваеннапалонным, яна магла хаця б спадзявацца, што я вярнуся, а цяпер, калі мне прад’яўлялі палітычныя абвінавачаньні, надзеі амаль не было. Я выўчыў гэны верш напамяць і дагэтуль ведаю яго.
Празь нейкі час я ўсьвядоміў, што мне спрабуюць адстукваць нешта празь сьцяну на марзянцы альбо наўчыць ёй. Але я ня здолеў гэтага зрабіць. Ня ведаю, чаму, але я не разумеў гэтай сыстэмы й дагэтуль не валодаю ёю. Магчыма, гэта таму, што я баяўся, што любая камунікацыя са зьнешнім сьветам, нават з суседняй камерай, прывядзе да йзаляцыі, а мне гэтага надта не хацелася.
Дні міналі адзін за адным, і, па маім календары, надышло першае траўня — дзень усіх працоўных. Паколькі мяне перавялі ў іншы будынак, я мог бачыць вуліцы Менску й чуць музыку й гукі параду. Мой сьледчы, малады чалавек, сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то змагу быць сярод сьвяточнага натоўпу. Я ведаў, што гэна няпраўда й што, калі я сапраўды зраблю гэта, то падпішу сьмяротны прыгавор маім дзядзькам і іншым людзям, якія ўцягненыя ў маю справу. Я йзноў паўтарыў, што не падпішу, бо тамака ўсё няпраўда. Тады гэбіст параіў мне назіраць парад праз вакно. Знадворку ўсё падавалася такім вясёлым, але я ня мог даўмецца, як людзі могуць радавацца ў турме, якой для іх стаўся Савецкі Саюз. Сьледчы сказаў, што, калі мне ўжо напляваць на сябе, і я хачу зламаць сабе жыцьцё праз сваю ўпартасьць, то мушу падумаць хаця б пра маці. Ён намякнуў, што маці могуць таксама арыштаваць, і, магчыма, яна раскажа ім пра мяне крыху больш. Гэта было горш за ўсе катаваньні. Я мог вытрымаць зьбіваньні, ізаляцыю, але ня тое, што з маёй маці можа быць тое самае. Упершыню я задумаўся пра тое, каб падпісацца й выратаваць маці. Я вельмі доўга разважаў пра гэна, але потым вырашыў, што, калі ўжо нешта мусіць здарыцца зь ёю, то гэта здарыцца незалежна ад таго, што я зраблю. Яны ўсё роўна арыштуюць яе, калі ўжо наважыліся, але калі я падпішу, яна апынецца палітычным вязьнем.
Празь некалькі дзён мяне ўзноў выклікалі на допыт, і я пабачыў ката Гіньзьберга. Я прырыхтаваўся да найжахлівейшага катаваньня й баяўся, што ня вытрымаю яго й падпішуся. У глыбіні душы я адчуваў, што аднойчы ўсё роўна падпішу, і мяне тады праклянуць, заб’юць, сашлюць. Я ўжо больш ня мог трываць фізычны й духоўны зьдзек.
Надзіва, Гіньзьберг нават не ўздымаў на мяне голасу, быў спакойным, стрыманым, але ягоныя словы праціналі мяне наскрозь. Ён сказаў, што такіх людзей, як я, трэба забіваць. Ён выцягнуў пісталет і сказаў, што аднойчы яны вывязуць мяне за Менск, заб’юць адной куляй, і ніхто не даведаецца, што са мной сталася. Цяпер я ведаю, што мяне зьбіраліся адвезьці ў Курапаты, парослую лесам тэрыторыю недалёка ад Менску, дзе сотні й тысячы беларусаў былі забітыя за злачынствы, якіх яны не ўчынялі, але ў якіх падазраваліся за любоў да радзімы, сваёй мовы й культуры й за супрацьстаяньне жорсткай сыстэме, створанай Сталіным. Толькі ў 1987 - 1988 гадах масавыя могілкі ў Курапатах былі адкапаныя, і ў іх былі знойдзеныя 30 тысяч чалавек, застрэленых у галаву.
Я разумеў, што доўга не пражыву, што хутка нешта здарыцца. Мяне альбо заб’юць, альбо сашлюць у Сібір. Былі пэўныя моманты, калі мне, здавалася, было ўжо напляваць. Я губляў вагу й задыхваўся. Я рабіў гімнастыку, але мае мышцы атрафіраваліся. Я яшчэ ня ведаў, што ў мяне вадкасьць у левым лёгкім. Я папрасіў ахоўніка адвесьці мяне да ўрача, але салдат адказаў мне, што ўрач будзе толькі празь некалькі дзён і я тады магу да яго зьвярнуцца. Аднойчы дзьверы камеры расчыніліся, увайшла лекарка — жанчына ў форме КГБ — і спыталася, што мяне турбуе. Я адказаў, што адчуваю боль у грудзях, зь левага боку, і што, калі я дышу, то здаецца, што ў мяне вада ў лёгкім. Лекарка агледзела мяне й параіла не турбавацца, бо гэта хутка пройдзе. Я спытаў, што яна мае на ўвазе, але яна прамоўчала — проста павярнулася й выйшла. Можа, ёй ужо было вядома, што мяне расстраляюць? Ці гэта проста савецкая медыцына такая? Можа, гэта нармалёва й савецкія лекары заўсёды так ставяцца да пацыентаў? І чаго я чакаў? Каб мяне накіравалі ў лазарэт, дзе я атрымаў бы чысты ложак і мяне агледзеў бы сапраўдны лекар?
Канечне ж, мне не палепшала. Наадварот, у мяне зморшчылася скура, у маім арганізме больш не было тлушчу, я адчуваў, што ў мяне вада ў грудзях, і мне балюча было дыхаць.
Прайшло некалькі дзён. Я йзноў пачаў гуляць сам з сабой у шахматы, чытаў і вучыў напамяць вершы.
Напрыканцы траўня альбо ў пачатку чэрвеня ўвайшоў ахоўнік і загадаў ісьці за ім. Мяне прывялі ў незнаёмы пакой, дзе за сталом сядзелі тры гэбісты. Мне загадалі сесьці. Адзін зь іх узяў аркуш паперы й пачаў чытаць услых. Ён назваў маё імя, дату нараджэньня, а потым абвесьціў абвінавачаньне ў шпіянажы, арганізацыі шпіёнскага кола на карысць Нямеччыны, распаўсюджваньні антысавецкай прапаганды, падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня ў Беларусі, а таксама прыгавор да расстрэлу. Гэныя словы зьвінелі ў мяне ў вушах. Мне было дваццаць гадоў, і мяне зьбіраліся забіць за злачынствы, якіх я ніколі не рабіў. Я толькі вярнуўся на радзіму, каб вучыцца далей і стаць лекарам. Няўжо, гэта й было злачынствам? Другі гэбіст спытаўся, ці маю я што сказаць. Я адказаў, што ўжо ўсё паведаміў ім. Тады ён загадаў мне падпісаць прыгавор. Я спытаўся, ці азначае гэта прызнаньне ў пералічаных злачынствах. Гэбіст адказаў, што ў загадзе напісана, што я азнаёмлены з абвінавачаньнямі. Ён дадаў, што я буду расстраляны ўзводам. Я падпісаў. Тады мне паведамілі, што я маю трыццаць дзён, каб напісаць Сталіну прашэньне аб памілаваньні й
