Гэта было ў адзін з перадваенных дзён на беразе Соны паблізу Турню. Мы выбралі, каб паснедаць, харчэўню з дашчанай тэрасай, якая навісла над самай ракой. Мы паселі за простым драўляным сталом, скрэмзаным нажамі, і заказалі дзве чаркі перно. Твой доктар забараніў табе спіртное, але часам ва ўрачыстых выпадках ты ішоў на падман. Гэта быў якраз такі выпадак. Мы не ведалі самі чаму, але гэта было так. Нас перапаўняла радасць, прычына якой была меней няўлоўная, чым матэрыя святла. I ты рашыўся выпіць чарку перно. I таму што за некалькі крокаў ад нас два воднікі разгружалі шаланду, мы запрасілі іх да нашага стала. Мы паклікалі іх з тэрасы. I яны прыйшлі. Яны проста ўзялі і прыйшлі. Нам здалося, што будзе выключна натуральна паклікаць іх, — магчыма, таму, што нас перапаўняла свята. Было так відавочна, што яны адгукнуліся на наша запрашэнне. I мы чокнуліся!

Свяціла сонца. Яго цёплае мядовае святло залівала таполі на другім беразе і ўсю даліну да самага далягляду. Мы ўсе больш і больш весялелі, хоць па-ранейшаму не разумелі чаму. Проста ў прыродзе сонца было свяціць, у прыродзе ракі — цячы, трапезы — быць трапезай, воднікаў — адказаць на наш покліч і служанкі — абслугоўваць нас з такой бязмежнай прыязнасцю, нібыта яна вяла нейкае вечнае застолле. Мы ўпіваліся асалодай міру, нас ахоўвала ад уварвання хаосу ўся дасканаласць цывілізацыі. Нас перапаўняла нейкае невымоўнае задавальненне, спраўдзіліся ўсе нашы жаданні, нам ужо не было чаго хацець яшчэ. Мы адчувалі сябе чыстымі, шчырымі, светлымі і паблажлівымі. Мы не змаглі б адказаць, якая ісціна паўстала перад намі ва ўсёй відавочнасці. Але пачуццё, якое апанавала намі, было пачуццём упэўненасці. Амаль ганарлівай пэўнасці.

Так праз нас выяўляўся добры пачатак сусвету. Стварэнне туманнасцей, зацвярдзенне планет, зараджэнне першых жывых клетак, грандыёзная работа жыцця, якая прывяла ад амёбы да чалавека, — усё шчасліва знітавалася, каб расцвісці ў нас гэтай незвычайнай радасцю! Гэта было немалой удачай.

Так мы ўпіваліся асалодай ад маўклівага ўзаемаразумення і амаль рэлігіёзнай урачыстасці нашай трапезы. Нас закалыхвалі свяшчэннадзейныя рухі служанкі, і мы чокаліся з воднікамі, быццам прыхільнікі аднаго культу, хоць мы і не змаглі б сказаць якога. Адзін з воднікаў быў галандзец. Другі немец. Ён некалі ўцёк ад нацыстаў, якія праследавалі яго як камуніста, ці трацкіста, ці католіка, ці яўрэя. Не магу ўжо прыпомніць, пад якой этыкеткай падвяргаўся ганенням гэты чалавек. Ён быў сама сутнасць. I толькі гэтая чалавечая сутнасць мела значэнне. Ён проста быў сябар. I паміж намі, сябрамі, панавала згода. Ты быў згодны. Я быў згодны. Воднікі і служанкі былі згодныя. Згодныя ў чым? У выбары перно? У разуменні сэнсу жыцця? У адчуванні пяшчоты дня? Мы не змаглі б адказаць на гэтыя пытанні. Але гэтая згода была такая поўная, такая трывалая і глыбокая, яна адносілася да нейкага запавету, такога відавочнага ў сваёй сутнасці, хоць і нявыказанага словамі, што мы ахвотна згадзіліся б умацавацца ў гэтым бараку, і вытрымалі б тут асаду, і прынялі б смерць са зброяй у руках — дзеля выратавання гэтай сутнасці.

Якой сутнасці?.. Вось тут і паспрабуй вытлумачыць! Спрабуючы выказаць тое, што мне хочацца, я баюся перадаць не галоўнае, а толькі яго водбліск. Бязрадныя словы могуць не ўхапіць маю ісціну. Я рызыкую быць незразуметым, калі скажу, што мы ахвотна прынялі б бой дзеля выратавання своеасаблівай усмешкі воднікаў, і тваёй усмешкі, і маёй, і ўсмешкі служанкі — гэтага цуду, створанага сонцам, якое столькі мільёнаў гадоў шчыравала, каб у нас магла нарадзіцца своеасаблівая ўсмешка — даволі ўдалае завяршэнне ягонай працы.

Галоўнае часцей за ўсё бязважкае. Тут самае галоўнае нібыта ўвасаблялася ва ўсмешцы. Усмешка часта бывае самым галоўным. Усмешкай расплачваюцца. Усмешкай дзякуюць. Усмешкай вяртаюць да жыцця. Часам з-за ўсмешкі ідуць на смерць. I таму, што гэтая асаблівая ўсмешка вызваляла нас ад страху перад часам і абдорвала нас пэўнасцю, надзеяй, мірам, мне трэба сёння намагчыся як мага лепей выказаць свае думкі, прыгадваючы гісторыю другой усмешкі.

IV

Гэта адбылося ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі, дзе я працаваў тады рэпарцёрам. Я меў неасцярожнасць без адпаведнага дазволу прысутнічаць а трэцяй гадзіне ночы на адной з таварных станцый пры пагрузцы нейкай сакрэтнай тэхнікі. Мітусня і паўзмрок, здавалася, спрыялі маёй нясціпласці. Але я здаўся падазроным анархісцкім міліцыянерам-апалчэнцам.

