вадой. Насып пабольшаў, дарога на ім стала цвярдзейшая, пясок застаўся ззаду, і Сцёпка на хаду трасануў у паветры ботам — каб высыпаць, што там муляла. Мусіць, дзеля засцярогі Маслакоў перабег на другі бок, яму ўжо трэба было спускацца пад насып, але камандзір марудзіў, ва ўсе вочы ўзіраючыся праз дождж наперад, на мост.
І раптам з дажджлівай прыцьмеласці на пустым за секунду да гэтага мосце з'явілася постаць.
Маслакоў нібыта спатыкнуўся, зменшыў крок, Сцёпка таксама прыцішыў хаду, ногі адразу сталі цяжэйшыя, чым секунду раней, і агідна падрыгвалі ў каленях. Постаць — не зразумець было здаля — не то стаяла, не то памалу варушылася, ідучы ўздоўж ля парэнчаў. Няўжо хто са спазнелых прахожых ці, не дай бог, ахова — тады справа іх кепская. У абсалютным неразуменні яны, аднак, ішлі, катастрафічна хутка збліжаючыся з ёй, бо захінуцца тут было недзе, а ўцякаць не выпадала — іх ужо ўбачылі.
Аднак паўхвіліны той, на мосце, нічым не выказваў сваіх намераў, толькі, здаецца, спыніўся ля зламанай парэнчы і — гэта адразу адчулася абодвум — праз прыцемак уважліва паглядзеў на іх. Яны таксама ва ўсе вочы сачылі за ім, гатовыя ўхапіцца за зброю, як ён раптам ускрыкнуў нешта палахліва- пагрозлівае і знік. Спярша яны абодва спыніліся — здалося, ён скочыў пад мост або дзіўным чынам праваліўся праз насціл. Але тут жа ў прыцемку востра бліснула, і рэха вінтовачнага стрэлу скаланула абшар.
Гэта была жахлівая нечаканасць, якой яны не прадбачылі, і цяпер абодва разам шаснулі з дарогі пад насып — Сцёпка па адзін, а Маслакоў па другі яе бок. Хлопец, мусіць, не дабраў спрыту, разгоніста саўгануўся з каністрай, здорава ўдарыў сцягно і бокам споўз да паловы скосу. Тут жа ён ухапіўся за вінтоўку, хуценька тузануў затвор, але не стрэліў — тыцнуўся тварам у зямлю: кулі ў двух месцах ля яго, пырснуўшы жвірам, дзеўбанулі насып. Ад моста стралялі — таропка, спалохана, але зноў, як на злосць, таго, хто бахаў, не было відаць, над дарогай толькі пранозліва дзігала — мусіць, па той бок насыпу. Маслакоў, аднак, маўчаў, і Сцёпка таксама зацяўся, сціх на адхоне, не адважваючыся адкрываць сябе і ўсё гледзячы ў той бок, да моста: чакаў, як пабягуць, каб жарнуць ужо ва ўпор, напэўна.
Аднак адтуль ніхто не бег. Пасля дзесятка стрэлаў там сціхлі, рэха закацілася за лес, і ўсё наогул змоўкла. Сцёпка паляжаў яшчэ грудзьмі на скосе, як раптам падумаў, што, мабыць, ён тут адзін, і гэта ажно напалохала яго. Ведама ж, Маслакоў наўрад ці ляжыць на тым баку, мусіць, адбег да лесу; значыць, і яму трэба падавацца назад. Мост, відаць па ўсім, прыйдзецца адкласці, да моста цяпер не падступішся.
Ускочыўшы на калені, Сцяпан адной рукою ўхапіў каністру, другой вінтоўку і, коўзаючыся па мокрай траве, пабег па-за насыпам. Ён чакаў стрэлаў, і яны сапраўды пачуліся, зноў часта і грымотна: бах — дзі-у- у-у… бах — дзі-у-у-у… Толькі вельмі хутка ён вызначыў, што стралялі не па ім, а міма. Тады ён упаў, загнана дыхаючы, азірнуўся — месца тут было крыху вышэйшае, а насып ніжэйшы, чым ля моста, і згледзеў здаля на дарозе цьмяны, прыгнуты сілуэт, які неяк, быццам крадком, бег, падаў і бахаў у ягоны бок стрэламі. Але кулі ён перастаў чуць, і гэта прарвалася ў ім неспадзёўкай-сполахам: ён ужо зразумеў, што паліцай страляў у Маслакова. Значыць, Маслакоў там, бліжэй да моста. Але чаму ж ён не страляе?
Сцёпка кінуў, дзе быў, каністру і, вывернуўшы ўбок ногі, амаль не цэлячыся, грымнуў стрэлам насустрач постаці, потым яшчэ і яшчэ. Ён не цэліў, ды і не было куды цэліць: ужо добра прыцьмела, і паліцай зноў знік — упаў ці, можа, скочыў за насып. Пасля трох стрэлаў Сцёпка даслаў у патроннік і чацвёрты патрон, але страляць не стаў, а, ускочыўшы, за тры крокі перабег дарогу.
Тут ён зноў зморана ўпаў і стаіўся. Ззаду, узбітае ботамі, пасунулася воблака смярдзючага пылу, пад рукамі і грудзьмі замулялі ў мокрай траве нейкія калючкі, па шапцы і плячах далікатна і гусценька лапатаў дожджык. Сцёпка думаў тут недзе знайсці Маслакова, але яго не было відаць ні ззаду, ні спераду. Хіба што камандзір ужо адбег да лесу, што ўвогуле было зусім верагодна. І ўсё ж нейкае падсвядомае адчуванне сведчыла, што ён не ззаду, а, мабыць, ля моста. Трохі аддыхаўшыся і зацяўшы ў сабе страх, Сцяпан таксама падаўся туды.
Увага яго раздваілася: ён чакаў стрэлаў, каб тут жа ўпасці пад насып, і з усяе сілы хацеў убачыць дзе Маслакова. У яго ўжо з'явілася і шырэла ў сваёй акрэсленасці думка, што з ім кепска, мусіць, яму папала. Тады Сцёпка проста не ведаў, чым можна дапамагчы камандзіру і як яго ратаваць тут, пад носам у аховы. Баючыся самага найгоршага, ён, аднак, спадзяваўся яшчэ, што, можа, Маслакоў проста стаіўся і ён яго зараз знойдзе.
Ён і сапраўды хутка ўбачыў свайго камандзіра — у дажджлівым паўзмроку той цёмным бугром знерухомеў акрай насыпу, і яшчэ зводдаль Сцёпка зразумеў, што камандзіра падстрэлілі. Напэўна, упаў Маслакоў яшчэ на скосе і ссунуўся ўніз. Ён так і ляжаў цяпер, закінуўшы ўгору рукі, з ненатуральна падкурчанымі ў каленях нагамі. Ватоўка на ім загарнулася, кашуля таксама, і голы запалы жывот цьмяна свяціўся ў доле. З разбегу Сцёпка выцягся ля камандзіра, і па тым, як той ніводным рухам не рэагаваў на яго з'яўленне, хлопец з паныласцю зразумеў, што найгоршае сталася. Сцяпан не стаў тармасіць яго ці абмацваць: не было часу — на дарозе вось-вось маглі з'явіцца паліцаі. Ён толькі выдзер з-пад пляча аўтамат і стаіўся побач, чакаючы.
Унутры ў ім усё аж захлыналася ад стомы і страху, пачуцці, здавалася, дасяглі мяжы напружання і, бы сірэны, гулі ад роспачы. Наўкола, аднак, было ціха: дождж роўненька, але настойліва лапатаў па дарозе, траве. Паліцаі нешта марудзілі — не беглі сюды і не стралялі. Сцёпка тады азірнуўся і, сцяўшы ў сабе агорклае дыханне, пераваліў Маслакова на бок. Не адрываючы позірку ад дарогі, ён зачапіў на руку почапкі аўтамата і вінтоўкі і, напружыўшы не дужа вялікія свае сілы, узваліў на сябе страшэнна цяжкога цяпер Маслакова. Ён ажно спалохаўся, што не падніме; ад натугі ў вачах бліснулі і расплыліся жоўтыя плямы, але ўсё ж ён устаў на ногі і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, бы п'яны, пабрыў пад насыпам.
