выдзеўбаныя дзятламі ямкі.
На дзялянцы прыпякала сонца, яны ўсе ўгрэліся, і Брытвін, які нёс перакінуты цераз плячо шынель, рашуча шмякнуў яго пад ногі.
— Прывал!
— Фу, цёпла! — згодна азваўся Даніла і, як быў, таўставаты і нязграбны ў расшпіленай ватоўцы, задам сунуўся ў засень пад штабелем.
Брытвін спярша зняў дзягу, расшпіліў усе гузікі на гімнасцёрцы, потым плюхнуўся на шынель і, сапучы, сцягнуў боты.
Сцёпка, памеркаваўшы, таксама прысеў пад штабель.
— Далёка яшчэ топаць? — запытаў Брытвін.
— Не так каб далёка. Троху пройдзем да Ляхавіна, пасля ляснічаства мінуць, — пачаў прыкідваць Даніла.
— Дык колькі кіламетраў? Пяць, дзесяць?
— Кіламетраў? Каб не салгаць… Не многа засталося.
Брытвін асуджальна пакруціў галавой:
— Ну і арыфметыка ў цябе! Многа, нямнога. Давай сумку ды перакусім.
Даніла з падкрэсленай гатоўнасцю перакінуў цераз голаў скручаную почапку сумкі і найперш выцяг адтуль бутэльку з папяровай затычкай. Засцярожліва ўмацаваў яе на няроўным імшыстым доле між сабой і Брытвіным. Сцёпка стараўся не глядзець туды — рабіў выгляд, што даследуе палец на назе, сапраўды да крыві збіты аб корань. Есці яму перахацелася, болей дакучала смага, і ён думаў, што, адпачыўшы, трэба пашукаць дзе ручай.
— Ну, што ж, тады дзёрнем! — задаволена сказаў Брытвін.
— Зарабілі, — ухмыльнуўся Даніла. — Ёсць за што.
Брытвін варухнуў сумку.
— А там жа і закусь была. Ану, даставай, што нарыхтаваў паліцаеў сынок.
Сцёпка аж скалануўся: так проста і будзённа было сказана гэта, нібы Міця ўсё жыццё быў яму ворагам. Хлопец недаўменна ўскінуў голаў, чакаючы нешта ўбачыць у выразе Брытвіна. Аднак на пругкім, кранутым свежаю шчэццю твары таго было толькі шчырае задавальненне ад прадчування хуткай яды з выпіўкай.
Даніла дастаў самадзельны, змайстраваны з акоска ножык і разгарнуў кужэльную анучку. Тоўстая скіба хлеба, адрэзаная ад сяродку бохана, кавалак мяса і чатыры фарбаваныя велікодныя яйкі прымусілі іх неўпрыцям праглынуць сліну. Яны ўжо не маглі адвесці вачэй ад вялікіх Данілавых рук, калі ён пачаў дзяліць харч: разрэзаў на тры кавалкі хлеб, мяса, расклаў яйкі, два з якіх былі патрушчаныя. Брытвін адной рукою ўзяў бутэльку, другой згроб сваю порцыю закусі.
— Ну, а Тоўкач што — не згаладнеў?
Сцёпка ваўкавата зірнуў на іх двух: словы Брытвіна прагучалі так, што стала зразумела: калі ён адмовіцца, яны бедаваць не будуць. Мусіць, менавіта з тае прычыны ён рашуча ўстаў і, нетаропка падышоўшы бліжэй, узяў астатнюю пайку — другая была ўжо ў руках у Данілы.
Брытвін пажлукціў з бутэлькі, паморшчыўся.
— Атрава! І як яе паліцаі п'юць?
— А п'юць! І нічога. Пальзіцельна, кажуць, — жартоўна азваўся Даніла, пераймаючы бутэльку. Апошнім часам ён стаў гаваркі — не тое што ўчора, і Сцёпка падумаў: ад чаго б гэта? Даніла таксама выпіў. Можа, і не столькі, як Брытвін, але таксама нямала — ледзь не ўсю. Выцяг у руцэ і паглядзеў, ці многа засталося.
— Ну, а табе не трэба. Малы яшчэ, — сказаў ён да Сцёпкі, нібы жартуючы, але і сапраўды бутэльку адставіў убок.
Сцяпан перастаў жаваць.
— Хто малы, а хто стары. Давай сюды!
— Сап'ешся яшчэ. П'яніцам будзеш.
— Не тваё дзела. Дай бутэльку!
— Гэта хай камандзіру, — раптам маслена заўсміхаўся Даніла. — Камандзір — ён галава. Глядзі, як усё ўладзіў!
— Ладна, дай і яму, — махнуў рукой Брытвін.
Даніла яшчэ раз паглядзеў на бутэльку — там было, мусіць, з паўшклянкі — і аддаў. Сцяпан, хоць і не меў да гарэлкі вялікай ахвоты, цяпер амаль са злосцю, зацяўшы дух, выцягнуў усё да кроплі.
— Глядзі ты! — здзівіўся Даніла. — Во моладзь пайшла!
Энергічна жуючы, Брытвін з лёгкім асуджэннем касіў на яго позіркам, а Сцёпка сядзеў да іх бокам і засяроджана еў. Мяса яму дасталося нямнога, ён хутка зжаваў яго. Заставаўся кавалак хлеба і маленькае, нібы галубінае, велікоднае яечка, якія ён пакідаў на пасля. Хлопцу было напляваць, што пра яго гаварылі гэтыя двое, ён не паважаў іх і не адчуваў ніякай удзячнасці за выпіўку. Ён ледзьве стрымліваў у сабе злосць, усё выразней адчуваючы, што ў гэтай даволі ўдалай аперацыі з мостам нешта нячыста. Тое, што ўсю дарогу і цяпер Брытвін упарта абыходзіў у размове Маслакова і Міцю, толькі пацвярджала яго падазрэнне, і гэта не магло не азвацца ў ім ранейшаю непрыязнасцю да ротнага.
— Ні павагі табе, ні ўступкі! Во моладзь! — бурчаў тым часам Даніла. — Раней гэтак не было.
— Што б вы рабілі без гэтай моладзі? — рэзка сказаў Сцяпан, адчуваючы, як гняўлівая задзірыстасць узнімаецца ў ім з катастрафічнай няўхільнасцю. — Блох па хатах пладзілі б?!
Звычайна рахманы Даніла з-пад касмылявых брывей нядобра нацэліў на яго вузенькія шчылінкі вачэй.
— А ты нам не ўказ! Не камандзір, каб указваць.
— Надта ты, бачу, камандзіраў любіш. Каб камандавалі. Нябось без каманды, пэўна, і ў лес не пайшоў? Чакаў, пакуль з печы сцягнуць!
— Маё дзела. Не табе папракаць. Смаркач яшчэ!
— Будзе, не заядайцеся! — абарваў сварку Брытвін. — Тоўкач хоць і злы, а смелы. Маладзец!
Сцёпка ўважліва паглядзеў на Брытвіна, але той на поўным сур'ёзе вытрымаў яго погляд. Хлопец, аднак, зласліва ўсміхнуўся аднымі вуснамі: не ўжо, на такую танную прынаду яго не возьмуць.
— Хваліце? Таксама як і яго хвалілі?
— Гэта каго?
— Міцю, каго!
Брытвін выразна хмыкнуў.
— Ну, знаеш! Трэба было, дык і хваліў.
— А цяпер ужо не трэба? Цяпер мяне трэба? — хутка наліваючыся злосцю, адрывіста сказаў Сцёпка. Кавалак недажаванага хлеба мулка тырчаў за яго шчакой.
— А ты што, недавольны?
— Давольны!
— Слава Богу. А то я падумаў, што ты ў абідзе: чаму я цябе, як учора Маслакоў, на мост не пагнаў?
«Ах, вось што!» — мільганула ў галаве ў Сцёпкі. Можа, Брытвін яшчэ пачне папракаць яго за няўдзячнасць? Сапраўды, на мост не пагнаў, справу зрабілі, і ўсё як найлепш. Нават узрыўчатку для атрада зэканомілі. Але ўсё роўна да Маслакова яму далёка.
— Маслакоў не гнаў! — амаль крыкнуў, зрываючыся на сварку, Сцяпан. — Маслакоў вёў! Гэта ты гнаў!
— Каго я гнаў?
— А Міцю! Успомні!
Ну, так і ёсць! Тут ужо стала пэўна, што Сцёпка трапіў у яго балючае месца.
Распяразаны, босы, Брытвін раптам ускочыў і ашчэрыўся на хлопца:
— Ах ты, сапляк! Абгаварыць хочаш? У мяне во — сведка! Ану, хай скажа: гнаў я ці ён сам пайшоў!
— Сам, сам! — хуценька пацвердзіў Даніла. — Прасіў Хрыстом-Богам. Каб, значыць, за бацьку апраўдацца.
— Паняў? Паліцэйскага сынок да таго ж! Не забудзь.