Усё адбылося надзвычай проста. Я і апамятацца не паспеў, як яны ціха, крадком падышлі і цесна абступілі мяне, быццам заціснулі ў кулак. Дула карабіна злёгку ўперлася мне ў жывот, і цішыня паказалася мне шматзначнай. Я падняў рукі.

Я заўважыў, што іх погляды прыкаваны не да майго твару, а да гальштука (мода анархісцкага прадмесця не прызнавала гэтай раскошы). Цела маё сцялося. Я чакаў стрэлу, — гэта былі часы, калі суд і расправа чыніліся на месцы. Але стрэлу не паследавала. Прайшло некалькі секунд абсалютнай пустаты, мне здавалася, што брыгада грузчыкаў у нейкім іншым свеце выконвае казачны балет, — і мае анархісты лёгкім кіўком галавы загадалі мне ісці паперадзе іх, і мы нетаропка пайшлі цераз пад'язныя пуці. Мой арышт адбыўся пры поўнай цішыні і надзвычайнай скупасці рухаў. Гэтак паводзіць сябе падводная фауна.

Неўзабаве мяне прывялі ў склеп, перароблены ў каравулку. Пры цьмяным святле нягеглай керасінавай лямпы некалькі апалчэнцаў драмалі на лаўках, заціснуўшы ў каленях карабіны. Абыякавымі галасамі яны абмяняліся некалькімі словамі з маімі канвойнымі. Адзін з іх мяне абшукаў.

Я гавару па-іспанску, але каталонскай мовы не ведаю. Аднак я зразумеў, што яны патрабуюць мае паперы. Я забыўся іх у гатэлі. Я растлумачыў: «Гатэль… Журналіст…» — без аніякай упэўненасці, што мае словы ім што-небудзь скажуць. Апалчэнцы з рук у рукі перадавалі мой фотаапарат — як рэчавы доказ. Некалькі апалчэнцаў з тых, што расслаблена драмалі на кульгавых лаўках, з позяхам усталі і з выглядам дакукі прыперліся плячыма да сцяны.

Бо тут панавала дакука. Дакука і санлівасць. Пільнасць гэтых людзей, як мне здалося, была вычарпана дарэшты. Я, бадай, узрадаваўся б праяўленню нават варожасці як знаку чалавечага стасунку. Але яны не уганаравалі мяне ніякім праяўленнем гневу ці хоць бы асуджэння. Некалькі разоў я намагаўся выказаць па- іспанску свой пратэст. Але мае пратэсты падалі ў пустату. Ніяк не рэагуючы, апалчэнцы глядзелі на мяне, быццам на кітайскую рыбку ў акварыуме.

Яны чакалі. Чаго яны чакалі? Вяртання аднаго з сваіх? Світання? Я падумаў: «Можа, яны яшчэ не прагаладаліся?..»

I яшчэ я думаў: «Яны гатовы зараз учыніць несусветнае глупства! Смех, дый годзе!..» Пачуццё, якое адчуваў я, было не так страх, як агіда да бяссэнсіцы таго, што мелася адбыцца. Я думаў: «Калі яны раскачаюцца, калі ім захочацца дзейнічаць, яны стрэляць!»

Ці мне сапраўды пагражала небяспека, ці не? Ці яны ўсё яшчэ сумняваліся, што я не дыверсант, не шпіён, а журналіст? Што мае паперы ў гатэлі? Ці яны ўжо прынялі нейкае рашэнне? Тады — якое?

Я нічога не ведаў пра іх, апрача таго, што яны без асаблівых згрызот сумлення расстрэльвалі людзей. Авангардысты, да якой бы яны партыі ні належалі, палююць не на людзей (чалавек у яго сутнасці для іх не мае значэння), а на сімптомы. Ісціна, якая пярэчыць іхняй догме, успрымаецца імі як заразная хвароба. Пры выяўленні сумніцельнага сімптому, заразнага адпраўляюць у ізалятар. На могілкі. Вось чаму мне падаўся такім злавесным допыт, які яны ўсчыналі зноў і зноў і з якога я ніяк не мог уцяміць, што ім ад мяне трэба. Маё жыццё разыгрывалася ў рулетку. I вось чаму ўва мне раптам узнікла дзіўная патрэба супрацьпаставіць усяму гэтаму хоць нешта рэальнае, выказаць сябе хоць бы крыкам, каб яны прызналі мяне ў маёй сапраўднай сутнасці. Сказаць, напрыклад, колькі мне гадоў! Гэта ж так важна — узрост чалавека! Гэта вынік усяго яго жыцця. Сталасць — яна прыходзіць з гадамі. Яна ствараецца шляхам пераадолення столькіх цяжкіх немачаў, шляхам столькіх перажытых пакут, пераадоленых адчаяў, у змаганні са столькімі небяспекамі, большасць з якіх засталася нават неўсвядомленай. Яна з'явілася вынікам столькіх жаданняў, надзей, жаляў, забыванняў, каханняў. 0, гэта такі ўнушальны багаж вопыту і ўспамінаў — узрост чалавека! Нягледзячы на пасткі, калдобіны і ўхабіны, чалавек, як добра зладжаны вазок, рухаўся наперад. I вось дзякуючы ўпартаму збегу шматлікіх шчаслівых абставін ён апынаецца тут — перад вамі. Яму трыццаць сем гадоў. I гэты вазок, калі дасць бог, пацягне і далей цяжар успамінаў. Я думаў: «Вось да чаго я дажыўся. Мне трыццаць сем

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×