Казка пра старога кенгуру
Не заўсёды Кенгуру быў гэтакі, як цяпер, а быў ён Інакшы — Маленькі і на чатырох нагах. Ён быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы. Ён скакаў па камяністых пагорках у самай сярэдзіне Аўстраліі і аднойчы з'явіўся перад Малодшым Богам па імені Нка.
З'явіўся ён да Нка ў шэсць перад снеданнем і кажа:
— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывёлін, ды не пазней як да пяці гадзін дня.
Усхапіўся Нка са свайго пясочнага трона і закрычаў:
— Ідзі прэч!
А Кенгуру быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы: ён паскакаў на скалістым выступе ў самай сярэдзіне Аўстраліі і падаўся да Сярэдняга Бога Нкінга.
З'явіўся ён да Нкінга ў восем пасля снедання і кажа:
— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывёлін і каб мяне ведалі ўсюды, ды не пазней як да пяці гадзін дня.
Выскачыў Нкінга са сваёй нары ў гушчары і закрычаў:
— Ідзі прэч!
А Кенгуру быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы: ён паскакаў на пясчанай водмелі ў самай сярэдзіне Аўстраліі і падаўся да Старшага Бога Нконга.
З'явіўся ён да Нконга ў дзесяць яшчэ да абеду і кажа:
— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывелін і каб мяне ведалі ўсюды і ўвесь час за мною ганяліся, ды не пазней як да пяці гадзін дня.
Выскачыў Нконг са сваёй ванны ў саляным азярцы і закрычаў:
— Хай будзе па-твойму!
Паклікаў Нконг Дынга — Жоўтага Сабаку Дынга, вечна галоднага і вельмі запыленага, што было прыкметна на сонцы, — і паказаў яму на Кенгуру. І Нконг сказаў:
— Дынга! Прачніся, Дынга! Ты бачыш гэтага скакуна каля кручы? Ён хоча, каб яго ведалі ўсюды і ўвесь час за ім ганяліся. Выканай яго жаданне, Дынга!
Усхапіўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга — і спытаў:
— Вось гэтага — не то ката, не то труса?
І рвануўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга, вечна галодны, з разяўлянай чорнай зяпай, падобнай на вядзерца для вугалю, — і рынуўся на Кенгуру.
А фанабэрлівы Кенгуру кінуўся наўцекі на ўсіх сваіх чатырох лапах, быццам якое-небудзь трусяня.
На тым, мой любенькі, і канчаецца першая частка гісторыі!
Кенгуру бег па пустыні; ён бег цераз горы; бег цераз высахлыя саляныя азёры; бег праз чараты; бег праз зараснікі эўкаліптаў; бег праз калючыя хмызнякі; бег, пакуль у яго не забалелі пярэднія лапы.
Нічога не зробіш — давялося!
Бег і бег Дынга — Жоўты Сабака Дынга, вечна галодны, з разяўленай вастразубай, падобнай на пастку, зяпай; ён не набліжаўся і не адставаў, а ўсё імчаўся за Кенгуру.
Нічога не зробіш — давялося!
Бег і бег Кенгуру — Стары Кенгуру. Ён бег праз зараснікі дрэў; бег праз зараснікі кустоў; бег па высокай траве; бег па нізкай траве; бег цераз тропікі Рака і Казярога; бег, пакуль у яго не забалелі заднія лапы.
Нічога не зробіш — давялося!
Бег і бег Дынга — Жоўты Сабака Дынга, яшчэ больш галодны, чым заўсёды, з разяўленай зяпай, падобнай на конскі хамут; ён не набліжаўся і не адставаў, і гэтак яны хутка дабеглі да ракі Валгонг.
А там не было ні моста, ні парома, і Кенгуру не ведаў, як яму перабрацца на другі бок; і ён стаў на заднія лапы і пераскочыў.
Нічога не зробіш — давялося!
Ён скакаў па зямлі, ён скакаў па попеле, ён скакаў цераз пустыні ў самай сярэдзіне Аўстраліі. Ён скакаў, як сапраўдны Кенгуру.
Спачатку ён скокнуў на ярд; потым скокнуў на тры ярды; потым скокнуў на пяць ярдаў; а лапы ўсё дужэлі, а лапы ўсё даўжэлі. Ён не меў часу адпачыць і падмацавацца, хоць яму гэта было вельмі трэба.
Бег і бег Дынга — Жоўты Сабака Дынга, страшэнна галодны і зусім збіты з панталыку, і ўсё больш дзівіўся: чаго гэта Стары Кенгуру надумаўся гэтак скакаць?
А скакаў ён, як конік, як гарошына ў рондалі або новы гумавы мячык па падлозе ў дзіцячым пакоі.
Нічога не зробіш — давялося!
Ён падкурчыў пярэднія лапы, ён скакаў на задніх; для раўнавагі ён абапіраўся на хвост і гэтак перамахнуў цераз Пагоркі Дарлінга.
Нічога не зробіш — давялося!
Бег і бег Дынга — Стомлены Сабака Дынга, страшэнна згаладалы і зусім збіты з панталыку, і ўсё больш дзівіўся: калі ж нарэшце Стары Кенгуру надумае спыніцца?
Тут вылез Нконг са сваёй ванны ў саляным азярцы і сказаў:
— Ужо роўна пяць гадзін.
Апусціўся на зямлю Дынга — Небарака Сабака Дынга, вечна галодны і вельмі запылены, што было прыкметна на сонцы, — высалапіў язык і завыў.
Апусціўся на зямлю Кенгуру — Стары Кенгуру, — сеў на свой хвост, як на табурэтку, і сказаў:
— Дзякуй Богу, скончылася!
І тады Нконг, які быў вельмі выхаваны, прамовіў:
— Хіба ты не адчуваеш удзячнасці да Жоўтага Сабакі Дынга? Чаму ты не дзякуеш яму за ўсё, што ён для цябе зрабіў?
І тады сказаў Кенгуру — Стары Стомлены Кенгуру:
— Ён прагнаў мяне з родных мясцінаў; ён не даў мне своечасова паесці; ён так змяніў маё аблічча, што такім, як я быў, я ўжо не буду; ён урэшце знявечыў мае лапы.
І тады сказаў Нконг:
— Калі не памыляюся, ты прасіў мяне зрабіць цябе непадобным на ўсіх астатніх жывёлін, а яшчэ, каб за табою ўвесь час ганяліся. І цяпер якраз пяць гадзін.
— Праўда, — сказаў Кенгуру. — Лепей бы я гэтага не прасіў! Я думаў, ты здзейсніш гэта чарамі і заклінаннямі, а так — гэта сапраўдны здзек.
— Здзек, кажаш?! — выгукнуў Нконг са сваёй ванны ў зарасніку сініх эўкаліптаў. — Паўтары адно, я свісну Сабаку Дынга — тады ты застанешся і без задніх лапаў!
— Не трэба! — сказаў Кенгуру. — Давядзецца мне папрасіць прабачэння. Што ж, лапы — як лапы,