Маё першае адчуванне — што я ў нечым схібіў. Я ўсё скасаваў. Калі раўнавага занадта няўстойлівая, дастаткова бывае міргнуць вокам ці варухнуць пальцам. Альпініст кашлянуў, і лавіна скранаецца з месца. А калі яна скранулася, літасці не чакай.
Мы з цяжкасцю брылі па гэтым сінім балоце, ужо затопленым цемрай. Мы ўзбаламуцілі спакойную твань, і вось яна ўскінулася да нас дзесяткамі тысяч залатых бурбалачак.
На сцэну выскачыла процьма жанглёраў. Процьма жанглёраў ускідвае ўгору дзесяткі тысяч шарыкаў, якія адзін за адным ляцяць у наш бок. 3-за адсутнасці вуглавога адхілення яны здаюцца нам нерухомымі, але потым, як тыя шарыкі, што хвацкі жанглёр не падкідвае, а нібы выпускае на волю, павольна ўзнімаюцца ўгору. Я бачу, як зіхоткія слёзы цякуць да мяне скрозь багністую цішыню. Цішыню, якая бласлаўляе выступленне жанглёраў.
Кожная кулямётная чарга ці залп хуткастрэльных зенітак вышпурвае сотні снарадаў ці трасіруючых куль, якія прасоўваюцца, як пацеркі ружанцаў. Тысячы гнуткіх ружанцаў цягнуцца да нас, іх пругкія ніткі напінаюцца з такой сілай, што рвуцца на нашай вышыні.
А калі паглядзець збоку, відно, што снарады, якія не пацэлілі ў нас, на самай справе ляцяць з галавакружнай хуткасцю. Слёзы ператвараюцца ў бліскавіцы. Я трапіў у бязмежнае поле траекторый, якія адліваюць золатам спелай пшаніцы. Я трапіў у непраходныя нетры ўскінутых коп'яў. Мне пагражае процьма іголак, якія ўчынілі нейкі галавакружны карагод. Уся даліна працягнула да мяне свае ніці і тчэ вакол мяне зіхоткі невад.
Калі я схіляюся над зямлёй, бачу столькі бліскучых бурбалак, якія ўзнімаюцца марудна, быццам плёнка туману. Я бачу павольнае віраванне насення: гэтак узлятае мякіна, калі малоціш сноп! Але калі глядзець па гарызанталі — вакол мяне адны коп'і, жмукі коп'яў! Агонь? Ды не ж! Мяне атакуюць халоднай зброяй! Я бачу адны зіхоткія мячы! Я адчуваю… Якая там небяспека! Я аслеплены дзівоснасцю наваколля!
— Тр-р-рах!
Мяне на дваццаць сантыметрау падкінула над сядзеннем. На самалёт быццам абрушыўся ўдар тарана. Ён раструшчаны, расцёрты ў парашок… Але не… не… я адчуваю, што ён яшчэ паддаецца кіраванню. Гэта толькі першы ўдар абяцальнага граду ўдараў. Аднак я зусім не заўважаю выбухаў. Відаць, дым зліваецца з цёмнай зямлёй: я ўзнімаю галаву і гляджу ўгору.
I бачу — ратунку няма.
XXI
Падаўшыся да зямлі, я не заўважыў, што пустая прастора паміж хмарамі і мной спакваля пашырылася. Трасіруючыя снарады праменіліся пшанічным святлом: адкуль было мне ведаць, што, дасягнуўшы сваёй вяршыні, яны ўтыкаюць у неба нешта цёмнае, быццам забіваюць цвікі? Я бачу, як гэтыя дымкі разрываў ужо збіраюцца ў кудлатыя піраміды, якія адплываюць назад, як цяжкія марудныя палярныя льдзіны. Калі глядзець на іх з такой адлегласці, здаецца, што сам ты нерухомы.
Я ведаю, што гэтыя збудаванні, ледзьве ўзнікнуўшы, страчваюць сваю небяспечную сілу. Кожны з гэтых камякоў мае ўладу над жыццём і смерцю толькі нейкую сотую долю секунды. Але неўпрыкмет яны атачылі мяне з усіх бакоў. 3 іхнім з'яўленнем над маёй галавой навіс цяжар грознага выраку.
Гэтыя бесперапынныя бясшумныя выбухі, заглушаныя рыкам матора, ствараюць ілюзію незвычайнай цішыні. Я нічога не адчуваю. Ува мне чорнае вока пустэчы чакання, быццам да мяне прыйшлі параіцца мае суседзі.
Я думаю… Я ўсё-такі думаю: «Яны бяруць занадта высока!» Я закідваю галаву і бачу, як, быццам з неахвотай, адлятае назад цэлая чарада арлоў. Яны адмовіліся ад здабычы. Але спадзявацца няма на што.
Гарматы пачынаюць прыстрэльвацца. Сцяна разрываў зноў вырастае ўжо на нашай вышыні. Кожная вогненная кропка за некалькі секунд стварае сваю піраміду выбухаў, але тут жа выракаецца яе, бескарыснай, каб стварыць новую ў іншым месцы. Агонь не шукае нас: ён бярэ нас у жменю.
— Дзютэртр, далёка яшчэ?
— Пратрымацца б яшчэ хоць тры хвіліны, мы б закончылі, але…
— Можа, праб'ёмся…
— Дзе там!
Якая яна злавесная, гэтая шараватая імгла, шэрая, быццам зваленае ў кучу рыззё. А даліна была сіняя. Бязмежна сіняя. Сіняя, як марское прадонне…
Колькі яшчэ я магу пратрымацца? Дзесяць секунд? Дваццаць? Выбуховыя хвалі калоцяць мяне цяпер няспынна. Самыя блізкія лупяць па самалёце, як каменне па бубне. I тады ўвесь самалёт азываецца амаль музычным водгуллем. Ненкі дзіўны стогн… Значыць, снарады праляцелі побач. Гэта як з бліскавіцай: чым яна бліжэй, тым усё прасцей. Часам я адчуваю саамы звычайны штуршок: значыць, нас зачапіла асколкам. Драпежны звер, забіваючы быка, не ўстрэсвае яго. Ён упэўнена, без абмашкі запускае ў яго кіпцюры. Ён з налёту завалодвае быком. Гэтак і прамыя пападанні проста ўпіваюцца ў самалёт, як у мускул.
— Паранены?
— Не!
— Эй, стралок, паранены?
— Не!
Але гэтыя штуршкі, якія ўсё-такі прыходзіцца апісаць, не бяруцца ў разлік. Яны малоцяць па кары, па бубне. Замест таго каб раскарэжыць бакі, яны з гэткай жа лёгкасцю маглі б успароць нам жываты. Але і жывот — не што іншае, як бубен. А на цела начхаць! Яно таксама не бярэцца ў разлік… Вось гэта і ёсць найбольшае дзіва!
Пра цела я мушу сказаць некалькі слоў. Бо ў жыццёвых буднях чалавек слепне і не заўважае відавочнага. Каб відавочнасць стала яўнай, неабходны вось такія выключныя абставіны. Неабходны вось гэты лівень узносімых светлякоў, неабходны гэтыя нацэленыя на цябе коп'і, неабходна, нарэшце, каб ты паўстаў перад гэтым трыбуналам Страшнага суда. Вось тады ты зразумееш.
Збіраючыся ў палёт, я задаваў сабе пытанне: «Якія будуць яны, апошнія імгненні?» Жыццё заўсёды абвяргала выдуманыя мной хімеры. Але на гэты раз трэба было выйсці голым пад град шалёных удараў, нават не маючы магчымасці сагнуць локаць ды прыкрыць твар.
Выпрабаванне я ўяўляў як выпрабаванне для маёй плоці. Я меркаваў, што найперш за ўсё рызыкую маёй плоццю. Пункт гледжання, па неабходнасці прыманы мной, быў пунктам гледжання майго цела. Мы занадта шмат увагі аддаём свайму целу! Мы клапатліва апранаем яго, мыем, песцім, голім, поім і кормім. Мы атаясамліваем сябе з гэтай свойскай жывёлай. Мы водзім яго да краўца, да лекара, да хірурга. Мы пакутуем разам з ім. Мы плачам разам з ім. Мы любім разам з ім. Пра яго мы гаворым: «Гэта я». I неспа-дзеўна ўся гэтая ілюзія касуецца. Цела мы не ставім ні ў капейчыну! Зводзім яго да ўзроўню прыслугі. Варта толькі выбухнуць гневу, успалыхнуць каханню, прачнуцца нянавісці — і гэтая славутая салідарнасць дае трэшчыну.
Твой сын у ахопленым полымем доме! Ты ратуеш яго! Цябе немагчыма ўтрымаць! Хай сабе ты сам гарыш — табе начхаць на гэта! Ты раптам робіш адкрыццё, што ты ніколечкі не прывязаны да таго, што здавалася табе важным. Ты гатовы ахвяраваць рукой, абы толькі не пазбавіць сябе раскошы працягнуць руку дапамогі таму, хто мае ў ёй патрэбу. Ты ўвесь у сваім дзеянні. Тваё дзеянне — гэта ты. Больш нідзе цябе няма. Тваё цела належыць табе, але яно ўжо не ты. Ты гатовы нанесці ўдар. Ніхто не здолее ўтаймаваць цябе, пагражаючы твайму целу. Ты — гэта смерць ворага. Ты — гэта выратаванне сына. Ты абменьваеш сябе. I ў цябе няма такога адчування, што ты нешта траціш пры гэтым абмене. Твае рукі — ногі? Яны толькі прылады. Начхаць на прыладу, калі яна такая крохкая, што ламаецца пры вычосванні каменя! I ты абменьваеш сябе на пагібель суперніка, на выратаванне сына, на вылечванне хворага, на тваё адкрыццё, калі ты вынаходнік. Таварыш з нашай гру-пы смяротна паранены. У загадзе з абвяшчэннем яму падзякі значыцца: «I ён сказаў тады свайму штурману: мне — хана. Скачы!» Ратаванне або вылечванне