Толькі ён не дабег нават да пачатку кустоўя, ззаду данёсся першы пагрозліва-гучны крык: «Пятрок, стой! Стой, такую тваю… Назад!» І зараз жа тугі шчаўчок стрэлу ляснуў, здалося, над самай яго галавой. Куля пранеслася міма, у хмызняку на ўзроўку ціха ўпала долу ссечаная ёю галінка, і ён раптам, ацверазеўшы, уцяміў, што ўцякаць нельга. Ад іх не ўцячэш!
Сапраўды, двое іх ужо беглі цераз гарод наўпрасткі ад сядзібы, і ён спярша стаў, а затым і павярнуўся назад. Тыя таксама сталі за плотам ля абсталяванага ім афіцэрскага клазета, вінтоўкі яны трымалі напагатове, каб адразу, як ён пабяжыць, усадзіць яму кулю паміж лапатак. Але ён не бег, ён ішоў па сцежцы, па якой хадзіў тут дваццаць гадоў, і ўсё ў ім паднімалася, напружвалася, пухла ў страхавітай крыўдзе-пратэсце: за што? Неяк няўцям ён адчуў у руцэ бутэльку, што нёс Сцепанідзе, там яшчэ трохі боўталася, але цяпер ужо Сцепаніда не вып'е. Не размахваючыся, ён шпурнуў бутэльку ўбок, з кароценькай радасцю сцяміўшы, што і ім таксама адтуль не дастанецца — хай выцякае ў бульбоўнік. Ён усё болей рашуча ішоў насустрач паліцаям, якія за плотам таксама ішлі напярэймы яму да сцежкі — Гуж у сваёй скуранцы наперадзе, а Каландзёнак з паднятай вінтоўкай ззаду. Амаль фізічна адчуўшы іх зласлівы намер, Пятрок спыніўся.
— Ну што? Ну што, гадаўцы? Чаго вам трэба? — слаба крыкнуў ён амаль праз слёзы, якімі замакрэлі вочы. Пад горла яму таксама падвалілася нешта, мулкае і даўкае, і ён спыніўся на сцежцы за пяць крокаў ад плота.
— Ану ходзь бліжэй! — неяк дужа спакойна, з ледзьве прыкметнай пагрозай сказаў Гуж, утаропіўшыся ў яго цвярдым, як цвік, позіркам. Твар паліцая быў нібы дзеравяны, і Пятрок адчуў, што на гэты раз не абыдзецца.
— Што вам? Чаго вы чапляецеся? Якога ражна вам трэба ад мяне? Гады вы, нямецкія запраданцы…
— Ану спакойна! — зарычэў Гуж, ускідваючы вінтоўку. — А то мы…
— Што вы, што? Застрэліце? Дык страляйце, чорт вас бяры! — з нечаканай рашучасцю, ад якой сам спалохаўся, закрычаў Пятрок і патрос у паветры сцятымі ў кулакі рукамі. — Страляйце!!!
— Гэта паспеем! — спакойней аб'явіў Гуж. — Ідзі сюды!
— А во не пайду! Не пайду да вас і слухаць не стану. Вылюдкі вы!!!
Гуж спакойна закінуў вінтоўку за плячо, кіўнуў Каландзёнку:
— Ану, дай яму!
Каландзёнак сігануў цераз верхнюю жэрдку плота, па растаптаных барознах ступіў да яго і размахнуўся. У Петрака зазвінела ў вуху, сяліба хіснулася ўваччу, і ён нечакана апынуўся на мулкіх каляных калівах бульбоўніку.
— Устаць!
— Зараз! Зараз! Устану… Яшчэ ўстану… Але за што б'яце? Што я — чалавек?
Не паспеў ён, аднак, узграбсціся на ногі, як другі ўдар у правае вуха паваліў яго на другі бок у гразкую растаптаную баразну.
— Дзе гарэлка?
— А во — скулля вам! — сказаў Пятрок, плюючыся крывёй — здаецца, яму выбілі апошнія зубы. — Во, наце! Наце! — тыцнуў ён Гужу кукіш. — Біце! Я вас не баюся! І Гітлера вашага не баюся! Во і яму тожа! Скулля ўсім вам!
Каландзёнак зноў падскочыў да яго і размахнуўся, але Гуж за плотам спыніў яго, цвёрда гукнуўшы:
— Стоп! Пака хопіць. Мы яго гэта… Паказацельна.
— Рэпрэсію, ці што? — тонкім голасам спытаў Каландзёнак.
— Рэпрэсію. На вяроўцы, — сказаў Гуж і таксама пералез цераз плот. — Ану паднімайся!
— Не паднімуся. Страляйце!
— Паднімешся, стары корч! Самагоначку разбазарыў. Раздаў, каму не трэба. А сваім — фігу? Не, я ўжо цябе ўзгрэю. За ашуканства. І за аскарбленне фюрара. За фюрара, знаеш, што палагаецца?
— А хоць што! Я і фюрару плюну ў яго вусатую морду. І табе тожа, прадажнік!
— Цыц!
Гуж коратка ткнуў яму ботам пад грудзі, Пятрок войкнуў і скурчыўся на баку ў бульбоўніку. Хвілін колькі ён не мог ні ўздыхнуць, ні сказаць што, дыханне яму перацяло, у вачах усё пайшло кругам. «Канец! Хутчэй бы, каб без гэтых пакут», — неслася ў думках, якія адно яшчэ мелі здольнасць неяк усведамляць яго незайздросную долю, можа, апошнія некалькі хвілін перад канцом.
— Устаць!
Але ўстаць ён не мог, хоць не мог таксама і крыкнуць што паліцаям — ён толькі роспачна хліпаў ротам, як рыбіна, выкінутая з вады на бераг. Тады Гуж падышоў да яго і дужа тузануў за плячо.
— Устаць!
Спакваля, аднак, ён трохі глынуў паветра, раз і другі. Гуж зноў тузануў яго, удвух з Каландзёнкам яны паставілі яго на ногі і, ухапіўшы пад пахі, павалаклі цераз гарод да дрывотні. Ён ледзьве перастаўляў аслабелыя ногі, шапка яго засталася ў бульбоўніку, дужа стыла на ветры галава з рэдзенькім белым пухам — рэштаю яго валасоў. Але, мабыць, яму ўжо не спатрэбіцца ні шапка, ні якое здароўе, ні нават сама галава, і ён не шкадаваў сябе. Ён толькі думаў, што яшчэ трэба сказаць гэтым пачварам, — пакуль быў язык, ён яшчэ меў нейкую супраць іх зброю. Але, як назло, патрэбныя словы не ішлі ў галаву, і ён толькі тупа бубніў:
— Чакайце, чакайце, будзе вам…
— Гэта табе будзе! Гэта ты пачакай трошкі, — з тайным зларадствам паабяцаў Гуж.
Яны болей не білі яго, прывялі на падворак да прывязаных ля тыну коней. Каландзёнак усё трымаў яго пад руку, а Гуж чамусьці пабег у хату. «Ці не возьмуць яны і Сцепаніду?» — падумаў Пятрок. Ён думаў, што зараз убачыць яе і яны пойдуць разам на апошнюю сваю Галгофу, але вельмі хутка Гуж выскачыў з сянец адзін.
— Так, садзіся! — крыкнуў ён Каландзёнку. — Часу мала.
Каландзёнак, аднак, перш чым сесці на свайго панурага коніка, падвёў Петрака да варотцаў пад ліпамі і віскнуў:
— Марш! Туды! — і махнуў да гасцінца.
Пятрок пастаяў, сцюжа і воглы вецер трохі далі яму аддыхацца, і ўпершыню пасля запальчывага ўзрушэння з'явілася страхавітая думка: куды? Куды яны яго павядуць? Яны там абодва паўскоквалі на коней без сёдлаў, выязджалі з падворка, а ён стаяў у варотцах і не мог ступіць з месца. Чаго ён добраахвотна пойдзе за імі на свае пакуты, хай забіваюць тут, на парозе ягонага жытла, навошта яшчэ напаследак дагаджаць ім…
— Ну, марш!
— А не пайду. Забівайце…
— Як гэта — не пайду? — шчыра здзівіўся Гуж, гоцаючы вакол яго на кані. — Я табе задам такога «не пайду», што ты пабяжыш як падсмалены.
І ён злосна выцяў Петрака хварасціной па галаве — як варам апякло лысіну, Пятрок хіснуўся, але ўстаяў на нагах.
— Не пайду, нячысцікі! Хоць што хочаце, не пайду!
У ім зноў узнялася і падхапіла яго гняўлівая хваля крыўды і роспачы, яна дала яму сілы, і ён рашыў не здавацца. Адсюль ён нікуды не пойдзе, калі забіваць, дык хай забіваюць тут.
Гуж пакруціўся з канём па дарожцы, мабыць, не ведаючы, што рабіць з гэтым старым няўломкам, але болей не біўся, крыкнуў Каландзёнку:
— Вярніся, зірні там якую вяроўку.
«Звяжуць? Павесяць? Хай! Абы не ісці нікуды. Хай смерць, але дома», — горка думаў Пятрок, зусім ужо гатовы да смерці. Сцепаніды ён так і не ўбачыў, можа, яны забілі яе…
— Не хацеў па-харошаму — вісець будзеш, — прыгразіў Гуж, седзячы перад ім на кані. Доўгія ногі яго ў гразкіх ботах нізка боўталіся пад конскім брухам. — За аскарбленне паліцыі. І фюрара.
«Хай! Хай. Чым такая жысць — хай!» — думаў Пятрок, ужо не адказваючы яму. Ён ужо не азіраўся нават на сваю сядзібу і на падворак, ён думаў, што літасці ў іх не папросіць, як бы кепска яму ні зрабілі. Абы толькі стрываць, абы не доўга трываць…
— Рукі! Рукі! — віскнуў над вухам Каландзёнак і, не чакаючы, калі ён паслухаецца, сам ухапіў адну