яго кроў, якую пасля выпілі абодва дагаворныя бакі. Стах нават даслаў Раману срэбную пасуду.
Невядома, што прымусіла Рамана рашыцца на наступнае. Ці славалюбства, ці вераломства, ці, можа, яшчэ што. Ён жа быў сябрам законнаму каралю. Ён запрасіў караля Стаха на паляванне, і той выехаў да яго са сваім невялікім паляўнічым атрадам чалавек у дваццаць. Штамет павінен быў з'явіцца ў замак назаўтра, часу было досыць. Кароль вырашыў пабавіцца, тым больш што прадмет палявання быў вельмі спакуслівы: балотная рысь, істота, якая нагадвала памерамі і афарбоўкай тыгра і ўжо тады была рэдкай у нашых пушчах, а пасля, год праз сотню, зусім знікла, і пра яе нават забылі.
«І чорную здраду задумаў ён, пан Раман. Хоць і быў кароль Стах мужыцкім каралём, хоць і ўзняўся супраць божых улад, але хіба не благаславіў бы Бог і яго ўладу, каб ён захапіў трон дзедзіч сваіх?
І прыехаў кароль Стах у Балотныя Яліны, і тут яму палац агнямі ўпрыгожылі і пір зрабілі. І ён піў і пацяшаўся з панам Раманам і іншымі панамі, а паноў тых была, можа, сотня і яшчэ тры дзесяткі. А ўначы паехалі яны на паляванне, бо ночы стаялі светлыя, а ў такія ночы балотная рысь пакідае сітнягі, і ходзіць на нашай раўніне ад Балотных Ялін аж да ўрочышчаў Курганы і Пнюхі, і ловіць не толькі худобу, але і самотных людзей, — таму ж і ненавідзяць яе ўсе, таму і знішчаюць, што яна — людажэр: воўк праміне, і лясная рысь часцей за ўсё праміне, а балотная не праміне.
І госці ўсе паехалі, а Раман, з паляваннем караля Стаха, і старым сваім верным даездчыкам Аляхно Варонай, і дробным шляхціцам Дубатоўкам паехалі на балотную рысь. А ноч такая была, што ледзь месяц свяціў, і смутна ўсё было, і скакалі па балотах, нягледзячы на восень, балотныя сінія агні.
А агні чалавечыя згаслі ў хатах, і, можа, нават Бог, па нявызначанай мудрасці сваёй, пагасіў агні і ў некаторых душах чалавечых. І адбіліся ад загоншчыкаў сваіх пан Раман і кароль Стах.
Не паспелі і агледзецца яны, як скокнуў з купіны лемпарт балотны, збіў ударам сваіх грудзей у грудзі каня Рамана і выдраў у каня таго кавалак жывата з кішкамі разам, бо такі ўжо звычай балотнай рысі. І ўпаў пан Раман, і адчуў жах смяротны, бо звер палаючымі вачыма глядзеў у твар яго, і быў ён, гэты звер, шырэй яго і доле.
Але тут кароль Стах скочыў з свайго каня драпятага проста на спіну зверу, схапіў яго за вуха, аддзёр пысу з ляжачага і кордам, кароткім мячом, паласнуў яго па глотцы. Лемпарт адкінуў яго ўдарам лапы, і Стах адляцеў, а звер насеў на яго, паміраючы, але тут і пан Раман ускочыў і разбіў чэрап страшыдла сваім баявым чаканам. Так і ляжалі яны ўтрох; і пан Раман дапамог каралю ўстаць, пацалаваў у вусны і сказаў:
— Квіты мы з табою, браце. Ты мне жыццё выратаваў, а я тваю душу выратаваў шчыра.
А пасля напаткалі іх паляўнічыя, і вырашылі яны ноч правесці разам у лесе і яшчэ піць і гуляць, бо яшчэ не досыць было для іхняй душы, і сэрца іх пасля бойкі з лемпартам прасіла віна. І расклалі яны вогнішча ў лесе запаветным, і пачалі піць. А цемра стала такая, калі знік месяц, што, адыдзі далей ад вогнішча,і не пабачыш пальца на руцэ. Узялі яны бочкі віна, што прывёз Раман, і пілі, забаўляліся. І ніхто не ведаў, што віно тое было атручанае, толькі Раман, Варона і Дубатоўк загадзя сябе да тае атруты прывучылі.
І ўсе пілі, толькі кароль Стах піў мала.
Пачакай, Раман. Што ты робіш, Раман? За зямлю сваю хацеў косткі свае скласці гэты чалавек. Што ж ты божае наканаванне сабою замяніць хочаш? Панства свайго табе шкада, а ці падумаў ты, што топчуць волю народа твайго, мову і веру яго, душу яго? Не думаеш ты пра гэта, зайздрасць і славалюбства ў сэрцы тваім.
І так яны пілі, пакуль не сталі ў людзей з палявання караля Стаха закрывацца вочы. Але кароль усё казаў, якімі шчаслівымі ён зробіць усіх, калі сядзе на трон дзедзіч сваіх.
І тады пан Раман узяў свой корд, узяў яго за рукаяць аберуч і, падышоўшы да караля Стаха са спіны, узнёс корд над яго галавою і пасля апусціў гэты корд вастрыём на патыліцу караля Стаха. Той клюнуў носам, пасля ўзняў галаву, паглядзеў у вочы Раману, і твар яго, заліты крывёю, быў як вопль жахлівая да Бога аб помсце.
— Што ж ты зрабіў! Ты ж пабрацім мой, браце.
А пасля, намагаючыся ўстаць, крыкнуў:
— Многіх людзей пазбавіў ты зараз шчасця. Нашто прадаў ты свой народ, адступнік?
Раман другі раз ударыў яго мячом, і той упаў, але дар слова не кінуў яшчэ ягоных вуснаў:
— Зараз трымайся, здраднік. Праклён мой на цябе і на твой чорны род! Хай стане камянём хлеб ля вуснаў тваіх, хай бясплоднымі будуць жонкі вашы, а мужы захлынуцца ўласнай крывёй!
І пасля сказаў ён жаласным ад слабасці голасам, але жорстка:
— Прадаў ты свой край, былы пабрацім. Але мы не памром. Мы яшчэ з'явімся да цябе, і да дзяцей тваіх, і да нашчадкаў тваіх, я і маё паляванне. Да дваццатага калена будзем мы помсціць бязлітасна, і не схаваецеся вы ад нас. Чуеш, да дваццатага калена! І кожнае з кален тваіх будзе дрыжаць больш балюча і жахліва, ніж я зараз, ля ног тваіх.
І ўраніў галаву. А яго аслупянелае паляванне нарэшце схамянулася і схапілася за нажы. І яны біліся дваццаць супраць траіх, і бойка была жахлівай. Але трое адолелі дваццацёх і забілі ўсіх.
А пасля яны прытарочылі трупы і параненых, якія жаласна стагналі, да ўласных коней і насцябалі іх, і коні памчаліся якраз да Волатавай прорвы, не разбіраючы дарогі.
І ніхто не заўважыў, што ў целе караля Стаха яшчэ была іскра жыцця. Коні ляцелі ў ноч, і слабы месяц асвятляў іх доўгія грывы, і недзе наперадзе бегалі па купінах сінія агні.
І з гэтага жахлівага статка даносіўся голас караля Стаха:
— Д'яблу аддаю душу сваю, бо не дапамагае Бог. Трымайся, Раман, мы прыскачам да цябе конныя! Дрыжы, Раман, калаціся, адвечны вораг! Мы прыйдзем! Мы адпомсцім!
І ніхто не ведаў, што праўда была ў гэтых словах, што зброяй д'ябла, праўды, помсты і кары з'явіўся кароль Стах. Не за тое помсціў ён, што забіў яго Раман. Забойства ніколі не атрымае такой кары, калі гэта не забойства пабраціма.
Нядоўга яны зажыліся на свеце. Даездчык Варона першы пабачыў цені Стаха і яго прыспешнікаў праз два тыдні. Не разбіраючы дарогі, імчалася дзікае паляванне па самай жахлівай дрыгве, па лесе, па вадзе межыток. Не бразгалі цуглі, не звінелі мячы. На конях сядзелі маўклівыя коннікі, і балотныя агні каціліся наперадзе дзікага палявання караля Стаха якраз праз дрыгву.
Аляхно з'ехаў з розуму. Загінуў пасля таго і Дубатоўк. Гетман літоўскі рассеяў мужычыя палкі, якія засталіся без кіраўніка, у бойцы загінуў Яраш Штамет. А Раман Яноўскі быў жывы і смяяўся.
І аднойчы ён быў на паляванні і вяртаўся адзін праз верасавыя пусткі дадому. Месяц слаба свяціў на верас. І раптам забегалі недзе ззаду сінія балотныя агні, і даляцеў з таго боку спеў рагоў і ледзь чутны стук капытоў. А пасля з'явіліся цьмяныя цені коннікаў. Грывы коней веялі па ветры, беглі перад дзікім паляваннем гепарды, спушчаныя са шворак. І бязгучна па верасе і дрыгве ляцелі яны. І маўчалі коннікі, а гукі палявання даляталі аднекуль з другога боку. І перад усімі скакаў, асветлены месяцам, туманны і вялізны кароль Стах. І гарэлі вочы коней, і людзей, і гепардаў.
І Раман пабег, а яны бязгучна і хутка скакалі за ім, і коні часам перабіралі нагамі ў паветры, і спяваў дзікі верас, і месяц раўнадушна глядзеў на пагоню.
І Раман тройчы крыкнуў: «Дзікае паляванне!…» такім голасам, што пачулі нават людзі ў навакольных хатах.
А пасля дзікае паляванне нагнала яго, і сэрца яго не вытрымала. Так загінуў Раман.
Многія з таго часу бачылі на тарфяных раўнінах дзікае паляванне Стаха. І хоць карала яно не ўсіх, але мала ў каго не разрывалася сэрца, калі бачыў ён на балотах змрочныя цені коннікаў.
Так загінулі сын Рамана і сын яго сына, пасля смерці якога я і пішу пра гэта на навучэнне і жах яго нашчадкаў, якія, можа, і змогуць добрымі справамі пазбавіць сілы сівы даўні праклён.
Сцеражыцеся дрыгвы, людзі, сцеражыцеся балот уначы, калі сінія агні збіраюцца і пачынаюць скокі на самых гіблых мясцінах. Там часта ўначы пабачыце вы дваццаць коннікаў на вараных дрыкгантах.
І галоўны коннік імчыць наперадзе ўсіх. Капялюх з заломленым полем насунуты на яго вочы, ногі прывязаны да сядла. Не бразгочуць мячы, не ржуць маўклівыя коні. Толькі часам аднекуль здалёк даносіцца спеў рога. Развяваюцца грывы, балотныя агні ззяюць пад нагамі коней.
Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляванне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе свет. Яно — наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Злітуйся з нас, Божа!»
Я адарваўся ад паперы і скалануў галавою, жадаючы пазбыцца дзікіх вобразаў. Берман чакальна глядзеў на мяне.