Я не зразумеў, за што яна мне дзякавала, і, прызнаюся, нават не вельмі думаў пра гэта, калі ўвайшоў у невялікі свой пакой без засаўкі на дзвярах і паставіў свечку на стол.

У пакоіку быў ложак, шырокі, як поле бою пад Койданавым. Над ложкам стары балдахін. На падлозе — выцерты цудоўны кілім. Ложак, відаць, засцілалі з дапамогаю асаблівай палкі (як дзвесце год таму), такі ён быў вялікі. І палка стаяла поруч. Акрамя ложка была камода, высокая канторка і стол. Больш нічога.

Я распрануўся і лёг пад цёплую коўдру, задзьмуўшы свечку. Адразу ж за акном выступілі на сінім фоне чорныя сілуэты дрэў, і данёсся іх роўны, наводзячы сон, шум.

І чамусьці гэта адчуванне закінутасці зрабіла тое, што я выцягнуўся, закінуў рукі за галаву і, ледзь не засмяяўшыся ад шчасця, заснуў, як праваліўся ў нейкую цёмную і прыемную прорву.

Праз сон мне здалося яшчэ толькі, што нехта ішоў маленькімі асцярожнымі крокамі па калідоры, але я не звярнуў на гэта ўвагі, я спаў і радаваўся ў сне, што сплю.

Гэта была апошняя мая спакойная ноч у доме Яноўскіх на Балотных Ялінах.

Навокал на многіх дзесяцінах шумеў і хваляваўся пад асеннім дажджом закінуты, глухі, чорны ад старасці і вільгаці парк.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Наступны дзень быў звычайным шэрым днём, якія часта бываюць увосень у Беларусі. Ранкам я не бачыў гаспадыні, мне сказалі, што яна дрэнна спіць уначы і таму ўстае позна. Твар ахмістрыні, калі я сядзеў за сняданнем, быў нейкі воцатна-кіслы і такі надзьмуты, што непрыемна было глядзець. Таму я не затрымаўся за сталом, узяў у пакоі свой вялізны зашарпаны сшытак, пяць алоўкаў, накінуў сухі плашч і, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшага пачынка, выйшаў з пакоя.

Мне адразу ж стала неяк лягчэй, хоць наваколле не магло пахваліцца весялосцю. Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буялі мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэгага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў.

Сляды чалавечай рукі былі відаць толькі перад уваходам, дзе змрочным пурпурам гарэлі на вялікай курціне познія астры.

І дом выглядаў так змрочна і холадна, што сэрца сціснула. Быў ён двухпавярховы, з вялізным бельведэрам і невялікімі вежкамі па краях і вызначаўся той адсутнасцю архітэктуры, якая была тыповай для беларускіх палацаў у тыя часы, калі нашы продкі кінулі будаваць замкі, але яшчэ патрабавалі ад дойлідаў, каб яны рабілі палацы падобнымі на гэтыя замшэлыя старыя берлагі.

Я вырашыў ісці ў пачынак не раней, як агледзеўшы ўсё тут, і пайшоў па алеі. Чорт ведае, які дурань вырашыў насаджаць у такім змрочным месцы яліны, але гэта было зроблена, і дрэвы, якім было ніяк не менш за сотню год, зрабілі мясцовасць толькі трошкі больш прыемнай, ніж славуты лес у Дантэ. Яліны, тоўстыя — дваім не абхапіць, — падступалі да самых муроў палаца, заглядалі лапамі ў вокны, узвышалкя сіне-зялёнымі конусамі над дахам. Стаўбуры іх зацягнула сівая барада мхоў і лішайнікаў, ніжнія галіны звісалі да зямлі, як шатры, і алея нагадвала вузкае міжгор'е. Толькі ля самага дома бачны былі там-сям пахмурныя, чорныя ад дажджу, амаль голыя волаты ліпы і адзін каржакаваты дуб, відаць, запаветны, бо ўзносіў сваю макушу на некалькі сажняў вышэй за самыя высокія яліны.

Ногі мае бясшумна ступалі па ігліцы, пасля я пачуў, што злева пацягнула дымком, і пайшоў на пах. Хутка дрэвы расхінуліся, толькі каб паказаць такі ж зарослы флігель з паваленым ганкам і забітымі вокнамі.

«З палову вярсты будзе да палаца, — падумаў я. — Калі, скажам, гаспадароў надумаюцца рэзаць — тут не пачуюць, хоць з гарматы страляй».

Ля самых акон стаяў на дзвюх цаглінах чыгунок, і нейкая сівая гарбатая жанчына памешвала ў ім лыжкай. Напэўна, у флігелі дымілі печы, і таму гаспадары да позняй восені варылі ежу на свежым паветры.

І зноў зялёны змрок алеі. Я вельмі доўга ішоў ёю, пакуль не дабраўся да таго месца, праз якое мы трапілі ў парк. Тут бачны былі свежыя сляды нашага вазка, і агароджа, чыгунная, вітая, выключна тонкай работы, была павалена, разбіта на кавалкі і адцягнута ў бакі. Праз яе віткі прараслі даволі вялікія бярозкі. А за агароджай (тут алея звяртала налева і цягнулася немаведама куды) ляжала бурая неабсяжная раўніна са скарлючанымі рэдкімі дрэўцамі, зялёнымі вокнамі (у адно з іх мы, відаць, учора ледзь не трапілі, і я заднім лікам пахаладзеў ад жаху), рэдкімі велічнымі каменнямі.

Самотная варона круцілася над гэтым гіблым месцам.

…Калі я з'явіўся надвячоркам дадому з пачынка, я быў так намучаны гэтым змрочным месцам, што ледзь узяў сябе ў рукі. Мне пачынала здавацца, што гэта назаўсёды, гэтыя бурыя раўніны, дрыгва, напаўжывыя ад трасцы людзі, выміраючы ад старасці парк — уся гэта безнадзейная і ўсё ж родная зямля, над якою ўдзень хмары, а ўначы свеціць воўчае сонца або лье бясконцая зліва.

Надзея Яноўская чакала мяне ў тым самым пакоі, і зноў былі той самы дзіўны выраз на яе перакрыўленым твары і тая самая няўважлівасць да вопраткі. Толькі на стале, дзе стаяў позні абед, былі змены.

Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда. Але здзівіла мяне не гэта, тым больш што ўсе гэтыя рэчы былі разрозненыя, цёмныя ад старасці, там-сям трошкі змятыя. Здзівіла мяне тое, што гэтыя рэчы былі даўняй мясцовай работы.

Вы, вядома, ведаеце, што стагоддзі два-тры таму срэбная і залатая пасуда ў Беларусі была пераважна нямецкай работы, вывезеная з прусаў. Гэтыя прадметы, багата аздобленыя рознымі выкрутасамі, рэльефнымі фігуркамі святых і анёлаў, былі саладжавыя і прыгожанькія, да таго, што хацелася ванітаваць, але што зробіш, гэта была мода.

А гэта было сваё: нязграбныя, трошкі прысадзістыя фігуркі на вазе, характэрны арнамент. І нават у жанчыны на салонцы было простае шыракаватае тутэйшае аблічча.

І сярод гэтага стаялі два келіхі з вясёлкавага старажытнага шкла, якога зараз на вагу золата не знойдзеш (адзін келіх, перад ёю, быў трошкі надбіты зверху).

Як на грэх, адзіны за ўвесь дзень апошні прамень сонца прабіўся ў акно і зайграў у шкле, запаліў у ім дзесяткі рознакаляровых агеньчыкаў.

Гаспадыня, напэўна, заўважыла мой позірк і сказала:

— Гэта ўсё апошняе з тых трох прыбораў, якія засталіся ад продка, Рамана Жысь-Яноўскага. Але ходзіць недарэчнае паданне, быццам гэта падарунак яму… ад караля Стаха.

Праўда, сёння яна неяк пажвавела, здавалася нават не такой непрыгожай, відаць, ёй падабалася новая роля.

Мы выпілі віна і паелі, амаль увесь час размаўляючы. Віно было чырвонае, як гранат, і надзвычай добрае. Я зусім развесяліўся, смяшыў гаспадыню, і нават у яе з'явіліся на шчоках дзве не вельмі здаровыя ружовыя плямы.

— А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак «жысь»?

— Даўняя гісторыя, — зноў змрочна сказала яна. — Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: «Жысь!» — гэта па- нашаму, мясцоваму, значыць «сцеражыся!», і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў. Тады Раман, з рызыкай забіць караля, стрэлам трапіў зубру ў вока, і той паваліўся амаль побач з каралём. Пасля гэтага ў наш герб далі пішчаль, а да прозвішча прыдомак «жысь».

— Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, — сцвердзіў я. — Прабачце, я прафан у геральдыцы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату