у хляўку, калі разам узяліся лавіць авечку, гэтае жаданне паступова знікла. У хляве мірна, звычайна пахла сенам, гноем, жывёлай. Авечкі спуджана кідаліся з кутка ў куток, гэтую ж, з белай плямкай на лобе, стары падлаўчыўся схапіць за шэрсць, і тады Рыбак спрытна ашчаперыў яе за шыю, адчуўшы на момант нейкую паўзабытую, ледзь не дзіцячую радасць здабычы. Пасля, пакуль трымаў, а Пётра рэзаў ёй горла і авечка білася на саломе, па якой цёк ручаёк парнай крыві, у ягонае пачуццё шыбанула незабыўнае з маленства ўражанне страхавітае радасці, калі гэтаксама ў канцы восені бацька рэзаў адну ці аж дзве авечкі і ён, падлетак, памагаў яму. Усё было тое самае: і пахі ў хляўку, і кіданне ў смяртэльным, нібы ўсвядомленым, адчаі жывёліны, і парнасць цёплай крыві на марозе. Тады ён, праўда, баяўся глядзець на такое, затыкаў вушы, каб не чуць перадсмяротнага бляяння звыклых ад ягнячае пары авечак, кожную з якіх ён ведаў ва ўсіх драбніцах іхняга выгляду і характару. Цяпер жа, аднак, таго страху не было і звання, астаўся адзін успамін.
Поле, на якое ён павярнуў ад хмызняку, аказалася нечакана даўгім і шырокім, і яны ішлі, мабыць, з гадзіну, бухаючы нагамі ў снезе. Рыбак не ведаў пэўна, ды ўсё ж адчуваў, што недзе ўпоперак таго, куды яны ідуць, павінна быць дарога, тая самая, якою яны нядаўна ішлі сюды, пасля пачнецца схіл да поплаву. Але мінаў час, яны адмералі вярсты дзве, а дарогі ўсё не было, і ён пачаў меркаваць, ці не перайшлі яны дзе яе, не заўважыўшы. Тады яны маглі збіцца з кірунку, не ў час павярнуць улева, у лагчыну. Кепска, што гэтую мясцовасць ён ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Праўда, тады планавалася ісці трохі ў іншы бок.
Рыбак спыніўся, азірнуўся на Сотнікава, які зноў далекавата адстаў і знямогла гробся ў суцемку. На месяц угары насунулася нейкая імгла, ноч пацямнела, удалечыні зусім нічога не было відаць. Ён скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Праз хвіліну не надта ўпэўненым крокам да яго дашкандыбаў Сотнікаў.
— Ты ўжо як-небудзь. Знаеш, я не памочнік.
— Ладна, куды табе, — адсопваючыся, сказаў Рыбак і перавёў размову на іншае: — Не прымеціў, мы правільна ідзём?
Сотнікаў, цяжка дыхаючы, паглядзеў у ноч.
— Мабыць, правільна. Там лес.
— А дарога?
— Тут недзе і дарога. Калі не павярнула куды.
Абодва моўчкі паўзіраліся ў змрочнае снегавое сутонне, і тады зусім неспадзявана ў шумлівым павеве ветру іх напружаны слых злавіў нейкі няпэўны гук. То быў голас — самы звычайны дарожны вокрык на каня: «Нэ-э»… У наступнае імгненне стаў чуцен і ціхенькі ўдалечы тупат капытоў — яны абодва ўраз павярнулі твары пад вецер і не так убачылі, як угадалі далёка ў прыцемках ледзьве прыкметны рух. Рыбак спярша ледзь не збянтэжыўся — здалося, даганяюць, але неўзабаве зразумеў, што гэта не наўздагон, а хутчэй наперарэз, мабыць, па той самай дарозе, якую яны шукалі. Непрыемна адчуўшы, як закалацілася ў грудзях сэрца, ён узяў карабін, хуценька закінуў яго за плячо. Але тут жа аўтаматычным, амаль падсвядомым адчуваннем сцяміў, што небяспека кіруе міма, толькі ці дастаткова далёка ад іх, каб не згледзець уночы, вызначыць таго не мог. І ён, прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Поле ішло на пагорак, ім трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі.
— Давай, давай! Бягом! — гукнуў ён да Сотнікава, прыбаўляючы кроку. Ногі яго адразу падужэлі, цела, як заўжды ў хвіліну небяспекі, набыло лёгкасць і спрыт. І раптам ён згледзеў за пяць крокаў ад сябе дарогу — раз'езджаныя яе каляіны кіравалі ім наўкось. Цяпер ужо стала зразумела, што гэта тая самая дарога, па якой ехалі; ён зірнуў убок і выразна ўбачыў наводдалі цемнаватыя рухавыя плямы, чутно было ціхае бразганне чагось з вупражы; сані хуценька набліжаліся. Рыбак, нібы замініраваную паласу, з зацятым страхам перабег тую праклятую дарогу, так неспадзявана і не ў час выніклую перад імі, і тут жа выразна адчуў, што зрабіў няўдала. Мусіць, лепей было б падацца назад, па другі бок, ды ўжо было позна пра тое думаць. Раскопваючы ботамі снег, ён шпарыў на пагорачак і думаў, што, пэўна, вось-вось іх клікнуць. Яшчэ не дабегшы да вяршыні, за якой пачынаўся спуск, ён зноў азірнуўся. Сані выразна сталі відаць на дарозе, іх было двое — другія амаль ушчыльную шыбавалі за першымі. Але седакоў пакуль яшчэ нельга было згледзець, крыку таксама не было чутно, і ён з маленькай, надта жаданай надзеяй падумаў, што, можа, гэта сяляне. Калі не крыкнуць, дык пэўна сяляне — мусіць, з нейкай прычыны запазніліся ўначы, — тады дарма ўвесь гэты ягоны спалох. Трохі ўсцешаны нечаканай надзеяй, ён ажно спакойней разы два выдыхнуў і на бягу павярнуўся да Сотнікава. Той, як на злосць, хістка тупаў наводдалек, нібы ўжо не могучы прабегчы якіх сотню крокаў, што заставаліся яшчэ да вяршыні пагорка.
І тады начную ціш скалануў пагрозлівы вокліч:
— Гэ-эй! Ану, стой!
Адно першае катэгарычна-патрабавальнае «гэй!» дало зразумець, з кім яны маюць справу. Раптам апаўшы духам, Рыбак з новым імпэтам сігануў па снезе. Яму заставалася зусім ужо трошкі, каб схавацца за пакатай спіной пагорка, далей, здаецца, пачынаўся спуск — там бы яны ўжо ўцяклі. Але менавіта ў той час сані спыніліся, некалькі галасоў хрыпла і сіпата закрычалі ім наўздагон:
— Стой! Стой, страляць будзем! Стой!!
Стала ўсё проста і да душэўнага болю пэўна. Не пакідаючы ні рэшты сумнення, разанула думка: «Папаліся!» Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Мусіць, на конях даганяць не будуць, а страляць — хай страляюць: уначы не дужа пацэліш. Авечку, якая так недарэчы ляжала на плячах, ён, аднак, не кідаў — яшчэ меў надзею: авось абыдзецца, як-небудзь прарвуцца.
Неўзабаве ён пераваліў пагорак і шырока зашыбаў па схіле ўніз. Ногі спраўна неслі яго, ажно баяўся, каб не ўпасці з авечкай. Карабін за спіной важка боўтаў, стукаючы ў сцягно, ціхенька лязгалі ў кішэнях патроны. Яшчэ здалёку ён прыкмеціў наперадзе нешта расплывіста-цёмнае, мабыць, зноў хмызняк, і кіраваў да яго. Крыкі ззаду на нейкі час сціхлі, стрэлаў пакуль не было. Мусіць, яны з Сотнікавым ужо схаваліся з вачэй тых, што ў санях.
Але вось крок яго зноў запаволіўся: паглыбеў снег — гэта ён збег па схіле ў лагчыну і, ахоплены новай трывогай, спыніўся. Сотнікаў адстаў так далёка, што Рыбак ажно спалохаўся: здалося, той зусім не спяшаўся, не бег, а ледзьве валокся ў змроку. Але Рыбак нічым не мог яму пасабіць, апроч хіба як апантана імкнуцца наперад. Цяпер яму як мага хутчэй трэ было дабегчы да таго кустоўя, што ўжо быццам непадалёк чарнела наперадзе.
— Стой! Падлы бандыцкія, стой!! — зноў паляцелі наўздагон пагрозлівыя, з лаянкай воклічы.
Значыць, усё ж даганяюць. Не азіраючыся — няўклюдна было вывернуцца з авечкай, — Рыбак вызначыў па крыку, што тыя ўжо на пагорку і, мабыць, убачылі іх. Надта невыгоднае аказалася іх становішча, асабліва Сотнікава, якому да хмызняку яшчэ бегчы ды бегчы. Але што ж… Як заўжды пры найбольшай пагрозе, кожны дбаў пра сябе, беручы свой лёс ва ўласныя рукі. Што ж да Рыбака, дык каторы ўжо раз за вайну яго ратавалі ногі. Праўда, магчымасці іх былі малыя — да крыўднага абмежаваныя магчымасці дзвюх чалавечых ног. І тым не менш менавіта яны, а не што іншае абяцалі яму паратунак.
Хмызняк, аказваецца, быў далей, чым здалося ўначы. Рыбак яшчэ не дабег да яго, калі ззаду забахалі стрэлы. Стралкі, аднак, былі болей чымся няважныя, ён, не азіраючыся, зразумеў гэта па тым, як напятай струной прайшла над ім куля. Надта высока прайшла — гэта ён зразумеў пэўна. І ён прымусіў сябе пад тымі кулямі дабегчы да хмызу. Мусіць, тут было нейкае лугавое балотца — па снегавой роўнядзі блытаўся голлем алешнік, рыхлы снег пад нагамі бугрыўся купінамі. Рыбак упаў між куп'я, зваліў з пляча авечку. Пэўна, трэба было бегчы далей, але ў яго ўжо не асталося сілы. Ззаду ваўсю ішла перастрэлка, і ён зразумеў, што гэта Сотнікаў стрымлівае іх. Спярша ён ажно парадаваўся: значыць, адарваўся. З карабінам у руках ён на каленях вывернуўся назад, прыўзняўся над грыўкай дробненькага хмызняку і здалёку ўбачыў напарніка. Недзе пад самым пагоркам той варушыўся ў снезе, але адсюль, праз шэры прыцемак ночы, нельга было зразумець, ці ён бег, ці, можа, стаяў на адным месцы. Пасля трох-чатырох стрэлаў з пагорка адзін бахаў бліжэй — то быў стрэл Сотнікава, які, вядома, затрымліваў іх. Але ўсё ж наўрад ці разумна было ў ягоным становішчы пачынаць перастрэлку з паліцыяй, падумаў Рыбак. Мусіць, трэба б як найхутчэй уцякаць, адрывацца. Гэты хмызняк на дарозе — проста іх шчасце, ён бы даў магчымасць заблытаць свой след і ўцячы. Ды Сотнікаў нібы не разумеў таго — здаецца, залёг і ані не варушыцца нават. Калі б не яго стрэлы, дык можна б падумаць, што ён нежывы.
А калі ён паранены?