грудзей часам вырывалiся нейкiя арганныя гукi. Яго сiпатыя лёгкiя выдавалi ўсю астматычную гаму, ад урачыстых басовых нотаў да хрыплых крыкаў пеўнiка, якi ўпершыню спрабуе закукарэкаць.
Карчмар нават адмовiўся пайсцi спаць, калi яго жонка, якая падала ад зморы, прыйшла па яго. I яна вырашыла адпачываць сама, таму што была 'жаваранкам' - заўжды ўставала на досвiтку, тады як муж яе быў 'савой' - вечна гатовы праседзець з прыяцелямi хоць да ранку. Ён толькi гукнуў ёй:
- Пастаў мне гогаль-могаль на печку! - i прадаўжаў гульню. Калi стала ясна, што нiчога выпытаць у яго немагчыма, вырашылi, што пара класцiся, i ўсе разышлiся па сваiх пакоях.
На другi дзень усталi зноў даволi рана з цьмянай надзеяй на ад'езд i яшчэ мацнейшым жаданнем ехаць далей - усiх проста жахала думка, што давядзецца зноў марнаваць дзень у гэтым агiдным заезным дворыку.
Але дзе там! Конi стаялi ў стайнi, фурмана не было вiдно. Ад бяздзейнасцi падарожныя сноўдалiся па двары вакол карэты.
Снеданне прайшло даволi сумна; адчувалася пэўнае ахаладжэнне да Пампушкi, бо ранiца ж мудрэйшая, чым вечар, i настрой трохi зыначыўся. Цяпер спадарожнiкi амаль злавалiся на яе, чаму яна ўпотай не схадзiла да прусака i не зрыхтавала прыемнага сюрпрызу да iхняга абуджэння. Гэта ж прасцей за ўсё! Дый хто б даведаўся пра гэта. Дзеля прылiку яна магла б сказаць афiцэру, што робiць гэта проста з жалю да сваiх спадарожнiкаў. Гэта ж ёй такая дробязь!
Аднак уголас нiхто пакуль не выказваў такiх думак.
Апоўднi, калi ўсе знемаглi ад нудоты, граф прапанаваў зрабiць прагулянку па ваколiцах пасёлка. Апранулiся як мага цяплей, i невялiчкая грамада рушыла, апрача Карнюдэ, якi палiчыў за лепшае застацца каля агню, ды манашак - тыя бавiлi час у царкве альбо ў кюрэ.
Мароз, якi з дня на дзень усё мацнеў, балюча шчыпаў нос i вушы; ногi так закалелi, што кожны крок быў пакутай; а за селiшчам разлога падалася настолькi злавеснаю ў сваёй бязмежнай белiзне, што ва ўсiх ажно пахаладзела ўнутры i сцiснулася сэрца, i кампанiя павярнула назад.
Чатыры жанчыны iшлi ўперадзе, трохi воддаць за iмi - трое мужчын.
Люазо, якi выдатна разумеў сiтуацыю, раптам запытаўся, колькi ж яшчэ iм давядзецца тырчаць у гэтай трушчобе з-за 'нейкай шлюшкi'. Граф, нязменна паважны, сказаў, што нельга вымагаць ад жанчыны такой цяжкай ахвяры, падобная ахвяра павiнна быць толькi добраахвотная. Пан Карэ-Лямадон заўважыў, што, калi французы пойдуць у контрнаступленне цераз Дзьеп, - а пытанне стаяла менавiта гэтак, - дык сутычка з прусакамi адбудзецца не iнакш, як у Тоце. Гэтае меркаванне занепакоiла яго субяседнiкаў.
- А што, калi нам выправiцца пеша? - прапанаваў Люазо.
Граф пацiснуў плячыма:
- Ды вы што? Па гэтакiм снезе, з жонкамi? Дый за намi адразу ж пашлюць пагоню, схопяць праз дзесяць хвiлiн i, як вязняў, аддадуць у рукi салдатнi.
Вядома, гэтак яно i сталася б. Усе замоўклi.
Панi гаманiлi пра ўборы; але нешта, здавалася, скоўвала, расчужвала iх.
Нечакана ў канцы вулiцы вынiк прускi афiцэр. На фоне снежнага абшару выразна вымалёўвалася яго высокая фiгура - як аса ў мундзiры; ён iшоў, выварочваючы каленi, той асаблiвай паходкай ваеннага, якi стараецца не запэцкаць свае дбайна наваксаваныя боты.
Размiнаючыся з панямi, ён пакланiўся iм i пагардлiва глянуў на мужчын, у якiх, зрэшты, хапiла годнасцi не зняць галаўных убораў, хоць Люазо было i пацягнуўся да сваёй шапкi.
Пампушка ўспыхнула да вушэй, а тры замужнiя жанчыны адчулi глыбокае прынiжэнне, што гэты салдат сустрэў iх у таварыстве з дзеўкай, з якою ён абышоўся так бесцырымонна.
Загаварылi пра яго постаць, пра твар. Панi Карэ-Лямадон, якая ведала багата афiцэраў i добра разбiралася ў iх, лiчыла, што гэты не такi ўжо i нягеглы, нават шкадавала, што ён не француз, бо з яго атрымаўся б дужа вабны гусар, якi несумненна зводзiў бы з розуму жанчын.
Вярнуўшыся з прагулкi, падарожнiкi не маглi дабраць да галавы, чым заняцца. Дайшло нават да шпiлек па сама малой прычыне. Абед прайшоў у маўчаннi i цягнуўся нядоўга, потым усе разышлiся ў надзеi заснуць i хоць гэткiм чынам уходаць час.
Калi на наступны дзень падарожныя сышлi ўнiз, ва ўсiх на тварах ляжала стома, а на сэрцы - злосць. Жанчыны амаль не размаўлялi з Пампушкаю.
Зазванiў звон. У царкве рыхтавалiся да хрышчэння. У Пампушкi было дзiця, якое гадавалася ў сялян у Iвэто. Яна бачылася з iм не часцей разу на год, нiколi пра яго не хвалявалася, але думка пра немаўля, якое нехта намерваўся хрысцiць, выклiкала ў яе душы неспадзяваную гарачую хвалю пяшчоты да свайго дзiцяцi, i ёй няўтрымна закарцела паглядзець хрышчэнне.
Як толькi яна пайшла, спадарожнiкi пераглянулiся i падсунулiся блiжэй адзiн да аднаго - усе адчувалi, што трэба ўрэшце нешта вырашыць. Люазо раптам трапiла думка: ён сказаў, што трэба прапанаваць афiдэру затрымаць адну Пампушку, а астатнiх адпусцiць.
Пан Фалянвi згадзiўся выканаць даручэнне, але амаль адразу вярнуўся назад: немец, якi выдатна ведаў чалавечую натуру, выставiў яго за дзверы. Ён быў намераны затрымваць усiх падарожнiкаў датуль, пакуль яго жаданне не будзе задаволена.
Гэтага аказалася задосыць грубай душы панi Люазо.
- Не сядзець жа нам тут да старасцi! Раз у гэтай паскуднiцы такое рамяство, раз яна займаецца гэтым з усiмi, дык якое ў яе права на нейкiя пераборы?! Скажыце, цаца якая! Ды ў Руане з кiм толькi не блыталася, нават з вознымi! Вось гэтак, мадам, з вознымi прэфектуры! Хто-хто, а я дык ведаю - ён у нас вiно бярэ. А цяпер, калi трэба выбавiць нас з бяды, дык гэтая дзеўка строiць з сябе незачэпу! Па-мойму, гэты афiцэр вельмi прыстойны. Можа, ён даўно ўжо не бачыў жанчын i напэўна аддаў бы перавагу каму-небудзь з нас трох. А ён усё-такi задавольваецца тою, што даступная любому. Бо паважае замужнiх жанчын. Падумайце толькi, ён жа тут гаспадар! Варта яму толькi сказаць: 'Я хачу', - i з дапамогай салдатаў ён можа сiлай авалодаць намi!
Жанчыны здрыганулiся. Вочы гожанькай панi Карэ-Лямадон успыхнулi, яна трошкi нават збялела, быццам мысленна ўжо бачыла, як афiцэр спрабуе сiлай авалодаць ёю.
Мужчыны, якiя перагаворвалiся воддаль, падышлi да паняў. Люазо ажно шалеў i гатовы быў выдаць ворагу 'гэтую дрэнь', звязаўшы ёй рукi i ногi. Але граф, нашчадак трох пакаленняў пасланнiкаў i сам надораны знешнасцю дыпламата, выказаўся за прымяненне спрытнага манеўра.
- Трэба яе пераканаць, - сказаў ён.
I змова пачалася.
Жанчыны падсунулiся блiжэй, размова стала агульная, i кожны панiжаным голасам стаў выказваць сваю думку. Зрэшты, на выгляд усё было вельмi прыстойна. Панi асаблiва ўмелi падбiраць далiкатныя словы i вытанчаныя ўдалыя выразы для азначэння сама брыдкiх паняццяў. Староннi нават нiчога не зразумеў бы - настолькi засцярожлiва падбiралiся выразы. Але так як годная цнота, у якую захiнаецца кожная свецкая панi, уласцiвая iм толькi напаказ, усе яны ў глыбiнi душы з вялiкай асалодай неспатольна смакавалi гэтую фрывольную прыгоду, адчуваючы сябе ў сваёй сферы, абладжваючы гэтую любоўную справу з пажадлiвасцю кухара-ласуна, якi гатуе абед другому.
Спакваля вяртаўся нават добры настрой, настолькi забаўная, урэшце, падалася iм уся гэтая гiсторыя. Граф раз-пораз падкiдаў даволi рызыкоўнае слоўка-другое, але рабiлася гэта настолькi тонка, што яны выклiкалi адно ўсмешку. Люазо адпускаў салянейшыя жарты, аднак нiхто iмi не абражаўся - ва ўсiх у галаве моцна засела думка, груба выказаная яго жонкай: 'Раз гэта яе рамяство, дык якiя тут яшчэ могуць быць пераборы, каму адмаўляць, каму не?' Гожанькая панi Карэ-Лямадон, пэўна, думала нават, што на месцы Пампушкi яна хутчэй адмовiла б каму-небудзь iншаму, чым гэтаму афiцэру.
Змоўшчыкi доўга абмяркоўвалi тактыку асады, быццам гаворка была пра ўзяцце крэпасцi. Кожны ўзяў на сябе адпаведную ролю, дамовiлiся, якiя хто довады будзе пускаць у ход, якiя выконваць манеўры. Быў выпрацаваны план атак, хiтрых i неспадзяваных нападаў, якiя змусяць гэтую жывую цытадэль здацца ворагу.
Адзiн Карнюдэ адчужана трымаўся ў баку ад усiх гэтых намыслаў.
Увага змоўшчыкаў была настолькi паглынута задуманым, што нiхто не пачуў, як вярнулася Пампушка. Толькi засцярожлiвы шэпт графа: 'Цсс!' - прымусiў усiх узняць вочы. Пампушка была ўжо ў пакоi. Усе адразу змоўклi i ў нейкай разгубленасцi спачатку нават не ведалi, як загаварыць з ёю. Графiня, лепей за iншых спрактыкаваная ў свецкай няшчырасцi, запыталася: