бацькавы словы яе крыху падбадзёрылi, яна ласкава пацалавала яго i сказала:

- Бацька, клянуся вам, я выпраўлю сваю вiну, але не пакiдайце мяне болей адну. Побач з вамi ў мяне на ўсё стане мужнасцi, а без вас, без вашага мудрага бацькоўскага догляду мне можа зноў яе не хапiць.

- Ах, Разалi, - адказаў бацька, - на жаль, я больш не магу заставацца з табою. Цяпер я ва ўладзе Мярзотнае варажбiткi, свайго лютага ворага, а яна нiколi не пагадзiцца, каб я быў побач з табой i засцерагаў цябе ад яе вераломства. Мне нават дзiўна, чаму дагэтуль яе не вiдаць: ёй, вядома ж, было б вельмi прыемна паглядзець на маю скруху.

- Я тут, каля ног тваёй любай дачкi, - прарэзлiва вiскнула шэрая Мыш i вылезла, каб яе мог убачыць няшчасны чарадзей. - Мне было вельмi забаўна паслухаць расказ пра пакуты, якiя я табе прычынiла. Таму я i не паказвалася, каб даць табе скончыць. А цяпер, развiтвайся са сваёй даражэнькаю Разалi, я забiраю тваю прыгажуню з сабой i забараняю табе iсцi за намi.

Сказаўшы гэта, яна ўхапiла сваiмi маленькiмi вострымi зубамi Разалi за прыпол i моцна пацягнула за сабой. Разалi пачала крычаць, чапляцца за бацьку, але яе цягнула нейкая неадольная сiла. Гаротны чарадзей не вытрымаў, схапiў палку i замахнуўся ёю на Мыш, але не паспеў ён апусцiць рукi, як Мыш дакранулася да яго сваёй маленькаю лапкай, i ён знерухомеў, зрабiўшыся падобным да статуi. Разалi абедзвюма рукамi абхапiла бацькавы каленi i закрычала, молячы Мыш злiтавацца, але тая засмяялася сваiм страшным прарэзлiвым смехам i адказала:

- Хадзем, хадзем, мая любачка, табе яшчэ двойчы трэба паддацца тваёй мiлай цiкаўнасцi, але гэта будзе не тут. За два тыднi, што засталiся да твайго дня нараджэння, мы з табой шмат дзе пабываем i я шмат чаго табе пакажу.

Мыш яшчэ мацней пацягнула дзяўчынку, але Разалi з такою сiлай абхапiла бацьку рукамi, што нават нягледзячы на ўсю незвычайную варажбiткiну моц, тая не магла яе ададраць. Тады Мыш раптам рэзка i пранiзлiва вiскнула, i ўвесь дом разам патануў у агнi. Разалi не разгубiлася, яна здолела зразумець, што калi застанецца тут i згарыць разам з домам, то астатняя надзея ўратаваць бацьку будзе страчаная i ён назаўжды застанецца рабом Мярзотнае варажбiткi. А калi яна захавае сабе жыццё, то захавае i магчымасць уратаваць бацьку.

- Бывай, мой бацька! - закрычала яна. - Мы абавязкова ўбачымся праз два тыднi. Вашая Разалi прынесла вам многа гора, але яна вас i ўратуе, абяцаю вам!

I яна кiнулася ўпрочкi, ратуючыся ад полымя. Яна доўга бегла, сама не ведаючы куды, потым яшчэ некалькi гадзiн iшла i нарэшце, не адчуваючы ног ад стомы i паўжывая ад голаду, адважылася падысцi да нейкай добрай кабеты, якая сядзела на парозе сваёй хаты.

- Панi, - сказала ёй Разалi, - цi не дасцё вы мне прытулак? Я памiраю ад стомы i голаду, дазвольце ж мне ўвайсцi ў вашу хату i правесцi ў вас ноч.

- Але чаму такая прыгожая дзяўчынка цягаецца адна па дарогах? - здзiвiлася кабета. - I што гэта з вамi за брыдкая мыш з такой страшнаю пысай?

Разалi азiрнулася i ўбачыла побач шэрую Мыш, якая глядзела на яе кплiвым позiркам.

Яна хацела яе прагнаць, але Мыш упарта стаяла на месцы. Убачыўшы iх барацьбу, добрая кабета закiвала галавой i сказала:

- Iдзiце, красуня, сваёй дарогай. Я не даю ў сябе прытулку нячыстай сiле i тым, хто з ёй знаецца.

Заплакаўшы, Разалi пайшла далей, i паўсюль, дзе яна нi пыталася, яе не хацелi пускаць, таму што ўсе бачылi брыдкую Мыш, якая нi на крок не адставала ад дзяўчынкi. Неўзабаве Разалi ўвайшла ў дрымучы лес. На шчасце, яна знайшла ў iм чыстую ручаiну i змагла наталiць смагу. У лесе было шмат арэхаў i ягад; i вось, папiўшы ды паеўшы, Разалi села, прытулiлася да дрэва i з трывогай пачала думаць пра свайго бацьку ды пра тое, што ёй рабiць i як быць адной усе гэтыя два тыднi. Думаючы так, Разалi заплюшчыла вочы, каб не бачыць праклятае шэрае Мышы; стома i прыцемак пачалi наганяць на яе дрымоту, i яна заснула глыбокiм сном.

Глава 3

Чароўны прынц

Пакуль Разалi спала, у лес на паляванне з паходнямi прыехаў Чароўны прынц. Ён сабакамi атутаваў аленя, i той, перапалоханы, схаваўся ў хмызах непадалёк ад месца, дзе спала Разалi. Сабачая зграя i мыслiўцы былi ўжо зусiм блiзка, яны гатовыя былi накiнуцца на аленя, калi сабакi раптам перасталi брахаць i цiха скупiлiся вакол Разалi. Прынц сышоў з каня, каб пусцiць сабак зноў у пагоню. Але якое ж было яго здзiўленне, калi ён убачыў прыгожую маладую дзяўчыну, якая спакойна спала пасярод дрымучага леса! Ён паглядзеў вакол, але нiкога болей не ўбачыў: яна была адна, зусiм адна, пазабытая ўсiмi. Разгледзеўшы яе ўважлiвей, прынц заўважыў на яе твары сляды ад слёз, якiя i цяпер кацiлiся з яе заплюшчаных вачэй. На Разалi была простая сукенка, але пашыта яна была з вельмi дарагога ядвабу, яе прыгожыя белыя ручкi, тонкiя пальчыкi, акуратныя каштанавыя валасы, дбайна зашпiленыя залатым грабянцом, зграбныя чаравiчкi i нiзка дробных перлаў на шыi - усё сведчыла пра яе высокае паходжанне.

Дзяўчына спала, хоць вакол тупалi капытамi конi, брахалi сабакi, шумна перагукалiся загоншчыкi i мыслiўцы. Здзiўлены прынц не мог звесцi вачэй з Разалi, але нiхто з прыдворных не ведаў, хто яна i адкуль. Прынц пачаў хвалявацца, чаму дзяўчына спiць такiм непрабудным сном? Ён цiхутка ўзяў яе за руку, але Разалi не прачнулася. Тады ён крыху пакратаў яе за плячо, але ўсё роўна не змог пабудзiць.

- Я не магу пакiнуць тут гэтае няшчаснае дзiця, - сказаў прынц сваiм афiцэрам. - Нехта, вiдаць, наўмысна завёў яе ў гэты лес i кiнуў. Яна, напэўна, ахвяра нейкага злоснага ашуканства. Але як яе можна адсюль забраць, каб не пабудзiць?

- Прынц, - сказаў яму галоўны мыслiўца Губэр, - мы маглi б зрабiць з галля насiлы i занесцi на iх дзяўчыну ў якi-небудзь заезны двор па суседстве. А вы тым часам маглi б паляваць далей.

