Я — хлеб жывы, што сышоў з нябёс.

Іаан, гл.6, ст.51

СЛОВА АД ЛЕТАПІСЦА

«…І вось нібы вочы тагды адняло ва ўсіх. Добра бы ў людства цёмнага, дбаннем айцоў царквы не прасветленага яшчэ.

Розум узяў Нячысты і ў мяшчан багатых, і ў гандляроў, і людзей са свентай службы — аж да нунцыя, і ў генеральнага камісарыя, і — жах сказаць — у літасцівага кроля нашага, і ў князя Маскоўскага, дысідэнта. І нават у тых, што вышэй за іх*.

* Закрэслена. Дапісана на палях заўвага: «Хто ж гэта вышэй за іх? Калі Бог — гэта пахне ерассю. І прытым, што гэта за звычай — казаць на святую Троіцу «яны» і звяртацца да яе на «вы». А калі гэта пра папу і мітрапаліта, то гэта палітычнае злачынства, ад чаго ратуй цябе Божа больш, чым ад багахульства».

Якімі чарамі дабіліся гэтага шалберы тыя — ведае Бог. Але дзіўна, чаму ўсе як аслеплі і чаму тая слепасць ад чарадзейства брыдкага так хутка мінула пасля, калі пачалі іх законна гнаці за блуд іхні, за тое, што хлеб знаходзілі, дзе яго не было, і ворагаў моцных, з малым людзем супраць іх выправіўшыся, грамілі — а пэўна ж сілаю Сатаны».

СЛОВА АД ДРУГОГА ЛЕТАПІСЦА

«Той злодзей Пятра-рыбака — а хто кажа, мешчаніна — і іншых сабе падобных дванаццаць вэдлуг лічбы апостальскія выбраў, а сам ся Хрыстом назваў і падмануў тым святую маці нашу царкву. Бо княжаці царквы простыя былі, як галубы, і чыстыя сэрцам, як дзеці, якіх ёсць царства нябеснае. І тыя княжаці аб простым людзе паспалітым думалі і меркавалі, што Пан Бог, ся з'явіўшы, палёгку і радасць велькую таму люду зробіць.

О, велькі быў пасля гнеў іхні за падманутую зладзеямі тымі веру! Бо адкрыў ім із верхнасць госпад вочы і загадаў мячом караці тых махляроў за ерэтычныя вымыслы іхнія і ерась тую агнём выпальваці, а зладзеяў тых нішчыць.

А покуль злыдні тыя ў Гародні кілка дзён замешкаўшы, як бы апантаныя ад д'ябла ўчынялі і жыўнасць стараннем сабе і людзям здабывалі, бо сваёй кухні не мелі. І той Хрыстос тады там, як бы шалёны па гасподах і рынках бегаючы і па крамах, хлеб людзям хапаў і мяса з гарнцаў і міс шарпаў і на свае таварышы мятаў, а яны іх, хапаючы, і елі. І была там на той час вялікая вялікасць людзей».

СЛОВА АД ДВУХ СВЕДКАЎ

«І зноў брахня. І абрыдзела ўжо нам, людзям, што з ім хадзілі, чытаць гэта і слухаць гэта. Але ж хто ачысціць праўду ад калу* і возграў**, калі не мы? Хто застаўся жывы? Гэтыя два, што вышэй, яны яшчэ хоць трохі, паловай слова, праўду кажуць. Знаходзілі і хлеб. Білі і ворагаў. Здабывалі і мяса, і рыбу, і жыўнасць людзям. І была там сапраўды «вялікая вялікасць людзей».

* Праўлена: «ад крывадушнасці і неаб'ектыўнасці».

** Сопляў.

Але ў іншым — хлусня. Самі бачылі, як мы, гаротныя, тую царкву і начальства тое «абдурылі». Пад пагрозайпрэнга і вогнішча. Самі зведаеце, як гэтая іхняя «слепасць» прайшла, ледзь ён руку на золата царкоўнае падняў. І што тады зрабілі тыя, «простыя, як галубы» — зведаеце вы таксама.

Але Варлаам і летапісцы з Буйнічаў менш хлусяць. Вы Марціна Бельскага паслухайце. Ён Братчыка Якубам Мелшцінскім заве, шляхцюком каронным. У той час, як не ведаем мы, ці быў ён нават мірскім шкаляром. Дзіўны занадта быў для шкаляра. Ці разумны дужа, ці з месяца ўпаў — проста розуму не дабярэш.

А было так.

…Кінуліся да нас людзі. Тысячы многія. Падхапілі на рукі, узнялі, панеслі. А за намі панеслі тых самых князёў царквы. Д'ябал ведае, адкуль з'явіліся ў руках, угору ўздзетых, паходні, стужкі каляровыя, кветкі. Агонь скача. А мы, шчаслівыя, смяёмся: скону пазбеглі, бедныя.

Каб ведалі, колькі нам з тым апостальствам пакутаваць яшчэ — плакалі б, як іудзеі на рэках вавілонскіх, а і замест таго, каб ліры на вербы вешаць, ім падобна, самі б на тых вербах павесіліся.

Натоўп скача, раве, лікуе: Хрыстос у Гародню прыйшоў. А мы ўжо на Старым рынку зразумелі, у якую саладуху ўквэкаліся. Там нейкі чалавек — слабы, відаць, вераю — цэлы воз мышаловак прывёз.

— Мышалоўкі! — крычыць. — Дзівосныя мышалоўкі!

І тут народ удрузг і ўшчэнт разбіў той воз і разнёс, а мышалоўкі стаў таптаць нагамі: нашто нам мышалоўкі, маўляў, калі ў нас вы ёсць. Тут мы і спалохаліся.

— Цу-да! Цу-да! Цу-да! — крычаць.

І воплескі…

Братчык быў разгубіўся, але потым паляпаў свайго «каня», нейкага мужыка Зянона, каб той спыніўся, пад'ехаў да Багдана Роскаша, а цяперака Фамы Нявернага, дый шапянуў яму нешта. Фама галавою затрос.

— Тпру, — сказаў Хрыстос. — Добра, людзі! Зробім усё. Будзе вам цуд.

Закасаў рукавы:

— Прынясіце нам ад дамоў сваіх сотню мышэй.

— Але, — пацвердзіў Каток — Тадэй, дый вымае з-за пазухі мыш.

Натоўп узвыў. Пабеглі за мышамі.

…І вось сядзім мы ўсе ў нейкай пуні за мноствам клетак. Тумаш дастае з клетак мышэй, а мы іх дзёгцем мажам. І ўсё гэта здорава нагадвае фабрычны канвеер*. Правільна гэта Братчык прыдумаў, а Фама — Тумаш пацвердзіў. Мыш — ён дзёгця не любіць. Пусціш такога — ён іншых перапэцкае, тыя — іншых. Мышы палову жыцця мыюцца, а дзёгаць языком не адмыеш. Пачнуць яны кідацца, у другія дамы бегчы, у свае і там пэцкаць. Пачнецца страшэнная бойка. І сама позняе праз дзень усе мышы з горада выйдуць.

* Зноў жа невядома, адкуль людзі ХVІ стагоддзя ведалі пра фабрыкі, канвееры і вынаходніцтвы Форда. Можа, было гэта ад падазронай абазнанасці Братчыка. А хутчэй за ўсё, выявіўся тут вылікі промысел Божы.

І вось мы працуем. Дастаем — трымаем за хвост — квачом плюхаем. І Іуда тых мышэй у норы выпускае.

…І выйшлі мы з пуні тае, і зноў узнялі нас на рукі, і паабяцаў Хрыстос, што заўтра мышы пойдуць з горада, бо пачуў бацька ягоны на небе маленні чалавечыя.

Усё было б добра, але тут Іуда ўбачыў, як Лотр з Балвановічам глядзяць на Братчыка, нібы на сваё стварэнне. І ўсміхаюцца, быццам ацэньваючы: «А нішто», — і рукі іхнія сустракаюцца ў моцным поціску.

Так непамысна тады зрабілася. Нібыта будучы лёс свой убачыў.

…Потым уражанне ад абяцання мінула, і тут усе гэтыя людзі са змарнелымі тварамі, бледныя кабеты, жабракі ў лахманах, дзеці няшчасныя — усё гэтае беднае мора адчула, што галоднае яно, што рызыкавала жыццём за гэтага чалавека і мае цяпер права прасіць аб найвялікшым дзіве, якое магчыма на зямлі, аб кавалку хлеба. І пачалося маленне аб другім дзіве:

— Хле-ба! Хле-ба! Хле-ба!

Рукі цягнуць. І тут разгубіліся ўжо не толькі мы. Разгубіліся і «простыя галубы», князі царквы.

Шчасце вялікае, што некаторыя пачулі маленне людское, падумалі, што вось сапраўды дасць хлеба і тым гандаль падарве, дый ад аднае тае думкі трохі пашалелі. Глядзім — праштурхаліся праз натоўп ад сваіх крам два чалавекі. Адзін худы, рыжы і вэнджанай рыбаю пахне. Другі — нібы з боханаў хлебных збіты. І апошні са з'едлівасцю такою Хрысту кажа:

— Але. Хлебчыку. Ствары ім цуд.

А другі з такой фарысейскаю мордаю пытае:

— Што ж не нагадуеш іх хлебам і рыбай?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату