дзецца без хаты, без сваёй зямлі і гаспадаркі. Раней дык з вясны выпраўляўся ў заробкі, батрачыць на фальваркоўцаў, цяпер жа было невядома, якія дзе будуць заробкі, ды і стаў не халасты — жанаты. Сцепаніда ласкава так папрасілася, і, мусіць, паважаючы яе чатырохгадовую адданасць хутару, Яхімоўскі пагадзіўся, сказаў: жывіце, месца хопіць, істопка цёплая. Тым больш — вясна на дварэ.

Вясна сапраўды шпарка каціла скрозь па абшарах, на касагорынах і ўзмежках порстка прабівалася зялёная траўка, дзецюкі і дзеўкі ў Выселках паскідвалі з ног лапці і пачалі хадзіць босыя — цяпер аж да восені. Пасля Благавешчання некалькі дзён і начэй запар над Галгофай і хутарам чулася радасна-трывожнае курлыканне журавоў — даўжэзныя, не дужа стройныя кліны іх знясілена валакліся ў ветраным небе на поўнач. На поплаве ў Бараннім Лозе ўжо з'явіўся аднекуль цыбаты аблезлы бацянок, спаважна хадзіў па багне, выглядаў жаб. Аднойчы ў сонечны ранак над полем азіміны пасыпалася з неба знаёмая песня жаўранка, і Сцепаніда, парадкуючы на падворку жывёлу, аж страпянулася ў радасці — і ад гэтае песні, і ад раптоўнага адчування шчасця.

Ішла першая вясна іхняга жыцця з Петраком, хай сабе не на сваёй зямлі, у чужой хаце, затое ў любасці, міры і згодзе. Яна ўжо хадзіла з новым чалавечкам пад сэрцам, часам слухала яго трапятанне, і думкі яе мкнулі наперад, туды, дзе іх ужо будзе трое. Гэты нябачны жаўраначак закрануў у ёй штось дужа сугучнае ў душы, на нейкі час яна без рэшты аддалася яму, услухалася ў спеў і адначасна ў гучанне ўласных душэўных бомаў. Ды ненадоўга. Таго ж дня пад вечар усхадзіўся сіверкі сцюдзёны вецер, з-за рова насунулася абложная сіняя хмара, дужа халаднела, і ўвечары пасыпаўся снег. Ураз у прыродзе ўсё дужа змянілася, азлела, наваколле зашарэла пад снегам, ад вясны не засталося і звання. У істопцы стала па- зімоваму холадна, але напаліць там не было як, печка-каменка калісьці палілася па-чорнаму, дым выходзіў у акенца пад столлю, якое цяпер было затулена мохам і дошкамі. Нанач Сцепаніда прынесла ў чыгунку жару з хаты, тым трохі грэліся, і яна думала ўсё: а як жа тыя жавараначкі ў полі? Спеву іх не стала чуваць на шмат дзён, у аснежанай буслянцы на старым клёне ў Выселках тырчэлі дзюбатыя галовы бусла з бусліхай, ноччу браў добры марозец, пазамярзалі лужыны, некалькі начэй, не сціхаючы, выў па завуголлі вецер. З дня ў дзень людзі чакалі, што пацяплее, снег, праўда, не ляжаў доўга, растаў, але затым пайшоў зноў папалам са сцюдзёным дажджом, усё навакол раскісла, і ўсё буяніў золкі паўночны вецер. У поле было не вылезці, людзі вытыркаліся з хат дагледзець жывёлу і зноў зашываліся ў прытулак — чакаць.

У такі час, калі яна неяк выйшла ў сенцы, каб натаўчы свінням бульбы, а Пятрок заняўся ў істопцы разбіраць гаспадарскую вупраж, у двары пачуліся галасы незнаёмых людзей. Кінуўшы таўкач, яна прыадчыніла дзверы, да якіх ужо ішлі ад варотцаў трое мужчын. У пярэднім — вусатым, усмешыстым мужыку ў вайсковым картузе — яна не адразу пазнала Цыпрукова з валаснога камітэта, другі быў бедна апрануты ў армячок высялкоўскі камсамолец Грышка, а трэці нёс пад пахай жоўтую кардонную папку з матузамі і быў ёй незнаёмы — можа, хто з павета ці нават вышэй. Мужчыны павіталіся, і Цыпрукоў спытаў, ці дома Адольф Яхімоўскі.

— Пане Адоля! — гукнула яна, прыадчыніўшы дзверы ў хату, каб гаспадар выйшаў насустрач гасцям, але тыя самі, не чакаючы запрашэння, пасунуліся ў дзверы. Яна засталася, дзе стаяла, — у сенцах над казаном з варанай бульбай, але не магла не ўчуць, пра што яны там гаварылі ў хаце. Пятрок таксама высунуўся з істопкі — затаіўшы дыханне, яны ўдваіх слухалі.

Зрэшты, неўзабаве ўсё стала панятна — прыезджыя апісвалі хутар. Найперш пачалі з зямлі, правяралі па дакументах хутарскія надзелы, межы, высвятлялі, колькі і чым засеяна, колькі ў арэндзе. Пыталіся пра парабкаў і арандатараў і ўсё запісвалі ў сваю кардонную папку.

Адольф Яхімоўскі паходзіў з нейкага старога шляхецкага роду, які некалі быў багаты, але патроху бяднеў, вузеў клінам, як казаў Яхімоўскі. Неяк, будучы ў добрым настроі, пан Адоля паказваў Сцепанідзе старыя пажоўклыя паперы з гербамі і абкрышанымі чырвонымі пячаткамі, у якіх былі апісаны ўсе ўладанні Яхімоўскіх-продкаў — і тут, і ў іншых мясцінах. Яго дзед меў фальваркі пад Дрысай, у Падсвіллі і яшчэ недзе, але гэты хутарок быў ці не апошнім прытулкам збяднелага роду, і хоць Адольф шэраг гадоў намагаўся з усіх сваіх старэчых сіл, каб захаваць калі не былое багацце, дык хоць бы рэшту былога гонару, тое яму ўдавалася кепска. Два ягоныя сыны, што нарадзіліся на хутары, бацьку памагалі слаба, абодва, падросшы, падаліся ў гарадское жыццё, ва ўніверсітэты ў Вільні і толькі калі-нікалі ўлетку наведваліся на хутар, але тыдні на два — не болей. Як пачалася вайна з немцамі і Вільня апынулася па той бок фронту, ад сыноў не было ніякае весткі, пан Адольф не любіў гаварыць пра тое, але Сцепаніда ведала: чакаў іх з апошняе надзеі, ды марна. Не дачакаўшыся, памерла старая Адоліха, гаспадарка і скаціна трымаліся Сцепанідзіным клопатам, а зямлю Яхімоўскі здаваў у арэнду — з палавіны ці як дамовяцца, на астатнюю наймаў на сезон парабкаў. Быў ён чалавек маўклівы, спакойны і ўвогуле не распешчаны жыццём, не злы — за тое болей за ўсё шанавала яго Сцепаніда і пільнавалася хутарскога хлеба. Хоць часам было не салодка, ведала: лягчэйшага не знайсці. Цяпер жа, учуўшы тую гаману ў хаце і нешта зразумеўшы, яна раптам адчула сябе на крутым павароце ў жыцці, толькі не магла даўмецца: у які бок той паварот — да лепшага ці благога. Але што надышла паваротка, тое было пэўна.

Зрабіўшы ўсё, што патрэбна было ў хаце, мужчыны павыходзілі на падворак аглядаць маёмасць. Пан Адольф з імі не выйшаў — унураны застаўся, як быў, пры стале на ўслоне, і яна пайшла паказваць начальнікам збожжа ў свірне, хлеў, двух коней, падсвінкаў. Захожыя лічылі і ўсё запісвалі на паперыну — і зерне ў засеках, і лён у павеці, і скаціну, і яна запыталася ў Цыпрукова, навошта гэтак яны правяраюць. Цыпрукоў растлумачыў, што гэта экспрапрыяцыя, бо набытак эскплуататараў цяпер пераходзіць ва ўласнасць народа. Сцепаніда не дужа зразумела, што гэта такое, і запыталася, тоячы маленькую квелую надзею: «А зямля як?» І Цыпрукоў сказаў, што зямлю падзеляць паміж беззямельнымі і парабкамі і каб Пятрок назаўтра ранічкай прыйшоў у валвыканкам, дзе ўсё і вырашыцца.

Яна аж затрэслася, як спуджаная, ад тае навіны і, як мужчыны пайшлі з падворка, доўга не магла адважыцца сказаць пра тое Пятру. Яна проста гатова была скакаць ад радасці — гэта ж падумаць: яны займеюць сваю зямлю, і без грошай, без свары, без судоў і прашэнняў — атрымаюць, і ўсё. Па праву экспрапрыяцыі.

Калі яна сказала аб тым Петраку на дрывотні, той выпусціў з рук палена і сеў міма калоды — проста ў гразь. Зараз жа падхапіўся, пачаў ачышчаць порткі, а яна засмяялася, шчасліва і радасна, толькі тут жа згледзела, як змяніўся разгублены выраз Петраковага твару на амаль спалоханы, і сама азірнулася. Ззаду стаяў пан Адольф са сваім нязменным кіем у руках, і па яго зморшчаных, голеных шчоках каціліся дзве слязіны.

— Радуецеся? Шчэнсце вам? Ганьба…

Не паспелі яны сцяміць, што сталася, як ён павярнуўся і патупаў да ганка. Яго пагнутыя раматусам ногі дробна дрыжэлі ў каленях.

З гэтай хвіліны Сцепаніда не ведала, як адчуваць сябе, што думаць. Радасць яе азмрочылася, ёй стала няёмка, бы яе злавілі на якім злачынстве, і яна ведала, што вінаватая. Хай сабе ў думках і спадзяваннях, усё ж яна паквапілася на чужое, чаго ні разу не рабіла за ўсе гады свае службы ў Яхімоўшчыне, дзе яна з усяе сілы праз беднату і нястачу берагла свой гонар, старалася, каб ніхто ніколі і ні ў чым не папракнуў яе. А яна ж магла б і ўзяць, не спытаўшыся, у яе ж руках было шмат чаго, лічы, уся гаспадарка, але калі было што трэба, яна казала гаспадару і не памятала выпадку, каб той ёй адмовіў. Ён быў не благі, пан Адоля, цаніў у ёй дбайную работніцу і яшчэ болей паважаў за сумленнасць у адносінах да яго гаспадаркі. Цяпер жа ўсё гэта стала ўпоперак яе сумленню: як быць? Як жыць, калі не ўзяць, адмовіцца ад тае зямлі, а калі ўзяць, дык як глянуць у вочы яе гаспадару, Петраковаму і яе дабрадзею?

Ноч, што настала пасля таго дня, была поўная пакут, разваг і хістанняў — абое яны з Петраком напакутаваліся на ложачку ў істопцы, і нашапталіся, і намаўчаліся, але ніхто з іх да ранку так і не прыдумаў нічога, чым бы можна было суцешыць сумленне. Уранку ж трэба было ісці ў Выселкі, у валвыканкам. І тады Пятрок, падняўшыся на дасвецці, звесіў з ложка босыя ногі і, яшчэ раз трохі разважыўшы, вырашыў:

— Не пайду. Ну яе…

Сцепаніда ўскочыла з-пад коўдры.

— Як — не пойдзеш? Што ж тады?..

— Не пайду, і ўсё. Не магу я…

Не, на гэта яна не магла пагадзіцца, ранкам яна адчула сябе больш пэўна, выразна зразумела, што іх ужо не двое ў сям'і, а бадай што трое, у яе два галасы — яе і дзіцяці — супраць аднаго нерашучага голасу Пётры. Пакуль той збіраўся да скаціны, яна насварылася на яго, нават трохі заплакала, але рабіць не было чаго — хуценька сабралася сама і пабегла цераз поле ў Выселкі.

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×