— Занадта старанна і дбайна ачышчаеце тыя скарбонкі?
— Не. Проста ў мяшчан ужо таксама амаль няма хлеба.
— То кіньце ім шчодрай рукой, — нявінна сказаў Лотр.
— Божы хлеб? А яны, няробы, зноў будуць лайдачыць?
— Ну, глядзіце. Але тады вам давядзецца рабіць нешта іншае. Яны прыйдуць прасіць ад царквы цуда і абароны… Глядзіце!
І яны заўважылі. Дарога варушылася і плыла. Як рака. Тысячы, сотні тысяч мышэй запаланілі яе ўсю. Ішло некуды засяроджанае, упартае ў сваім тупым і вечным руху наперад мышынае войска. Коні, выкатваючы ў смяротным жаху вочы, задкавалі ад яго прэч.
— Бачыце? — спытаў Лотр.
— Што ж, давядзецца ў бліжэйшыя дні ўчыніць над імі імем царквы суд Божы. Няхай потым не кажуць, што мы засталіся безуважныя да пакутаў народных.
Наколькі сягае вока, плыла ўся дарога. Легіёны грызуноў ішлі наперад, на Гародню.
РАЗДЗЕЛ ІІІ СУД
Людзі так да іх прывыклі, што перасталі заўважаць іхнія злачынствы…
…Таму мы не палюем за буйнымі разбойнікамі, але затое вашаму брату спуску не даём.
Стары, Вітаўтаў яшчэ, гродзенскі замак быў страшны. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, ён, нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаштым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Сваіх майстроў у вялікага князя не было, а беларускія ці былі пабітыя пры ўзяцці горада, ці разбегліся. А хто застаўся, той будаваў, прама скажам, дрэнна: ведаў, што на ягоны век хопіць, а там хай бы і трава не расла. Дзеля каго было будаваць? Ён, князь, вядома, герой, дык лёгка ж быць героем на трупах пакораных. Спачатку гінулі ў войнах з ім, потым гінулі ў войнах за яго. Ды яшчэ каб бярог старыя звычаі ды веру, а то з лаціннікамі спеўся. То гары яно ясным гарам!
Такая ў той час абыякавасць напала на людзей! Дый майстэрства падупала, як заўсёды пры вечнай вайне. І вось з паўтарасажнёвых муроў выпадалі і каціліся ў Нёман камяніскі, трушчыліся пад цяжарам валунных слаёў слаі цэглы (муры былі, як слоены пірог: слой каменных брылаў — слой цэглы), вежы (чатыры квадратныя і адна круглая, па імю Зафея) былі запушчаныя, выраслі на іх малыя бярозкі, лебяда і іншая дрэнь. Сачылі, відаць, больш за замкавым палацам, чым за мурамі.
І ўсё ж цытадэль была страшная. Стральчатыя гатычныя вокны палаца, грыфельныя муры, вострыя дахі са свінцовай чарапіцы, зялёная і смярдзючая вада бяздонных равоў, вузкія, як шчыліны, байніцы верхняга і ніжняга бою. Ля Саляной вежы — камяністы, касталомны зрыў да ракі. А ля яе — узгорак, вышэйшая кропка Замчышча, гародненская Галгофа. Там зараз кружляла груганнё: зноў, відаць, кагосьці выкінулі на пажыву.
Людзі на Старым рынку, прыціснутым ледзь не да самых равоў, не звярталі на птушак ніякай увагі, дарма што крумкачы лямантавалі не толькі над Зітхальным Гарбом, а і над вежамі. Звыклі. Чаго ні даводзілася бачыць за апошні час. Трэба было жыць. Хаця трохі падаражэй прадаць сваё, ледзь не апошняе, хаця трохі падзешавей купіць збожжа… Мала народу варушылася ў той дзень на чатырохкутнай плошчы.
Крамы данцыгскіх ды крулявецкіх купцоў былі шырока адчынены, але што ў іх рабіць простаму чалавеку? Збожжа там не прадаюць, збожжа там купляюць. Купляюць і футру, але якія футры ўлетку. Купляюць, вядома, і лён, і пяньку, ды толькі мераю іхняй куплі не мужыцкая жменя, а цэлы панскі абоз.
Варшаўскія, торуньскія, крымскія купцы. Часам прамільгне, бы з цёмнага дрэва рэзаны, веніцэец, гарбаносы нарвег, ці нават валох, або нават зябкі маўр. Ведаюць: тут спакойна, тут, у горадзе гарадоў, ніхто іх не зачэпіць. Бо ўсё тут, што датычыць гандлю, у руках купца і для купца. Купец не дасць магнату пакрыўдзіць і абабраць, рада не дасць царкве накласці на ўсё нясытую лапу.
І не ведаюць яны, што, нягледзячы на самаўпраўленне, усёй гэтай раскошы прыходзіць канец, прыйшоў ужо канец. І нічога не зробіць рада ні з замкам, ні з царквою, ні з магнатамі, ні з іхнімі шляхецкімі атрадамі, слугамі і прыгоннымі.
Толькі і засталося радзе, што ўладарыць над рамеснікамі, падмайстрамі ды плебеямі. І над табою ўсялякі суд ёсць, а ты, бурмістр, вы, радцы ды лаўнікі, толькі і можаце, што спрэчкі аб маёмасці разбіраць радзецкім судом ды забойствы і іншае такое — судом лаўнічым.
І дрэмле за акном ратушы мардаты лаўнік, чакае, калі нейкага злодзея спаймаюць ды прывядуць. А побач, у вялізным заезным доме гасцінным, думаюць багемскія, нямецкія і іншыя купцы, як бы Гародню на чарговым кірмашы абабраць.
Ідзе варта ў чашуйчатых латах. Падалей ад яе, падалей ад багатых крам. Вось на гэтым баку плошчы лепей. Тут хочаш бэркаўцам купляй, хочаш — жменяй. Над дзвярыма рыбных радоў рыба-кіт глытае Іёну. Над хлебнымі радамі волат-хлебаед жарэ каравай велічынёй з царкву — таксама пуката выразаны, пафарбаваны. А над дзвярыма піўнога рада анёлак пускае струмень. А што, сапраўды, як іначай паказаць, што такое піва і што яно робіць з людзьмі.
Хлебнік і рыбнік, гаспадары дзвюх вялікіх суседскіх крам і шматлікіх пры іх складаў, сядзелі ля дзвярэй у цяньку, на каменных лавах, ды лянотна гаманілі аб сім-тым. Балела з пахмелля галава: учора добра памаліліся богу Борцю, якому па вёсках і дагэтуль ставяць у ахвяру ля свепетаў* бярозавік і разведзены вадою мёд, імя якога пры айцах духоўных вымавіць — злітуйся і ўратуй нас, Пан Езус.
Худы рыбнік скроб пальцамі ў рудых валасах. Хлебнік, увесь нібыта са сваіх хлябоў складзены-збіты, каламутна глядзеў на свет, віцаю крэсліў на зямлі нешта незразумелае.
— Чаго гэта ты чухаешся? Блохі адолелі, ці што?
Рыбнік нібыта абурыўся. Адказаў старым, як свет, жартам:
— Гу-у. Блохі… Што я табе, сабака, ці што? Во-ошы… Проста, братка, галава баліць. Увесь я сяння… як гарэлачная пляшка.
— Ну вось. Сяння, як пляшка, а ўчора ўпоперак канавы ляжаў, як грэбля… І вада цераз цябе верхам цурчала, як у дрэннага млынара.
— Ладно, до! Што за звычай прыпамінаць з учарашняга ўсё самае непрыемнае.
— Не буду. Як там у цябе хаця гандаль, рыбны кардынал?
— Ну-ну, не нюхаў доказнай інквізіцыі?
— Хай жыве царква святая. То як?
— Аман. Дзярмова. Запасаў няма.
— У абодвух у нас тых запасаў няма. Ні ў каго няма.
— Ану, дай слухаць. Нешта там юроды загарлалі, ды мешчанота наша туды пабегла.
Там, дзе адзін з бакоў плошчы ледзь не абрываўся ў роў, непадалёку ад замкавага моста, сапраўды ўзахапы і наперабой (аж напіналіся на лбах і шыях жылы) лямантавалі два чалавекі — юрод, падобны на цюк анучніка, калматы, худы, як віца, і здаравенны звераваты чалавечына ў шкурах і ў скураным поясе на палову жывата, з голымі рукамі і нагамі. Грыва валасоў, шалёныя вочы, сківіцы, што маглі б раструшчыць і камень. Расстрыга ад Спасаіконапрэабражэння, а цяперашні гарадскі прарок Іллюк. Уздымаў лапы, падобныя на звязкі тоўстых карэнняў:
— І прыйдзе за мною — праява мне была — нехта, як за Янам Ксціцелем… Езекііля* ведаеце?
— Не! Не!
— То яму, як і мне, сказана было: па грахах вашых і памаўзліваму юрадзейству тужыць па вас нябесны Ерусалім. Воды вашы горкія, бо гарэлка, што выпілі вы, — тут расстрыга заплюшчыў вочы і правёў далонню па пузе, — па-айшла-а па жылах зямных. І сказаў мне з Езекііля: «Еш ячменныя праснакі і пячы іх на чалавечым кале».
Бабы вакол плакалі. Мяшчане і рамеснікі змрочна глядзелі ў адверстую пашчу. А тут яшчэ паддаваў жару юрод, крычаў аб зямлі, якая згарэла, аб коршаках, якія судзяць мышэй, аб небе, што вось-вось саўецца ў світак.