Так, здаецца, яму ўжо не жыць.

А сёння вось напаследак аказалася, што і Лук'янаў неблагі салдат. Я ведаю, што зусім ён не смелы, гэта не тое што Задарожны, які мог падзівіць нас сваёй паказной смеласцю. Лук'янаў — ціхі, слабасільны інтэлігент, няўдачнік у вайне, відаць, ніколі ён не вылучаўся адвагай, але вось калі давялося рашыцца на цяжкае, хоць мо і баючыся, а рашыўся. Але ж вось наважыўся на цяжкае і Задарожны. І тут мне раптам здаецца, што Лёшка ахвотна пабег у тыл толькі таму, што там Люся. Можа, яшчэ ўчора згаварыліся яны, і, можа, яна там чакае яго? Зноў панылая злосць агартае мае адчуванні. Агідная дзяўчына! І чаго яна так сноўдала на нашу агнявую, чаго гэтак ласкава абыходжвала ўсіх, калі цікавіў яе адзін толькі Лёшка? Чаму тады яна жартавала ўсё над Крывёнкам, гэткаю добранькай ставілася да мяне? Навошта яна набівалася са сваёй увагай, насіла лякарствы Лук'янаву, Жаўтыху, калі падабаўся ёй Лёшка? І вось цяпер няма больш Жаўтыха, памірае Лук'янаў, але ўцалеў гэты Задарожны, — хай яна супакоіцца і ашчаслівіцца, зласліва думаю я.

Здаецца, я пачынаю адчуваць у сабе сталую нянавісць да яе. Ужо калі б давялося выжыць, я сказаў бы ёй аб гэтым, цяпер я не пасаромеўся б, — вялікая злосць да гэтай незразумелай дзяўчыны пачынае перасільваць ва мне ўсе мае ранейшыя шчырыя пачуцці да яе.

— Лазняк! — раптам устрывожана гукае Папоў. Я мігам пераадольваю тлумную дрымотную знямогу і выскокваю са сховішча. Наводчык няўцямна азіраецца на станіне, а цераз бруствер да нас пералазіць незнаёмы салдат, які немаведама адкуль узяўся тут і незаўважаны падышоў да агнявой.

— Адваюваўся! — кажа ён нейкім недарэчна бесклапотным голасам, быццам мы дзе-небудзь на занятках у тыле. І тут мы з Паповым насцярожваемся і моўчкі ўзіраемся ў яго збялелы васпаваты твар, на якім у незразумелым дзікаватым выразе застылі яго нейкія п'яныя вочы. Але самае горшае нават не ў вачах. Праваю рукой салдат заціскае левую, якая, нібы бранзалетам ад гадзінніка, перавязана вузенькай брызентавай дзяжкай, і ад самай гэтай перавязкі на нейкім ашмотку скуры вісіць зусім адбітая, скрываўленая, з растапыранымі пальцамі кісць.

— Ой, хлопці, адваюваўся, так рады! У каго е ножік? — пытаецца салдат і сядае акрай пляцоўкі. Мы ўзіраемся ў яго збялелы твар, на якім па-ранейшаму не здрыганецца ніводзін мускул. Гэты яго спакой здзіўляе і бянтэжыць нас, я кідаюся да нашых нябожчыкаў, дастаю з камандзіравай кішэні ягоны ножык і вяртаюся наверх.

— Ой, ой! — кажа Папоў. — І не баліць?

— Адстаў, — неўпапад адказвае салдат. — Всі пабіглы, а мэнэ як вдарыць! Ачнуўся, гляджу, параніты…

— Ты што, не чуеш? — крычу я ў самы ягоны твар. У засяроджаных салдатавых вачах адбіваецца кароценькае намаганне ўчуць і зразумець пытанне.

— З шістой роты я, — глухавата адказвае ён. — Панасюк. Тэпэрыча дадому пійду. На, адріж, хлопэц.

Пераадольваючы гідлівасць, з нейкім недаверам да яго розуму, я пераразаю шкуматок скуры, кісць назаўжды аддзяляецца ад рукі, салдат бярэ яе за ўказальны палец і неяк беражліва кладзе ў ямку пад бруствер.

— Пахаваты трэба. Стількі парабіла. А бінтэц е? — зноў пытаецца ён без ніякага ценю болю. — Тэпэр полечусь і — у Іванівку. А рука не лыха. Спецыяльнасць у мэнэ — пчаляр, і аднаруч упраўлюся.

Кроў з перабітай рукі амаль што не ідзе, відаць, раменьчык добра пераціснуў яе, толькі некалькі кропель падаюць на запыленыя салдатавы чаравікі. Але ўсё ж трэба перавязаць, ды ў нас няма чым.

— Дай гімнасцёрку, — тузаю я ягоны падол, аднак салдат ухіляецца.

— Ну, скажэш: вона ж нова. Тількі ў травэні атрымлівалі. Ты спідняй адірві.

Мы пазіраем на яго са здзіўленнем, а салдат, сапраўды не адчуваючы, відаць, ні болю, ні страху, паварочваецца да мяне бокам, і я шкуматаю кавалак ад яго нацельнай сарочкі. Затым як-колечы абкручваю яго руку.

— Адваюваўся! — радасна паведамляе ён і заклапочана дадае: — От тількі медаль згубыв, — і варушыць напаказ грудзьмі. Сапраўды над кішэньчыкам тырчыць коса прышпіленая шэрая стужка медаля «За адвагу» — самога медаля няма. — Тэпэрыча не с чым і додому показатыся.

Мы маўчым, чакаем, што будзе далей.

— Ну от гарно, — кажа ён, калі я закончваю перавязку, і ямчэй месціцца над невысокім брустверам. — Спічну трохі і пійду.

— Там жа немцы. Куды ты пойдзеш?! — крычу я яму ў вуха.

— Га? Вінніцкі я. А вы звідкіля?

— Табе што, не баліць? — пытаюся я. Але Панасюк, відаць, зусім аглухлы, ён толькі пазірае на мяне і неяк знямогла прыкрывае свае рудыя з сінню павекі. Я зноў пераглядваюся з Паповым — наводчык пільна глядзіць на нашага нечаканага госця і, пэўна, таксама нічога зразумець не можа. Мне дзіўна, як гэты салдат не адчувае болю, гэта ж, пэўна, так страшна балюча, а ён нават не паморшчыцца, разважае пра дом, толькі выгляд яго нейкі дужа не адпаведны яго нетутэйшаму настрою.

Шмат загадак ледзь не кожнага дня выстаўляе вайна, і хоць даўно ўжо не навічок я на ёй, але ўсё ж часцяком ніяк не магу зразумець загадкава-супярэчлівую сутнасць многіх яе незвычайных з'яў.

14

Наша нямое здзіўленне прыпыняе далёкі маторны гул.

Раптоўна неяк, раней не заўважаны, ён прарываецца з варожага боку, і мы з Паповым чуем яго толькі тады, калі з-за пагорка на дарозе, узняўшы воблака пылу, выскоквае некалькі машын. У іх аб'ёмістых кузавах цеснымі радамі сядзяць немцы.

Папоў ад нечаканасці нешта ўскрыквае па-якуцку і здароваю рукою хапаецца за механізмы наводкі.

— Лазняк, зараджай!

З расчыненай пачатай скрынкі я хапаю асколачны і пхаю яго ў ствол. Ад хвалявання гэта атрымліваецца няспрытна, гільза не дасоўваецца да канца, і клін не зачыняецца. Тады, як гэта часам рабіў Задарожны, я штурхаю яе чаранком рыдлёўкі і прыгінаюся на каленях.

Цяжка нагружаныя вялікія машыны, грузна асядаючы на скатах, перапаўзаюць на аб'ездзе міннага поля канаву і выбіраюцца на дарогу ў вёску. Як заўжды, знянацку дужа грымотна бахае стрэл. Пыл засцілае агнявую, я не бачу, куды трапляе снарад, і кідаюся па наступны. Зноў мяне ахоплівае ліхаманка бою, адчуванне небяспекі да дрыготкі напружвае нервы, а ў свядомасці, бы здзекуючыся, помсліва гучыць- дражніць мяне нейкі зласлівы голас: «Ага, вам канец, а ён жывы! Ён уцалее, і Люся будзе з ім, ага! Ён разумнейшы за вас, ён ведае, як і што, ён адчуваў гэта. Недарма так настойваў, казаў пра Лук'янава, а дбаў пра сябе… Ага!»

Ён агідны мне, той незнаёмы, недарэчны цяпер голас, я хачу заглушыць яго, пазбыцца, засяроджваюся толькі на сваёй справе — сноўдаю на каленях ад казённіка да скрынак. Папоў б'е часта, мяне абсыпае пяском, аглушае, я не ведаю, не бачу, дзе тыя машыны, — уся мая воля і сілы згорнуты ў адно — зараджаць. Я адчуваю, што гэтая наша зачэпка дарма нам не абыдзецца, у машынах напэўна пяхота, але цяпер нам ужо ўсё роўна.

А з Паповым тым часам пачынае рабіцца штось незвычайнае. Ён неяк весялее ці, можа, зласнее і, сагнуўшыся за прыцэлам, крычыць: «Стой, Гітлер! Стой!» — і яшчэ нешта, што заглушаюць стрэлы. Пасля яшчэ больш заўзята пачынае крычаць: «Назад, Гітлер!» Я прыўстаю на каленях і па-над шчытом назіраю ў поле. Тры машыны гараць на дарозе, некалькі, ратуючыся ад агню, паварочваюць убок, у аб'езд. «Гух! Гух!» — раптам даносяцца адтуль два цяжкія падземныя выбухі. Дык вось чаму так радасна крычыць Папоў і чаму на яго плоскім рудым твары льсніцца шырокая дзіцячая радасць: ён загнаў іх у міннае поле.

— Многа-многа давай! Многа! Шыбка давай! — крычыць Папоў і наводзіць гармату.

Машыны замітусіліся. Дзве, разнесеныя выбухамі, грудай жалеззя асядаюць да самай зямлі, астатнія нерашуча спыняюцца, некалькі ў хвасце вернуць назад на пагорак.

— Давай, Лазняк, шыбка зараджай! — у незвычайным азарце падганяе мяне наводчык. Але вось у

Вы читаете Трэцяя ракета
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату