яго кінулі. Ды толькі маглі б спазніцца і трапілі б незнарок з ім. І павесілі б вас. А ўсе крычалі б аб вернасці, з якой не кінулі вы настаўніка. А трэба, каб ён, каб усе ведалі: в е р н ы х н я м а. Бо не павінен верыць ні сусед суседу, ані бацька сыну.
— Нашто гэта вам? — спытаў Іліяш.
— А без гэтага нічога ў нас не атрымаецца. Вучыць трэба… Нічога, маўляў, страшнага, калі сын жадае смерці бацькавай, поп — смерці біскупавай, таму што мы мацней хочам дабрабыту дзеля сябе, чым зла бліжняму. І таму дзеці павінны даносіць нават на сваіх бацькоў-ерэтыкоў, хаця і ведаюць, што ерась пацягне за сабою пакаранне смерцю… Таму што, калі дазволена мэта, то дазволены і сродкі*.
— Што ж мы, так проста і на дарогу? — падступна спытаў Баўтрамей.
— Я іх ад смерці, а яны яшчэ і — «грошы». Ну, добра ўжо, дзеля такой вялікай мэты дамо і грошай.
— Колькі? — спытаў Тадэй.
— Не пакрыўдзіцеся. На кожнага па трыццаць.
— Давай, — пасля паўзы сказаў Пятро.
Усе пільна, як сабака на стойцы, глядзелі, як вузкія пальцы езуіта выкладаюць на стол вялікія, з дзіцячую далоньку, срэбныя манеты, як ён лічыць іх, складае слупкамі і падсоўвае да кожнага. Святло ад свечак мігцела на ўсім гэтым, на прыадкрытых пашчах, на руках, на вачах.
Езуіт паказаў на профіль Жыкгімонта на срэбным кружку:
— Дзяржаўна-карысны ўчынак робіце. І вось бачыце, нібыта сам уладар наш кожнага з вас па трыццаць разоў за подзвіг ваш бласлаўляе. А цяпер — ідзіце.
Басяцкі ўстаў.
— Дый вы спяшайцеся. — Ян глядзеў у акно. — Сам ідзе. У канцы завулка.
Мніх-каплан адчыніў дзверы. І раптам падаў свой насмешліва-абыякавы, здзеклівы голас Міхал Іліяш, ён жа Сымон-Кананіт:
— Басяцкі. А што будзе, калі мы грошай са стала не прыбяром? І той зразумее?
Дамініканец аглядаў яго. Пасля холадна паціснуў плячыма:
— Прэнг.
Дзверы зачыніліся за ім.
Усе як быццам чулі ўсё бліжэй і бліжэй крокі Хрыста, але, магчыма, гэта ўсяго толькі тахкалі іхнія сэрцы. Мацней і мацней. Мацней і мацней. Урэшце здрыганулася рука ў Баўтрамея. Ён не вытрымаў. Не думаючы пра тое, што будзе, калі астатнія не прыбяруць грошай, схапіў манеты, пачаў прагна рассоўваць іх па кішэнях. Працягнулася па грошы другая рука.
Рыпнула фортка. І тут дзевяць рук бліскавічна змялі срэбра са стала ў торабкі. Засталася адна грудка. Перад Іліяшам. Цыганаваты Сымон з трыумфам глядзеў вугальнымі вачыма на збялелыя твары хаўруснікаў. Абводзіў іх вачыма, нібы ацэньваў. Бачыў ва ўсіх вачах жах, сквапнасць, тупую прыціснутасць.
Адчыніліся дзверы. Хрыстос абцёр ногі аб жорны перад парогам і ступіў у пакой.
На стале былі пляшкі, бачонак, місы. Грошай на стале не было.
— Хадзіце гарэлкі дзербаніце, ці што, — сказаў Іліяш-Сымон.
Фама, Іуда і Хрыстос падселі да стала. Пачалі есці. Елі многа і ладна, але без сквапнасці. Вельмі згаладаліся за дзень беганіны.
— А гарэлачкі? — лісліва спытаў Пятро.
Нешта ў тоне ягонага голасу не спадабалася Хрысту. Ён абвёў вачыма апосталаў, але нічога асаблівага не заўважыў. Твары як твары. Медныя, у рэзкіх ценях. І вялікія крывыя цені рухаюцца за імі па сценах, запаўзаюць калматымі — з кацёл — галовамі на столь.
— Н-ну? — спытаў Хрыстос. — Не, Пятро, гарэлку адстаў. Гэтак і горад прап'ём. Піва глыток плескані.
Цень на сцяне піў з вялізнага глінянага куфля.
— Дык што? Седзіцё? Морды мочыце? А рукі ў баі замачыць чырвоным — гэта вам страшна? А ў глей іх запэцкаць на ўмацаваннях — гэта вам гідка і цяжка?
Маўчанне.
— Што рабіць будзем? Морды вам чысціць? За муры выганяць у рукі ворагам?
Твар быў суровы.
— Я разумею, хлопцы, — трохі больш стрымана сказаў Хрыстос. — Вам лезці на ражон да канца не хочацца. Вас, калі схопяць, можа, і пашкадуюць па справах вашых. Скажам, не на палю пасадзяць, а ў каменны мех да скону. Усё ж жыццё. Вы не тое, што я. Вас яны не могуць да канца ненавідзець, а мяне ненавідзяць, бо я сведчу аб іх, што справы іхнія злыя. Што ўсе запаветы чалавечыя яны падмянілі адным, дзесятым: «Паважай здраднікаў, і добра табе будзе».
Глядзеў на патупленыя галовы:
— І ўсё ж апошняе маё пытанне. Будзеце вы ваякамі за праўду ці так і пакінуць вас у прапойцах і зладзеях? Будзеце са мной? З імі?
Пятро бегаў вачыма па хаўрусніках. Рашыўся:
— Вядома, з табою.
— Ты не сумнявайся, — падтрымаў яго Баўтрамей.
— Кінь, — загулі галасы. — Чаго ўжо… З пачатку ідзём… Ты на той свет, і мы ўслед.
Братчык абводзіў позіркам твары. Людзі стараліся глядзець яму ў вочы, і кожны іншы, не такі прастадушны, заўважыў бы, што яны стараюцца. Але гэты не заўважыў, і, акрамя таго, яму хацелася верыць.
— Добра. Збірайцеся. Зараз жа рушыце цягаць камяні на забрала. А ты куды, Тумаш? Нацягаўся, здаецца?
— Я да брамы. Там і пасплю недзе, — і Фама выйшаў з хаты.
Апосталы пачалі збірацца. Толькі Іуда зняў поршні, адсунуў з краёчка стала місы, паклаў на яго сшытак са сваімі запісамі, скінуў плашч і зрабіў з яго на лаве падабенства падушкі. Пазяхнуў:
— А я тут лягу… Прабач… Я паспею…
— Вядома, — сказаў Хрыстос. — Дзве ж ночы не спаў. Прыдрамні. Разбуджу раніцаю.
Іуда, не раздзяваючыся, лёг на лаву. Ледзь толькі галава ягоная апусцілася на скрутак, ён заснуў. Нібы ў цёмны, глыбокі вір апусціўся. Нібы рынуў у бездань.
— Ну, дык хадзем, — сказаў Хрыстос. — Працаваць будзеце, як валы. Памятайце, далі слова.
— Вядома, — сказаў Пятро.
І зноў нешта няшчырае патрызнілася Хрысту ў ягоным голасе.
— Глядзіце толькі, каб мне не давялося сказаць: адзін з вас сёння н е здрадзіць мне.
Прарэзліва і свежа пачалі крычаць над сонным горадам першыя пеўні. Людзі выйшлі. Іуда спаў каменным сном. І тут зноў адчыніліся дзверы, і ў шчыліну асцярожна прасунулася гарбаносае, у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, аблічча Мацея.
— Раввуні, — шэптам паклікаў ён. І пасля сказаў галасней: — Раввуні.
У пакоі чуваць было толькі соннае, роўнае дыханне.
І тады Данель падышоў, асцярожна ўзяў са стала рукапіс, выйшаў на дыбачках і зачыніў за сабою дзверы.
Пераклічка пеўняў усё яшчэ трывала. Крычаў адзін. Адказваў яму хрыпатым басам суседні. Яшчэ адзін. Яшчэ. Зусім здалёк танюткай нітачкай голасу азываўся яшчэ нейкі. Кожны чарговы крык выклікаў меладычную лавіну гукаў.
Крычалі першыя пеўні над горадам. Людзі праз сон чулі іх і не ведалі, што другіх пеўняў шмат хто не дачуецца.
РАЗДЗЕЛ ХLV САД ЛЯ КАЛОЖЫ
Таму што корань усіх зол ёсць срэбралюбства.
Над зямлёю панавала месячнае святло. Беленыя сцены дамоў здаваліся пяшчотна-