На палянцы стала пуста і ціха, яна нібы папрасторнела цяпер без каня, без Маслакова, з невялічкім вогнішчам на краі, ля абрыву. Зрабіўшы ўсё, што можна было зрабіць у адносінах да мёртвага, Сцёпка адчуў сябе такім адзінокім, такім няшчасна-непатрэбным на гэтым свеце, як, мабыць, не адчуваў ніколі. Адзінае, што тут яшчэ вабіла яго, быў касцёр, хлопец падышоў да Брытвіна.

— Што, да ранку тут будзем?

— Пабудзем, да.

— А потым?

— А потым паспрабуем грымнуць, — сказаў Брытвін, стоячы на кукішках і зграбаючы ў доле недагаркі, якія ён кідаў у вогнішча. Спакваля на вуголлі весела заскакалі агеньчыкі, зблізку асвятліўшы сухі, нібы прасмалены, твар ротнага.

— Як гэта — грымнуць?

— Пабачыш як. План адзін маю.

Сцёпка пачакаў яшчэ, не дапытваючыся, думаў: скажа сам. Але той не сказаў, затаіў, што ўвогуле было ў ягоным характары, і Сцёпка змоўк, не ведаючы яшчэ, ці можна прымаць усур'ёз трохі саманадзейныя словы гэтага чалавека.

— Такі план маю, што ахнеш! Калі выгарыць, вядома.

Сцяпан паныла моўчкі сядзеў, спадылба паглядаючы на Брытвіна і баючыся яшчэ паверыць яму.

Міця нешта бавіўся з галлём — спярша чуваць было яго шастанне па ўзроўку, а потым і яно сціхла.

Сцяпан паглядзеў туды, услухаўся і трохі занепакоена сказаў:

— Каб не збег. Паглядзець мо?

— Не збяжыць. Цяпер ён да нас як прывязаны.

Сцяпан не паверыў: так ужо і прывязаны! Зрэшты, наўрад ці ён пабяжыць, пакінуўшы тут каня. І сапраўды, неўзабаве наверсе зашумела, зашорхала, і з цемры паказаўся сам Міця, які валок звязанае вяроўкай бярэма галля.

Брытвін з трохі не ўласцівым яму ажыўленнем узрадаваўся:

— От здорава! Цэлы воз! Такі і на кані не ўвязеш!

Міця быў яўна падахвочаны пахвалой: маленькі і з выгляду трохі слабаваты на свае пятнаццаць год, ён, аднак, аказаўся надзіва старанным у працы. Люба было глядзець на вялізнае бярэма, якое ён па- гаспадарску ўпарадкаваў побач і акуратна зматаў вяроўку.

— На каня я воз во які кладу! — Падняў ён руку вышэй свайго росту.

— Харашо, харашо. А каня як завуць?

— Каня? Рослік. Двухлетак ён, малады яшчэ, але ладны конік. А разумны які!

— Ну?

— Яй-богу. Вот ад'едзеш куды, схаваешся, гукнеш: «Рослік!» — і бяжыць. А то як заржэ!

— Глядзі ты! Як дрэсіраваны.

— Ды ну! Хто яго дрэсіраваў. Гэта ж я ўсё даглядаю яго: і кармлю сам, і на выпас. У начлег тым летам вадзіў. Тады яго ў мяне немцы забралі. Раніцай вяду з Круглянскага лесу — едуць тры. Вярхамі. Ну і забралі. Думаў — усё: прапаў мой Рослік. Аж прыбягае ўночы. Чую — хрумстае хтось. Выходжу — ходзіць па двары, траву скубе. І повад парваны.

— Да, замячацельны конь, — пагадзіўся Брытвін.

— Ага. Толькі стрэлу баіцца. Ляціць тады як шалёны.

— Ну, хопіць хлапатаць — ідзі сядай, пагрэемся.

Брытвін зняў з палак, мусіць, прасохлы ўжо шынелак і разаслаў яго на зямлі.

— Сядай во побач.

Відаць, ужо асвоіўшыся з партызанамі і прывыкшы да ягонай увагі, Міця задаволена апусціўся на край шыняля, цягнучы да агню скарэлыя рукі. Касцёр добра гарэў, пырскаючы іскрамі, наўкола стала горача, мокрыя рукавы хлопцавай світкі хутка задыміліся парай. Прытомлены і апанураны Сцёпка самотна сядзеў збоч, вяла слухаючы ажыўлена-сцішаную гаману хлапчука. Твар у яго быў маленькі, нейкі сцяты, нібы дзіцячы кулачок, з якога піпкай тырчаў кірпаты нос. На доўгай худой шыі з-пад світкі выглядваў зашмальцаваны зрэбны каўнер сподняй кашулі.

— Слухай, а ты даўно малако возіш? — зацікаўлена пытаўся Брытвін.

— Ды з вясны. Як лёд сышоў. Спярша Кузьмоў зяць вазіў, але яго ў паліцыю забралі.

— За што забралі?

— А хто яго ведае. За нешта забралі.

— А тыя, што на мосце, цябе ведаюць?

— Паліцаі? Ведаюць, а як жа. Усё чапляюцца: «Водкі прывязі». Асобенна гэты Роўба, што забілі.

— Гарэлкі, значыць? — раздумна перапытаў Брытвін. — Ну, на гарэлку яны любіцелі. А малако не чапаюць?

— Малако? Не-а, — сказаў Міця і сарамліва заўсміхаўся сваім маленькім тварам. — Я ў тое малако курачае… сыплю.

— Ды ну? Дзеля тлустасці, мусіць? Маладзец!

Усхапіўшыся ад нейкае думкі, Брытвін сеў, саўгануў на патыліцу пілотку. І раптам сказаў:

— Слухай, Міця! Хочаш мост узарваць?

Сцёпка ад здзіўлення ажно разявіў рот, але тут жа падумаў: а праўда ж — хлопец мог бы памагчы.

Міця, з выгляду ніяк не ўражаны пытаннем, адказаў проста:

— Хачу. Каб было чым.

— Ну, гэта не твой клопат. Гэта мы пакумекаем. Калі ўдасца — табе найперш аўтамат. Той вунь, з якім Барада паехаў. Далей — правіцельсцвенная награда. Ну, і ў атрад, вядома, з ходу. Я сам парэкамендую.

Уважліва выслухаўшы Брытвіна, Міця ўздыхнуў:

— Мне галоўнае — каб у партызаны. Бо мне ўжо дома неяк…

— Гэта чаму?

— Бацька ў мяне… Ну, і хлопцы ў вёсцы чапляюцца. Мне ўжо неяк стала.

— Так, зразумела. За атрад я ручаюся. Цяпер слухай мой план. Проста і ясна, — сказаў Брытвін, але змоўк і раздумна паглядзеў у агонь. — Хаця ладна. Хай Даніла прыедзе.

«Ну, што ж, хай прыедзе. Калі толькі ён прыедзе?» — расчаравана падумаў Сцёпка, які ўжо быў сабраўся пачуць план Брытвіна. Але той усё таіўся. Размова іх на тым перарвалася, стала ціха. Ад нерухомасці Сцёпку пачала адольваць дрымота; вогнішча прыгравала твар і грудзі, а спіна стыла. Мусіць, нацёртыя мокрым каўняром, разбалеліся скулы на шыі. Сцёпка падумаў, што трэба б перавязаць шыю, ды не было чым. Боты і калені яго былі ў гразі, рукі таксама. Каб прагнаць дрымоту, хлопец устаў.

— Ты куды? — зірнуў праз дым Брытвін.

— Рукі памыць.

Унізе, у беспрасветнай цемры кустоўя, булькатаў ручай. Шукаючы здатнай для спуску мясціны, Сцёпка пайшоў краем прагаліны, пакуль не наткнуўся на свежую, сіратліва аціхлую пад алешнікам магілку і аж схамянуўся ў недаўменні. Ён усё не мог зразумець чагось і ніяк не мог прыняць гэту недарэчную смерць. Сённяшняе яму здавалася благім сном. Хацелася спадзявацца, што міне ноч і ўсё зробіцца, як раней: ён убачыць жывога, рухавага Маслакова, які з добрай усмешыстасцю зноў гукне яго на заданне.

Хапаючыся за галлё, Сцёпка збег да ручая. Тут было сыра і холадна. Нешырокі струмень вады старанна мыў слізкія камяні. Хлопец намацаў нагой адзін і схіліўся.

Не, Брытвін не такі. Ён жорсткі, нядобры, але справу сваю, здаецца, ведае. Гэты не спудлуе, думаў Сцяпан, апускаючы ў сцюдзёную ваду рукі. Яму надта хацелася цяпер удачы; пасля перажытага ён гатовы быў на новыя пакуты і рызыку, абы толькі расквітацца за іх няўдачу.

12

Даніла прыехаў ранкам, калі праяснілася неба над ровам і ў галлі навакол ваўсю ішла світальная

Вы читаете Круглянскі мост
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату