то на гаспадара, то на вогнішча, чагосьці чакаў.

— Што, есці хочаш? Дык няма нічога. Выпіць будзе, а паесці няма, — як да чалавека, з роўнаю добрасцю гаварыў да яго Пятрок.

Шкада, у кішэнях у яго не было нічога, што можна было б з'есці. Аднак, прыбіўшыся да чалавека, Рудзька, здаецца, гатовы быў тым задаволіцца, мусіць, ён набыўся ўжо ў адзіноце і цяпер ля вогнішча пры чалавеку адчуў сябе ў спакоі, лёг і паклаў галаву на лапы, стомлена пазіраючы на агонь.

Але во, здаецца, набліжаўся той самы прыемны момант, калі першыя кроплі з трубачкі, урачыста бумкнуўшы ў дне, упалі ў медную конаўку. Пятрок зараз жа выграб з-пад казана недагарэлыя галавешкі, цяпер будзе даволі вуголля ды слабага агню, полымя ўжо не трэба. Тым часам кроплі з трубкі пасыпаліся часцей, нават быццам зацурчала тоненькім, як нітачка, струменьчыкам, сярод дымнага смуроду ў раўку прыемна запахла спіртным. Тут трэба было асабліва ашчадна абыходзіцца з агнём, трымаць жар у адной меры: каб не астыў казан, але і каб не перагрэўся, не падгарэла гушча, — што і казаць, умельства трэба было не меней, чым пры ігры на скрыпцы. Пятрок аж захваляваўся і то прысоўваў галавешкі бліжэй да казана, то адсоўваў іх далей; ад дыму ў яго слязіліся вочы, і ён выціраў іх скарэлымі пальцамі і ўсё зазіраў у конаўку: а ці многа? Урэшце там набралася да палавіны, ён узяў конаўку і ашчадна пераліў чысцюткую, як сляза, гарэлку ў старую, ад ліманаду, бутэльку. То быў пяршак, самая моцная на градус порцыя з усёй выганкі. Яму стала шкада аддаваць яе ў ненажэрнае горла Гужа, можа б, сам калі выпіў пры якой нагодзе ці ашчадзіў для добрага чалавека. Так трохі разважыўшы, Пятрок закаркаваў скамечанай паперынай бутэльку і адышоўся да шыпшынавага куста на ўскрайку прагаліны. Там ён выграб у зямлі добрую ямку і, уладкаваўшы туды бутэльку, старанна загарнуў яе прэлым лісцем. Хай ляжыць на час лепшы.

Рудзька не адрываў позірку ад яго корпання ля самагоннага начыння і ўмольна-цікаўнымі вачмі суправаджаў кожны яго рух з конаўкаю: цярпліва чакаў, мабыць, што гаспадар урэшце чымсь пачастуе яго. Але пачаставаць яго ў Петрака не было чым, ён і сам выгаладаўся, пакуль перагнаў казан брагі — выйшла яшчэ тры бутэлькі, далей ужо сачылася рудая юшка, на сподзе, мабыць, засталася адна гушча. Трэба было канчаць, і Пятрок выграб з-пад казана ўвесь жар, затаптаў яго апоркамі ў доле, казан адвалок з прагаліны ўсё ў той жа шыпшынавы куст, дзе старанна закапаў лісцем і зверху кінуў яшчэ некалькі хваёвых лапак. Змеявік, як самую каштоўную дэталь, трэба было ўзяць з сабой, таксама як і дзяжу. Тры бутэлькі з яшчэ цеплаватым самагонам парассоўваў па кішэнях і за пазухай. Урэшце напаследак прыкурыў ад вугольчыка і памалу пайшоў да сцежкі.

Пакуль ішоў ровам каля ручая, Рудзька бег ззаду, але затым на паваротцы да хутара трохі адстаў, і Пятрок, павярнуўшыся, ціха паклікаў яго. Рудзька наўскач дагнаў старога і болей ужо не адставаў. Здаецца, ён быў сціплы і выхаваны сабачка, які паважаў людзей і ніколі не соваўся куды без запрашэння.

Яшчэ падыходзячы гародам да істопкі, Пятрок учуў невыразны голас, быццам бы з хаты, але затым голас той сціх, і Пятрок падумаў, што, мабыць, гэта здалося, — хто цяпер, апроч Сцепаніды, мог быць на сядзібе? Тым не менш маленькая трывога ўжо запала ў ягоную душу, і ён на дрывотні спыніўся, кінуў на трэскі дзежку і, азірнуўшыся сюды-туды, сунуў за дровы змеявік і тры бутэлькі з гарэлкай. Так лепей, бо ці мала хто мог забрысці ў хату, не немцы, дык паліцаі, што таксама не лепей. Пасля, надаўшы твару абыякава-стомлены выгляд, увайшоў у сені.

Ну, так яно і было, ён не памыліўся — з хаты чулася размова: адзін голас быў Сцепанідзін, а другі… Не ўцяміўшы адразу, чый быў той голас, Пятрок нясмела расчыніў дзверы ў хату.

— Во, а мы чакаем. Думалі ўжо — не дачакаемся сёння.

«Вы ды каб не дачакаліся — воўк за гарой здохне», — падумаў Пятрок, пазнаўшы паліцая Недасеку, што падняўся насустрач з лавы. Ён падаў Петраку шырокую далонь, якую той ціхенька паціснуў, думаючы ўсё: «Каб ты здох, унюхаў-такі. Але што ж, мабыць, здагадлівыя… Не паспееш нешта падумаць, як яны ўжо ведаюць».

— Але калі на работу, дык не пайду, — сказаў Пятрок. — Учора падбіўся, няма рады.

— Ай, не хадзі, — ахвотна пагадзіўся паліцай. — Сёння можна і не ісці, немцы паехалі. Ну як, ці нагнаў? — раптам запытаў ён і сціх, поўны ўвагі.

Пятрок зразумеў, што ён мае на ўвазе, і ўжо хацеў быў аднекацца, нешта схлусіць, але перш зірнуў на Сцепаніду, якая моўчкі стаяла пры печы. Злавіўшы ягоны позірк, яна сказала:

— Во дажыдаецца. Быў жа Гуж, ужо ўсё ведае.

Каторы ўжо раз Пятрок моўчкі пры сабе вылаяўся, ну але што ж! Без Гужа тут, ведама, не абыдзецца, але, можа, і лепей, што няма самога старшага паліцая, не трэба нічога тлумачыць ці апраўдвацца. І ўсё ж самагон ён хацеў аддаць ва ўласныя рукі Гужа, каб было зразумела, каму і ад каго, ды, можа, яшчэ і абгаварыць, за што. Папрасіць, каб не дакучаў з працай, не прысылаў немцаў кватараваць, перастаў чапляцца да жонкі. Ці мала ў яго было спраў да Гужа! Але ж во трэба цяпер ні за што, ні пра што аддаваць самагон Недасеку, які, можа, сам усё і вып'е.

Памарудзіўшы трохі, Пятрок выйшаў з хаты і на дрывотні выцягнуў з-за штабялька дзве бутэлькі гарэлкі. Трэцюю рашыў не аддаваць, паберагчы трохі. Ідучы ў хату, трошкі пабойваўся, што Недасека заўпарціцца, скажа: мала, тады прыйдзецца апраўдвацца, што мала нагнаў, бо кепскае начынне ці мала заквасіў. Але, на яго здзіўленне, Недасека не сказаў ні слова, запіхаў бутэлькі ў кішэні суконнага галіфэ, што нізка спаўзло на калені.

— З бульбы ці жытняя? — толькі і пацікавіўся паліцай.

— Жытняя. Стараўся, а як жа! Цяпер жа, ведаеш, трэба ўсім дагадзіць, уласці асобенна, — ветліва сказаў Пятрок.

— Уласці заўжды дагаджаць трэба. Хоць савецкай, хоць нямецкай, а як жа, — глыбакадумна заключыў Недасека і ўзяўся за клямку. — Ну, то да пабачэння!

Ён пайшоў, быццам нават задаволены тым, што ўзяў, Пятрок падазрона пасачыў у акно, як паліцай выходзіў з варотцаў, і тады стомлена сеў на лаву. Сцепаніда палезла ў печ па чыгунок з рэшткай капусты.

— Дзвюма бутэлькамі думаеш заліць яму вочы? — з'едліва запытала яна, спадылба пазіраючы на супакоенага Петрака.

— А што, мала?

— Сам ведаеш. Як бы зноў не прыпёрся.

— А не дам. Што ў мяне, спіртзавод?

— Аднак ужо ведаюць, што гоніш. Што змеявік на скрыпку выменяў. Агентура, кажа.

— Во як! Каб яна спрахла, агентура тая!

— Толькі во бомбу не могуць знайсці. Бомба там ля моста ляжала, дык спёр нехта.

— Бомбу! Ну каму яна трэба… Хіба Карніла? Пэўна, Карніла, — сказаў Пятрок, падумаўшы. — Таму ўсё трэба. Што дзе ляжыць, усё дамоў цягне.

Седзячы на тым самым месцы, дзе нядаўна еў Недасека, Пятрок сёрбаў капусту. Адчуваў ён сябе дашчэнту змораным, дужа сіпела ў грудзях — мусіць, ад дыму, але ўпершыню за шмат дзён з'явілася задаволенасць у душы, што зрабіў справу і тым трохі адкупіўся дзеля спакою, надоўга толькі ці не — невядома. Але на сёння, дык, мабыць, пэўна адкупіўся, ужо сёння Гуж пакіне яго ў спакоі. Даядаючы засквараную капусту з глінянай міскі, ён думаў, што спярша закурыць, а пасля трохі адпачне ў цяпле свае хаты, а там памяркуе, што рабіць далей. Але, як заўжды, Сцепаніда болей за яго ведала, што трэба рабіць найперш, а што пасля.

— Капец так і не абладзілі. Мне сёння не далі гэтыя. Ды і хлеба нямашака, малоць трэба.

— Бульба пачакае. Не марозіць яшчэ.

— Ну а хлеб? Есці ж няма чаго.

— Заўтра, — сказаў Пятрок. Пасля яды, у хатнім цяпле яго зусім размарыла ад стомы, і ён не меў сілы брацца цяпер за якую справу. Хоць бы і за самую пільную.

— А калі заўтра выганяць абаіх? На мост ці на бульбу? Ці яшчэ куды, — насядала Сцепаніда.

— Не выганяць.

— Як гэта — не выганяць! Што, ён табе даў аслабаджэнне? Нап'ецца ды зноў прыедзе, будзе чапляцца.

Можа, і прыедзе і будзе чапляцца і пагражаць, але Пятрок так ужо выматаўся за гэтыя дні, што цяпер не меў жаднае сілы што-небудзь рабіць. Паеўшы, ён згарнуў цыгарку, прыпаліў яе ад вугольчыка з загнеткі і пайшоў у запечак.

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату