Ярыльшчыкі паспешна рэтыраваліся, і ніхто іх за гэта не асуджаў. Яны сваё зрабілі, прыйшла чарга больш сур'ёзнай справе.

Горы жалеза ляцелі на мужыцкіх байцоў, і ў радах абаронцаў горада трыумфальна завылі, загалёкалі. Ясна было — канец. У адным Пархверы сажань і шэсць дзюймаў. І тут здарылася нечаканае. Калі жалезныя былі ўжо зусім блізка, Тумаш і Хрыстос паставілі коней дыбам, павярнулі іх у паветры і шэнкелямі прымусілі зрабіць скачок у бакі. Дзве гары, з разлёту, прамчалі паўз іх. Юрась умудрыўся дагнаць Карнілу і плазам мяча ляснуць яго па жалезным азадку. Загуло. Зарагатала мужычае войска. Узлаваны Карніла паспрабаваў зрабіць тое, што не дазвалялася і што было памылкаю: цераз плячо, як латай, агрэць праціўніка дзідаю. Юрась перахапіў яе і, выдзершы, кінуў на зямлю.

Карніла схапіўся за меч. Цяпер ён не меў перавагі адлегласці і вагі, як тады, калі меў дзіду. Цяпер ён быў у пройгрышным стане: мячы былі аднолькавай даўжыні, а вораг быў больш рухомы. Заставалася спадзявацца на непрабіўны міланскі панцыр.

Дзве пары ваякаў біліся сярод поля, і тысячы вачэй глядзелі на іх.

— Ану, ану, — задорыў Фама. — Дав-вай, сабачая костка. Дзе табе!… Мы… ад Усяслава.

— Я сам… ад Усяслава, — рохкаў Пархвер.

— Ад шашка ты, а не ад Усяслава. Ад тхара і свінні.

Пархвер сапраўды пацеў. Але Фаме даводзілася цяжэй. Нягледзячы на вялізную сілу і вагу, перад сотнікам ён быў драбнаваты.

— Хам!

— Сам хам!

Ляскалі мячы. Праменні заранкі гулялі па латах. Усё гэта нагадвала вясёлую і жудасную гульню.

— Трым-майся, Хрыстос.

— На, табе.

— Гы-ых! — адбіў удар мячом Карніла.

— Добра, што ты стралу выняў, — выскаляў зубы Юрась. — Нязручна было б з ёю… на… кані.

Мячы звінелі ўтрапёна. Карніла шумна выдыхаў і лаяўся.

— Жартуеш груба, — кінуў Хрыстос. — Мазгі ў цябе курыныя.

— Вернаму… мазгі… без патрэбы.

— Дык я іх табе зараз… зусім вышыбу.

Няўлоўным выпадам ён адбіў Карнілаў меч і ашаламіў тысячніка. Той крутануўся і грузна, цяжка ахнуўся аб зямлю. Не мог устаць. Юрась схіліўся, падхапіў з зямлі дзіду і паднёс востры канец да грудзей таго, хто ляжаў. Войскі ахнулі.

— Трымайся, — сказаў Хрыстос. — Уставай.

Карніла ўстаў і крыва пайшоў, сам не ведаючы куды. Жалезныя яшчэ падаліся наперад: вызваляць вожа, спусціліся амаль усе ў лагчыну. З іхніх радоў паказаліся пашчы канонаў. Іх цягнулі, і колы іхнія па калодку загразлі ў зямлі.

Юрась некалькімі пляскачамі дзідай накіраваў Карнілу ў патрэбны бок і стаў глядзець на Тумаша. Той біўся адчайдушна, але ўдары волата былі страшныя — двухручны Тумашаў меч кожны раз адлятаў за спіну.

Карнілу ўрэшце адцягнулі да сваіх. Ён, апрытомнеўшы, крычаў, загадваў нешта. З ім спрачаліся. І ўсё ж з іхняга боку раптам раўнуў адзін канон: помста рухала тысяцкім.

Над галовамі байцоў праляцела ядро, узарала зямлю перад мужыцкім войскам.

— Гэй, — крычалі адтуль. — Двабой не скончан! Гаршкі кідаць будзем!

Пасля адтуль даляцеў ляск: мужычая катапульта кінула гаршчок з гразёю — на знак папярэджання… Карнілу схапілі за рукі, угаворвалі.

Але вынік усяго гэтага сказаўся адразу ж. Быў ён толькі нечаканы. Гаршчок недалётам — відаць, не адрэгулявалі нацяжку жыл катапульты — упаў проста на галаву Пархверу, і тая засела ў ім.

— Гэй, кум, памагчы, ці што? — спытаў Фама.

Ударыў злёгку па гаршку, раскалоў яго. Па шалому, па твары, па вусах волата плыла вадкая гліністая гразь.

— Умыўся б, ці што.

Вялізныя сінія вочы Пархверавы загарэліся неўтаймаванай ярасцю. Ён узнёс двухручны меч і слепа апусціў яго. Тумаш ледзь паспеў паставіць свайго лёгкага каня дыбам, і лязо ўторкнулася глыбока ў зямлю. І тады Фама даў ворагу спрытнага выспятка ў адстаўлены азадак. Пархвер вылецеў з сядла. Рогат пакаціўся над полем. Пераможцы памчалі да сваіх.

Карніла ўзняў руку ў жалезнай пальчатцы і апусціў яе.

— Рушай!

Адбылося лёгкае замяшанне. Чвяканне далятала адусюль.

— Коні загразнулі, — сказаў нехта. — Не паспеем выбрацца і ўзяць рад.

— Чорт! — сказаў Карніла. — Халера! Каноны на лінію!

Пачалі цягнуць каноны. Але натоўп на грывах прыйшоў ужо ў рух, паплыў уніз, як белая лава. Павольна і грозна. Гарматныя майстры спяшаліся, але цяжкія каноны завальваліся, паказвалі хобаты небу.

…І раптам тысячы глотак зацягнулі дзікі і суровы харал.

Пан Бог цвярдыня. Цвярдыня мая.Узняў ён далонь маю.Як Давід на ГаліяфаУзняў.

Ногі ў поршнях тапталі верас. Раўлі над галовамі дуды, але галасы заглушалі іх. Павольна, вельмі павольна, у лунанні зброі над галавою, плылі мужычыя гурмы, нібы па лінейцы адрэзаныя спераду.

Вось мой народ,Як ільвіца, ўстае.Смелы,Ён не ляжа,Пакуль не нап'ецца варожай крыві.

Суровыя, як абпаленая гліна, былі твары старых. Суровыя, аліўкавыя ад загару твары маладых. Сурова і страшна і ўсё вышэй лунаў харал:

Як ільвіца, ўстаеІ, як леў, уздымаецца.Пан Бог над намі.З намі ў гневе,У гневеНаш народ.Ускінулася над галовамі белая з золатам і пурпурам харугва-сцяг.Дзеці Юр'я святога,Дзеці яго ўдзела,Біце, забівайце. Не шкадуйце,Не шкадуйцеВорага.

І раптам гэты павольны, як лава, паток выбухнуў рыкам, пакаціўся з неймавернай, усескрышальнай хуткасцю. Лес зброі ўсё вырастаў над ім, усё бліжэй былі звар'яцелыя ад гневу абліччы. Час прыйшоў.

— А-а-а! Юры! Юры! Край! Край!

Раўнулі насустрач ім каноны. Круглыя белыя хлапякі дыму расплыліся ў туман. Але было позна. Гурма бегла і вырастала, бы ў сне. Наляцела. Затапіла. Узнесліся бусакі, пачалі хапаць коннікаў і вырываць іх з сёдлаў на зямлю, з якой яны, цяжкія, амаль не маглі ўзняцца. Паляцелі стрэлы і камяні. Заляскалі доўбні і цапы па жалезных шаломах.

І пайшла малацьба.

Праз нейкія дзве гадзіны на лагчыну спускаліся крумкачы. Бой у тых ачагах, дзе ён яшчэ віраваў, аддаляўся на захад, да муроў Гародні. Але большая частка жалезных адыходзіла з месца сечы, прышпорваючы коней, і гурмы пераможцаў імкнулі за імі.

Варта паспела ўсё ж прапусціць сваіх і зачыніць браму. Але каваль Кірык Вястун загадаў выкаціць на лінію каноны і страляць. Пасля кароткай кананады палавінкі варот разам з вялікім кавалкам даўно не рапараванага муру разбурыліся, рассыпаліся, грукнулі аб зямлю. Хмара пылу ўстала над уломкамі. Варта спрабавала была бараніцца на руінах, і тут на яе, з тылу, напала ўзброеная гурма мяшчан. Наперадзе іх арудавалі Зянон і залатарукі Ціхон Вус. Сціснутыя між молатам і кавадлам, людзі варты ледзь паспелі выбрацца Страменным завулкам, а пасля Старой вуліцай да замка і там далучыцца да войска, кінуўшы на зямлі палову сваіх людзей.

Іліяш пагладзіў белага Братчыкавага каня.

— Шкада, няма ў нас аслоў, — сказаў Тумаш. — Дзеля поўнага, значыцца, падабенства.

— Аслоў больш чым трэба, — крануў каня Юрась. — Ды яны самі вярхом ездзяць.

Хмара пылу радзела. І праз яе мяшчане ўбачылі конніка, што ўступаў у горад. Нізкае яшчэ сонца німбам стаяла за ягонай галавой. Гарлаў, крычаў узброены народ з галінамі ў руках.

— Страшна падумаць, — ціха сказаў Іуда, — што гэта было б, каб ты зараз надумаў мярзотнікам

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату