Ён зняў куртку, знайшоў каля мура садовы нож i пачаў рэзаць гронкi ды складаць iх у цэбры. Ён збiраў вiнаград цэлыя трыццаць дзён. А калi ўсё было сабранае, пачаў выцiскаць сок i залiваць яго ў бочкi, а поўныя бочкi складаць у скляпы. Усё гэта заняло яшчэ дзевяноста дзён. Калi ж вiно было зробленае, бочкi складзеныя i скляпы поўныя, Анры паклiкаў Асiлка, i той адразу ўзнiк перад iм. Агледзеўшы ўсе бочкi, Асiлак пакаштаваў вiна з першай i апошняй i, павярнуўшыся да Анры, сказаў:

- Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Асiлка дарма.

Ён выняў з кiшэнi кветку калючага чартапалоху i, аддаўшы яе Анры, сказаў:

- Калi ты вернешся дадому i табе чаго-небудзь захочацца, панюхай гэты чартапалох.

Асiлкаў падарунак здаўся Анры не надта шчодрым, але хлопчык узяў яго з удзячнай усмешкаю. У тое ж iмгненне Асiлак свiснуў так, што ўся гара скаланулася; мур разам з Асiлкам знiклi, i Анры рушыў далей.

Глава 5

Паляванне

Калi да вяршынi заставалася iсцi ўсяго паўгадзiны, дарогу Анры перагарадзiла шырокая прорва. Яна была такая шырокая, што пераскочыць цераз яе было нiяк немагчыма, i такая глыбокая, што дна ў яе было зусiм не вiдаць. Але Анры гэта не напалохала. Ён пайшоў па беразе i iшоў вельмi i вельмi доўга, але ўрэшце вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку. I тады ён зразумеў, што прорва агiнае ўсю гару.

- Што рабiць? - падумаў Анры. - Ледзь толькi мне ўдаецца адолець адну перашкоду, як узнiкае другая. Як жа мне перабрацца на той бок?

На вочы беднаму хлопчыку набеглi горкiя слёзы. Ён пачаў разважаць ды меркаваць, як яму перайсцi цераз прорву, але колькi нi думаў, так i не змог нiчога прыдумаць. Ён, сумна сеў на беразе каля прорвы, i ў тую ж хвiлiну пачуў страшны рык. Азiрнуўшыся, ён убачыў усяго за дзесяць крокаў ад сябе вялiзнага Воўка, якi глядзеў на яго вогненнымi вачыма.

- Што ты робiш у маiх уладаннях? - спытаўся Воўк сярдзiтым голасам.

- О, спадар Воўк! - адказаў яму Анры. - Я шукаю кветку жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае. I калi вы дапаможаце мне перабрацца на той бок, я абяцаю зрабiць усё, што вы загадаеце.

- Ну што ж, хлопча, калi ты здолееш пералавiць усю дзiчыну ў маiх лясах, усiх жывёл i птушак, а пасля iх спячэш цi падсмажыш, клянуся гонарам чарадзея гэтай гары - я прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў паляваннi й кухарстве, ты знойдзеш пад гэтым дрэвам. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне. I, прамовiўшы гэтыя словы, Воўк знiк. Анры зноў акрыяў духам. Ён узяў пад дрэвам лук са стрэламi i пайшоў у лес бiць курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў ды цецерукоў. Але страляць ён не ўмеў i не мог нi ў кога пацэлiць. Так прайшло цэлыя восем дзён. Ён пачаў быў ужо трацiць надзею, калi раптам убачыў Крумкача, якога ўратаваў, калi йшоў да гары.

- Ты ўратаваў мне жыццё, - пракаркаў Крумкач, - i я абяцаў, што таксама табе прыдамся. Вось я i прыляцеў, каб дапамагчы. Бо, калi ты не выканаеш Воўчага загаду, ён з'есць цябе замест дзiчыны. Хадзi за мной: я буду паляваць, а ты будзеш напаляванае збiраць ды смажыць.

Сказаўшы гэта, Крумкач паляцеў наперад i глюгай ды пазурамi пачаў забiваць усякую жывёлу цi птушку, што траплялася яму па дарозе. Так ён паляваў сто пяцьдзесят дзён i набiў за гэты час мiльён васемсот шэсцьдзесят тысяч семсот дваццаць шэсць казуляў, курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў, цецерукоў ды перапёлак.

Калi Крумкач забiваў iх, Анры адразу iх разбiраў, абскубаў цi абельваў, а потым пёк або смажыў. Калi ж усё было скончана, Анры расклаў нагатаваную дзiчыну на ўзлеску, i Крумкач сказаў яму:

- Бывай, Анры, цяпер перад табой засталася апошняя перашкода. I хоць я не змагу табе дапамагчы, не страчвай надзеi. Чараўнiцы бароняць сыноўскую любоў!

I не паспеў Анры падзякаваць Крумкачу, як той знiк. Тады Анры паклiкаў Воўка i сказаў яму:

- Вось, спадар Воўк, гэта ўся дзiчына з вашых лясоў. Я згатаваў яе, як вы мне загадвалi. Калi ласка, прапусцiце цяпер мяне цераз прорву.

Воўк агледзеў дзiчыну, пакаштаваў смажанага i печанага, аблiзнуўся i адказаў Анры:

- Ты добры i слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Воўка дарма, i ён нiчым табе не сплацiў.

Сказаўшы гэта, Воўк пабег у лес, прынёс палку i паклаў яе перад Анры.

