каравана збочваюць на крыло, коратка на павароце мільгаюць бляскам прапелераў і скіроўваюць на нас…

20

Густы і імпэтны, як горны абвал, роў пікіроўшчыкаў штурхае мяне ад сцяны сховішча. Я ўжо не думаю, што гэта канец, паглыбленым падсвядомым пачуццём я перажыў яго і гатовы прыняць смерць, толькі нестрываны сум агартае мяне ад думкі, што не ўдасца ўберагчы Люсю. Так і пагінем мы, і ніхто ніколі не даведаецца, як я любіў яе. Але ўгары пранозліва завывае — я штурхаю Люсю ў кут, і ў той жа час першая бомба выбівае з-пад мяне зямлю. Наступныя выбухі абрушваюць на нас цяжкія земляныя глыбы. Гасне сонца. Паветра б'е тугімі пыльнымі хвалямі. Скрозь зямля, агонь і пякельная лютасць выбухаў. Ашчаперыўшы голаў, я курчуся ў куце, як магу, затуляю Люсю і заціскаю між калень аўтамат. Дзяўчына з кожным выбухам уздрыгвае, гэтак жа ўздрыгвае зямля, дрыжу і я. Пэўна, няма такой чалавечае сілы, якая б не была падуладна страшнай сіле выбуху. Бомбы рвуцца па тры адразу. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Тр-р-рах!» — зямля храпае на ўсю глыбіню, здаецца, расчэпіцца, як вялізны спелы кавун. Я сціскаюся, напружваюся — роў бліжае, візг і зноў «тр-р-рах! тр-р-рах! тр-р-рах!».

Дзевяць выбухаў міма. Наўкола яшчэ шастае зямля, зверху асыпаюцца хмары пяску, узнятага бомбамі, роў глушэе, але зараз жа нарастае зноў. Я не ведаю, ці жывая Люся, яна сціснулася за маёй спінай, праз пыл мне не відаць самалётаў, але, здаецца, яны ўжо ўваходзяць у піке. Я чую, як адрываюцца і разам з ровам шыбуюць на нас бомбы. «Тр-р-рах» — б'е недзе па акопу Крывёнка. Прапаў хлопец, мільгае думка, зараз жа новы віск і — «тр-р-рах!». Другога выбуху чамусьці няма, можа, бомба не ўзарвалася? Трошкі расслабеўшы целам, я чакаю заходу трэцяга пікіроўшчыка. Пакуль мы жывыя, але няўжо загінем ад апошняга выбуху? Павінны ж у іх скончыцца ўрэшце гэтыя праклятыя бомбы.

Трэці «лапатнік» трошкі замаруджвае, пыл паспявае асесці, пакуль ён заходзіць ад сонца. Па перакапанай агнявой мільгае спачатку ягоны імклівы цень, і затым прарэзліва вішчаць бомбы. Яны рвуцца трохі збоч, і ў мяне з'яўляецца надзея — уцалелі! Я яшчэ баюся паверыць у яе, але гул аддаляецца — цяпер трэба чакаць пяхоты. Я адхінаюся ад Люсі — яна ўскідвае голаў, і з яе валасоў сыплецца пясок, — абое мы скрозь у зямлі. Забітых закідала таксама, з-пад грудаў тырчаць адны толькі ногі. У Панасюка, пэўна асколкам, распораты чаравік, з якога вылез клык бруднае анучы. Я атрэхваю з аўтамата пясок і ўскокваю. Бруствера амаль што няма, сховішча заваліла зямлёй, падбітая гармата скасабочылася, адна станіна задралася сашніком угору.

Немцы! Яны бягуць са сланечніку ў поле, далей нам у тыл, пад вёску — відаць, як матляюцца почапкі іх аўтаматаў. Двое бліжэйшых засцярожліва прыгінаюцца і, бегучы, пазіраюць у наш бок.

Я тузаю рукаятку і, торапка прыцэліўшыся, тыркаю аўтаматам раз, другі, трэці, аднак немцы ўсё бягуць і бягуць. Відаць, для аўтамата да іх крыху далёка. Але чаму маўчыць кулямёт? Няўжо?..

— Крывёнак! Крывёнак! — крычу я. — Агонь. Чуеш? Агонь!

Я бачу яго — ён жывы і сядзіць у закутку свайго таксама абрушанага і змялелага акопа — счарнелы зусім, як цыган, і асалавела глядзіць на мяне. Рот ягоны адкрыты, і на твары грымаса адчаю.

— Агонь! Бачыш? Крывёнак!

— Да д'ябла! Да д'ябла ўсё!!! — раптам крычыць ён такім голасам, ад якога ў мяне скаланаецца сэрца, і ўскоквае. Ён выцягвае з зямлі свае босыя, без ботаў, ногі, і, хістаючыся, вылазіць з акопа да нас. Кулямёта яго не відаць.

— Да д'ябла сядзець! Прарывацца! Хопіць трываць! Чуеш? — крычыць і лаецца ён, увальваючыся ў наша разбуранае сховішча. Я закусваю вусны і нейкі час не магу сцяміць, што сталася з ім, а хлопец хапае ля маіх ног гранаты, Люсін аўтамат.

— Выбірацца адсюль! Даволі! Прарывацца! Ну?! — крычыць ён і кідаецца на бруствер.

— Стой!

Я хапаю яго за нагу, ён падае ў сховішча, крутнуўшыся, ускоквае на калені і ўпірае ў мяне асалавелы ад гора і нянавісці позірк.

— Ага! І ты! І ты з-за яе? І табе яна люба? Геройства трэба? Геройства! Той у тыле герой! А ты — тут! Гэта яна ўсё нарабіла, — размахваючы кулакамі, крычыць ён да Люсі; на вуснах яго пена. — Чаго ты прыбегла? Каго ты шкадуеш? Яго? Нас? Ты — мучыцелька! Гадаўка ты, от! Ух, усе сволачы! Гады!

Гэтага я не чакаў. Гэта не слабасць — гэта шаленства, агіднасць і дурасць. Ён звар'яцеў. У мяне ўзнімаецца ўнутры гняўлівая злосць на яго і таксама сціскаюцца кулакі. Але ж немцы! Я зноў выглядаю — немцаў ужо няма, — частка іх з тых падбітых на дарозе машын, пэўна, ужо прарвалася ў лагчыну ў наш тыл, у фланг палка… Тады і кідаюся да хлопца і хапаю яго за плячо.

— Сціхні! — крычу я таксама нервова, паддаючыся яго шаленству. — Змоўкні. Ачумеў, дурань!..

У чорных ашалелых Крывёнкавых вачах жах і безразважнасць, стоячы на каленях, ён выпучвае грудзі, хрыпіць і насядае на мяне.

— Ага! Біць? Бі!!! Страляй!!! На, страляй!!! На!

Ён ірве на грудзях гімнасцёрку; трэснуўшы, тая распаўзаецца да самага падола, затым яго дрыготкія пальцы шкуматаюць сарочку. Я хапаю яго за грудзі, прыціскаю да сцяны сховішча, ён тузаецца пада мной, ірвецца і раптам сціхае. Рукі яго бяссільна ападаюць, і цела скаланае бязгучны ўнутраны плач. Я штурхаю яго на дол, прэч ад сябе, і сядаю ўбок. Дзве слязіны скочваюцца па запалых Люсіных шчоках, яна не выцірае іх і не саромеецца, толькі з нямым крыўдлівым дакорам глядзіць на Крывёнка, які нерухома ляжыць, уткнуўшы твар у зямлю.

— Герой! — ледзьве стрымліваючы злосць, кажу я са здзекам. — Прарвацца! Куды ты прарвешся? На той свет? Эх ты!

— Піць!.. — аднымі вуснамі шэпча тым часам Лук'янаў. — Піць…

Люся ўздрыгвае, сціскае сківіцы, на яе схуднелых замурзаных шчоках праступаюць жаўлакі. А побач варушыцца, упіраецца локцямі ў зямлю немец. Ён, здаецца, спрабуе ўстаць, павярнуцца, але гэта яму не ўдаецца, і тады ён роспачна просіць:

— Васэр! Айн шлюк васэр! Паўль!..

Люся сціскаецца ў камячок і курчыцца пад адным трошкі ўцалелым бокам нашага сховішча. У вялікіх яе вачах нейкі роздум, боль і зняменне.

Паляжаўшы з хвіліну, паднімаецца, сядае Крывёнак. Чорная, з раскудлачанымі валасамі ягоная галава падае на рукі, бяссільна пакладзеныя на калені. Я гляджу на яго босыя ногі, на плечы з адарванымі пагонамі. Рукаў ніжэй пляча рассечаны асколкам, на баку мокрая крывавая пляма. Хваляванне і трывога не даюць мне даўмецца, што ўсё ж сталася з хлопцам, які заўсёды быў цвёрды, разумны і ў цяжкую хвіліну паводзіў сябе як трэба. Няўжо гэта нервы? Цяпер ён аслабелы, бездапаможны, я адчуваю гэта, але не хачу супакойваць, угаворваць яго. На яго аслабеласць — ведаю я — трэба больш строгасці, патрэбна суровасць. Але мне некалі дадумваць усё гэта — я баюся, каб да нас блізка не падышлі немцы, і кідаюся да разбітага бруствера.

Навокал агнявой — пыльная земляная дрыгва. Увесь бліжэйшы травяністы абшар перакапаны, нібы яго парыў статак нейкіх вялізных дзікоў, — скрозь варонкі, земляныя вывараціны. Немцаў ужо нідзе не відаць.

— Ладна, усё! — паспакайнела, але ўсё яшчэ нервова кідае Крывёнак. — Што рабіць будзем? Кулямёта няма.

— А што рабіць? — як мага спакайней пытаюся я. — Вылезеш — тут цябе і пакладуць. Навек! А з ім як быць? — ківаю я на Лук'янава.

Я, мабыць, не менш, чым ён, намагаюся цяпер, каб як утрымаць сябе ў стане раўнавагі, трывожнае адчуванне не зменшылася, ведаю — небяспека ад нас не аддалілася.

— Мне чорт з ім — гінуць, дык гінуць. Толькі за таго не хачу. Не хачу! — кажа Крывёнак, і ягоны голас зрываецца на крык.

— Чаму гэта за яго? Ты за каго ваюеш?

— Як за каго? За сябе! За каго я павінен ваяваць?

— Мала, відаць, з табой палітзаняткаў праводзілі.

Вы читаете Трэцяя ракета
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату