вялiкага шкадавання, калi б да людзей не паклiканых дайшлi якiя-небудзь звесткi пра стан, у якiм у вынiку хваробы апынуўся вялебны айцец.

На гэта пан дэ Мантэса сказаў:

- Разумею, шаноўны ойча. Можаш быць спакойны, такога не здарыцца. Вушы маiх людзей - мае вушы. Языкi iх - таксама.

Падрэ Дыега, усё яшчэ задуменны, глядзеў на яго хвiлiну, пасля, не сказаўшы нiчога, адвярнуўся. 'Я прапаў, - падумаў дон Ларэнца. - Паказаў недаравальную ўпэўненасць у сабе. Я прапаў'. Стаў паспешна шукаць словы, якiмi яшчэ мог бы завязаць i ўратаваць перапыненую гаворку, але нарэшце, калi яму ўжо здалося, што знайшоў патрэбныя, яго ахапiла нiякавасць. 'Я прапаў', падумаў яшчэ раз. I, на сваё здзiўленне, замест страху, якога чакаў, адчуў вялiкую палёгку. Зусiм спакойны i насуперак сваiм звычаям ён пачаў азiрацца па баках, каб адгадаць, хто з блiжэйшых яго таварышаў зойме ў недалёкiм часе яго пасаду. Без цяжкасцi i толькi на аснове вядомай яму нянавiсцi налiчыў пяцёра. Падумаў, што, калi б захацеў, мог бы iх усiх пацягнуць за сабой у прорву, але адразу зразумеў, што цяпер ён не вельмi важная пешка, бо, раз узяты пад падазрэнне, не мае права вызначаць нi характару, нi памераў вiны.

Тым часам першыя дамоўнiкi наблiжалiся да Сан-Вiцэнтэ.

Першы, хто вельмi рана прыбыў у Сант-Вiцэнтэ, быў Яго Эмiненцыя бiскуп Авiлы дон Бласка дэ ла Куэста. Вялебны падрэ Дыега, якому паведамiлi пра гэта, пакiнуў вялебнага айца i, абмяняўшыся ў суседняй цэлi некалькiмi словамi з доктарам Гарсiя i з прызначаным для супольнага чування братам, пайшоў у рэфекторый.

Яго Эмiненцыя, хоць i прыехаў з вялiкiм дваром у атачэннi многiх прыёраў, прэлатаў i канонiкаў капiтулы, адразу пасля прыбыцця ў кляштар i пасля размовы з абатам пакiнуў усiх i чакаў айца Дыега адзiн. Убачыўшы яго, паспяшаўся насустрач, шалохцячы сваiмi дарагiмi фiялетамi.

Мiнулыя гады дадалi яго целу паўнаты, быў ён вялiкi, вельмi тоўсты, шырокi ў плячах, але пры ўсёй гэтай надмернай паўнаце поўны годнасцi.

- Вiтаю цябе, мой ойча, - сказаў гучным, яшчэ не старым голасам. - У якiх смутных акалiчнасцях сустракаемся праз столькi гадоў! Цi праўда, што стан вялебнага айца такi цяжкi?

- Праўда, - адказаў падрэ Дыега, - толькi на Бога можам ускладваць надзею.

- Ён прытомны?

- Спiць.

Пан бiскуп задумаўся.

- Так, цяжкiя гэта для ўсiх нас хвiлiны. Калi прачнецца вялебны айцец, я змагу яго ўбачыць?

- На жаль, - адказаў падрэ Дыега, - хай прабачыць Ваша Эмiненцыя, але гэта не здаецца магчымым пры стане, у якiм цяпер вялебны айцец. Лекар наказаў аберагаць яго ад усякiх узрушэнняў. Спакой, спакой i яшчэ раз спакой патрэбен яму больш за ўсё.

Яго Эмiненцыя не налягаў.

- Гэта праўда, маеце рацыю, мой ойча. Сапраўды, гукi свету не павiнны ў такую хвiлiну муцiць яго розум. Калi, аднак, ты ўспомнiў пра спакой, то, разумеючы яго глыбокi i iстотны сэнс, нельга ўявiць сабе, каб хто- небудзь з нас мог перад аблiччам смерцi мець спакой больш дасканалы, чым той, якi заслужыў сабе вялебны айцец. Сапраўды, мала каму дадзена пакiдаць гэты часовы свет са свядомасцю спаўнення справы дасканалай i трывалай. Ты, зрэшты, вялебны ойча, столькi гадоў прабыўшы ля яго, найлепей можаш зразумець i ахапiць тое, што нам, якiя стаяць далей ад яго асобы, уяўляецца толькi ў недакладных формах. З сапраўднай узрушанасцю гляджу я на цябе, мой ойча, колiсь мой сыне. Калi я вяртаюся ў памяцi ў тыя днi, як мы жылi побач i разам, мне здаецца, нiбы ад тых хвiлiн сплыў цэлы век.

- Так, - сказаў падрэ Дыега, - час той дзякуючы велiчы падзей сапраўды можа здавацца вельмi значным.

- Ён значны! Калi ў дзеях вера i праўда абаперлiся на падмуркi такiя роўныя i моцныя, як у нашыя часы i на нашых вачах? Немалое табе, мой ойча, выпала шчасце, што ў гэтай справе давялося табе браць удзел такi непасрэдны i важны. Памятаеш той дзень, калi я быў тым першым, хто прыйшоў перадаць табе вялiкую навiну?

Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу проста ў вочы.

- Памятаю, Ваша Эмiненцыя.

- Я часта думаў, як гэта здарылася, што ў той час, у тыя даўнiя гады, вялебны айцец, хоць ён так мала ведаў цябе, намнога трапней i дальнабачней, чым я, твой прыёр, змог ацанiць сапраўдныя рысы твайго розуму i характару. Цяпер, праз столькi гадоў, калi мае тагачасныя страхi аказалiся, на шчасце, памылковымi, магу табе, мой ойча, сказаць, што быў ты тады прадметам маёй вялiкай трывогi.

Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу ў вочы.

- Не зусiм разумею, што Ваша Эмiненцыя мае на ўвазе.

- Сваю памылку, - сказаў той. - Цi гэта праўда, што адзiн з тагачасных братоў, менавiта брат Матэа, наколькi мяне не падводзiць памяць, да таго зганьбiў сябе ератыцкiм адшчапенствам, што быў Святым трыбуналам адлучаны ад царквы?

- Так, - сказаў падрэ Дыега, - так, на жаль, усё яно i было.

- Цяпер усё разумею. Ён жа мне казаў на споведзi, як свайму настаўнiку, пра твае бунтарскiя нiбыта, а нават блюзнерчыя думкi. Спавядаўся i ў розных сваiх сумненнях, здаваўся поўны пакоры, сумленна прымаў вызначаныя яму цярпеннi... як я мог здагадацца, што адначасова i сваё аблiчча ўкрывае, i цябе плямiць?

Падрэ Дыега адказаў на гэта спакойна:

- Гэта звычайная зброя нашых ворагаў - хлусня i намовы.

- Сапраўды! А, аднак, хоць я i звычайны быў прыёр, не павiнен быў даць сябе ашукаць. Прабач мне, мой ойча, тую даўнюю памылку.

- Хто ж з нас не рабiў памылак? - сказаў падрэ Дыега голасам, поўным павагi i шацунку. - Не будзем пра гэта гаварыць, Ваша Эмiненцыя.

Радасць асвятлiла твар пана бiскупа.

- Маеш ува мне, мой ойча, шчыра адданага табе сябра. Я рады, што калi давядзецца мне прыняць на сябе новыя абавязкi, тады часцей, чым у сцiплай Авiле, змагу цябе сустракаць.

Падрэ Дыега адразу здагадаўся, пра што пайшла гаворка.

- Памёр, значыцца, кардынал дэ Мендоза?

- На жаль, - адказаў бiскуп. - Учора прыйшла з Рыма вестка пра яго скон.

Падрэ Дыега нахiлiў галаву.

- Смерць хрысцiянiна заўсёды схiляе да глыбокiх развагаў. Тым не меней я рады, што ў асобе Вашай Эмiненцыi магу павiтаць арцыбiскупа Таледа i прымаса Каталiцкага Каралеўства.

Дон Бласка дэ ла Куэста зарумянiўся.

- Я яшчэ не арцыбiскуп.

- Але напэўна iм будзеце. Усе ж бо ведаюць, што i Айцец святы i Iх Каралеўскiя Мосцi даўно бачаць у вас наступнiка кардынала дэ Мендозы.

Яго Эмiненцыя задумаўся i нiбы патух.

- Так, разумею, вялiкiя абавязкi будуць ускладзены на мае плечы. Прашу Бога, каб i iх здолеў несцi. Як слушна казаў мне калiсьцi вялебны айцец, няма ў царкве такога гонару, якi мог бы параўнацца з цвёрдым абавязкам салдат Святой iнквiзiцыi.

На гэта адказаў падрэ Дыега.

- Вялебны айцец быў бы глыбока i асаблiва радасна ўзрушаны, пачуўшы словы Вашай Эмiненцыi. Думаю таксама, што будзе ў згодзе з яго намерамi, калi я скажу, што Святой iнквiзiцыi можна служыць усюды i заўсёды, на кожнай пасадзе, нават на сама непрыкметнай, як i на сама высокай.

Пан бiскуп быў усё яшчэ задуменны.

- Так, - сказаў нарэшце, - рознымi дарогамi iдуць людзi да адной мэты.

Насустрач падрэ Дыега, калi ён вяртаўся з рэфекторыя, выбег малады брат Мануэль. Ён быў бледны, са страхам у вачах, рукi ў яго дрыжалi.

- Ойча вялебны! - усклiкнуў ён.

Падрэ Дыега спынiўся, адчуў холад у сэрцы. Спытаўся не сваiм голасам:

- Памёр?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату