арыштаваць, нягледзячы на тое, што я нацярпеўся ад Саветаў. Я нават пасябраваў з штабсляйтэрам. Гэты асабісты стасунак зрабіў мяне вельмі ўплывовым чалавекам у адміністрацыі Наваградзкай акругі, Наваградзкага «гебіту», як тады гэта называлася. Вольфмаер рыхтаваў рэзыдэнцыю, мэблю: чакаўся прыезд нямецкага камісара. Ён часта браў мяне з сабой у Вільню, едучы па мэблю. Я быў яму карысны як перакладнік, бо я валодаў і нямецкай, і польскай, і расейскай, і беларускай мовамі. Па дарозе — а дарога да Вільні няблізкая, гадзіны тры-чатыры на машыне ці грузавіку — я распавядаў яму пра Беларусь, яе гісторыю, яе народ, я тлумачыў яму, што за польскім часам беларусаў дыскрымінавалі, не давалі адчыняць школы зь беларускай мовай навучаньня, душылі нацыянальны рух. Я распавядаў, як усё беларускае бязьлітасна нішчылі Саветы і як перашкаджае разьвіцьцю беларускага народа адсутнасьць уласнай інтэлігенцыі, эліты, правадыроў. Аднойчы я наўпрост сказаў яму, што польскія перакладнікі і палякі ў адміністрацыі і паліцыі несправядліва абвінавачвалі беларускіх патрыётаў у тым, што яны быццам бы камуністы, пасьля чаго гэтыя людзі зьнікалі, мабыць, гінулі недзе. Ён сур’ёзна выслухаў мяне і паабяцаў разабрацца. Пазьней, іншым разам, ён паабяцаў мне, што калі некага будуць абвінавачваць у супрацоўніцтве з камуністамі, дык будуць пытацца ў мяне. Я ведаў мясцовых людзей і ведаў, хто чаго варты. Паступова я стаў перабіраць усё большы ўплыў пры вызначэньні лёсаў тых, каго падазравалі ў сувязях з камуністамі, і ў мяне зьявілася магчымасьць абараняць іх. Я не рабіў адрозьненьняў між людзьмі: хоць шмат хто зь беларусаў і называў сябе камуністамі за Польшчай, але насамрэч яны былі проста беларускімі патрыётамі, якія спрабавалі знайсьці нейкі шлях для спрыяньня культурнай і палітычнай справе свайго народу. Беларусі трэба было стаць незалежнай дзяржавай, і мы ўсе без разбору, стары й малы, спадзяваліся, што немец пераможа Саветы, і тым самым у нас зьявіцца магчымасьць аднавіць дзяржаўнасьць.

Мой добры сябар Язэп Сажыч вярнуўся з Львову, і я хацеў, каб яго прызначылі начальнікам наваградзкай паліцыі, каб узмацніць у ёй беларускі ўплыў. Ён жа не схацеў займаць гэты пост. Сажыч распавёў мне, што адбылося на Ўкраіне: з прыходам немцаў украінскія нацыяналісты абвесьцілі аб стварэньні незалежнай дзяржавы. Але немцы схапілі іх, і іхныя сьляды згубіліся ў турмах і канцлягерах. Нямеччына была адназначна не гатова дазволіць Украіне стаць незалежнай, і той энтузыязм, зь якім украінцы кінуліся напачатку супрацоўнічаць зь немцамі, стаў згасаць. Язэп сказаў, што ён не давярае немцам, але гатовы стварыць падразьдзел беларускага войска і падрыхтаваць салдатаў, дапамога якіх магла б некалі спатрэбіцца для стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Мяне вельмі засмуціла, што немцы, па словах Язэпа, ня маюць намеру даць Беларусі незалежнасьць, а проста хочуць выкарыстоўваць нас як працоўную сілу, каб мы працавалі на іх, пакуль нямецкія жаўнеры ваююць на ўсходзе. Але што было рабіць? Савецкаму Саюзу мы былі непатрэбныя, прыходзілася выкарыстоўваць немцаў. Нам прыходзілася чакаць, наладжваць мясцовае самакіраваньне і разьвіваць беларускае культурнае жыцьцё. Мы мелі магчымасьць адкрыць школы і свабодна вывучаць сваю мову й літаратуру. А барацьбу за незалежнасьць мы былі гатовы пачаць, як толькі надарыцца спрыяльная палітычная сытуацыя.

У Наваградку мы заснавалі «Народны дом», такі беларускі дом, дзе людзі арганізавалі хор, ансамбль танцу, тэатар, чыталі там лекцыі. Я сустрэўся з доктарам Орсам, каб абмеркаваць зь ім праблему адукацыі і адкрыцьця гімназыі. Аднак немцы не дазвалялі адкрываць школы вышэй сёмае клясы, нават чуць пра гэта не хацелі. Тады мы вырашылі дабівацца дазволу на адкрыцьцё настаўніцкіх курсаў, каб падрыхтаваць настаўнікаў для пачатковых школаў. Мы напісалі адпаведны мэмарандум нямецкай адміністрацыі Наваградку і неўзабаве нашу прапанову ўхвалілі. Праграма «Настаўніцкіх курсаў» адпавядала праграме старэйшых клясаў сярэдняй школы, хоць гэта было забаронена. Мы пачалі падрыхтоўку беларускай моладзі па гэтай праграме. Доктар Орса, прызначаны адказным за адзьдзел адукацыі Наваградзкай акругі, хацеў, каб знайшлося паболей здольных настаўнікаў, а знайсьці іх было цяжка. Аднак мы імкнуліся, каб адукацыйныя стандарты былі як мага вышэйшымі. Рэч у тым, што за польскім часам мала хто зь беларусаў мог дазволіць сабе адправіць свае дзеці вучыцца ва ўнівэрсытэт. Праўда, Чэхаславаччына адчыніла свае дзьверы перад беларусамі, і шмат людзей, у тым ліку і доктар Орса, і ягоная жонка Натальля трапілі ў Праскі ўнівэрсытэт. Па сканчэньні ён атрымаў тытул доктара біялёгіі. Натальля вывучала беларускую літаратуру. Вярнуўшыся ў Заходнюю Беларусь, яны знайшлі сабе працу ў школах, але ў той час Польшча дазваляла толькі пачатковую адукацыю для беларусаў. Польскі ўрад імкнуўся спольшчыць школы, а беларускіх настаўнікаў засылаў у Вялікапольшчу, каб яны не «заражалі» наваградзкую моладзь беларускім духам.

Доктар Орса і ягоная жонка шчыравалі над тым, каб закласьці падмурак сыстэмы адукацыі ў Наваградзкай акрузе. Ён арганізоўваў настаўнікаў, інспэктараў, асабіста наведваў кожную школу акругі, імкнуўся адрадзіць беларускую культуру. Ён быў маім найбліжэйшым дарадцам, і калі я страчваў меру ў сваіх поўных энтузыязму плянах, ён быў здольны сьцішыць мой энтузыязм. Дзякуючы яму я дзейнічаў больш лягічна і пасьпяхова. Ён ведаў пра БНП і папрасіў мяне, каб ён, застаючыся па-за яе шэрагамі, працаваў на агульную справу і дапамагаў мне ўсімі магчымымі спосабамі. Менавіта дзякуючы яму так званыя настаўніцкія курсы сталіся цэнтрам сярэдняй адукацыі для ўсёй акругі, прычым, магчыма, адным з найлепш арганізаваных у Беларусі. Натальля навучала беларускай мове й літаратуры і дапамагала падбіраць настаўнікаў, і я вельмі ганарыўся, што й мяне ўключылі ў групу настаўнікаў.

Свайму сябру Юзіку Савічу я прапанаваў не вяртацца на службу ў паліцыю, а пайсьці настаўнікам фізкультуры да нас на курсы. Фізычнае выхаваньне, сказаў я яму, будзе насамрэч ваеннай падрыхтоўкай, каб загартаваць кадры для будучых узброеных сілаў. Мы тады ўсё яшчэ верылі, што немцы, якіх запынілі пад Масквой, будуць змушаны зьвярнуцца да нас па дапамогу ў арганізацыі ўзброеных частак. Юзік ахвотна пагадзіўся, і неўзабаве беларускія хлопцы апранулі самаробную ўніформу і практыкаваліся, маршавалі, сьпяваючы нашы песьні. Так мы рыхтавалі будучых афіцэраў. Школа знаходзілася ў будынку, які мы пачалі будаваць яшчэ за польскай акупацыяй для гімназіі. Настрой ва ўсіх быў вельмі прыўзьняты. Да нас прыходзіла шмат моладзі. На курсах выкладаліся матэматыка, фізыка, лаціна, беларуская мова й літаратура, эўрапейская гісторыя ды іншыя прадметы. Мы рыхтавалі навучэнцаў так, каб яны маглі працягваць вучобу на ўнівэрсытэтах, аднак жа ўсе ўнівэрсытэты былі закрытыя. Немцы й ня думалі даваць беларусам магчымасьць атрыманьня вышэйшае адукацыі. Мы былі патрэбны ім як працоўная сіла.