Ён упаў, крыху не дасягшы ўзлеску. У трохі святлявым небе відаць былі верхавіны сасонак, але ў яго не хапіла сілы забрысці ў лес, ногі падламаліся, і ён мякка лёг з ношай на бок. Сцёпка чакаў, што з лесу выбегуць тыя двое і скончацца яго пакуты, утрох бы яны ўжо маглі выхапіць адсюль камандзіра і адбіцца. Хвілін пяць ён захлынаўся горкай задухай: прыціснутае да зямлі, шалёна таўклося ягонае сэрца; усё на ім было мокрае ад поту і дажджу. Ён не памятаў, колькі часу, нібы ў непрытомнасці, ляжаў на мокрай маладой траве, і ніхто да яго не бег ні насустрач, ні ззаду. Зрэшты, ззаду ён не бачыў нічога — ён толькі слухаў, але ні крокаў, ні стрэлаў адтуль не было.
Найгорш, што ён па-ранейшаму не ведаў, жывы Маслакоў ці не. Магчыма, ён нёс забітага. Але ні жывога, ні мёртвага ён бы яго не кінуў, хоць нешта ў ім пратэставала супроць гэтай няўдачы, у якой, мусіць, найбольшая віна была Маслакова. Цяпер, аднак, становішча Сцёпкі і яшчэ горшылася ад новай неспадзеўкі: чым болей раўнела яго дыханне, тым выразней расла ў ім злосць на тых двух, якія чорт ведае дзе прапалі і не ішлі, калі дорага была кожная секунда. А можа, і зусім уцяклі? Гэта абурала да слёз, ён ужо гатовы быў і заплакаць, толькі не ставала сілы, а галоўнае — зноў трэба было ўставаць і несці.
І ён устаў. Жахліва цяжка было падняць непрытомнае цела Маслакова, але ён, ледзьве не выломваючы камандзіру рукі, неяк усцягнуў яго на сябе. Толькі калі ўставаў з калень на ногі, не ўтрымаўся і зноў паваліўся на бок. Тут жа, не даючы сабе перадышкі, пачаў узграбацца зноў і, дужа сагнуўшыся, абапіраючыся аб зямлю адною рукою, неяк устаў.
Найлепш было б зашыцца ў лес, але на ўзлеску ён напароўся ў цемры на нейкае калючае сучча, абдзёр твар — мабыць, тут быў найбольшы гушчар, і ён не адважыўся лезці ў яго — зноў пайшоў краем пожні. Ад слабасці Сцёпка хістаўся і з усяе сілы стараўся не ўпасці. Маслакоў жа тугім, налітым цяжарам увесь час спаўзаў долу, хлопец ледзьве ўтрымліваў ягоныя рукі і хіліўся наперад — так лягчэй было трымаць яго на спіне.
Увесь час страшэнна замінала зброя, чаплялася за зямлю і блыталася ў нагах, але ён не мог кінуць нават вінтоўкі. Яна яму, мабыць, была ўжо не патрэбна, ды ён памятаў на гэты конт загад па брыгадзе і ведаў, як дорага там было ўсё, з чаго можна страляць. Добра, аднак, што яго не даганялі, і ён ажно падзівіўся з таго: так проста было цяпер узяць іх двух з Маслаковым.
Праз якіх паўсотню ці меней крокаў ён зачапіўся ботам за нейкі корч і ўпаў — балюча, грудзьмі на цвёрдае, перавярнуўшыся на бок, застагнаў ад болю і тут жа прыцяў у сабе гэты стогн: ззаду ён пачуў крокі. Сцёпка схапіўся за аўтамат, аднак хутка сцяміў, што ён не спатрэбіцца — яшчэ здалёку на светлаватым небе ля хвойніку ён пазнаў характэрную ў кажуху постаць Данілы, які прыпыніўся і глухавата гукнуў там, напэўна, Брытвіну:
— Унь ён.
Хлопец аслабела павярнуўся і сеў побач з распластаным на зямлі Маслаковым. Даніла падбег першы, за ім праз рэдкае сяйво дажджу ўжо варушыўся ў шызым шыняльку Брытвін, які змораным голасам