Вас было таксама. Там я чытаў спецкурс — па-сутнасці выкладаў змест сваіх «Очерков». Зараз у мяне ляжыць рукапіс, які завецца «Введение в изучение белорусско-литовского летописания». Я пастараўся зрабіць яго ў тым стылі, у якім напісаныя «Очерки». Кажучы больш дакладна, я шмат увагі звярнуў на тое, хто быў заказчыкам летапісаў, дзе (хаця б прыкладна) яны пісаліся, як і калі трапілі ў тыя кнігасховішчы, у якіх знаходзяцца цяпер. Асобны раздзел складае дослед пра гарадскія хронікі (віцебскія, магілеўскія і слуцкая, усё гэта ў сувязі з гісторыяй новых гарадоў). Зважаючы, што лекцыі патрэбны ня так мне, як студэнтам, можа Вы яшчэ ўдакладніце, што было б для іх больш пажадана. Калі мы змовімся з Вамі па ўсіх пунктах, напішыце ліст у дырэкцыю, гэта лічыцца абавязковым. Паведаміце мне адрас Чапко.
Я прачытаў Вашу праграму. Ня ведаю, як яна розніцца да праграм педінстытутаў. Ведаю толькі на практыцы, што праграма гэта добра, але сутнасць — што ў яе ўкладаецца.
Мне здаецца, што калі б Вы наступную кнігу напісалі пра Нясвіж як культурны цэнтр, то гэта было б надта добра. Трэба нашай публіцы, перш за ўсё беларусам, паказаць, якія ў нас былі вялізныя культурныя каштоўнасці, і як мы збяднелі зараз. Сам я ўсё сватаю дзве тэмы: бежанства 1915 г. (пра гэта размова была і тут, і ў Мінску з Танкам і Брылём, і ўсё марна), а другая — ваяводы. Тры ваяводы (з тых, што я ведаю — Завіша, Храпавіцкі і Матушэвіч) пакінулі дзённікі ці мемуары, — адно гэта чаго вартае. У мсціслаўскага ваяводы Хамінскага захоўваўся Ольшаўскі рукапіс. Таксама акалічнасць, вартая ўвагі. Наогул, гэта і фігуры цікавыя, і варта было б ведаць, які ж быў народ.
7.ІV.1979.
Улашчык.
Калі надыходзяць вясеннія месяцы, то заўсёды ўспамінаюцца дзіцячыя гады, жаўранкі, шпакі, буслы, пачынаюць крактаць жабы і інш.
У 3 нумары «Вопросов литературы» кароткія тэксты выступленняў пры абмеркаванні гісторыі літаратуры. Там і мае тры грошыкі.
М.А. Ткачову
Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!
Пішу адказ на Ваш цікавы ліст. Калісь, у 1948-49 г. я быў выкладчыкам у Маскоўскім універсітэце, і хоць мне і да таго, і пасля давялося шмат працаваць, але такім занятым я ня быў ніколі. Тое ўсё давядзецца перажыць некалькі гадоў і Вам, аж пакуль ня выпрацуецца нейкі нібы трафарэт, калі будуць зробленыя канспекты ўсіх лекцый і г.д.
Пра студэнтаў, якім абы скончыць, гаварыць ня будзем, а пра тых, з якіх нешта будзе, трэба клапаціцца. Я тут бачу добрую практыку ў студэнтаў Гістарычна-архіўнага інстытуту (ці ня большасць супрацоўнікаў нашага Інстытуту дасавецкага часу вышлі з гэтага Інстытуту). Дбайныя студэнты з першага ці другога курсу бяруць тэмы, якія пазней робяцца курсавымі, а яшчэ пазней дыпломнымі, а пасля дысертацыямі. Добра, каб і ў Вас пайшло так.
Якія варта даваць тэмы? Тут шмат што ўпіраецца ў польскую мову. Абавязкова трэба прымушаць перспектыўных студэнтаў вучыць польскую мову, бо бяз гэтага надта шмат крыніц нельга ім рэкамендаваць. Дарэчы, трэба ўвесь час тлумачыць, што вывучыць мову проста. Колькі ўжо чуў, ды і на сабе выпрабаваў, што трэба пачынаць чытаць Сянкевіча, яго трылогію ў арыгінале, іншае прыкладзецца. Трэба рэкамендаваць і нямецкую, бо ў свой час у Караляўцы (Кёнігсбергу) вышла шмат капітальных прац, якія нам трэба ведаць.
Канкрэтна, што магу параіць. Думаю, што ў першую чаргу варта скарыстаць тыя тамы «Актаў» Віленскай камісіі, у якіх змешчаныя дакументы пра Горадню і Гарадзеншчыну (Тамы 1, 5, 7, 17, 21, 22, 24). Вельмі цікавы і змястоўны матэрыял пра Гарадзеншчыну знаходзіцца ў «Пісцовай кнізе Гарадзенскай эканоміі» (Т. 1,2). З гэтых публікацый трэба выбраць штось адно, ня надта вялікае, каб было па сілах студэнтам, а разам каб у іх з’явіўся імпэт да даследчыцкай працы.
З таго, што я перабіраў, лічу больш цікаваю «Кнігі расходаў і даходаў Магілёўскага магістрату». Там можна выдзяліць такія тэмы, як розныя святы, звычаі таго часу, грашовую сістэму, дзейнасць магістрату і шмат чаго іншага. У серыі «ИЮМ» ёсць матэрыялы пра Пасожжа і наогул пра Ўсходнюю Беларусь.
Вельмі драматычныя і цікавыя звесткі (пэўна гэта знойдзе дарогу ў друк) будуць пра чараўніцтва. Дарэчы, пра гэта пісаў толькі Доўнар-Запольскі. Вельмі цікавыя і драматычныя матэрыялы пра копныя суды.
Статуты цэхаў, думаю, варта было б даваць на старэйшых курсах, на першых яны будуць здавацца сухімі.
За запрашэнне дзякуй, але ў мяне том летапісаў пайшоў у друкарню, і таму, пакуль ня будзе падпісаны сігнал, я як прывязаны тут. А ў Горадні, асабліва ў Пышках, вельмі хораша.
У рэцэнзіі на аўтарэферат Ігнаценкі я напісаў, што дарма аўтар выказваецца проці Каяловіча, бо па сутнасці паміж Каяловічам і Ігнаценкам розніцы няма. Пра тое, што Ігнаценку выратаваў Капыскі, ня чуў. Сам я ў той час ляжаў у бальніцы, свой водгук перадаў. Мне сказалі, што яго прачыталі, але адразу здалося, што чыталі толькі маленькія кавалкі, апускаючы сутнасць.
Баяўся, каб у Вільні Каханоўскага не завалілі, бо Тышкевічы і Кіркар — беларускія даследчыкі — там падтрымкі не сустракаюць. Харашкевіч завецца Анна Леанідаўна. Яе адрас такі: Москва, 121, Рублевское шоссе, 93-1-31.
Зараз выйшаў другі выпуск.
«История СССР» адмовілася друкаваць рэцэнзію на Вашыя «Замкі», бо [яны] маюць ужо надта шмат рэцэнзій. Дамовіўся з «Вопросамн нсторнн», калі не зманяць.
1.VI.1979.
У нас спякота. З вясны не было ніводнага дажджу. З-за летапісаў нікуды нельга рушыцца. Блінова прыслала свой аўтарэферат.
А.П. Грыцкевічу
Дарагі Анатоль Пятровіч,
Шкада, што ня ўбачыліся. Я некалькі разоў званіў Вам, але кожнага разу Вас не было дома.
Адносна далейшых доследаў. Пры тым, што мы так кепска ведаем сваю гісторыю, тэмаў надта ж многа. Думаю, што Вам варта было б пераходзіць на іншую тэматыку. Калі браць з таго, што Вы найлепш ведаеце,