так вам усім удзячна, вы такія добрыя. Бачыце, і жывая зелень з'явілася ў маей сцябліне, і хутка, калі будзе прыпякаць сонейка, я пакажу ўсяму свету цудоўную ружовую кветку сваю. Толькі не трэба, не трэба мяне адносіць зноў у падпол».
Незвычайны быў выраз радасці і адчування паўнацэннасці ў яе вачах. Я таксама захапіўся ім, і вочы мае, напэўна, таксама заблішчалі. Толькі краем вока бачыў я навакольнае.
І раптам вавёрка зноў схавалася ў дупло, радасць знікла з яе вачэй, і той самы жах пасяліўся за веямі: Варона даваў указанні двум лёкаям, якія вешалі над камінам партрэт Рамана Старога.
Музыка змоўкла. Да нас набліжаўся Дубатоўк, чырвоны і вясёлы.
— Надзеечка, прыгажунька ты мая. Дазвольце старому хрэну лапэтку.
Ён цяжка ўпаў на калена і, смеючыся, пацалаваў яе руку.
А яшчэ праз хвіліну казаў зусім іншым тонам:
— Правіла яноўскага наваколля такое, што трэба агаласіць апякунскую справаздачу адразу, як толькі апякаемай споўніцца васемнаццаць год, гадзіна ў гадзіну.
Ён выцягнуў з кішэні вялізную срэбную з сіняй эмаллю цыбуліну гадзінніка і, зрабіўшыся афіцыйным і падцягнутым, агаласіў:
— Сем гадзін. Мы ідзём агалошваць справаздачу. Пайду я, а за другога апекуна, пана Калатэчу- Казлоўскага, які жыве ў губерні і па хваробе не мог прыехаць, пойдуць па даверу пан Сава-Стахоўскі і пан Алесь Варона. Патрэбен яшчэ нехта са старонніх. Ну… (вочы яго дапытліва затрымаліся на маёй асобе), ну, хоць вы. Вы яшчэ чалавек малады, жыць будзеце доўга і зможаце потым засведчыць, што ўсё тут рабілася шчыра, па старых звычаях і сумленню чалавечаму. Пані Яноўская — з намі.
Наша нарада адбывалася нядоўга. Спачатку прачыталі вопіс маёмасці, рухомай і нерухомай, якая засталася па тэстаменту ад бацькі. Выявілася, што гэта галоўным чынам палац з абсталяваннем і парк, маярат, з якога ніводная рэч не павінна знікнуць і які павінен «у велькшай славе падтрымліваць гонар роду».
«Добры гонар, — падумаў я. — Гонар здохнуць з голаду ў багатым доме».
Дубатоўк давёў, што нерухомая маёмасць збераглася непарушна.
Пасля выявілася, што па субстытуцыі старэйшай і адзінай наследніцай з'яўляецца пані Надзея Яноўская.
Перайшлі да прыбыткаў. Дубатоўк паведаміў, што невялічкі капітал, змешчаны Раманам Яноўскім у дзвюх банкірскіх канторах пад восем працэнтаў без права чапаць асноўны капітал, дае зараз ад ста пяцідзесяці да ста сямідзесяці рублёў штомесячна. Гэты прыбытак нават павялічыўся дбаннем апекуна, мала гэтага, атрымалася прыбаўка да асноўнага капіталу ў дзвесце восемдзесят пяць рублёў, якія, пры жаданні, могуць пайсці на пасаг спадчынніцы.
Усе пакруцілі галовамі. Прыбыткі былі мізэрнымі, асабліва пры неабходнасці падтрымліваць парадак.
— А як плаціць слугам? — спытаў я.
— Ім выдзелена ў тэстаменце частка спадчыны, бо яны — неад'емная частка маярату.
— Я прасіў бы пана Дубатоўка растлумачыць мне, як справа з заарандаванай зямлёю пры маёнтку Балотныя Яліны? — спытаў Сава-Стахоўскі, маленькі хударлявы чалавечак з такімі вострымі каленямі, што яны, здавалася, вось-вось прарэжуць яго светлыя штонікі. Ён, відаць заўжды трохі пікіраваўся з Дубатоўкам і даў яму зараз нейкае з'едлівае пытанне. Але той не зніякавеў. Ён выцягнуў вялікія срэбныя акуляры, хустку, якую расклаў на каленях, пасля ключ і толькі пасля гэтага клапцік паперы. Акуляры ён, аднак, не надзеў і пачаў чытаць:
— «У прадзеда пані Яноўскай было дзесяць тысяч дзесяцін добрай ворнай зямлі, не лічачы лесу». У пані Яноўскай, як гэта вам, напэўна, вядома, шаноўны пан Стахоўскі, 50 дзесяцін ворнай зямлі, значна спустошанай. У яе таксама ёсць парк, які не дае ні шэлега, і пушча, якая практычна таксама маярат, бо гэта запаветны лес. Скажам прама, мы маглі б паступіцца гэтым правілам, але, па-першае, доступ у гэту пушчу для дрывасекаў немагчымы па прычыне навакольнай дрыгвы. А па-другое, ці разумна гэта? У Яноўскай могуць быць дзеці. Што рабіць ім на 50 дзесяцінах беднай зямлі? Тады род зусім занепадзе. Вядома, пані зараз дарослая, яна сама можа…
— Я згодна з вамі, дзядзька, — саромеючыся да слёз, сказала Надзея Раманаўна. — Няхай пушча стаіць. Я рада, што да яе толькі сцежкі, і то ў сухмень. Шкода зводзіць такі лес. Пушчы — гэта божыя сады.
— Дык вось, — казаў далей апякун, — акрамя гэтага, пані належыць амаль усё яноўскае наваколле, але гэта дрыгва, тарфяныя балоты і пустэчы, на якіх не расце нічога, акрамя верасу. На гэтай зямлі не жывуць колькі сягае ў гады памяць чалавечая. Значыцца, возьмем толькі 50 дзесяцін, якія здаюцца ў арэнду за другі сноп. Зямля няўгноеная, вырошчваюць на ёй толькі жыта, і гэта дае трыццаць, сама больш сорак пудоў з дзеснціны. Кошт жыта — 50 капеек пуд, значыцца — дзесяціна дае даход у дзесяць рублёў на год, і, значыцца, з усёй зямлі 500 рублёў у год. Вось і ўсё. Гэтыя грошы не затрымліваюцца, можаце мяне праверыць, пан Стахоўскі.
Я пахітаў галавою. Гаспадыня вялікага маёнтка атрымлівала трохі больш двухсот рублёў прыбытку ў месяц. А сярэдні чыноўнік атрымліваў 125 рублёў. У Яноўскай было дзе жыць і было што есці, але гэта была непрыхаваная галеча, галеча без прасвятлення. Я, галяк, вучоны і журналіст, аўтар чатырох кніг, меў рублёў чатырыста ў месяц. І мне не трэба было рамантаваць гэтую прорву — палац, рабіць падарункі слугам, трымаць у адносным парадку парк. Я быў поруч з ёю Крэз.
Мне было шкада яе, гэтага дзіцёнка, на плечы якога ўпаў такі непасільны цяжар.
— Вы вельмі небагаты чалавек, — сумна сказаў Дубатоўк. — На руках у вас, уласна кажучы, застаюцца пасля ўсіх выдаткаў капейкі.
І ён кінуў позірк у мой бок, вельмі выразны і шматзначны позірк, але мой твар не выразіў нічога. Ды і сапраўды, якое гэта мела дачыненне да мяне?
Дакументы перадалі новай гаспадыні. Дубатоўк абяцаў даць загады Берману, пасля пацалаваў Яноўскую ў лоб і выйшаў. Мы ўсе таксама выйшлі ў залу, дзе публіка паспела ўжо замарыцца ад танцаў.
Дубатоўк адразу зноў выклікаў выбух запалу, уздыму і весялосці. Я не ўмеў скакаць нейкага мясцовага танца, і таму Яноўскую адразу памчаў Варона. Пасля яна кудысьці знікла. Я глядзеў на танцы, калі раптам адчуў нечы позірк. Непадалёк ад мяне стаяў танклявы, але, відаць, моцны малады чалавек, белавалосы, з вельмі прыемным і шчырым тварам, апрануты сціпла, але з падкрэсленай акуратнасцю.
Я не бачыў, адкуль ён з'явіўся, але ён адразу спадабаўся мне, спадабалася нават мяккая аскетычнасць у прыгожым вялікім роце і разумных карых вачах. Я ўсміхнуўся яму, і ён, як быццам толькі і чакаў гэтага, падышоў да мяне вялікімі і плаўнымі крокамі, працягнуў мне руку:
— Прабачце, я без цырымоній, Андрэй Свеціловіч. Даўно жадаў пазнаёміцца з вамі. Я студэнт… былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта. Зараз мяне выключылі… за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.
Я таксама адрэкамендаваўся. Ён усміхнуўся шырокай белазубай усмешкаю, такой яснай і добрай, што твар адразу зрабіўся гожым:
— Я ведаю, я чытаў вашы зборнікі. Не палічыце за камплімент, я, наогул, не аматар гэтага, але вы мне сталі пасля іх вельмі сімпатычным. Вы займаецеся такой карыснай і патрэбнай справай і добра разумееце свае задачы. Я мяркую па вашых прадмовах.
Мы разгаварыліся і разам адышлі да акна ў дальнім кутку залы. Я спытаў, як ён трапіў да Балотных Ялін. Ён засмяяўся:
— Я далёкі сваяк Надзеі Раманаўны. Вельмі далёкі. Уласна кажучы, ад усяго кораня Яноўскіх зараз засталіся на зямлі толькі яна ды я, па жаночай лініі. Здаецца, такая-сякая кропля крыві гэтых былых дэйноўскіх князькоў цячэ яшчэ і ў жылах Гарабурды, але яго сваяцтва, як і сваяцтва Грыцкевічавых, не даказаў бы ніводны знаўца геральдыкі… Гэта проста радавое паданне. А сапраўдная Яноўская толькі адна яна.
Твар яго памякчэў, стаў задумлівым.
— І наогул, усё гэта глупства. Усе гэтыя геральдычныя казусы, князькі, магнацкія маяраты. Каб была мая воля, я б выпусціў з жылаў магнацкую сваю кроў. Гэта толькі прычына для вялікіх пакут сумлення. Мне здаецца, гэта і ў Надзеі Раманаўны так.
— А мне сказалі, што Надзея Раманаўна адзіная з Яноўскіх.
— Вядома, так. Я вельмі далёкі сваяк, і да таго ж мяне лічылі памёршым. Я не наведваўся ў Балотныя