- Ты ўсё добра прыдумаў, дарагi Губэр, - ухвалiў прынц. - Аддавай загад! Няхай зробяць насiлы i на iх пакладуць дзяўчыну, але вы панесяце яе не ў заезны двор, а да мяне ў палац. Гэтая асоба, як вiдаць, знатнага роду. I апроч таго, яна прыгожая, як анёлак. Я сам буду сачыць, каб ёй прыслугоўвалi, як гэта належыць яе сану.

Губэр з афiцерамi хутка зрабiлi насiлы, а прынц паслаў на iх сваю накiдку i акуратна паклаў на яе Разалi, якая па-ранейшаму спала. Якраз у гэтую хвiлiну Разалi, напэўна, прыснiла сон, яна ўсмiхнулася i шэптам прамовiла: 'Бацька, мой бацька!.. Ты будзеш уратаваны!.. Каралева феяў... Чароўны прынц... я бачу яго... якi ён прыгожы!'

Прынц вельмi здзiвiўся, калi пачуў, што дзяўчына прамовiла яго iмя. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што яна прынцэса i што на яе насланыя нечыя злыя чары. Ён загадаў, каб слугi, якiя трымалi насiлы, iшлi вельмi цiха i каб нiводзiн iх рух не пабудзiў Разалi. Сам ён сеў на каня i таксама паехаў побач, нi на хвiлiну не адлучаючыся ад насiлаў.

Неўзабаве яны прыбылi ў палац. Чароўны прынц загадаў, каб Разалi падрыхтавалi каралевiну спальню, i, не дазваляючы нiкому да яе дакрануцца, сам панёс у пакой i паклаў там на ложак. Ён сказаў фрэйлiнам, якiя павiнны былi ёй прыслугоўваць, каб яны адразу папярэдзiлi яго, калi дзяўчына прачнецца.

Разалi праспала ўсю ноч i ўвесь ранак, i калi нарэшце прачнулася, на двары ўжо быў новы дзень. Яна здзiўлена зiрнула вакол i нiдзе не ўбачыла шэрае Мышы, тая некуды знiкла.

'Няўжо я пазбавiлася ад гэтае Мярзотнае варажбiткi? - радасна падумала Разалi. - Можа быць, я трапiла да чараўнiцы яшчэ магутнейшай за яе?'

Яна падышла да акна i ўбачыла на двары жаўнераў i афiцераў, апранутых у прыгожую ўнiформу. Яшчэ болей здзiвiўшыся, яна хацела была каго-небудзь паклiкаць, бо падумала, што ўсё гэта чараўнiкi ды чарадзеi, але раптам пачула ў сябе за спiнай чыюсьцi хаду. Яна азiрнулася i ўбачыла Чароўнага прынца. Ён быў у раскошным гарнiтуры i глядзеў на дзяўчыну, не хаваючы свайго захаплення. Разалi адразу пазнала прынца са сваiх сноў i мiмаволi ўскрыкнула:

- Чароўны прынц!

- Вы ведаеце мяне? - здзiвiўся прынц. - Але, калi мы ўжо бачылiся, то як жа я мог забыцца на вашае прозвiшча i аблiчча?

- Прынц, - чырванеючы адказала яму Разалi, - я вас бачыла ў сваiх снах. I майго прозвiшча вы ведаць не можаце, бо я сама даведалася пра яго толькi ўчора ад свайго бацькi.

- Што ж гэта за прозвiшча, якое ад вас так доўга хавалi?

I тады Разалi распавяла яму ўсё, пра што даведалася ад бацькi. Яна шчыра прызналася ў сваёй злачыннай цiкаўнасцi i расказала пра тое вялiкае няшчасце, якое яна прынесла.

- Можаце ўявiць сабе, прынц, як я пакутавала, калi была вымушаная пакiнуць бацьку, каб уратавацца ад полымя, якое наслала на наш дом нягодная варажбiтка, калi памiрала ад холаду i голаду, i нiхто не хацеў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×