- Вось табе мой падарунак, - сказаў ён. - Калi ты здабудзеш кветку жыцця i табе захочацца апынуцца дзе-небудзь далёка, сядай на гэтую палку, як на каня, i яна перанясе цябе, куды ты пажадаеш.

Анры хацеў закiнуць дурацкую палку ў лес, але падумаў, што гэта будзе няветлiва, i падзякаваў Воўку.

- А цяпер сядай мне на спiну, - сказаў Воўк.

Анры залез Воўку на спiну, той разбегся i так моцна скочыў, што пераляцеў над усёю прорвай i апынуўся на другiм беразе. Анры злез на зямлю, падзякаваў Воўку i рушыў далей.

Глава 6

Рыбалка

Нарэшце ён заўважыў агароджу сада, дзе расла чароўная кветка. Яго сэрца зайшлося ад шчасця, i, задраўшы галаву ўгору, ён пабег, колькi хапала сiлы. Але раптам адчуў, што некуды падае. Ён адразу адскочыў назад i ўбачыў перад сабой роў, поўны вады. Роў быў шырокi i вельмi доўгi, так што не было вiдаць, дзе ён канчаецца.

- Напэўна, гэта i ёсць апошняя перашкода, пра якую казаў Крумкач, падумаў Анры. - Але ж змог я адолець усе ранейшыя перашкоды, значыць, i гэтую адолею. Я ўпэўнены, што Добрая фея мне дапаможа. Гэта ж яна паслала мне Пеўня i Крумкача, а потым Дзядка, Асiлка i Воўка. Значыць, я дачакаюся яе дапамогi i гэты раз.

Падумаўшы гэтак, Анры пайшоў уздоўж рова, спадзеючыся знайсцi, дзе ён канчаецца. Але праз два днi ён вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку.

Анры гэта не засмуцiла, i ён зусiм не разгубiўся. Ён сеў на беразе i сказаў:

- Я не сыйду з гэтага месца, пакуль якi-небудзь чарадзей не дазволiць мне перабрацца цераз гэты роў.

I толькi ён сказаў гэтыя словы, як перад iм узнiк вялiзны Кот, якi пачаў так страшна мяўкаць, што ледзь не аглушыў беднага хлопца.

- Што табе трэба, i навошта ты сюды прыйшоў? - сказаў Кот. - Цi ведаеш ты, што я адным сваiм кiпцюром магу разадраць цябе на шматкi?

- Дарагi Кот, я не сумняваюся ў вашай сiле, - адказаў Анры. - Але ж вы не зробiце мне нiчога дрэннага, калi даведаецеся, што я прыйшоў па кветку жыцця. Яна патрэбная мне, каб уратаваць маю маму, бо яна памiрае. Калi ласка, дазвольце мне перабрацца цераз гэты роў, i я зраблю ўсё, што вы загадаеце.

- Праўда? - сказаў Кот. - Ты мне падабаешся. Ну, дык слухай: калi ты вылавiш усю рыбу, што водзiцца ў гэтым рове, а потым падсмажыш яе цi пасолiш, я даю табе слова гонару, што прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў працы, ты знойдзеш тут, на пяску. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне.

Кот знiк, а Анры агледзеўся i ўбачыў побач шмат розных сетак, вудаў ды рыбалоўных зазубняў. Падумаўшы, што вудай лавiць будзе доўга, ён узяў сетку i закiнуў яе ў ваду. Ён спадзяваўся, што зловiць адразу шмат рыбы. Але выцягнуўшы сетку на бераг, убачыў, што ў ёй нiчога няма. Ён з прыкрасцю падумаў, што, напэўна, зрабiў нешта не так. I зноў закiнуў сетку, але калi зноў яе выцягнуў, яна аказалася зноў пустая. Набраўшыся цярпення, Анры закiдваў i выцягваў сетку яшчэ цэлыя дзесяць дзён, але так i не злавiў нiводнае рыбiны. Тады ён адклаў сетку i закiнуў вуду.

Ён чакаў гадзiну i дзве, але нiводная рыбiна не бралася на зазубень. Тады ён перайшоў трошкi далей, потым яшчэ далей i яшчэ, i так, пераходзячы з месца на месца, абышоў усю гару. Але так i не злавiў нiводнае рыбiны, патрацiўшы яшчэ пятнаццаць дзён. Не ведаючы, што рабiць, ён прыгадаў Добрую фею i падумаў, што яна, вiдаць, забылася на яго. Ён сумна сеў на беразе i пачаў глядзець на ваду. Вада раптам забулькала, i на паверхню высунулася Жабiна галава.

- Анры, - прамовiла Жаба, - ты ўратаваў мне жыццё, i ў падзяку я хачу ўратаваць жыццё табе. Бо калi ты не выканаеш загаду, Кот з'есць цябе замест рыбы. Сам ты, на жаль, нiчога злавiць не зможаш: роў вельмi глыбокi, i ўся рыба хаваецца на самым дне. Але я табе дапамагу: я буду лавiць рыбу, а ты, пакуль тое, раскладай агонь ды рыхтуй бочкi - будзеш яе салiць або смажыць.

Прамовiўшы гэтыя словы, Жаба дала нырца, i Анры ўбачыў, як вада ў рове адразу забурлiла, нiбыта на дне пачалася вялiкая бойка. Праз хвiлiну Жаба вынырнула, трымаючы ў лапах тоўстага ласося. Не паспеў Анры яго падабраць, як Жаба прынесла новую рыбiну: гэта быў карп. Так яна лавiла рыбу шэсцьдзесят дзён. Вялiкiх рыбiн Анры смажыў на патэльнi, а малых складаў у бочкi ды салiў. Калi мiнула два месяцы, Жаба

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×