чарку, мачаў палец у вяршкі і мазаў кошку па носе. Тая аблізвалася. Спачатку — нездаволена, потым — нібы робячы ласку.
— Не п'еш? Як папа? Брэшаш, і ён п'е. Павінна была ведаць, калі цябе з карабля ў папскай вобласці купілі… У-у, шэльма, у-у, латрыга, шпіёнка ты мая папская. Чаго морду вароціш? Не даспадобы? А мне, думаеш, даспадобы, што лазутчыкі вакол? Самага вернага дыякана пасадзілі. А горад больш чым на тры чвэрці праваслаўны. Вось няхай самі ў ім і спраўляюцца, а я сам сябе пад хатні затвор пасаджу. Мне і тут няблага. І вып'ю сабе, і закушу. Цішыня вакол, звон. І добра сабе.
Ён не паварухнуў і вухам, калі пачуў грукат. Нехта бег пераходамі, тупаў па сходах, як жарабец. Потым дзверы з гулам расчыніліся, і, нібы нехта кінуў да ложка самавар, уляцеў у пакой і ўпаў ніцма Карніла.
— Блаславі, святы ойча.
— Гэта ты за блаславеннем так бег, прыхвасцень?
— Але.
— Брэшаш ты.
— Святы ойча…
— Ізыдзі, рука Ватыкана.
— Праваслаўны я, ойча…
— Малаважна. Такіх паўсюль паляць. Чацвёрты ты Сікст…
Карніла пакрыўдзіўся:
— Я ўжо і не ведаю, на што гэта вы намякаеце.
— Інквізітар ты… Фараон… Саўл.
— Лайцеся сабе, лайцеся. Кідайце хульныя словы. А ў горадзе мяшчане бунтуюць. Павалілі з доўбнямі, з друкамі на Стары рынак.
— Няхай валяць, — мітрапаліт павараціўся да Карнілы задам. — Дулеб ты багамерзкі.
Кошка ўскараскалася пярэднімі лапамі на Грынеў бок і глядзела на Карнілу, нібы д'ябал з-за муроў пекла.
— Купецтва ім насустрач кінулася. З мячамі.
— Няхай сабе і так.
— Кроў пральецца.
— А нябесны наш айцец не праліваў крыві?
— Дык разбараняць трэба, — амаль стагнаў Карніла. — З харугвамі ісці.
— Вось няхай Лотр з Басяцкім бяруць свае пратэсы сатанінскія ды Камара бяруць ды ідуць. Пагляджу я.
— Праваслаўныя б'юцца!
— Малаважна… ідалапаклоннік ты. Няхай б'юцца. Як разбараняць, то я, а цэрквы ў нас розныя там Богушы адбіраюць ды ім аддаюць.
— Лотр перадае: вярнуць праваслаўную Ніжнюю царкву.
— Пук ты… Рэдзька няскрэбеная, смярдзючая… Якую Ніжнюю? Тую руіну, што ў замку? Хай ён сам там служыць, ракам у алтар поўзае ды спіною голай прастол ад дажджу закрывае… філісцімлянін. Там муры над зямлёю яму да задніцы… немец ён, жаўтапузік такі.
— Ды не тую Ніжнюю… Тую, што на Падоле, пад Балонню.
— І трохкупальную Ганны, — дзелавіта сказаў Грынь.
— Пабойцеся Бога!
— І яшчэ былое Спасаіконапрэабражэнне, што на Гараднічанцы. Драўляную… Даважка.
— Добра, — змрочна буркнуў сотнік. — Толькі хутчэй. Мяшчане да складаў ірвуцца. Кардынал з іншымі пайшлі ўжо.
Грынь Балвановіч раптам узвіўся так, што кошка, нібы падкінутая, пакацілася на падлогу.
— Да скла-адаў?! Што ж ты раней не казаў?! Доўбня ты неўтаропленая… Даўгапят ты! Стрыгольнік*, праваслаўем пракляты!
* Стрыгольніцтва — ерась, што был распаўсюджана ў Ноўгарадзе і Пскове ў ХІV-ХV стст. Стрыгольнікі паўставалі супраць права духавенства і манахаў на зямлю, супраць іхняй распусты. Адмаўлялі паборы за царкоўныя трэбы. Сцвярджалі, што адпраўляць культ можна і без папоў. Ерась была жорстка раздушана.
— Ужо і не ведаю я, чаго вы мяне так бэсціце? Дарэмна вы гэта.
— Шатны*! Адзяянні! Ах, каб ім другога прышэсця не дачакаць!
* Той, хто распараджаецца адзеннем.
Усё яшчэ гучала анафема і раўлі валасатыя і безвалосыя зяпы, а «другое прышэсце» падыходзіла да брамы места. Уваходзіла ў яе.
І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам… Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад'есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны — і гэта было недарэчна і смешна.
За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек.
З цярновым вянцом на лбе.
РАЗДЗЕЛ VІ СЫСЦЕ Ў ПЕКЛА
…тых людзі разбараняць, бо ў запекласці сваёй бакі і галовы папрабіваць маглі і іншыя члены папсаваць, і было б з таго шкода і псота вялікая іх мосці і верхнасці каралю. А людцы тыя біліся і дараносіцамі, і каўчэгамі, і з моста ў ваду, дзе на глыбокім, адзін аднаго звяргалі; як тыя катќ біліся, што засталіся ад абодвух адны хвасты; сысце пана Езуса нават іх не разбараніла б і не суцішыла.
Перад Старым рынкам, аддзеленая ад яго будынкам ратушы, ляжала маленькая квадратная плошча Ростань. Крыжападобна ішлі ад яе чатыры вулкі. Адна, самая кароткая, Старая вулка, злучала Ростань са Старым рынкам. Суседняя з ёю вуліца, Малая Скідзельская, вяла на ўсход. Яна злівалася з Вялікай Скідзельскай і за брамай выходзіла на Скідзельскі шлях, што вёў на Наваградак і Менск. Насупраць Малой Скідзельскай ляжала вулачка, што вялікай дугою ішла да заходняй брамы замка. Насупраць Старой — вуліца, што вяла да рамесніцкіх кварталаў.
Апоўдні таго дня на Ростані было непрытульна. Два натоўпы стаялі адзін супраць аднаго. З боку слабод напіралі мяшчане і рамеснікі з дручкамі, пожагамі, мечнымі палосамі.
З другога боку, загаціўшы выхад з Ростані на Старую, запоўніўшы ўвесь гэты кароткі завулак, калыхаўся натоўп гандляроў і багатых мяшчан. Гэтыя былі ўзброены лепей, але ў бойку лезці не спяшаліся. Атлусцелі. Спрыту не было ў членах. Ахвоты не было ў душах.
На чале натоўпу стаяў сам бурмістр Юстын, у кальчузе і пры мячы. За ім шчацініліся дзідамі шэрагі багатых купцоў, цэхавых. У атачэнні асабістай варты стаялі ратманы і лаўнікі.
Чакалі. Але ведалі: без бойкі не абыдзецца. З варожай вуліцы ўвесь час ляцела грознае:
— Хлеб! Хлеб! Хлеб!
Кірык Вястун не хацеў так, дарэмна, лезці на ражон. Паслаў у абход сыраядцам шэсцьдзесят падмайстраў і маладых мяшчан пад рукою разьбяра Кляоніка і Маркі Турая. Тыя нешта марудзілі. Проста перад сабою каваль бачыў вусы, разверстыя раты, налітыя крывёю вочы, зброю. Мільгнулі недзе сярод варожага натоўпу твары хлебніка і «рыбнага кардынала».
— Хлеб! Хлеб! Хлеб!
Кірык ведаў: не адаб'юць хлеба, не прымусяць падзяліцца — людзі неўзабаве пачнуць пухнуць. Вось гэтыя, звычайныя людзі, сябры. Гэты чорна-сівы Гіаў Турай, і Ціхон Вус з залатымі вышэй кісці рукамі, і гэты дудар, чыя дуда зараз плача над імі, і гэты шэравокі мужык Зянон, і сотні іншых мяшчан і мужыкоў.
Нехта крануў яго за плячо.
— Ты чаго тут, Марка?
— Выбраліся мы Шывальнай вуліцай на Заходні абход, а там духавенства ідзе. Дарогу перарэзала.