дурная.

Я выбраў момант, калі ў наш бок зірнуў афіцыянт, загадаў падліць віскі і потым за кампанію асушыў сваю шклянку.

Я сустрэўся з пільным позіркам Клары, які адпавядаў яе пахмурнаму настрою.

— Паслухай, Сінявочка, — звярнуўся я да яе памяркоўна. — Я не засоўваю табе пад пазногці іголак. Я не паўтараю, што мы можам даказаць, што ты заходзіла ў студыю — бо ў цябе быў ключ ці дзверы былі незамкнёныя, гэта не істотна, — і перанесла рэвальвер. Мы ведаем, што гэта зрабіла ты, таму што ніхто іншы не мог, а ты была ў студыі менавіта ў той час, але мушу прызнацца, што мы не можам гэтага даказаць. Тым не меней я прапаную адно выдатнае пагадненне. Толькі паслухай, — я наставіў у яе бок канец ручкі. — Гэта заява нам патрэбна только на той выпадак, калі асоба, якая паклала рэвальвер назад на падлогу, акажацца настолькі дурной, што прагаворыцца, а гэта вельмі неймаверна. Ён толькі…

— Вы сказалі ён? — спытала Клара.

— Усё роўна — ён ці яна. Як кажа містэр Вулф, мова сцерпіць любы займеннік. Ён толькі б нарабіў сабе клопату. Калі ж ён не прагаворыцца, а ён такі змоўчыць, тваё паказанне не будзе скарыстана зусім, але трэба мець яго ў сейфе на той выпадак, калі ён усё ж такі прабалбочацца. Да таго ж, маючы гэта сведчанне, мы не будзем лічыць сябе абавязанымі інфармаваць паліцыю, што ў цябе ёсць ключ да дзвярэй студыі. Ключы нас не цікавілі б. І яшчэ адна рэч, ты зберажэш для бацькі добры пачак грошай. Калі ты падпішаш гэта сведчанне, мы зможам высветліць справу аб забойстве Міёна, і ў выпадку поспеху я гарантую, што ў місіс Міён не будзе ніякага жадання прад'яўляць іск твайму бацьку. Яна будзе занадта занятая адной справай. Так што не марудзь і падпісвай, — дадаў я, прапаноўваючы Клары ручку.

Яна адмоўна, але не вельмі энергічна пакруціла галавой, бо мозг зноў уключыўся ў работу. Поўнасцю ўсведамляючы, што яе здольнасці мысліць былі далёка не спартыўнага ўзроўню, я цярпліва чакаў. Потым прынеслі новыя порцыі віскі, і спатрэбіўся перапынак, бо не варта было спадзявацца, каб Клара думала і піла адначасова. Але ўрэшце яна неяк здолела засяродзіцца на акрэсленым мною пытанні.

— Значыцца, вы ведаеце, — заявіла Клара з задавальненнем.

— Мы ведаем дастаткова многа, — сказаў я змрочна.

— Вы ведаеце, што яго забіла яна. Вы ведаеце, што яна паклала рэвальвер назад на падлогу. Я таксама гэта ведала, я ведала, што гэта яна. І цяпер вы можаце гэта даказаць? Калі я падпішу паперу, вы зможаце гэта даказаць.

Вядома, я мог бы схітраваць, але падумаў — якога чорта!

— Вядома, мы зможам, — запэўніў я Клару. — З гэтым сведчаннем мы зможам працягваць следства. Яно — якраз тое звяно ў ланцугу, якога не хапае. Вось ручка.

Клара ўзяла шклянку, апаражніла яе, паставіла на стол, і галаву даю адсеч, калі яна не збіралася зноў адмоўна, але на гэты раз энергічна пакруціць галавой.

— Не, — сказала яна рашуча. — Я не падпішу. — Яна выцягнула ў мой бок руку, трымаючы ў ёй дакумент. — Я прызнаюся, што ўсё гэта праўда, і калі вы перадасце справу ў суд і яна скажа, што паклала рэвальвер на падлогу, я пад прысягай засведчу, што я паклала рэвальвер на бюст, але падпісваць я нічога не буду, бо аднойчы я падпісала штосьці ў сувязі з нейкім здарэннем, і бацька прымусіў мяне паабяцаць, што я ніколі не падпішу ніводнай паперы, не паказаўшы яе перш яму. Я магла б узяць гэтую паперу, паказаць яму і падпісаць, а вы б прыйшлі за ёй увечары ці заўтра. — Сказаўшы гэта, яна спахмурнела. — Толькі вось яму б стала вядома, што ў мяне быў ключ, але я змагла б усё растлумачыць.

Але дакумента ў яе ў руках ужо не было. Я паспеў узяць яго ў свае рукі. Вы скажаце, што я мог бы памяняць тактыку і працягваць барацьбу, але вы не былі сведкамі нашай размовы і ў адрозненне ад мяне не бачылі, што яна вырабляла, і не чулі, што гаварыла. Я здаўся. Узяў з кішэні запісную кніжку, вырваў з яе старонку і пачаў пісаць.

— Я не супраць яшчэ адной порцыі, — заявіла Клара.

— Хвіліначку, — прамармытаў я, працягваючы пісаць наступнае:

«Ніра Вулфу:

Гэтым пацвярджаю, што Арчы Гудвін зрабіў усё магчымае, каб угаварыць мяне падпісаць напісанае вамі сведчанне, і растлумачыў мне мэту гэтай паперы, а я сказала, чаму вымушана адмовіцца паставіць свой подпіс».

— Вось, — сказаў я, перадаючы ёй тое, што напісаў. — Такім чынам вы не падпішаце дакумента, а ўсяго толькі засведчыце, што адмаўляецеся падпісваць гэтую паперу. Я вымушаны мець такое сведчанне, бо містэр Вулф ведае, як мяне вабяць прыгожыя дзяўчаты, асабліва такія элегантныя, як вы, і калі я прынясу яму гэтую паперу без подпісу, ён падумае, што я нават не рабіў спробы. Ён нават можа звольніць мяне. Проста напішыце ўнізе ваша прозвішча.

Клара зноў прачытала тое, што было напісана на лістку, і ўзяла ручку. Яна ўсміхнулася, зірнуўшы на мяне сваімі бліскучымі вачыма.

— Вы не жартуеце? — сказала яна без былой непрыязні. — Я ведаю, калі мной цікавіцца мужчына. Вы думаеце, што я халодная і хітрая.

— Вось як, — адгукнуўся я крыху з горыччу, але не вельмі горка. — Ва ўсякім разе, справа не ў тым, зацікавіўся я вамі ці не, а ў тым, што падумае Вулф. Гэта значна дапаможа. Вельмі вам абавязаны. — Я ўзяў з яе рук паперу і падзьмуў на яе, каб хутчэй высахла чарніла.

— Я ведаю, калі мной цікавіцца мужчына, — зноў сказала Клара.

Болей ад яе мне нічога не было патрэбна, але я, можна сказаць, паабяцаў яшчэ адну порцыю віскі, таму зноў паклікаў афіцыянта.

На заходнюю частку Трыццаць шостай вуліцы я вярнуўся толькі пасля шасці гадзін. Вулф ужо нанёс візіт у аранжарэю і цяпер сядзеў у кабінеце. Я хуткім крокам зайшоў у пакой і паклаў перад ім на стол паперу без подпісу.

— Ну і што? — прабурчаў ён.

Я сеў і дакладна паведаміў Вулфу, як усё адбывалася да таго моманту, калі яна прапанавала ўзяць дакумент дадому і паказаць бацьку.

— На жаль, — заўважыў я, — некаторыя яе выдатныя якасці засталіся непрыкметнымі ў натоўпе ў той вечар. Я гавару гэта не для таго, каб апраўдацца, проста адзначаю факт. Для ўсіх аперацый, што адбываюцца ў звілінах яе мозгу, хапіла б арэхавай шкарлупіны. Ведаючы вашыя адносіны да бяздоказных заяў і жадаючы запэўніць у праўдзівасці менавіта гэтай заявы, я прынёс з сабой доказ. Вось папера, якую яна ўсё-такі падпісала.

Я ўручыў яму лісток, вырваны з блакнота. Вулф зірнуў на паперу і падміргнуў мне.

— Яна гэта падпісала?

— Так, сэр. У маёй прысутнасці.

— Сапраўды. Добра. Задавальняюча.

Я безуважным кіўком галавы пацвердзіў, што ўспрымаю выказаную падзяку. Маё самалюбства застаецца некранутым, калі ён вось так буркае: «Задавальняюча».

— Смелы шырокі почырк, — заўважыў Вулф. — Яна пісала вашай ручкай?

— Так, сэр.

— Пакажы яе, калі ласка.

Я ўстаў і падаў яму ручку разам з некалькімі аркушамі паперы, і спыніўся каля стала, зацікаўлена назіраючы, як Вулф зноў і зноў пісаў «Клара Джэймс», параўноўваючы кожную спробу з прынесеным мной узорам. Адначасова ў перапынках перад наступнай спробай ён гаварыў:

— Малаверагодна, што нехта некалі ўбачыць гэта, апрача нашых кліентаў… Так лепш… Ёсць яшчэ час патэлефанаваць усім ім да вячэры — спачатку місіс Міён і містэру Ўэплеру — потым іншым… Скажыце ім, што я прыйшоў да высновы наконт іску місіс Міён да містэра Джэймса… Спытайцеся, ці змогуць яны прыйсці сёння ў дзевяць гадзін вечара — калі гэта немагчыма, то, можа, заўтра ў адзінаццаць… Потым звяжыцеся з містэрам Крэймерам… Скажыце яму, што, відаць, варта ўзяць з сабой свайго чалавека…

Вулф расправіў надрукаванае сведчанне на рэгістрацыйным журнале, падрабіў унізе подпіс Клары Джэймс і параўнаў са здабытым мною арыгіналам.

— Недасканала, як на спецыяліста, — прамармытаў ён, — але спецыяліст ніколі яго не ўбачыць. Што ж датычыцца нашых кліентаў, то нават калі яны ведаюць яе почырк, гэта пройдзе найлепшым чынам.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату