— Во і пабудзеш. А што! Спытаеш. Людзі пакажуць. А то што ж, прападаць чалавеку?
Пятрок маўчаў. Кепска, канешне, калі прападае харошы чалавек, шкада яго. Але і сябе таксама шкада, бо чорт яго ведае, дзе той Менск, дзе Дом урада, як туды трапіць? Чуў некалі ад мужчын, што трэба ехаць на Воршу, там перасадка, трэба купляць білет — хоць бы ведаць, колькі гэта каштуе. Мусіць, нямала. Пятрок проста быў ашаломлены тым, што на яго абрынула гэтым вечарам жонка. Але ён ведаў, што калі яна ўжо надумалася, дык не адступіць.
Прыйдзецца ехаць.
— І не кажы нікому. Калі што, брыгадзіру скажу — да доктара. Бо хворы.
— Але ж…
— Ну што — але ж? Ён жа нам бытта знаёмы, Чарвякоў. Можа, заступіцца. Убачыш, напомні, як зімой, на Вадохрышча, грэцца заходзілі. І чырвонец пазычыў. Во і аддасі.
— Яно так. Але ж…
Дужа не хацелася яму выпраўляцца ў тую нязнаную дарогу, на край свету — у Менск, да старшыні ўрада. Проста браў жах, як спрабаваў уявіць сабе, што з тым звязана.
24
Праз дзень ранкам Пятрок вылазіў па крутых сходцах з вагона на людным пероне ў Менску.
Адной рукой ён дужа трымаўся за слізкі жалезны поручань, а другой не менш моцна сціскаў старанна звязаны матузком кужэльны мяшэчак з сякім-такім харчам: абцярушаным кавалкам хлеба, лустай сала, цыбулінай і двума крута зваранымі яйкамі. Яшчэ там было трохі солі ў паперцы і на сподзе ляжаў стары счарнелы складанчык з напалову абламаным лязом. Апранута на Петраку было ўсё лепшае для такога выпадку: не новыя, але чыстыя картовыя штаны, вымытая Сцепанідай сацінавая кашуля, трохі, праўда, залапленая ля каўняра ззаду. Але лапікла таго не было відаць, бо на плячах быў надзеты руды, даматканага сукна пінжак, у нутраной, зашпіленай кішэні якога ляжала Сцепанідзіна хадайніцтва з дваццацю сямю подпісамі. Там жа быў і чырвонец. Другі чырвонец ён размяняў у Леплі, як купляў білет у вагон; рэшту трэба было ашчаджаць, каб вярнуцца.
Так ён памалу клыпаў па людным пероне сярод нязвыклай для яго людской гаманы і беганіны, скаланаючыся ад раптоўных паравозных гудкоў і знянацкага чмыхання пары з-пад абмазучаных вагонных колаў. Галава яго была бы ў п'янага — аж гуло ў ёй і круцілася, і ён не разумеў, ці то ад бяссоннай начы ў перапоўненым людзьмі вагоне, ці ад гэтай гарадской калатнечы. Галоўнае — ён не ведаў, куды падацца з вакзала, і добра, што ў вагоне трапіўся чалавек з Халопеніч, які і паказаў, куды яму трэба рушыць. І Пятрок скіраваў ад вакзала вузенькім тратуарам, беручы бліжэй да будынкаў, часам аж натыкаючыся на бляшаныя трубы, што тырчэлі на сценах. Але ён баяўся апынуцца на краі, бо па бруку раз за разам з грукатам і лязгам несліся трамваі — не дай Бог наедзе — так і трыбухі вон. Таму ён ціснуўся да камяніц з бясконцым чаргаваннем дзвярэй і акон, у некаторых былі выстаўлены нейкія тавары, але ён не глядзеў на іх. Неяк з дзвярэй шыбанула чымсь смачным, і ён аж спыніўся, глянуў, здаецца, то была сталоўка: за невялічкімі столікамі сядзелі па чатыры чалавекі і елі штось белае на талерках, мабыць, пшонную кашу. У другім месцы пачалі трапляцца людзі насустрач, што неслі свежыя буханкі хлеба, некаторыя часам адломвалі ад іх скарынкі і крадком на хаду жавалі. Далей уздоўж нізкай абшарпанай будыніны выцягнулася шумная гаманкая чарга, пачатак якой хаваўся ў расчыненых дзвярах з вялізнымі літарамі «Хлеб» на шыльдзе. Пятрок аж падзівіўся: столькі народу, і ціха прайшоў па бруку, амаль страхавіта мінаючы той чалавечы гармідар. Далей па вуліцы і на тратуары было вальней. Яшчэ праз невялікі час, не дайшоўшы, аднак, да павароткі, дзе халопеніцкі чалавек наказваў павярнуць управа, ён адчуў, што зрабіў памылку, абуўшы ссохлыя за вясну боты, якія цяпер страшэнна мулялі ў пальцах, аж неяк было ісці. Знаў бы, дык паехаў бы лепш босы. Але босых тут не было відаць, усе ішлі абутыя, не тое што ў вёсцы. Ды і Сцепаніда насела: абуй боты, нягожа цяпер у горадзе босым. І во абуў на сваю пакуту.
Але неўзабаве ён забыўся на боты, мо прыцярпеўшыся, а мо ад здзіўлення, якое ахапіла яго на рагу дзвюх вуліц, як ён убачыў той гмах — шэрую, не зразумець, на колькі паверхаў, будыніну, цэлае нагрувашчанне камяніц з аднолькавымі вокнамі, але няроўных памераў і няроўна пастаўленымі фасадамі — то бліжэй, то далей ад вуліцы, з аграмадным пляцам-дваром пасярэдзіне і вялізнаю, з настольнік, палатніной сцяга паверсе. Там жа, пад дахам, быў і каменны герб Беларусі. Ну ведама, то быў самы галоўны дом Менска, дзе засядаў урад.
Пятрок замарудзіў хаду: трэба было сабрацца з духам, набыць рашучасці. Гэта ж не сельсавет і не райвыканкам, дзе ступіў тры крокі з вуліцы — і ты ўжо ў дзвярах, на парозе. А тут? Перш трэба было адгадаць, дзе тыя дзверы ці, можа, вароты, каб падысці да іх. Але ж там, пэўна, ахова, ці яна пусціць яго без дакументаў? Трэба будзе прасіцца. Усё болей пабойваючыся і трацячы невялікую сваю рашучасць, Пятрок памалу ішоў уздоўж дома-палаца і ўсё ўзіраўся ў прыступкі, дзверы, якіх тут было замнога нават для такога гмаху. Да якіх падысці? Ён думаў, што, можа, хто скіруе туды з вуліцы, тады б і ён павярнуў следам, але з вуліцы ніхто туды не скіроўваў, усе ішлі ўдоўжкі па тратуары. Невядома, колькі мінула часу, але сонца, напэўна, недзе ўзышло, толькі ці яго тут убачыш сярод камяніц. У доле скрозь ляжаў густы і прахладны, нібы ў ельніку, цень.
Так, нічога не вырашыўшы і ні на што не наважыўшыся, Пятрок мінуў шырокі падворак-пляц, пратупаў яшчэ крыху і ўбачыў збоку дужа прыгожы, змураваны з чырвонай цэглы касцёл. Іншы раз ён бы палюбаваўся гэткай спрытнай збудоўкай, але не цяпер. Заклапочаны, ён памацаў пад шпількай Сцепанідзіну паперыну, хацеў быў закурыць, але захваляваўся, павярнуўся і зноў пайшоў да Дома ўрада.
На гэты раз ён не дужа разглядваў яго і не выбіраў прыступкі — ён павярнуў да тых, што былі насупраць пад радам зашклёных дзвярэй. На прыступках і ля дзвярэй было пуста, але, прыгледзеўшыся, Пятрок заўважыў за шклом штосьці белае, якое спярша памалу варушылася, а затым насцярожана знерухомела. То быў міліцыянер, Пятрок пазнаў яго па белай кашулі, перакрэсленай наўкось чорным паскам ад рэвальвера, белай, з зоркай, фуражцы на галаве. Стала відаць, як міліцыянер з-за шкла з вялікаю ўвагай сочыць за Петраком, які ўжо выйшаў на сярэдзіну падворка, аднак усё болей замаруджваючы сваю хаду. Вялікім намаганнем ён прымушаў сябе ісці, але ногі кепска падпарадкоўваліся яму, упарта наравілі павярнуць убок, туды, дзе было многа людзей і куды не дасягаў позірк міліцыянера. І так сталася, што ногі перамаглі, збочылі ад прамога кірунку. Пятрок перастаў камандаваць імі і сам з вялікай палёгкай падаўся прэч з падворка да вуліцы, на тратуар.
Тут ён скінуў з сябе напружанне, уздыхнуў, адчуў, што ўвесь мокры ад поту, нібы на тым пракосе ў Бараннім Лозе, і некалькі часу ішоў па вуліцы, мала што прыкмячаючы навакол. Ён праклінаў сябе за нерашучасць, за тое, што ўлез у гэту справу, дакараў за гэткі дурны характар і ўгаворваў не хвалявацца, не баяцца дужа. Ну што яму той міліцыянер? Хіба ён ішоў сюды з кепскім намерам? Ён папытаць проста, як дайсці да таварыша Чарвякова ці хоць бы перадаць яму тыя паперы. Што ён, па сваёй волі гэта ці гэта яго інтарэс? Ён жа выканаўца агульнай справы, па даручэнні сяльчан. Сам ён тут амаль што старонні. Перадасць і пойдзе назад, чаго хвалявацца? І тым не менш не мог суняць страхавітага хвалявання і мог сысці немаведама куды ў гэтым горадзе і згубіць Дом урада. Пятрок спыніўся, трохі расслабіў правую нагу, якую, пэўна, ужо намуляў дашчэнту, рукавом пінжака выцер пот з твару. Не, усё ж ён падыдзе да міліцыянера, каб толькі спытацца, і нічога болей. Нашто баяцца.
Пятрок зноў пашкандыбаў да будынка-гмаху, стараючыся не звяртаць увагі на бот, які па-ранейшаму націраў пальцы. Як на тую бяду, да яго падступілася і ўсё болей пачала турбаваць звычайная чалавечая патрэба, але цяпер было не да яе, і Пятрок трываў. На рагу будынка, аднак, ён замарудзіў крок, каб не адразу сунуцца на пляц-падворак. Але ўсё ж сунуўся, прамінуў кветнік у доле і павярнуў да прыступкаў, баючыся нават зірнуць туды. А як зірнуў, дык зноў ледзь не спатыкнуўся: ля тых самых дзвярэй на ганку стаялі аж два міліцыянеры ў белым і моўчкі на ўсе вочы глядзелі на яго, бы толькі яго і чакалі. Пятрок, нібы заяц у зімовым полі, апісаў на асфальце крутую пятлю і ледзь не подбегам вярнуўся на вуліцу. Пакуль мінаў Дом урада, стараўся надаць сабе выгляд чалавека, у якога процьма немалаважных спраў і якога тут зусім не цікавіць нічога.
Мала што заўважаючы навакол, ён адышоўся далёка за чырвоны касцёл і ўжо не спыняўся. Спыніцца — значыла для яго павярнуць назад, зноў да Дома ўрада, а вяртацца ў яго ўжо не ставала сілы. Зноў жа