салдату: «А ну, паднімі!» Замест таго, каб зараз жа выканаць загад, салдат коратка кінуў: «Сам паднімі» і тут жа паляцеў ад моцнага ўдару ў твар. Ён ня сьцяміў, што сяржант з намерам кінуў пад ложак футарал, і гэта яго няўцямнасьць каштавала салдату прыкметнага сіняка пад вокам. Назаўтра пры разводзе на заняткі камандзір роты пацікавіўся: «Што гэта ў цябе?» У страі ўсе напружана чакалі ягонага адказу, і ён, трохі счакаўшы, сказаў, што ўпаў. «Трэба глядзець пад ногі», — глыбакадумна заўважыў ротны. А непадалёк зь першай шарэнгі злосна шчэрыўся на яго сяржант Дробышаў. Салдат падумаў тады, што, напэўна, адказаў правільна, але ўжо на наступны дзень яму давялося пашкадаваць аб тым. У курылцы, дзе ён толькі прысеў з хлопцамі, паявіўся сяржант Дробышаў і моўчкі з усяе сілы выцяў яго кулаком пад дых — пачаму не ўстаеш, калі старэйшы заходзіць? Скорчыўшыся ад болю, салдат павалокся ў казарму, у той час, як іншыя моўчкі і абыякава пазіралі ўсьлед. Ніхто не заступіўся, нібы так і належала ставіцца да шараговых.
Але яшчэ горшае стала на пачатку вясны, як старшыном роты прызначылі прапаршчыка Зяленку. Гэты ўзяў за звычай таемна кучкавацца зь сябрамі пасьля адбою ў капцёрцы, дзе яны выпівалі. Часам каго- небудзь будзілі ў казарме й таксама клікалі ў капцёрку. Аднойчы пасьля поўначы адтуль выйшаў счырванелы з твару, мо нават заплаканы, зямляк Пецюхоў, моўчкі лёг на свой ложак і накрыўся з галавой коўдрай. «Што яны там?» — ціха папытаўся салдат, ды зямляк нават не адказаў і доўга яшчэ ўздрыгваў пад коўдрай ад плачу. Салдат здагадваўся пра тое, што там адбылося, але маўчаў, ужо адчуваючы, што прыйдзе чарга й да яго. Праўда, пакуль не прыходзіла, і хлопец з трывогай і страхам чакаў, калі тое здарыцца. Пару разоў ён прыкмячаў, як пад ранак з капцёркі выбрыдаў яўна п'янаваты Дробышаў, таропка распранаўся і клаўся ў свой рупна разасланы для яго ложак, — праз тры ложкі ад салдатавага. Аднойчы Дробышаў, ужо легшы, устаў і з кішэні штаноў дастаў фінку, якую, азірнуўшыся, сунуў пад матрац. Ужо ці не зьбіраўся ён каго зарэзаць уначы, засынаючы, падумаў салдат. У той момант ён ня ведаў яшчэ, што зарэзаць давядзецца самому, і з тае хвіліны ўсё ягонае жыцьцё пойдзе наперакасяк.
Яны тады стомленыя зьмяніліся з нараду, і толькі салдат заснуў пасьля адбою, як адразу прачнуўся ад моцнага штуршка ў бок, — над ім у праходзе стаяў камлюкаваты радыст Падабед. «Да прапара», — прагугнявіў ён, і салдат зразумеў, што яго клікалі ў капцёрку. Пасьля другога такога ж тумаку ён мусіў устаць, пачаў надзяваць штаны, затым боты. «Босы», — прасіпеў Падабед, і ён, памарудзіўшы, босы паплёўся па праходзе ў капцёрку.
Там яшчэ соннага й стамлёнага, з замутнёнай гідотай сьвядомасьцю яго нахабна згвалтаваў на падлозе ўсё той жа ненавісны яму сяржант Дробышаў; Падабед і Зяленка трымалі. Змучаны і зганьбаваны, як і нядаўна ягоны зямляк Пецюхоў, ён дабрыў да свайго ложка і лёг. Ён не палез хавацца пад коўдру, нават не заплюшчыў вочы і ляжаў, чакаючы свайго часу. Наўкола ў начным прыцемку казармы саплі, варочаліся, мармыталі ў сьне салдаты, і нікому не было справы да таго, што рабілася за сьцяной у капцёрцы. І салдат так меркаваў, што ня будзе справы й да таго, што неўзабаве мела здарыцца.
Усё ж ён дачакаўся таго, чаго хацеў. Праз гадзіну ці болей да свайго ложку ціха, нібы крадком, падышоў нарэшце і Дробышаў, распрануўся і лёг. Яшчэ праз кароткі час пачуўся ягоны нягучны храп, сяржант спаў. Тады салдат падняўся, надзеўся, акуратна навярнуў парцянкі, нацягнуў боты. Усё рабіў нетаропка і грунтоўна, бы цягнуў час. Заставалася надзець бушлат, але бушлат разам зь іншымі вісеў каля тумбачкі днявальнага, які там прымасьціўся кімарнуць у глухі час начы. Салдат падышоў да соннага Дробышава, паціху засунуў руку пад ягоны матрац. Не адразу, але намацаў фінку і без размаху, зь незвычайнай для сябе сілай увагнаў яе па самы тронак у левы бок Дробышава. Той толькі хрыпнуў гучней і, не прачнуўшыся, абвяў на ложку.
Ледзьве трымаючыся на дрыготкіх нагах, салдат зьняў з кручка свой бушлат і, на хадзе надзяваючы яго ў рукавы, выскачыў у калідор.
— Куды? — сонна гукнуў да яго днявальны.
— Жывот! — кінуў ён, зачыняючы дзьверы.
На далекаватую прахадную ён не пабег, за прыбіральняй у агароджы быў вузкі пралом, празь які тыя ж сяржанты хадзілі ў самаволку. Салдат вылез зь яго і па цёмным перавулку скіраваў на гарадзкую ўскраіну.
Бамж кімарнуў, як ён і казаў, ня болей за пару гадзін і недзе за поўнач задам выбраўся са сваёй нары.
Была бязьмесячная ноч, над рэчкай курэла-паўзла белаватая коўдра туману. На беразе пачувалася па-начному зябкавата, і бамж, скалануўшыся, патупаў да касьцярка, дзе, паклаўшы галаву на калені, сядзеў салдат. Бамж затрывожыўся:
— О, о! Патухае! Падкласьці трэба…
Ён падклаў у вогнішча некалькі сухіх палак, ад якіх слабы агонь і зусім захацеў згаснуць, але памалу- пакрысе стаў разгарацца. Пустэльны бераг трошкі асьвяціўся, стаў відзён блізкі абрыў і над ім — суцэльная сьцяна бору.
— Ідзі ў зямлянку, — сказаў бамж. — Там лахманіна, накрыесься.
Салдат моўчкі падняўся, але не палез у нару-зямлянку, а прымасьціўся пад абрывам побач і адразу заснуў. Сноў ніякіх ня бачыў — ён іх наогул ня сьніў, — але не даспаў да ранку. Прачнуўся на золку ад сьцюжы, — ля ракі было куды халадней уначы, чым на баравінцы ў лесе, тут дрыжака даймала, як мае быць. Раз за разом скаланаючыся, ён падышоў да цяпельца, ля якога ў сьвітальным паўзмроку шарэла самотная постаць бамжа.
— Што, ня сьпіцца? А, холадна. Ну то зь непрывычкі. Мусіць, ад мамкі нядаўна? — хрыплаватым зранку голасам загаманіў бамж. Як ужо заўважыў салдат, бамж наогул быў ахвочы пагаманіць. Тое ўвогуле падабалася салдату, які сам ня дужа быў гаваркі й ня дужа любіў адказваць на чые-небудзь пытаньні.
— Ноч цёплая. Туман…
— Ноч цёплая, — падхапіў бамж. — А есьці ўсё роўна хочацца. Так што бяры вуду і закідай. На ранку, можа, лепш возьмецца.
Ён прычапіў да жылкі свой беражоны кручок, і салдат, усё скаланаючыся, пайшоў да трысьнягу ў затоку.
Неўзабаве, суняўшы ранішнюю дрыжаку, ён як мага далей кідаў у ваду паплавок і чакаў, чакаў, што вось-вось клюне. Ды ні чарта не клявала. Вада была ціхая, ад паплаўка, як упадзе, на паверхні далёка расплываліся кругі, якія затым патроху зьнікалі. Ён чакаў, як паплавок торгне і вада ля яго здрыганецца, паплавок, можа, нырне — раз і другі, —пэўны знак таго, што ўзяўся. Лешч, падлешчык ці хоць бы які акунёк. Ды мінаў час, паплавок ляжаў ціха, клёву не было. Неба над лесам тым часам зусім прасьвятлела, у зоне пачынаўся новы дзень.
Тады салдат падумаў, што, мабыць, трэба зьмяніць прынаду, — гэтыя белыя, з-пад хваёвай кары чарвякі, можа, ня самы лепшы для рыбы корм, трэба пашукаць звычайнага дажджавога чарвяка.
Паклаўшы вудзільна канцом у ваду, ён адышоўся далей, пашукаў нізкаваты, зь дзерніной беражок і кароткай палкай стаў яго раскопваць. І сапраўды, хутка натрапіў на нейкае пачварства ў зямлі, хіба толькі падобнае да таго, што ён шукаў. То быў не чарвяк, а нейкі чырвоны вуж з палец таўшчынёй, доўгі, як яго выцягнуў салдат зь зямлі, — можа, нават паўмэтра даўжынёй. Перамагаючы гідлівасьць, салдат растаптаў абцасам яго галаву (хаця было не зразумець, дзе ў яго галава, а дзе хвост) і кінуў астатняе ў раку. Ці не ад радыяцыі тое? — спуджана падумаў хлопец. Каму радыяцыя — пагібель, а каму — во, спрыяе. Каб так паспрыяла чалавеку… Ён і яшчэ пакалупаўся ў беразе, шукаў звычайных чарвякоў, ды звычайныя тут, мабыць, вывеліся, ці не панішчаныя гэтым мутантам? — падумалася хлопцу. Мусіць, то натуральна, паводле законаў прыроды, калі той, хто дужэйшы, пажырае слабейшага. Як і ў людзей.
Як ён вярнуўся да вуды, паплавок яе чамусьці плаваў ля самага берагу. Затрывожаны хлопец выцяг з вады вудзільна і сапраўды спалохаўся — кручка не было. Ад паплаўка гайдаўся кароткі канец жылкі і ўсё. Але куды ж ён падзеўся, хто яго адарваў? Мусіць, каб адарваць, трэба было тузаць, але ж ён ня тузаў. Ён наогул не чапаў вудзільна. Доўга не разважаючы, хлопец зьдзеў боты, падкасаў штаны і палез у ваду. Ён старанна абшарваў трысьнёг на водмелі, зялёныя травяныя водарасьці, як толькі іх можна было дастаць. Глыбей, праўда, нічога не было відно, адно стаяла мутнаватая вада, у якой штосьці струменіла і гайдалася — цякло ў адзін бок, усё да таго ж Чарнобылю. Добра, што не з Чарнобылю, падумалася хлопцу, хаця ад таго ня стала лягчэй. Кручка нідзе не было.
— Што, адарваў? — крыкнуў ззаду бамж, падышоўшы па беразе.
— Ды во…