Людміла, сястра майго сябра Янкі, усё яшчэ жыла ў вёсцы з маці. Ейная маці хацела, каб дачка пайшла вучыцца да нас у Наваградак — у вёсцы ёй не было чаго рабіць. А тут якраз аказалася, што нямецкая адміністрацыя шукала тэлефаністак, і я падумаў, што яна магла б пайсьці на гэтую працу. Я перамовіўся зь Янкам, ён паабяцаў прывезьці яе. Я памятаў яе яшчэ зусім дзяўчынкай, зусім дзіцём. А ўпершыню я ўбачыў яе, калі ёй было толькі пяць гадоў. Памятаю, неяк нават дражніў яе і — аж сорамна — прымушаў яе насіць нам есьці і лазіць за вішнямі. Такою я яе сабе й уяўляў, як пару гадоў таму, перад тым як мяне забралі ў Войска Польскае. І калі яна прыйшла да мяне, я быў проста ўражаны. Я ледзьве пазнаў яе: высокі лоб, даўгія цёмныя валасы, каса з руку, тонкія бровы, вялікія вочы, у якіх іграў вясёлы агенчык, прамы рымскі нос, сьвежая, як персік скура, грацыёзная шыя. Высокія грудзі, гатовыя вырвацца на волю зь цеснага станіку, уздымаліся пры дыханьні, і пад сукенкаю выдзяляліся смочкі. У яе была вузкая талія і маленькая, але вельмі харошая дупка, а спаднічка абцягвала сьцёгны. Я глядзеў на яе затаіўшы дыханьне і ня мог вымавіць ні слова. Янка заўважыў маё здумленьне і спытаўся, ці спадабалася мне ягоная сястра. Я прызнаўся, што яна проста лялечка. Ён кажа: я ня гэта меў на ўвазе, я пытаюся, ці зможаш ты ўладкаваць яе на працу. Зараз жа, кажу я яму. Мы ўсё зрабілі ў той жа дзень, і Вольфмаер пагадзіўся. У лістападзе Людміла звольнілася з працы і паступіла на курсы. Там яна была адной зь лепшых вучаніц. Яна была ва ўсім таленавітая: які прыгожы быў у яе голас, сьпявала, танцавала, а да чаго яна была пекнаю ў беларускім народным строі! А галоўнае, што ў яе быў разумны твар і прамы нос, нетыповы для славянскай расы (нос быў хутчэй нардычны), і гэта прычароўвала мяне. Але ёй было толькі шаснаццаць і яна была занадта маладая. Дык я дамовіўся зь яе бацькам, калі той прыяжджаў у Наваградак дапамагаць доктару Орсу, што яна будзе кватараваць у тым самым доме, дзе жыў я. Мне хацелася, каб яна была ў мяне на вачох, каб мне яе не перабілі ніякія кавалеры, каб мне зь ёй ажаніцца, калі яна дарасьце да паўналецьця. Толькі я яе ўбачыў, я адразу сабе падумаў, што яна стане маёй жонкай, і пасьля таго, хаця я не сказаў ёй ні слова і сустракаўся з мноствам розных дзяўчат, я ведаў, што не змагу пакахаць нікога, апроч яе. Я закахаўся ў гэтую дзяўчыну, але ня мог ёй гэтага сказаць. Я спадзяваўся, што яна заўважыць мяне, але ня мог зразумець, падабаюся я ёй, цікавы я ёй, ці не. Адно я сказаў сабе цьвёрда: яна стане маёй. Як я ўжо казаў, я трохі запіў, і вось аднойчы, вярнуўшыся дахаты позна ўвечары, а я жыў зь сям’ёй Цехановічаў, чую, яны гавораць за сьцяной, чую, кажуць, што я сымпатычны разумны хлопец, але, мабыць, сап’юся. Гэта так уразіла мяне, што, хоць я быў нападпітку, я выліў на галаву кубак халоднай вады і даў сабе слова: больш я ня вып’ю ні капкі. З тых часоў я гарэлкі ў рот ня браў. Праблема была ў тым, што тыя ў Наваградку, хто бачыў, як я п’ю,

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату