затрымліваючыся, але цяпер могілкі тыя нібы паслаў Бог ім на паратунак. Хваіны і некалькі агароджаў трохі засланялі абодвух ад вясковых вокнаў, яны пратупалі паўз свежы, яшчэ не прысыпаны снегам, глеісты курганок дзіцячай магілкі. Сотнікаў тут памагаў сабе рукамі, хапаўся то за крыж, то за камель дрэва ці агароджу. Трохі адышоўшыся ад дарогі, ён дабраўся па снезе да таўшчэзнага камля хвоі і ўпаў. Цяпер толькі б сцішыцца, як-небудзь зацяць боль у назе, і, здаецца, для яго настала б шчасце. Усё ў ім напакутавалася, намерзлася, зайшлося ад болю, і ягоная прыцьмелая свядомасць часам ледзь успрымала абставіны, свет і сваё ў ім становішча. Вядома, становішча гэта было незайздроснае, калі не зусім безнадзейнае, і найбольшыя яго душэўныя пакуты ішлі ад выразнага ўсведамлення гэтае свае няздольнасці што-небудзь змяніць да лепшага. Так, розум, свядомасць тут адступаліся ўбок — цяпер усё вырашала элементарная фізічная сіла. А сілы якраз і не было.

Ён ляжаў, прываліўшыся каркам да шархоткага камля хваіны, заплюшчыў вочы, каб не сустракацца позіркам з Рыбаком, не размаўляць з ім. Ён адчуваў сябе нібы вінаватым, што, пакутуючы сам, вымагаў на пакуты таварыша, які без яго, вядома, быў бы ўжо далёка. Рыбак быў здаровы, меў большую, чым Сотнікаў, прагу жыць, і гэта ўскладвала на яго пэўную адказнасць за абодвух. Так думаў Сотнікаў, ніколькі не дзівячыся пэўнай настойлівасці Рыбака выручыць яго ў гэтую ноч — ён адносіў яе да звычайнай салдацкай узаемавыручкі і не меў нічога супроць Рыбаковай дапамогі, калі б яна была скіравана на іншага. Але сам ён, хоць і быў паранены, нізашто не хацеў прызнаць сябе слабым, які апусціўся да патрэбы ў дапамозе, гэта было агідна ягонай істоце. Як мог, ён стараўся ўправіцца з сабой сам, а там, дзе гэта было немагчыма, зменшыць сваю залежнасць ад каго б там ні было. І ад Рыбака таксама.

Але Рыбак, мабыць, мала турбуючыся клопатамі таварыша, па-ранейшаму дбаў пра яго і цяпер, крыху перадыхнуўшы, сказаў:

— Пачакай тут, а я падскочу. Вунь хата блізка. Калі што, мо ў гумне перахаваемся.

Пачакаць — гэта добра, адзначыў у думках Сотнікаў, абы не ісці. Чакаць ён гатовы быў доўга, толькі б дачакацца чаго. Рыбак зморана падняўся на ногі, карабін, каб не кідаўся здалёку ў вочы, узяў, як кіёк або палку, за ствол і пайшоў, ступаючы між перамеценага снегам куп'я магіл. Сотнікаў расплюшчыў вочы і павярнуўся крыху на бок, падабраў бліжэй вінтоўку. У тым канцы могілак між камлёў сосен за пагорачкам відаць была крайняя хата вёскі, развалены хляўчук пры ёй; на паламаным паркане вецер матляў нейкай забытай анучай. Людзей там не было.

Некалькі доўгіх хвілін Сотнікаў самотна дрыжаў за дрэвам, час ад часу пазіраючы між хвой у другі канец могілак. Рыбак неўзабаве прапаў з яго поля зроку, але ў вёсцы было па-ранейшаму пустэльна і ціха, гэта абнадзейвала. Каб трохі лаўчэй палажыць параненую нагу, ён ухапіўся за шурпатую палку агароджы, і тая, ціха хруснуўшы, асталася ў яго руцэ з іржавым цвіком на канцы. Магілка была старая, даўно закінутая, у агароджы тырчалі з-пад снегу нейкія тры камяні, не было нават крыжа. Струхлелая загародка дажывала свой век, мабыць, гэта было апошняе, што асталося ад чалавека на зямлі. І раптам Сотнікаву стала надта самотна на гэтых могілках, сярод загародак, камення і пахілых крыжоў, гледзячы на якія, ён з маркотай падумаў: навошта? Калі нельга навек, нашто тады на некалькі год — каму гэта трэба? У адвечным змаганні чалавека з часам перамога заўжды на баку апошняга, і ўся гэтая завядзёнка з помнікамі — хай сабе мармуровымі ці драўлянымі — не больш чым наіўная спроба чалавека прадоўжыць сваю прысутнасць на зямлі пасля смерці. Але хіба гэта магчыма? І навошта гэта патрэбна?

Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла неабвержнасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з'яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж — смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё.

Суцяшалі хіба што духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле. На ўсё жыццё Сотнікаў запомніў, як улетку ў шталагу немцы дапытвалі старога сівога палкоўніка, пакалечанага, з перабітымі кісцямі рук, ледзь жывога. Гэты палкоўнік, здавалася, проста не ведаў, што такое пачуццё страху, і не гаварыў, а адчайна крычаў у вочы нямецкаму афіцэру гнеўныя словы пра Гітлера, фашызм і не зважаў ні на што. Немец мог бы прыбіць яго кулаком, мог застрэліць, як за гадзіну перад тым застрэліў двух палітрукоў-пехацінцаў, але гэтага чалавека ён нават не абразіў лаянкай. Ён, падобна было, збянтэжыўся, мабыць, упершыню ўчуўшы такое, схапіўся за тэлефон і нешта далажыў, відаць — чакаючы загаду ад начальства. Вядома, палкоўніка потым расстралялі. Але тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, мабыць, не меншым, чымсьці на полі бою, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх (яны выпадкам аказаліся побач за сцяной барака).

Трываючы сцюжу, Сотнікаў цярпліва пазіраў на край могілак, дзе адразу ўбачыў Рыбака, як толькі той паявіўся ад хаціны. Рыбак дбайна зайшоў ад поля, каб не відаць было з вёскі, і хуткім крокам кіраваў да напарніка. Праз хвіліну ён задышліва ўпаў пад хваінай побач.

— Здаецца, парадак. Панімаеш, там хата, клямка на шчэпачцы. Паслухаў, быццам нікога…

— Ну?

— Дык гэта, панімаеш… Можа, я цябе завяду, пагрэемся, а пасля…

Рыбак чагось змоўк, заклапочана паглядзеў у ранішняе поле, якое ўжо было відаць ва ўсю далячынь. Голас яго стаў трохі няпэўны, бы вінаваты, і Сотнікаў здагадаўся.

— Ну што ж! Я астануся.

— Да, знаеш, так будзе лепш, — прыкметна ўзрадаваўся Рыбак. — А мне трэба… Толькі дзе той лес, чорт ведае. Зблудзілі мы.

— Папытаць трэба.

— Папытаем… А ты, гэта, патрывай. Пасля, можа, пераправім куды.

— Ладна, нічога, — знарок бадзёрым голасам заспакоіў яго Сотнікаў.

— І не турбуйся, я дамоўлюся. Накажу, каб глядзелі, і наогул…

Сотнікаў змоўчаў. Увогуле ўсё было лагічна і, бадай, правільна, тым не менш штосьці крыўдлівае варухнулася ў яго душы. Праўда, ён тут жа адчуў, што гэта — ягоная слабасць, можа, ад ператомы і знерваванасці. Чаго было крыўдаваць? Адносіны іх самыя раўнапраўныя, ніхто нікому не абавязаны. І так, дзякуй Богу, Рыбак зрабіў усё, што толькі было магчыма. Можна сказаць, уратаваў у самых безнадзейных абставінах, і цяпер настаў час развязаць яму рукі.

— Што ж, тады пайшлі. Пакуль нікога няма.

Сотнікаў першы спрабаваў падняцца, але толькі варухнуў параненай нагой, як тая люта забалела, і ён прутка выцягнуўся на снезе. Усё ж неяк стрываў боль, сцяў зубы і, апіраючыся на хваіну, падняўся.

Ускрайкам могілак пад навіссю галін яны сышлі з пагорачка. Непадалёк трапілася добра ўтаптаная сцяжына, яна прывяла іх на голы, нічым не агароджаны падворак. Гэта была даволі вялікая, але старая хаціна з замазанымі глінай вугламі, выбітым і заткнутым нейкай зрабнінай акенцам. У счарнелым прабоі на дзвярах сапраўды тырчала наспех уваткнутая трэска — мабыць, нехта непадалёк выйшаў, і дома нікога не асталося. Сотнікаў падумаў, што так, можа, і лепш: абыдзецца без роспытаў і тлумачэння.

Рыбак выняў трэску, прапусціў у сенцы Сотнікава, дзверы ціха прычыніў знутры. У сенцах было цемнавата, пад сцяной стаялі нейкія кублы, вялікая, акутая ржавымі жалезнымі палосамі скрыня, а ў куце відаць былі жорны. Сотнікаў не раз ужо бачыў гэтую несамавітую вясковую прыладу малоць збожжа: два круглыя камяні ў скрынцы і прымацаваная недзе ўверсе палка-круцёлка. Маленькае, заплеценае павуціннем акенца ў сцяне дало ім згледзець дзверы ў хату.

Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Хата сустрэла іх затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Ён хапіўся рукой за абшкрэбаны бок печы — тая была свежанапаленая, і ў яго цела шыбанула такая асалода, што ён ажно застагнаў, мусіць, першы раз не стрымліваючы сябе за ўсю гэту жахлівую ноч. Знясілена і няспрытна ён апусціўся на ўслончык пры печы, ледзь не паваліўшы нейкія чыгункі на падлозе. Пакуль ён уладкоўваў параненую нагу, Рыбак зазірнуў за дыван-занавеску ў хату, дзе разы два насцярожана рыпнуў ложак. Сотнікаў напяўся, навастрыў слых — зараз павінна было вырашыцца самае для іх важнае.

Вы читаете Сотнікаў
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату