- Пайшоў ты на х... - прыцiшана адрэзаў выкладчык навуковага камунiзму...

Цяпер мне здаецца, што забег галяком да жаночага душа - неабходны этап у кар'еры любога выкладчыка навуковага камунiзму. Такiя подзвiгi не мiнаюцца марна.

Трэба сказаць, што жыццё ў Канапацкага пасля яго сустрэчы з распаранай Верай Кропелькай склалася значна больш удала, чым лёс Юлiкавага суседа па пакоi Артура Завалiшына пасля рандэву з выкладчыцай гiсторыi сярэднявечча Русаковай.

Неяк у зiмовую сесiю Арцiк здаваў ёй залiк адным з апошнiх. Маладая дацэнтка паглядзела на рослага бландзiна са значком першаразраднiка на штрыфелi, потым задуменна зiрнула ў вакно, за якiм гусцела бэзавае сутонне, i, распiсаўшыся ў залiкоўцы, папрасiла студэнта правесцi яе дахаты, бо жыла ў слабаасветленым мiкрараёне.

У слабаасветленым мiкрараёне нядаўна разведзеная дацэнтка ўзяла Арцiка пад руку i не адпусцiла ўжо да самых дзвярэй кватэры, за якiмi перад студэнтам узнiк спачатку каньяк, а затым i выкладчыца - ужо ў нечым эфiрна-празрыстым.

Другi акт здачы залiку прайшоў настолькi паспяхова, што Завалiшын пачаў днямi не з'яўляцца ў iнтэрнаце, насiць мадняцкiя кашулi i курыць 'Mаrlbоrо'. На ўсе роспыты ён, як i было загадана, адказваў, што знаходзiцца на спартовых зборах.

Аднак шчаслiвы ўдзельнiк збораў, у якога ўжо нiколi не павiнна было ўзнiкнуць праблемаў з вывучэннем гiсторыi сярэднiх вякоў, на жаль, не збярог свайго шчасця. Ён распiўся, пахвалiўся сябрам спартовымi поспехамi i пачаў дазваляць сабе выказваннi накшталт: 'Пайду я сваю старушку трахну'.

Зайздроснiкi i зласлiўцы зрабiлi сваю справу. На экзамене ў дацэнта Русаковай Арцiк адхапiў такi непахiсны дваяк, што так i не здолеў пераздаць курс нi сваёй 'старушке', нi камiсii, а таму апынуўся спярша на завочным аддзяленнi, а потым i ўвогуле кудысьцi запаветрыў.

Нядаўна адзiн наш былы аднакурснiк нiбыта апазнаў Завалiшына ў верхаводзе рэкецiраў, што адбiралi даляры ў суайчыннiкаў на польскiм баку мяжы. Калi гэта сапраўды быў колiшнi спецыялiст па гiсторыi сярэднявечча, дык на сваёй слiзкай сцежцы ён мае выдатную магчымасць раней цi пазней сустрэцца з падпалкоўнiкам беларускай мiлiцыi Вiктарам Кiшко, якi, па чутках, сваю другую зорку атрымаў за паспяховую барацьбу з тымi, хто напрыканцы васьмiдзесятых размахваў на пляцах бел-чырвона-белымi сцягамi i змагаўся з навукаю, якую выкладаў Юлiк Канапацкi.

Вера Кропелька, паводле адных звестак, выйшла пасля ўнiверсiтэта замуж за мадагаскарскага князя, а паводле iншых - за лепельскага сельгастэхнiка. Будзьма спадзявацца, што ў кожным разе - цi то ў мадагаскарскiм гамаку з матрацам са стравусавага пуху, гледзячы ў цёмнае, як дзёгаць, паўднёвае неба з чужымi сузор'ямi, цi то на мулкiм лепельскiм ложку вытворчасцi сумеснай беларуска-габрэйскай фiрмы з адраджэнскай назваю 'Пагоня', з якога вiдаць толькi нiзкая столь стандартнай блочнай кватэры, - Вера належыць выключна свайму мужу. Магчыма, пры гэтым яна настальгiчна прыгадвае будучага (i ўжо былога) выкладчыка навуковага камунiзму Юлiка Канапацкага, што аднойчы як генiй чыстага хараства ўзнiк перад ёю на парозе ўбогага, аздобленага арабескамi цвiлi iнтэрнатаўскага душа. Магчыма, менавiта гэты ўспамiн у цемры задушлiвай мадагаскарскай ночы наймацней лучыць Веру з далёкай халоднай радзiмаю.

Звесткi пра Нiну Мароз больш пэўныя. Яна стала жонкаю афiцэра-танкiста, якога закiнулi выконваць iнтэрнацыянальны абавязак у Афганiстан.

Пра мужа мне расказала сама Нiна, калi мы сустрэлiся ў горадзе нашага дзяцiнства i зайшлi ў кавярню 'Буслы'. Я даведаўся, што муж два разы прыязджаў у адпачынак i прывёз цэлы склад афганскiх кажушкоў i японскай апаратуры, што ёй здаецца, быццам ён колецца наркотыкамi, спiць з афганкамi марксiсцкай арыентацыi i хоча яе, Нiну, кiнуць, а можа, проста хоча загiнуць - падарвацца пасля карнай акцыi на мiне або нырцануць у туманную горную цяснiну на збiтым верталёце.

Пасля кавярнi мы слухалi прывезены з Афгана магнiтафон, i неяк само сабой здарылася тое, што калiсьцi не ўдалося мне ў кiнатэатры 'Космас'. Мая рука апынулася на цёплым i яшчэ не пастарэлым, у адрозненне ад твару, Нiнчыным калене i лёгка слiзганула вышэй.

- Я хачу на падлозе, - сказала, пазiраючы некуды ўбок, Нiна.

Мы любiлi адно аднаго на мяккiм, вiдаць, таксама трафейным варсiстым дыване пад зялёным таршэрам. Яе вялiкая радзiмка на левай шчацэ калолася трыма падстрыжанымi валаскамi, яе рукi i ногi ўмела абдымалi мяне, а вусны шапталi не заслужаныя мною пяшчотныя словы. Да зялёнага круга таршэравага святла падышоў i спакойна назiраў за намi персiдскi кот, а мой позiрк зноў i зноў натыкаўся на пакiнутыя танкiстам пасля адпачынку крывыя нажы, i я не мог пазбыцца думкi, што якраз такiмi нажамi дабiвалi недзе пад Гератам майго найлепшага школьнага сябра Юрку.

Ад таго вечара, калi нам з Нiнаю свяцiў зялёны таршэр, заставалася гады два да той пары, калi скасавалi навуку Юлiка Канапацкага, а правадыру працоўных, што стаяў каля нашай школы, нехта адбiў нос. Рыба нiякага дачынення да гэтага не меў, бо працаваў партыйным сакратаром у закрытым казахстанскiм горадзе, адкуль нешта запускалi, i горка шкадаваў пра iдэалагiчна грэшнае дзяцiнства, што не дазваляла iсцi ўгару хутчэй, чым атрымлiвалася.

Што да носа Ўладзiмiра Iльiча, дык яму зляпiлi i прымацавалi новы, аднак у зiмовыя маразы ён сам сабою адвалiўся, што дало злым языкам магчымасць успомнiць брыдкую правадырову хваробу. Урэшце гарадскiя ўлады стварылi камiсiю, i тая выдала даведку пра нiзкую эстэтычную каштоўнасць манумента. У экспертным акце фiгуравала адметная фраза: 'У памятника утрачен нос'.

Карацей, ад Уладзiмiра Iльiча, як за трыццаць гадоў да гэтага ад Iосiфа Вiсарыёнавiча, што ўзвышаўся з другога боку школы, засталося адно ўтравелае ўзножжа.

А шкада, няхай бы правадыры стаялi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату