Праз хвiлiну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, i побач я дапiсваю:
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлiвасьць i надзейнасьць.
- Гамсахурдзiя - наш чалавек, - уголас прамаўляю я, дажоўваючы апошнi кавалак гумовага хачапуры й запiваючы яго апошнiм глытком Боравага цынандалi, у чыiм непаўторным букеце яўна прысутнiчае хлёрка.
Няроўны белы язык хвалi лiжа мой надпiс. На пяску застаецца толькi:
НАШ БЕЛАРУСЬ!
Даволi доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскiм акцэнтам. Потым падымаюся i йду да Боры.
Надыходзiць чульлiвая хвiлiна разьвiтаньня. Я люблю Бору Гальперашвiлi й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусiм кароткi.
- Калi ты прыедзеш у Беларусь, - кажу я, - цябе будуць зваць Гальпяровiч.
Не азiраючыся, каб не пусьцiць скупую мужчынскую сьлязiну, я йду ў авiякасу.
Лiстапад, 1991 г.