'Калi гэты памрэ ў сваiм ложку - значыць, Бога болей няма!' - ён адчуў, як у iм запаляецца святая нянавiсць. Ён моцна сашчапiў зубы i пачуў сябе гэткiм жа ўпэўненым, гэткiм жа згуртаваным, гэткiм жа дужым, як Рэмi цi Дэсперо. 'Лемардан мае рацыю, - падумаў ён, - гэта трэба выпрабаваць на сабе, толькi так'.
Неўзабаве ён навучыўся не паддавацца дыскусiям; Гiгар, якi быў усяго толькi рэспублiканец, засыпаў яго заўвагамi, i Люсьен спачатку яго ветлiва слухаў, але пасля - адключаўся. Гiгар усё гаварыў i гаварыў, а Люсьен ужо нават не глядзеў на яго: ён разгладжваў на штанах складку цi пазiраў на дзяўчат, забаўляючыся цыгарэтным дымком i выпускаючы з яго колцы. Праўда, ён усё роўна крыху яшчэ чуў Гiгаравы словы, але раптам яны страчвалi вагу i слiзгалi па iм, здаючыся нiкчэмнымi i пустымi. Нарэшце Гiгар, вельмi ўражаны, змаўкаў таксама.
Люсьен расказаў пра сваiх новых сяброў бацькам, i пан Флёр'е запытаўся, цi не збiраецца ён таксама пайсцi ў камелоты. Люсьен завагаўся i сур'ёзна сказаў:
- Мяне спакушае гэтая думка, яна сапраўды вельмi мяне спакушае.
- Люсьен, прашу цябе, не рабi гэтага, - пачала малiць мацi, - яны такiя неспакойныя, а няшчасцю нядоўга здарыцца. Цi ты хочаш, каб цябе аддубасiлi цi пасадзiлi ў турму?
Люсьен адказаў непакорнай усмешкай, i пан Флёр'е яго падтрымаў.
- Дарагая, дай яму вырашаць самому, - ласкава прамовiў ён, - няхай робiць, як сам думае; праз гэта таксама трэба прайсцi.
З гэтага дня, як здалося Люсьену, бацькi пачалi ставiцца да яго з пэўнай павагай. I ўсё-такi ён не рашаўся; апошнiя тыднi яго шмат чаму навучылi: ён перабiраў у памяцi лагодную бацькаву зацiкаўленасць, трывогi панi Флёр'е, з кожным днём усё большую пашану ў Гiгара, Лемарданаў напор, нецярплiвасць Рэмi i, кiваючы галавой, казаў сабе: 'Гэта не жартачкi!' Ён меў доўгую размову з Лемарданам, i той выдатна зразумеў яго довады, пагадзiўшыся, што спяшацца не варта. У Люсьена яшчэ здаралiся прыступы нуды: часам, калi ён сядзеў на лаве ў кавярнi, у яго ўзнiкала ўражанне, што ён усяго толькi дрыготкая студзянiстая кашыца, i шумлiвая сумятня камелотаў здавалася яму абсурднай. Але ў iншыя моманты ён адчуваў сябе цвёрдым i важкiм, як камень, i быў амаль шчаслiвы.
У бандзе яму пачувалася ўсё лацвей i прывольней. I аднойчы ён праспяваў 'Рэбекiна вяселле', якое пачуў на мiнулых канiкулах ад Эбрара. Хлопцы заявiлi, што гэта было вельмi пацешна. Тады, натхнiўшыся, Люсьен выдаў некалькi з'едлiвых заўваг у адрас жыдоў i сказаў пра Берлiяка, якi быў вялiкi жмiнда:
- А я вось i думаў увесь час: i чаго гэта ён такi скупенда, гэта ж немагчыма быць гэткiм скупендам. А потым сцямiў: ён жа з iхняга племя.
Усе зарагаталi, i Люсьена раптам ахапiла гарачая ўзбуджанасць: ён адчуў сапраўдную нянавiсць да ўсiх жыдоў, i ўспамiн пра Берлiяка быў яму глыбока непрыемны. Лемардан зiрнуў яму ў вочы i сказаў:
- Ты сумленны француз.
Потым хлопцы часта прасiлi Люсьена: 'Ану, Флёр'е, раскажы нам якую фацэцiю пра жыдоў', - i Люсьен расказваў жыдоўскiя гiсторыi, якiя некалi чуў ад бацькi; варта яму было пачаць з адмысловаю iнтанацыяй: 'Зустрракае аднойцы Лефi Плюма...' - i сяброў ужо апаноўвала весялосць. Аднойчы Рэмi з Патнотрам расказалi, як сустрэлi на набярэжнай Сены аднаго алжырскага жыда i як той жудасна напалохаўся, калi яны рушылi на яго з такiм выглядам, нiбыта збiраюцца скiнуць у ваду.
- Я тады падумаў сабе, - сказаў пад канец Рэмi, - шкада, што з намi няма Флёр'е.
- А можа, якраз i добра, што не было, - перапынiў яго Дэсперо, - а то ён мог бы сапраўды шпурлянуць яго ў раку.
Люсьен не меў сабе роўных вызначаць жыдоў па адной толькi форме носа. Калi яны гулялi з Гiгарам, ён штурхаў яго локцем i цiха казаў:
- Толькi не азiрайся: той карантышка-таўстун, ззаду, - з iхнiх.
- Ну i ну, - здзiўляўся Гiгар, - ды ў цябе на iх нюх!
Фанi таксама цярпець не магла жыдоў. Аднойчы ў чацвер, калi яны ўсе чацвёра сядзелi ў пакоi ў Мод, Люсьен заспяваў 'Рэбекiна вяселле'. Фанi памiрала ад смеху i ледзь выцiскала з сябе: 'Вой, хопiць, хопiць, бо я зараз нацурчу ў штаны', - а калi ён скончыў, зiрнула на яго шчаслiвым i амаль пяшчотным поглядам.
У пiўной 'Пальдэр' з Люсьена нарэшце пачалi на гэту тэму пакеплiваць. Кожны дзень знаходзiўся нехта, хто нiбы незнарок прамаўляў: 'Наш Флёр'е, якi так любiць жыдоў...' або: 'Леон Блюм, вялiкi Люсьенаў сябар...' - а ўсе астатнiя, затаiўшы подых i разявiўшы рот, з захапленнем чакалi. Люсьен чырванеў i, грукнуўшы па стале, крычаў: 'Ну, вашу так!..' - i ўсе заходзiлiся ад смеху, кажучы: 'Во пайшоў, во пайшоў! Ды не пайшоў: пабег!'
Люсьен часта хадзiў з хлопцамi на розныя палiтычныя сходы, дзе чуў прафесара Клода i Максiма Рэал дэль Сарта. Вучоба праз такiя новыя абавязкi, вядома, крыху цярпела, але таму што, як бы там нi было, разлiчваць на поспех ва ўступных экзаменах у Цэнтральную Вышэйшую школу Люсьену ў той год не даводзiлася, то i пан Флёр'е глядзеў на ўсё гэта памяркоўна.
- Нiчога, - казаў ён жонцы. - трэба нарэшце i яму навучыцца мужчынскай прафесii.
Пасля падобных сходаў галава ў Люсьена i ягоных сяброў гарэла, i яны пачыналi выкiдаць розныя хлапечыя штучкi. Аднойчы, гуляючы ўдзесяцёх па Сэнт-Андрэ-Дэзар, яны напаткалi нейкага невысокага смуглявага мужычка, якi пераходзiў вулiцу, чытаючы 'Юманiтэ'. Яны прыцiснулi яго да сцяны, i Рэмi загадаў:
- Ану, кiнь газету.
Тып хацеў быў занатурыцца, але Дэсперо шмыгнуў яму за спiну i ўзяў рукамi ў замок, а Лемардан магутнаю пяцярнёй выдраў газету ў яго з рук. Усё гэта выглядала дужа пацешна. Мужычок пачаў разлютавана дрыгаць у паветры нагамi i з нейкай дзiўнаю iнтанацыяй закрычаў: 'Пусцiце мяне, пусцiце мяне!' - а Лемардан тымчасам спакойна раздзiраў газету на кавалкi. Аднак калi Дэсперо выпусцiў тыпчыка, справа пачала псавацца: той кiнуўся на Лемардана i збiраўся ўжо яго ўдарыць, але Рэмi своечасова ўляпiў яму добрага грымака амаль у самае вуха. Тып адляцеў да сцяны i, зiрнуўшы на ўсiх злым вокам, прамовiў:
- Паскудныя французы!
- Паўтары, што ты сказаў, - халодным голасам спытаў Маршэсо.
Люсьен зразумеў, што зараз адбудзецца што-небудзь кепскае: Маршэсо не дапускаў жартаў, калi гаворка заходзiла пра Францыю.
- Паскудныя французы! - зноў прамовiў чужынец.
У той жа момант на яго абрушыўся жудасны ўдар. Мужык схiлiў галаву, рынуўся наперад i загарлаў:
- Паскудныя французы, буржуi паскудныя, каб вы падохлi ўсе, усе, усе! - i яшчэ цэлы паток розных нечуваных абраз, з такою нянавiсцю, якой Люсьен раней не мог сабе ўявiць.
Тады хлопцы страцiлi астатняе цярпенне i вымушаны былi ўзяцца за мужычка ўсёй талакой, каб задаць яму добрага дыхту. Праз пэўны час яны нарэшце яго пусцiлi: тып прывалiўся да сцяны i ледзь стаяў на нагах, ад удара кулаком у яго зацякло правае вока. Стамiўшыся бiць, хлопцы стаялi вакол i чакалi, калi ён упадзе. Але тып скрывiў рот i плюнуў.
- Паскудныя французы. - прамовiў ён.
- Ты што, хочаш яшчэ, - спытаў Дэсперо, цяжка пераводзячы дых.
Тып нiбы не пачуў: ён з выклiкам глядзеў на хлопцаў сваiм ацалелым вокам i паўтараў:
- Паскудныя французы, паскудныя французы!
На хвiлiну хлопцы завагалiся, i Люсьен зразумеў, што яны зараз адступяцца. I тады ў яго выйшла неяк само сабой: ён скочыў наперад i з усяе сiлы ўдарыў. Пад рукой нешта хрупнула, мужычок млява i здзiўлена зiрнуў на яго i прабалбатаў:
- Паскуды...
Але яго набрынялае ад удара вока раптам шырока расплюшчылася, агалiўшы чырвонае вiрла без зрэнкi, ён упаў на каленi i змоўк.
- Цякаем, - цiха крыкнуў Рэмi.
Яны кiнулiся бегчы i спынiлiся толькi на плошчы Сэн-Мiшэль: нiхто за iмi не гнаўся. Яны паправiлi гальштукi i прычасалi адзiн аднаго пяцярнёй.
За рэшту вечара хлопцы нi разу не згадалi пра тое, што адбылося, былi адзiн з адным надзвычай ветлiвыя i пакiнулi тую сарамлiвую рэзкасць, якою звычайна прыхоўвалi свае пачуццi. Яны гутарылi памiж сабою пачцiва, i Люсьен падумаў, што ўпершыню, вiдаць, бачыць iх такiмi, якiя яны ў сваiх сем'ях. Сам ён таксама адчуваў сябе ўзрушана: у яго зусiм не было звычкi бiцца пасярод вулiцы з рознымi там нягоднiкамi. I